Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Ёст ван дэн Вондэл (нід. Joost van den Vondel, памёр 5 лютага 1679), нідэрландскі паэт і драматург, найярчэйшы прадстаўнік “залатога веку” нідэрландскай літаратуры. Ведаў шмат сучасных і старажытных моваў, грэцкую вывучыў і пачаў з яе перакладаць у 60 гадоў. Галоўны твор Вондэла – драматычная трылогія “Люцыфер” (Lucifer, 1654), “Адам у выгнанні, альбо Трагедыя трагедый” (Adam in ballingschap of Alter treurspelen treurspel, 1664), “Ной, альбо Пагібель першага свету” (Noah of Ondergang der eerste wereld, 1667). У даследчыкаў няма сумневаў, што без “Люцыфера” Вондэла не было б мілтанаўскага “Страчанага раю”, які, дарэчы, пачынаецца з таго самага моманту, на якім заканчваецца “Люцыфер”. На рускую мову трылогію Вондэла пераклаў Я. Віткоўскі.
Нарадзілася Саламея Нерыс (літ. Salomėja Nėris, памерла 7 ліпеня 1945), літоўская паэтка і перакладчыца. Псеўданім паэтка выбрала ў гонар літоўскай ракі Нерыс (Neris), аднак у 1940 г. яна атрымала ліст ад сваіх вучняў, дзе яе называлі здрадніцай радзімы і прасілі адмовіцца ад выкарыстання ў якасці псеўданіма назвы ракі, тады яна дадала дыякрытычны знак над “е”, каб яе імя больш не несла ніякага дадатковага сэнсу. За першыя зборнікі вершаў “Рана ранкам” (Anksti rytą, 1927), “Сляды на пяску” (Pėdos smėly, 1931) крытыкі называлі яе літоўскай Ахматавай. Перакладала на літоўскую мову творы Ахматавай, Маршака, Караленкі, Тургенева, Пушкіна і інш.
Нарадзілася Ракел дэ Кейрос (парт. Rachel de Queiroz, памерла 4 лістапада 2003), бразільская пісьменніца, перакладчыца, журналістка, драматург. Першая жанчына, якая была прынятая ў Бразільскую акадэмію літаратуры, а таксама першая жанчына, якой была ўручаная прэмія Камоэнша (1993). Зрабілася вядомай у дваццаць гадоў, надрукаваўшы раман “Пятнаццаць” (O Quinze, 1930). Перакладала на партугальскую творы Дж. Остын, Э. Бронтэ, Дж. Галсуорсі, Д. Дзюмар’е, А. Кроніна, А. Крысці, Э. Рэмарка, А. дэ Бальзака, Т. Гацье, Ф. Марыяка, Ф. Дастаеўскага.
Памёр Мікалай Ушакоў (руск. Николай Ушаков, нар. 6 чэрвеня 1899), рускі паэт, празаік і перакладчык. Друкаваўся з 1923 году, нейкі час належаў да канструктывістаў. Перакладаў на рускую мову творы І. Франко, Л. Украінкі, М. Кацюбінскага, рэдагаваў рускамоўныя выданні Шаўчэнкі і Кацюбінскага. У 1973 г. — лаўрэат прэміі імя Т. Шаўчэнкі за зборнікі вершаў “Мои глаза”, “Я рифмы не боюсь глагольной” і шматгадовую плённую дзейнасць у галіне перакладу з украінскай літаратуры. Імем М. Ушакова названая літаратурная прэмія, якой уганароўваюцца ўкраінскія паэты, што пішуць на рускай мове.