Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Эса ды Кейрош (парт. José Maria Eça de Queiroz, памёр 16 жніўня 1900), партугальскі пісьменнік. Лічыцца адным з найбуйнейшых партугальскамоўных аўтараў і прадстаўнікоў рэалізму XIX стагоддзя. Самыя вядомыя раманы — “Злачынства падрэ Амару” (О crime de padre Amaro, 1874; экранізаваны ў 2002), “Кузэн Базілію” (О primo Basílio, 1879), “Сям’я Майя” (Os Maias, 1879).
Нарадзіўся Якаў Фіхман (іўр. יעקב פיכמן; ідыш יעקבֿ פֿיכמאַן; памёр 18 траўня 1958), класік габрэйскай паэзіі. Пісаў на іўрыце і ідышы. Быў рэдактарам розных часопісаў, газет, кніг. Самастойна засвоіў рускую і нямецкую мовы, перакладаў Лермантава, Блока, Гайнэ, Гётэ, займаўся распрацоўкай тэорыі перакладу на іўрыт. Зрабіў значны ўнёсак у развіццё дзіцячай літаратуры на іўрыце. У 1957 за сваю плённую творчасць быў уганараваны Дзяржаўнай прэміяй Ізраіля.
Памёр Мендэле Мойхер-Сфорым (ідыш מענדעלע מוכר ספרים, “Мендэле-Кніганоша”, сапр. Шолем-Янкеў Бройдэ, па пашпарце Саламон Маісеевіч Абрамовіч; нар. 2 студзеня 1836), габрэйскі пісьменнік, які лічыцца пачынальнікам сучаснай свецкай габрэйскай літаратуры на ідышы. Нарадзіўся ў Капылі (Мінская вобл.). Самы знакаміты яго раман — “Вандроўка Беньяміна Трэцяга” (1878), лірычна-сатырычная фантасмагорыя па матывах сярэднявечнага твора “Вандроўка Беньяміна з Тудэлы”.
Памёр Юкіа Місіма (яп. 三島 由紀夫, сапр. Кімітакэ Хіраока; нар. 14 студзеня 1925), японскі празаік і драматург, адна з цэнтральных фігураў японскай літаратуры ХХ стагоддзя. Місіма займеў літаратурную славу ў самым пачатку літаратурнай кар’еры (аповесць “Споведзь маскі” апроч розгаласу выклікала яшчэ і скандал адкрытасцю выяўлення гомасэксуальнасці). Раман Місімы “Залаты храм” (1956) лічыцца самым чытаным творам японскай літаратуры ў свеце. Місіма скончыў жыццё самагубствам 25 лістапада 1970 году, зрабіўшы сабе сэпуку пасля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту.
Памерла Яўгенія Янішчыц (нар. 20 лістапада 1948), беларуская паэтка. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1978) за кнігу лірыкі “Дзень вечаровы” і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1986) за кнігу лірыкі “Пара любові і жалю”. Найбольш значнай часткай яе творчасці з'яўляецца інтымная лірыка. Паэтка ўчыніла самагубства праз некалькі дзён пасля свайго 40-годдзя.