Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Міхай Вёрашмарці (венг. Vörösmarty Mihály. нар. 1 снежня 1800), венгерскі паэт, празаік, перакладчык. Аўтар гераічнага эпасу “Уцёкі Залана” (Zalán futása, 1824), аднаго з найлепшых твораў венгерскай літаратуры. З вершаваных твораў самы вядомы — патрыятычны гімн “Заклік” (Szózat, 1826). Ён быў пакладзены на музыку і часта выконваецца на ўрачыстасцях падчас нацыянальных святаў.
Памерла Эма Лазарус (анг. Emma Lazarus, нар. 22 ліпеня 1849), амерыканская пісьменніца. Найбольш вядомая сваім вершам “Новы калос” (The New Colossus, 1883), напісаным для незвычайнага аўкцыёну, што ладзіўся для збору грошай на ўзвядзенне п’едэсталу для Статуі Свабоды, падараванай США французамі ў 1883 годзе. Гэты верш сабраў найбольшую суму (дваццаць адну тысячу даляраў) і быў выбіты на шыльдзе, прымацаванай да п’едэсталу. Лазарус таксама займалася перакладамі вершаў “залатога веку гішпанскага габрэйства” з іўрыту на ангельскую. Верш “Новы калос” на беларускую мову пераклала Ганна Янкута.
Загінуў Бруна Шульц (польск. Bruno Schulz, нар. 12 ліпеня 1892), польскі пісьменнік і мастак габрэйскага паходжання. Нарадзіўся ў Драгобычы (у той час Аўстра-Венгрыя, цяпер — Заходняя Украіна). Вывучаў жывапіс у Вене. Аўтар аповесцяў у навэлах “Цынамонавыя крамы” (1934) і “Санаторый пад клепсідрай” (1937). 30 чэрвеня 1941 нямецкія войскі акупавалі Драгобыч. Шульц быў застрэлены гестапаўцам на вуліцы драгобыцкага гета. Шэраг яго літаратурных твораў і практычна ўвесь жывапіс страчаныя. Па-беларуску навэлы Шульца выйшлі зборнікам “Цынамонавыя крамы” ў перакладах Лявона Баршчэўскага, Ігара Войніча, Кірылы Ільніцкага, Змітра Коласа, Сяргея Шупы.
Памёр Жуан Гімараінш Роза (парт. João Guimarães Rosa, нар. 27 чэрвеня 1908), бразільскі пісьменнік, доктар, дыпламат. Адзін з самых значных бразільскіх пісьменнікаў, чый галоўны твор “Сцежкі вялікага сертана” (Grande Sertão: Veredas, 1956) параўноўваюць з “Улісам” Дж. Джойса. Бразільскі стэп (сертан) — адна з галоўных крыніцаў яго натхнення і месца падзей многіх твораў.
Памёр Алег Лойка (нар. 1 траўня 1931), беларускі паэт, празаік і літаратуразнавец. Доктар філалагічных навук, прафесар. Аўтар зборнікаў паэзіі “На юначым шляху” (1959), “Задуменныя пералескі” (1961), “Блакітнае азерца” (вершы і паэмы, 1965), “Калі ў дарозе ты...” (выбранае, 1971), “Шчырасць” (1973), “Пачуцці” (вершы і паэма, 1976), “Скрыжалі” (выбранае, 1981), “Няроўныя даты” (1983), “Грайна” (1986), “Балады вайны і міру” (1989), “Талая вясна” (вершы і паэмы, 1990), у т.л. для дзяцей: “Як Тоня рэха шукала” (1962), “Карагод дзівосных прыгод” (1966), “Дзе хто начуе?” (1977), “Пра дзеда Аяяй і бабку Оёёй” (1984) ды інш. Напісаў раманы-эсэ “Як агонь, як вада” (1984) і “Францыск Скарына, або Сонца маладзіковае” (1990), аповесць “Скарына на Градчанах” (1990), сцэнар дакументальнага фільма “Максім Багдановіч” (зняты ў 1990). Аўтар 100 кніг, апошняя прыжыццёвая выйшла ў 2003. Перакладаў на беларускую мову П. Вэрлена, Ё. В. Гётэ, асобныя творы рускіх, украінскіх, літоўскіх, латышскіх, польскіх і іншых паэтаў. Перакладчык і ўкладальнік 2-томнай анталогіі польскай паэзіі “Ад Буга да Віслы”.