№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 14 лістапада

  • 1812

    Нарадзіўся Паўлюк Багрым (памёр каля 1891), меркаваны аўтар верша “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” На думку Р. Зямкевіча (і М. Гарэцкага) П. Багрыму належыць і ананімны верш у антыпрыгонным духу “Гутарка Данілы са Сцяпанам”. Даследчык гісторыі беларускай літаратуры Ігар Запрудскі даводзіць, што верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” быў напісаны Юльянам Ляскоўскім. Такім чынам, магчыма, што Паўлюк Багрым — літаратурная містыфікацыя.

  • 1825

    Памёр Жан Поль (фр. Jean Paul, сапр. Ёган Паўль Фрыдрых Рыхтэр, нар. 21 сакавіка 1763), нямецкі пісьменнік, сентыменталіст і перадрамантык, аўтар сатырычных твораў эстэтык і публіцыст. Захапляючыся Ж.-Ж. Русо, за псеўданім сабе ўзяў афранцужаную версію сваіх імёнаў. Галоўны твор — раман “Тытан” (Titan, 1800—1803). Жан Полю належыць знакаміты выраз “сусветны смутак” (ням. Weltschmerz).

  • 1851

    Выйшаў раман Германа Мэлвіла “Мобі Дзік”.

  • 1878

    Нарадзіўся Леапольд Стаф (польск. Leopold Staff, памёр 31 траўня 1957), польскі паэт, драматург, перакладчык. Ужо пры жыцці — адзін з самых уганараваных і прызнаных польскіх творцаў. Аўтар зборнікаў “Сны аб моцы” (Sny o potędze, 1901), “Дзень душы” (Dzień duszy, 1903), “Птушкам нябесным” (Ptakom niebieskim, 1905), “Усмешкі гадзін” (Uśmiechy godzin”, 1910), грамадзянскай лірыкі “Вясёлка слёз і крыві” (Tęcza łez i krwi, 1918), рэлігійнай лірыкі “Вушка іголкі” (Ucho igielne, 1927), зборнікаў “Высокія дрэвы” (Wysokie drzewa, 1932), “Колер мёду” (Barwa miodu, 1936), “Мёртвае надвор’е” (Martwa pogoda, 1946), “Вербалоз” (Wiklina, 1954), “Дзевяць музаў” (Dziewięć muz, выд. пасмяротна ў 1958). Перакладчык з антычных, а таксама з французскай, італьянскай, нямецкай і ангельскай моваў. Перакладчыцкую спадчыну Стафа складаюць лацінамоўныя фрашкі Яна Каханоўскага “Кніга псалмоў” (Księga psalmów), французскія творы Зыгмунта Красіньскага, творы антычных аўтараў (Эпікура, Дэмакрыта, Геракліта), пісьменнікаў эпох Сярэднявечча і Рэнесансу (Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла), а таксама творы Дэні Дзідро, Ёгана Вольфганга Гётэ, Фрыдрыха Ніцшэ, Томаса Мана, Габрыэле Д’Анунцыё, Рамэна Ралана, Кнута Гамсуна, Сельмы Лагерлёф і іншых. На беларускую мову Стафа перакладалі Ян Чыквін, Алег Мінкін, Ганна Міхальчук і інш.

  • 1907

    Нарадзілася Астрыд Ліндгрэн (шведск. Astrid Anna Emilia Lindgren, памерла 28 студзеня 2002), шведская пісьменніца, аўтарка знакамітых дзіцячых кніг пра Карлсана і Піпі-Доўгуюпанчоху. Яе кнігі перакладзеныя больш чым на 95 моваў свету і выдадзеныя ў больш чым 100 краінах. На беларускую кнігі Ліндгрэн перакладалі С. Лузгіна і Т. Лукша (“Браты Львінае Сэрца” і “Лота”), Юрась Жалезка (“Малы і Карлсан-з-даху”) і Дзмітры Плакс (“Піпі Доўгаяпанчоха”). Ліндгрэн атрымала мноства нацыянальных, замежных і інтэрнацыянальных прэміяў. Яшчэ пры яе жыцці было заснавана некалькі прэмій у яе гонар, а таксама прэмія ў гонар яе героя Эміля.

  • 1948

    Нарадзілася Крысціна Лугн (шведск. Gunhild Bricken Kristina Lugn), шведская паэтка і драматург, сябра Шведскай акадэміі, уладальніца шматлікіх шведскіх літаратурных прэміяў. Першы зборнік яе вершаў “Калі б я не” (Om jag inte) пабачыў свет у 1972 годзе, пасля чаго яна выдала яшчэ сем. У сваіх творах яна з іроніяй падымае тэмы смерці і самоты.

  • 2008

    Памёр Аляксандр Дракахруст (нар. 7 лістапада 1923), беларускі рускамоўны паэт і перакладчык. Пераклаў на рускую шэраг вершаў і паэм М. Аўрамчыка, А. Астрэйкі, Р. Барадуліна, А. Вялюгіна, С. Гаўрусёва, С. Грахоўскага, А. Грачанікава, Е. Лось і некаторых іншых беларускіх паэтаў. Аўтар кнігі выбраных перакладаў з беларускай мовы “Журавлиная стая” (1988).