№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 20 лістапада

  • 1815

    Памёр Ян Патоцкі (польск. Jan Nepomucen Potocki, нар. 8 сакавіка 1761), польскі пісьменнік-рамантык, навуковец, вандроўнік. Пісаў па-французку. Найбольш вядомы раманам “Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе” (Manuscrit trouvé à Saragosse), напісаны ў “шкатулкавым” стылі, як “Тысяча і адна ноч”. Арыгінал і рукапісы рамана былі страчаныя, а пераклад на польскую мову выйшаў толькі ў 1847 г. Раман быў перакладзены на многія замежныя мовы і экранізаваны Войцехам Хасам. Патоцкі ўчыніў самагубства, застрэліўшыся з пісталета. Паводле адной з версій, ён стрэліў сабе ў твар срэбнай куляй, вытачанай з адламанай ручкі цукарніцы. Але біёграфы пісьменніка лічаць гэта міфам, а таксама падаюць дату смерці 23 снежня як больш дакладную і верагодную.

  • 1858

    Нарадзілася Сельма Лагерлёф (шведск. Selma Ottilia Lovisa Lagerlöf; памерла 16 сакавіка 1940), шведская пісьменніца і першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры (1909). У свеце яе найбольш ведаюць па дзіцячай казачнай кнізе “Падарожжа Нільса з дзікімі гусямі” (Nils Holgerssons underbara resa genom Sverige, 1906 – 1907), якая апісвае падарожжа хлопчыка на спіне птушкі праз усю Швецыю. Кніга была перакладзеная на многія мовы. Сярод іншых вядомых твораў – раманы “Ерусалім” (Jerusalem, 1901 – 1902), “Выгнаннік” (Bannlyst, 1918), “Імператар Партугаліі” (Kejsarn av Portugallien, 1914), трылогія пра сям’ю Лёвеншольдаў. Падчас Другой сусветнай вайны пісьменніца дапамагала нямецкім літаратарам ратавацца ад нацысцкага пераследу, а таксама ахвяравала свой нобелеўскі медаль Фонду дапамогі Фінляндыі, які быў заснаваны падчас савецка-фінскай вайны. Пазней медаль быў вернуты пісьменніцы. На беларускую мову апавяданне Лагерлёф “Партрэт маці” пераклала Алеся Башарымава.

  • 1869

    Нарадзілася Зінаіда Гіпіюс (руск. Зинаида Гиппиус, па мужу Меражкоўская; памерла 9 верасня 1945), руская паэтка, празаік, драматург, літаратурны крытык, адна з яркіх прадстаўніц Срэбнага веку, ідэолаг рускага сімвалізму. Спачатку Гіпіюс і яе муж Дзмітрый Меражкоўскі заключылі няпісаную дамову: яна будзе пісаць выключна прозу, а ён — вершы. Аднак Меражкоўскі парушыў дамову, калі ў яго ўзнікла ідэя рамана пра Юльяна Адступніка. З таго часу яны абодва пачалі пісаць і прозу, і паэзію.

  • 1899

    Нарадзіўся Міхась Клімковіч (памёр 5 лістапада 1954), беларускі паэт, драматург, празаік, крытык, перакладчык, аўтар гімна Беларусі “Мы, беларусы”.

  • 1901

    Нарадзіўся Міхась Зарэцкі (сапр. Міхаіл Касянкоў, памёр 29 кастрычніка 1937), беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык. Быў сябрам літаб'яднання “Маладняк”. У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэння новага літаб'яднання “Полымя”. Аўтар зборнікаў апавяданняў “У віры жыцця” (1925), “Пела вясна” (1925), “Пад сонцам” (1926) і інш., аповесці “Голы звер” (1926), раманаў “Сцежкі-дарожкі” (1928), “Вязьмо” (1932), кніг нарысаў “Падарожжа на новую зямлю” (1929), “Лісты ад знаёмага” (1931). Аўтар п'ес “Сымон Карызна” (1935), “Ная” (1936) і інш., а таксама кінасцэнару “Пачатак шчасця”. Многія рукапісы М. Зарэцкага загінулі, у прыватнасці, гістарычная драма “Рагнеда” (1929), працяг рамана “Крывічы”. Пераклаў на беларускую мову раман “Цэмент” Ф. Гладкова (1930), “Прыгоды ўдалага ваякі Швейка ў сусветную вайну” Я. Гашака (ч. 1, 1931). Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 (артыкулы “Два экзамены (да пытання аб тэатральнай крытыцы)”, “Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (да крытыкі тэматычнага плана”). Выступленні М. Зарэцкага ў друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “актыўны сябра нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі”. Рэабілітаваны 7 снежня 1957.

  • 1910

    Памёр Леў Талстой (руск. Лев Толстой, нар. 9 верасня 1828), рускі пісьменнік, рэлігійны мысляр, асветнік і публіцыст. Удзельнічаў у Крымскай вайне і да літаратуры звярнуўся падчас вайсковай службы. Ужо першы раман Талстога “Дзяцінства” (“Детство”, 1852) быў заўважаны крытыкай. Да 1856 году, калі Талстой перастаў служыць, ён паспеў стаць знакамітым пісьменнікам. На беларускую мову творы Л. Талстога перакладаў Я. Брыль (апавяданне “Карней Васільеў”, Наша вера, №1(23), 2003) і інш.

  • 1923

    Нарадзілася Надзін Гордымер (анг. Nadine Gordimer), паўднёваафрыканская англамоўная пісьменніца. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1991), Букераўскай прэміі (1974) за раман “Захавальнік” (The Conservationist). Творчасць пісьменніцы адлюстроўвае складанасць грамадска-палітычнага жыцця Паўднёвай Афрыкі, маральныя і расавыя пытанні, тэму апартэіду. Гордымер выдала каля 15 раманаў, некаторыя з якіх пэўны час не маглі выйсці, бо былі забароненыя цэнзурай. Акрамя ўдзелу ў руху супраць апартэіду ў апошнія гады Гордымер актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах па барацьбе супраць СНІДу.

  • 1925

    Памёр Стэфан Жаромскі (польск. Stefan Żeromski, нар. 14 кастрычніка 1864), польскі пісьменнік і публіцыст, “сумленне польскай літаратуры”. У 1924 годзе намінаваўся на Нобелеўскую прэмію, але не атрымаў яе праз непрыхільныя водгукі на аповесць “Вецер з мора”. Найвялікшым поспехам Жаромскага стала выданне ў 1899 г. аповесці “Беспрытульныя” (Ludzie bezdomni), якая лічыцца найлепшым творам пісьменніка. У далейшым славу Жаромскага умацавалі такія аповесці, як “Попел” (Popioły, 1903) і “Гісторыя граху” (Dzieje grzechu, 1908). Апошняя выклікала шмат спрэчак, бо некаторымі ўважалася за парнаграфію. Аповесць “Верная рака” і шэраг апавяданняў на беларускую мову пераклаў М. Дубянецкі, апавяданне “Табу” пераклала А. Сёмуха.

  • 1928

    Нарадзіўся Генрых Сапгір (руск. Генрих Сапгир, памёр 7 кастрычніка 1999), рускі паэт, празаік, перакладчык, сцэнарыст, дзіцячы пісьменнік. Лаўрэат Пушкінскай прэміі, прэмій часопісаў “Знамя” (1993) і “Стрелец” (1995, 1996), прэміі “За асаблівыя заслугі” Тургенеўскага фестывалю малой прозы (1998).

  • 1933

    Нарадзіўся Пэр Вэстберг (шведск. Per Erik Wästberg), шведскі пісьменнік і літаратурны крытык, сябра Шведскай акадэміі. Быў старшынём Шведскага ПЭН-Клуба. Дэбютаваў у 15 гадоў зборнікам апавяданняў “Хлопчык з мыльнымі бурбалкамі”(Pojke med såpbubblor) і стаў наймаладзейшым шведскім пісьменнікам усіх часоў. Яго творы жыццесцвярджальныя і празрыстыя. Паездка ў Афрыку ў 1960-х сталася паваротным момантам у яго творчым і палітычным жыцці. Ён пачынае пісаць раманы і артыкулы пра гэты кантынент, у тым ліку пра апартэід. Сярод яго паўднёваафрыканскіх кніг вылучаюць “Забароненую зону” (Förbjudet område) і “У чорным спісе” (På svarta listan). Таксама ён выдаў анталогію афрыканскай літаратуры “Расказвае Афрыка” (Afrika berättar). Вэстберг вядомы таксама сваімі “стакгольмскімі” раманамі, такімі як “Паўкаралеўства” (Halva kungariket) і раманы трылогіі “Паветраная клетка” (Luftburen). Лаўрэат шэрагу шведскіх літаратурных прэмій, у тым ліку Вялікай прэміі дзевяцёх.

  • 1937

    Нарадзілася Вікторыя Токарава (руск. Виктория Токарева), руская пісьменніца і сцэнарыстка. Аўтарка шматлікіх зборнікаў апавяданняў. Стварыла таксама каля двух дзясяткаў сцэнароў для кінастужак, найбольш вядомымі і папулярнымі з якіх з’яўляюцца “Джэнтльмены ўдачы” (1971, у суаўтарстве з Г. Данэлія), “Міміно” (1977, у суаўтарстве з Р. Габрыядзэ і Г. Данэлія), “Ішоў сабака па раялі” (1978).

  • 1947

    Памёр Вольфганг Борхерт (ням. Wolfgang Borchert, нар. 20 траўня 1921), нямецкі паэт і празаік, адзін з пачынальнікаў антыфашысцкай літаратуры ў Заходняй Германіі. Паспеў напісаць няшмат, бо яго пераследавалі за погляды і не раз саджалі ў турму нямецкія ўлады. Яго п’еса “За дзвярыма” (Draußen vor der Tür, 1946) лічыцца адным з найважнейшых літаратурных дакументаў Германіі XX стагоддзя.

  • 1948

    Нарадзілася Яўгенія Янішчыц (памерла 25 лістапада 1988), беларуская паэтка. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978) за кнігу лірыкі “Дзень вечаровы” і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу лірыкі “Пара любові і жалю”. Найбольш значнай часткай яе творчасці з'яўляецца інтымная лірыка. Паэтка ўчыніла самагубства праз некалькі дзён пасля свайго 40-годдзя.

  • 1960

    Памёр Яакаў Коэн (іўр. יעקב כהן, нар. 26 чэрвеня 1881), ізраільскі паэт, празаік, драматург і перакладчык. Нарадзіўся ў Слуцку і ў 1934 годзе эміграваў у Палестыну. У 1938 годзе атрымаў Літаратурную прэмію імя Бяліка — адну з самых прэстыжных ізраільскіх літаратурных прэміяў.

  • 1988

    Памёр Гаўрыла Гарэцкі (нар. 10 красавіка 1900), беларускі геолаг, географ, эканаміст, адзін з заснавальнікаў і акадэмік (1928) Беларускай акадэміі навук. Брат Максіма Гарэцкага, разам з якім склаў руска-беларускі слоўнік.