Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Вальтэр (фр. Voltaire, сапр. Франсуа-Мары Аруэ, памёр 30 траўня 1778), французскі пісьменнік і філосаф, адзін з найбуйнейшых асветнікаў ХVІІІ ст., паэт, празаік, сатырык, гісторык, публіцыст, заснавальнік вальтэр’янства. Перад смерцю Вальтэра яго пляменнік абат Міньё паклікаў да дзядзькі абата Гацье, спадзеючыся прымірыць Вальтэра з царквой. Калі святар прапанаваў вальнадумцу “адрачыся ад Сатаны і прыйсці да Госпада” Вальтэр адказаў: “Навошта перад смерцю здабываць новых ворагаў?”
Памёр Караль Станіслаў Радзівіл, “Пане Каханку” (нар. 27 лютага 1734), сын пісьменніцы Францішкі Уршулі Радзівіл. Пра князя хадзіла нямала показак — так, паводле адной з іх, ён, захацеўшы летам пакатацца на санях, засыпаў нясвіжскі дзядзінец соллю. Князь зрабіўся правобразам стольніка Гарэшкі ў “Пане Тадэвушу” Міцкевіча, а таксама з’явіўся на старонках шэрагу твораў рамантычнае літаратуры (Г. Равускі, Ю. Крашэўскі, І. Ходзька).
Памёр Генрых фон Кляйст (ням. Bernd Heinrich Wilhelm von Kleist, нар. 18 кастрычніка 1777), нямецкі пісьменнік-рамантык. Яго драматычны талент найбольш яскрава выявіўся ў камедыі “Разбіты збан”( Der zerbrochne Krug, 1808). Значнай часткай творчай спадчыны Кляйста з’яўляюцца навелы, з якіх асабліва выдзяляюцца “Міхаэль Кальхаас” (Michael Kohlhaas), “Маркіза д’О.” (Die Marquise von O.), “Землятрус у Чылі” (Das Erdbeben in Chili), “Святая Сесілія, альбо Магутнасць музыкі” (Die heilige Cäcilie oder die Gewalt der Musik). На творы Кляйста многія кампазітары пісалі музыку, яго драмы і навелы шматразова экранізаваліся. Кафка ў значнай ступені зазнаў уплыў яго твораў. Пісьменнік пакутаваў на меланхолію, меў навязлівую ідэю скончыць жыццё самагубствам, што не раз прапаноўваў сваёй жонцы. Урэшце ён пасябраваў з хворай на рак Генрыетай Фогель, з якой яны разам сышлі з жыцця, застрэліўшыся.
Памёр Іван Крылоў (руск. Иван Крылов, нар. 13 лютага 1769), рускі паэт, байкапісец, перакладчык. Найбольшую славу яму прынеслі менавіта байкі, якіх Крылоў напісаў больш за 200 і якія выходзілі і перавыдаваліся вельмі вялікімі на той час накладамі. Калі Крылоў гуляў па Летнім садзе, моладзь жартавала: “Мабыць, дождж хутка — хмара ідзе”, — на што пісьменнік звычайна адказваў: “Я і чую, што жабы расквакаліся”.
Нарадзіўся Сігб'ёрн Абстфелер (нарв. Sigbjørn Obstfelder, памёр 29 ліпеня 1900), нарвежскі празаік, драматург, паэт-мадэрніст. Яго першы зборнік “Вершы” (Digte, 1893) з'яўляецца адным з ранніх прыкладаў нарвежскай мадэрністычнай літаратуры. Творы Абстфелера часта называюць літаратурным аналагам карцін Эдварда Мунка.
Нарадзіўся Улаў Дун (нарв. Olav Duun, памёр 13 верасня 1939), адзін з найбуйнейшых нарвежскіх пісьменнікаў ХХ стагоддзя. Пісаў на нюнорску. Аўтар псіхалагічных раманаў “Мар’яна” (1908), “Трое сяброў” (1914), “Харальд” (1915), “Чыстае сумленне” (1916), шасцітомнага цыклу “Жыхары Ювіка” (1918—1923).
Нарадзіўся Нік Перумаў (рус. Ник Перумов), рускі пісьменнік-фантаст, адзін з пачынальнікаў рускага фэнтэзі. Шырокую вядомасць атрымаў пасля выдання эпапеі “Кола Цемры” (“Кольцо Тьмы”, 1993).