Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Карэл Гінэк Маха (чэшск. Karel Hynek Mácha, памёр 6 лістапада 1836), чэшскі паэт-рамантык, пачынальнік чэшскага рамантызму. Яго паэма “Май” (Máj,1836) была адрынутая сучаснікамі за неадпаведнасць тагачасным маральным нормам. Аўтар надрукаваў яе за свой кошт. Цяпер гэта класічны твор чэшскай літаратуры. На беларускую мову паэму “Май” пераклаў Макс Шчур.
Нарадзіўся Андрэй Мурэшану (рум. Andrei Mureșianu, памёр 12 кастрычніка 1863), румынскі паэт, публіцыст і перакладчык, трансільванскі рэвалюцыянер. Верш Мурэшану “Абудзіся, румын!” (Deşteaptă-te, române!) зрабіўся ў 1989 годзе нацыянальным гімнам Румыніі, да гэтага здабыўшы славу “румынскай Марсэльезы”.
Нарадзіўся Арвід Ярнэфельт (фінск. Arvid Järnefelt, памёр 27 снежня 1932), фінскі пісьменнік. Быў паслядоўнікам ідэяў Л. Талстога, шмат гадоў з ім ліставаўся і перакладаў яго творы на фінскую. Аўтар раманаў “Айчына” (1893), “Браты” (1900), “Алена” (1902), “Дзеці маці-зямлі” (1905), “Жыхары Венехоя” (1909), напісаных у рэчышчы крытычнага рэалізму і прысвечаныя даследаванню фінскага жыцця. У канцы жыцця выдаў тры тамы ўспамінаў “Раман маіх бацькоў” (1928—1930).
Памёр Вінцас Кудзірка (літ. Vincas Kudirka, нар. 31 снежня 1858), літоўскі паэт, празаік, крытык, публіцыст, перакладчык, кампазітар, доктар. Аўтар літоўскага дзяржаўнага гімна “Нацыянальная песня” (Tautiška giesmė). Перакладаў на літоўскую Байрана, Міцкевіча, Славацкага, Шылера.
Нарадзіўся Мікалай Эрдман (руск. Николай Эрдман, памёр 10 жніўня 1970), рускі драматург, сцэнарыст. Найбольш вядомыя яго п’есы — “Мандат” (1925) і “Самагубца” (1928). Апошняя паказвала абсурд савецкай рэчаіснасці, аднаму з персанажаў належыць такая фраза: “Цяпер, грамадзянін Падсякальнікаў, тое, што можа падумаць жывы, можа выказаць толькі мёртвы”. П’еса была забароненая да 1982 г. З 1927 пісаў пераважна сцэнары для кіно і мульфільмаў. Найбольш вядомыя фільмы яго аўтарства — “Вясёлыя рабяты”, “Волга-Волга”, “Марозка”, “Горад майстроў”.
Нарадзіўся Ян Скрыган (памёр 18 верасня 1992), беларускі празаік, паэт, публіцыст і крытык. Адзін з пачынальнікаў жанру нарысу ў беларускай літаратуры. Выдаў зборнікі нарысаў “Шугае сонца” (1930), “Права на энтузіязм” (1932), “Недапісаны профіль” (1932). Аўтар зборнікаў апавяданняў, аповесцяў, нататак і артыкулаў па праблемах літаратурнага майстэрства і культуры мовы. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976) за ўдзел у стварэнні Беларускай савецкай энцыклапедыі. Пераклаў на беларускую мову кнігі і асобныя творы А. Астроўскага, М. Горкага, І. Буніна, Ф. Гладкова, К. Федзіна, І. Бабеля, а таксама ўкраінскіх, літоўскіх, латышскіх, эстонскіх пісьменнікаў.
Нарадзіўся Язэп Семяжон (сапр. Іосіф Семяжонаў, памёр 16 жніўня 1990), беларускі паэт і перакладчык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1982) за пераклад паэмы М. Гусоўскага “Песня пра зубра”. Перакладаў з ангельскай, французскай, нямецкай, італьянскай, польскай, чэшскай, славацкай, рускай, венгерскай, літоўскай і іншых моваў. У яго перакладзе выйшлі “Кароль Лір” Ў. Шэкспіра (“Трагедыі”, 1954), кніга паэзіі Дж. Радары “Неапаль без сонца” (1955), Р. Бэрнса “Шатландская слава” (1957) і “Вам слова, Джон Ячмень” (1983), зборнік класічнай і сучаснай паэзіі В'етнама “Апалены лотас” (1968), кніга выбраных перакладаў паэзіі “Сем цудаў свету” (1977), раман Г. Ота “Пара ў дарогу, буслы!” (з У. Чапегам, 1982), паэма А. Міцкевіча “Пан Тадэвуш” (1985), зборнік Дж. Байрана “Лірыка” (1989), і інш.
Нарадзіўся Жузэ Сарамагу (парт. José de Sousa Saramago, памёр 18 чэрвеня 2010), партугальскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1998), заснавальнік Нацыянальнага фонду абароны культуры. Сапраўднае прозвішча пісьменніка — ды Соўза, а новае прозвішча (Сарамагу — ад партугальскай народнай назвы дзікай рэдзькі) ён атрымаў ва ўзросце сямі гадоў, калі высветлілася, што працаўнік архіва рызыкнуў дадаць да прозвішча хлопчыка мянушку яго сям’і. Слава прыйшла да пісьменніка даволі позна — першы раман, які зрабіўся знакамітым, а менавіта “Паўсталы з зямлі” (Levantado do chao, 1980), пабачыў свет, калі Сарамагу было 58 гадоў. Сярод самых вядомых твораў нобелеўскага лаўрэата — “Успаміны пра кляштар” (Memorial do convento, 1982), “Каменны плот” (A jangada de pedra, 1986), “Евангелле ад Ісуса” (О Evangelho Segundo Jesus Cristo, 1991, выклікаў жорсткую крытыку з боку каталіцкай царквы), “Перабоі ў смерці” (As Intermitencias da Morte, 2005). У рамане “Год смерці Рыкарду Рэйша” (О ano da morte de Ricardo Reis, 1984) расказваецца пра жыццё аднаго з гетэронімаў Фэрнанду Пэсоа пасля смерці самога паэта. Апошні раман Сарамагу “Каін” (Caim, 2009) выйшаў пасля смерці аўтара і ў агульных рысах уяўляе сабой распрацоўку ідэяў, паднятых у “Евангеллі ад Ісуса”.
Нарадзіўся Чынуа Ачэбэ (анг. Chinua Achebe, сапр. Альберт Чынуалумогу Ачэбэ (анг. Albert Chinụalụmọgụ Achebe), нігерыйскі пісьменнік і літаратурны крытык. Лаўрэат Міжнароднай Букераўскай прэміі (2007). Піша па-ангельску. Яго раман “Усё распадаецца” (Things Fall Apart, 1958) лічыцца самым вядомым і чытаным творам афрыканскай літаратуры. Паводле часопіса Forbes, цяпер пісьменнік з’яўляецца найбольш уплывовай знакамітасцю Афрыкі.
Памёр Альберт Энгстром (шведск. Albert Laurentius Johannes Engström, нар. 12 траўня 1869), шведскі мастак, карыкатурыст і пісьменнік, сябра Шведскай акадэміі. Як пісьменнік дэбютаваў у 1905 з творам “Кніга” (En bok), усяго напісаў амаль тры дзясяткі кніг.
Нарадзілася Анэ Хольт (нарв. Anne Holt), нарвежская пісьменніца і палітык. Піша крымінальныя феміністычныя раманы. Дэбютавала ў 1993 з раманам “Сляпая багіня” (Blind Gudinne), які быў экранізаваны ў 1997 годзе. Найбольш папулярная яе серыя раманаў пра лесбіянку-палісвумэн Анэ Вільгельмсэн.
Памёр Алан Ўілсан Ўотс (анг. Alan Wilson Watts, нар. 6 студзеня 1915), брытанскі філосаф і пісьменнік. Вядомы як перакладчык і папулярызатар усходняй філасофіі для заходняй аўдыторыі.
Памёр Андрэй Макаёнак (нар. 12 лістапада 1920), беларускі драматург. Аўтар п’ес “На досвітку” (1951), “Выбачайце, калі ласка!” (апублікаваная і пастаўленая ў 1953), “Каб людзі не журыліся” (1958), “Лявоніха на арбіце” (апублікаваная і пастаўленая ў 1961), “Зацюканы апостал” (1969), “Трыбунал” (1970), “Таблетку пад язык” (апублікаваная і пастаўленая ў 1973), “Святая прастата” (1974), “Верачка” (1979), “Пагарэльцы” (апублікаваная і пастаўленая ў 1980), “Дыхайце ашчадна” (1982). Напісаў аднаактовыя п’есы “Добра, калі добра канчаецца” (1946), “Перад сустрэчай”, “Жыццё патрабуе” і “Першае пытанне” (1950), “Крымінальная справа” і “Аксеніна цялушка” (1951), “На шырокія прасторы” (1958), а таксама сцэнары мастацкіх фільмаў “Шчасце трэба берагчы” (па матывах аповесці А. Кулакоўскага “Нявестка”), “Рагаты бастыён” (па п’есе “Лявоніха на арбіце”), тэлефільма “Пасля кірмашу” (пастаўлены ў 1973), дакументальных фільмаў “У адзінай сям’і” (зняты ў 1957), “Кандрат Крапіва” (зняты ў 1961). Выйшлі зборнікі п’ес “Перад сустрэчай. Жыццё патрабуе” (1951), “Камедыі” (1961), “Трыбунал. Зацюканы апостал” (1971), “П’есы” (1974), “Кінасцэнарыі” (1989).