Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Вільгельм Гаўф (ням. Wilhelm Hauff, нар. 29 лістапада 1802), нямецкі пісьменнік-рамантык. Літаратурная спадчына Гаўфа складае тры альманахі казак, самымі вядомымі з якіх з’яўляюцца “Гісторыя пра Маленькага Мука” (Die Geschichte vom kleinen Muck) і “Каліф-Бусел” (Die Geschichte vom Kalif Storch). Гаўф напісаў таксама некалькі раманаў, найбольш папулярным з якіх стаў “Ліхтэнштэйн” (Lichtenstein, 1826), і некалькі вершаў, якія зрабіліся народнымі песнямі. На сайце “ПрайдзіСвета” можна прачытаць некалькі казак Гаўфа, перакладзеных Наталляй Давыдоўскай і Уладзімірам Папковічам.
Нарадзіўся Рыхард Дэмэль (ням. Richard Dehmel, памёр 8 лютага 1920), нямецкі паэт-імпрэсіяніст. Адзін з самых значных нямецкіх паэтаў да Першай сусветнай вайны. Адзін з яго зборнікаў — “Жанчына і свет” (Weib und Welt, 1896) — выклікаў вялікі скандал і грамадскае абурэнне (нягледзячы на тое, што асобныя яго часткі нават не трапілі ў друк) за цікаўнасць аўтара да тэмы кахання і Эрасу. З гэтай нагоды адбыўся нават суд, дзе паэта вінавацілі ў непрыстойнасці і блюзнерстве. У выніку Дэмэль быў апраўданы, але зборнік было загадана знішчыць (спаліць).
Нарадзіўся Язэп Лёсік (псеўд. Павал Ксяневіч, Язэп Ксяневіч, Язэп Ліхадзіеўскі, М. Кепскі, J. L. (Apalczenniec) і інш., памёр 1 красавіка 1940), беларускі грамадска-палітычны дзеяч, мовазнаўца, пісьменнік, публіцыст, педагог. Чалец Інбелкульта (1921—1930), акадэмік АН БССР (1928). Аўтар шматлікіх дапаможнікаў і навуковых працаў па беларускай мове: “Практычная граматыка беларускае мовы” (1921), “Беларуская мова. Пачатковая граматыка” і “Беларуская мова. Правапіс” (1924) і інш. Пісаў вершы, апавяданні, у 1921 падрыхтаваў зборнік мастацкай прозы “Родныя вобразы”, але ён быў забаронены і не выйшаў. Лёсік даводзіўся дзядзькам Якубу Коласу. Арыштаваны і высланы ў Саратаўскую вобласць у 1930 па справе “Саюза вызвалення Беларусі”. Паводле афіцыйнай версіі, памёр ад сухотаў у саратаўскай турме.
Нарадзіўся Міхась Машара (псеўд. С. Антонаў; М. Каліна, Міх. Каліна, Міхась Каліна, М. Машарак, крыпт. М.М.; памёр 7 чэрвеня 1976), беларускі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Аўтар некалькіх зборнікаў лірыкі, дэбютаваў у друку ў 1927. Вершы, напісаныя падчас зняволення ў Лукішках, Зоська Верас таемна вынесла і ў 1928 выдала асобным зборнікам “Малюнкі”, які стаў першай кнігай паэта. У 1960—1970-я выступаў пераважна як празаік. Аўтар раманаў “Крэсы змагаюцца” (1966), “Сонца за кратамі” (1968) і “Лукішкі” (1970), якія склалі трылогію, кнігі ўспамінаў “Старонкі летапісу” (1975) і інш. Пераклаў на беларускую мову “Мёртвыя душы” М. Гогаля (1950), апавяданні Г. Сянкевіча (1955), “Уральскія сказы” П. Бажова (1956) і інш.
Нарадзіўся Клаўс Ман (ням. Klaus Mann, памёр 21 траўня 1949), нямецкі пісьменнік, сын Нобелеўскага лаўрэата Томаса Мана. Найбольш вядомы раманам “Мефіста” (Mephisto, 1936), які быў забаронены ў ФРГ да 1981 г. Раман Мана “Вулкан” (Der Vulkan, 1939) — адзін з самых вядомых раманаў ХХ ст. пра нямецкіх бежанцаў часоў Другой сусветнай вайны. На беларускую мову раман “Мефіста” пераклаў Васіль Сёмуха.
Памёр Марсэль Пруст (фр. Valentin Louis Georges Eugène Marcel Proust, нар. 10 ліпеня 1871), французскі празаік і паэт, адзін з самых значных пісьменнікаў ХХ стагоддзя, аўтар рамана “У пошуках страчанага часу” (À la recherche du temps perdu, 1908—1922).
Нарадзіўся Анатоль Вярцінскі, беларускі паэт, драматург, публіцыст, крытык, перакладчык. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988) за кнігу публіцыстычных нататак “Нью-ёркская сірэна”. Аўтар зборнікаў вершаў, паэмаў, п’ес і публіцыстыкі. Пераклаў на беларускую мову п'есы Лопэ дэ Вэгі “Раба свайго каханага”, М. Себасцьяна “Безыменная зорка”, В. Пальчынскайтэ “Спяшаюся за летам”, а таксама асобныя вершы з класічнай і сучаснай рускай, украінскай, літоўскай, латышскай, балгарскай, польскай, венгерскай, кубінскай паэзіі.
Нарадзілася Маргарэт Этвуд (анг. Margaret Atwood), канадская англамоўная пісьменніца, літаратурны крытык. Лаўрэат Букераўскай прэміі (2000) за раман “Сляпы забойца” (Blind Assassin), прэміі Артура Кларка, двойчы ўганараваная Прэміяй генерал-губернатара (найвышэйшай літаратурнай прэміяй Канады). Самым знакамітым яе раманам лічыцца “Гісторыя пакаёўкі” (The Handmaid's Tale, 1985), экранізаваны ў 1990. Усяго пісьменніца выдала больш за 30 кніг, сярод якіх таксама зборнікі паэзіі, апавяданняў, эсэ і некалькі дзіцячых кніг.
Памёр Поль Элюар (фр. Paul Éluard, сапр. Eugène Émile Paul Grindel, нар. 14 снежня 1895), французскі паэт, адзін з заснавальнікаў дадаізму і сюррэалізму. Пачаў пісаць вершы пасля сустрэчы з Аленай Дзьяканавай, якую называў Гала і якая пазней сышла ад яго да Сальвадора Далі. У 1924 за дзень да выхаду зборніка “Паміраць ад таго, што не паміраеш” (Mourir de ne pas mourir, 1924) Элюар, нікому нічога не сказаўшы, выправіўся ў падарожжа вакол свету, якое доўжылася сем месяцаў. Усе думалі, што ён памёр, але пазней ён напісаў Гале, і яна далучылася да яго ў Азіі. Элюар адышоў ад дадаізму, пасварыўшыся з Трыстанам Тцара. З 1924 уваходзіў у групу сюррэалістаў, хаця не цалкам падзяляў іх погляды. У час Другой сусветнай вайны пісаў патрыятычныя вершы, самы знакаміты з якіх — “Свабода” — раскідвалі над Францыяй з ангельскіх самалётаў. Пасля вайны ўдзельнічаў у руху барацьбы за мір, у 1953 яму пасмяротна была прысуджаная Міжнародная прэмія міру.
Нарадзіўся Алан Мур (анг. Alan Oswald Moore), ангельскі пісьменнік. Вядомы перадусім коміксамі. Найбольш знакамітыя працы — “Ахоўнікі” (Watchmen), “V значыць Вендэтта” (V for Vendetta), “З пекла” (From Hell) — былі экранізаваныя ў Галівудзе, але з прычыны істотных зменаў сюжэту Мур не захацеў указваць сваё аўтарства ў тытрах. Пісьменнік практыкуе магію і акультызм.
Памёр Валянцін Карэль (шведск. Walentin Chorell, нар. 8 красавіка 1912), фінска-шведскі паэт, празаік, драматург. Дэбютаваў у 1941 годзе са зборнікам вершаў “Віно і бутля” (Vinet och lägeln). Таксама пісаў раманы і п’есы. Першы вялікі поспех Карэлю прынесла яго п’еса “Фабіян адчыняе вароты” (Fabian öppnar portarna), пастаноўкі якой з захапленнем прымалі гледачы ў многіх тэатрах Швецыі.