Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Андрэ Жыд (фр. André Paul Guillaume Gide, памёр 19 лютага 1951), французскі пісьменнік, літаратурны крытык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1947). Яго творчасць зрабіла значны ўплыў на французскіх экзістэнцыялістаў (Камю, Сартра). У СССР творы Жыда былі забароненыя пасля выхаду яго крытычнай кнігі “Вяртанне з СССР” (Retour de l’URSS, 1936), напісанай пасля вандроўкі ў савецкую краіну.
Памёр Пётр Вяземскі (руск. Пётр Вяземский, нар. 23 ліпеня 1792), рускі паэт-рамантык, блізкі сябар А. Пушкіна, М. Карамзіна, В. Жукоўскага, аўтар успамінаў пра сучаснікаў “Старая запісная кніжка”.
Памёр Джэк Лондан (анг. Jack London, імя пры нараджэнні — Джон Грыфіт Чэйні, нар. 12 студзеня 1876), амерыканскі празаік.За нядоўгую пісьменніцкую кар’еру (сур’ёзна займацца літаратурай пачаў у 23 гады) напісаў каля 40 кніг. Меў шалёную папулярнасць і быў самым высокааплатным пісьменнікам ЗША. У апошнія гады жыцця праз творчы крызіс не мог распачаць працу над новай кнігай і купіў сюжэт у маладога пачаткоўца Сінклера Льюіса. Лондан назваў кнігу “Бюро забойстваў”, але скончыць яе не паспеў. На беларускую мову апавяданне Лондана “Мечаны” пераклаў Уладзімір Чаркас (“Далягляды”, 1984).
Памёр Кузьма Чорны (сапр. імя Мікалай Раманоўскі, нар. 24 чэрвеня 1900), беларускі пісьменнік. З 1923 году — сябра літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. У 1926—1931 — старшыня літаратурнага аб’яднання “Узвышша”. Аўтар раманаў “Сястра”, “Зямля”, “Бацькаўшчына”, “Трэцяе пакаленне”, аповесцяў “Лявон Бушмар”, “Люба Лук’янская”, п’есаў (“Бацькаўшчына”, ”Базылевічава сям’я”, “Ірынка”). Пераклаў на беларускую мову творы А. Пушкіна, М. Гогаля, М. Горкага, Я. Гашака, У. Караленкі.
Памёр Олдас Хакслі (анг. Aldous Huxley, нар. 26 ліпеня 1894), ангельскі пісьменнік, найбольш знакаміты дзякуючы раману-антыўтопіі “Дзіўны новы свет” (Brave New World, 1932). У 1958 годзе Хакслі напісаў “Вяртанне ў дзіўны новы свет” (Brave New World Revisited), у якой развівае думку пра тое, што напраўду ўсё будзе яшчэ горш і жахлівей, чым у першай кнізе.
Памёр Эрых Фрыд (ням. Erich Fried, нар. 6 траўня 1921), аўстрыйскі паэт, празаік, перакладчык і публіцыст. У 1944 годзе ў эмігранцкім выдавецтве аўстрыйскага ПЭН-Клуба выходзіць яго першы зборнік вершаў “Германія” (Deutschland). Пасля вайны супрацоўнічае з літаратурнымі часопісамі, працуе палітычным каментатарам у нямецкай рэдакцыі ВВС. Вядомасць паэту прынеслі “Вершы” (Gedichte, 1958) і адзіны раман “Салдат і дзяўчына” (Ein Soldat und ein Mädchen, 1960) у перакладах Дылана Томаса. З 1963 Фрыд належаў да “Групы 47”, у гэты ж перыяд перакладаў п'есы Шэкспіра на нямецкую мову. Вядомасць і прызнанне (Брэменская літаратурная прэмія, Дзяржаўная аўстрыйская прэмія, Прэмія Георга Бюхнэра) прыйшлі да яго ў 70-гадовым узросце, калі паэт быў ужо цяжка хворы.
Памёр Энтані Бёрджэс (анг. Anthony Burges, нар. 25 лютага 1917), ангельскі празаік, паэт, драматург, перакладчык, літаратурны крытык.Сатырычны раман-антыўтопія “Завадны апельсін” (A Clockwork Orange, 1962), паводле якога ў 1971 годзе Стэнлі Кубрык зняў аднайменны фільм, зрабіўся найвядомейшым творам пісьменніка, але сам Бёрджэс лічыў яго адной з самых няўдалых сваіх працаў. Аўтар каля 30 раманаў, сярод якіх “Права на адказ” (The Right to an Answer, 1960), “Доктар хворы” (The Doctor is Sick, 1960), “Трапятанне намеру” (Tremor of Intent: An Eschatological Spy Novel, 1966), “Напалеонаўская сімфонія” (Napoleon Symphony: A Novel in Four Movements, 1974) і інш. Даследаваў творчасць Шэкспіра, Джойса, Хэмінгуэя і інш., пісаў кнігі для дзяцей, эсэ, сцэнары тэлесерыялаў. Аўтар шматлікіх музычных сачыненняў, у т.л. сімфанічных.