Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Філіп Кіно (фр. Philippe Quinault, нар. 3 чэрвеня 1635), французскі паэт, драматург, лібрэтыст. Вальтэр у “Стагоддзі Людовіка XIV” (1751) ставіць Кіно ў адзін шэраг з Карнэлем, Расінам, Буало, Мальерам і Лафантэнам.
Памёр Адам Міцкевіч (польск. Adam Mickiewicz, нар. 24 снежня 1798), польска-беларускі пісьменнік-рамантык. Ужо ў ранняй “філамацкай” творчасці Міцкевіча знайшлі адлюстраванне яго грамадска-палітычныя погляды на гісторыю. Вершы ковенскага перыяду (1819—1823) “Песня Адама”, “Песня філарэтаў”, “Ода да маладосці” сталі агульнапрызнанымі сімваламі філамацкага руху. Віленска-ковенскі перыяд адметны выхадам дзвюх кніг Міцкевіча, у якіх змешчаныя “Балады і рамансы” (1822), паэмы “Гражына” і “Дзяды” (ч. 2 і 4, 1823). Са з'яўленнем гэтых твораў постаць Міцкевіча ў польскай літаратуры выйшла на першы план, а Вільня стала новым цэнтрам літаратурнага жыцця. “Балады і рамансы” сведчылі пра пачатак новага мастацкага кірунку — рамантызму. У перыяд расійскай высылкі напісаў “Санэты” (1826) і паэму “Конрад Валенрод” (1828). У Парыжы завершаны і надрукаваны самы значны мастацкі твор А. Міцкевіча, вялікая нацыянальная эпапея — паэма “Пан Тадэвуш” (1834).
Нарадзіўся Міхай Бабіч (венг. Babits Mihály, памёр 4 жніўня 1941), венгерскі паэт і перакладчык. Яго першы зборнік “Лісце з вянку Ірысіна” выйшаў у 1908. Наступныя зборнікі — “рэчытатыў” (1916), “Востраў і мора” (1925), “У гонцы з гадáмі” (1928). Пераклаў на венгерскую мову “Боскую камедыю” Дантэ, “Буру” Шэкспіра, лацінамоўныя творы.
Памёр Антанас Баранаўскас (літ. Antanas Baranauskas, польск. Antoni Baranowski; нар. 17 студзеня 1835), літоўскі паэт, мовазнаўца, першы літоўскі дыялектолаг і стваральнік тэрмінаў літоўскай граматыкі. Найбольш вядомы твор — паэма “Анікшчайскі бор” (Anykščių šilelis, 1860) — лічыцца класікай літоўскай літаратуры, перакладалася на шмат моваў. Паэт пісаў таксама па-польску.
Нарадзіўся Эжэн Ёнэско (рум. Eugen Ionescu, фр. Eugène Ionesco; памёр 28 сакавіка 1994), французскі драматург румынскага паходжання, адзін з галоўных прадстаўнікоў тэатра абсурду. Вывучаў французскую мову і літаратуру ў Бухарэсцкім універсітэце. Абараніў у Сарбоне дысертацыю на тэму “Матывы страху і смерці ў французскай паэзіі пасля Бадлера”. Сітуацыі, характары і дыялогі яго п'есаў — хутчэй вобразы і асацыяцыі сну, чым паўсядзённай рэальнасці. Мова з дапамогай парадоксаў, клішэ, прымавак і іншых слоўных гульняў вызваляецца ад звыклых значэнняў. Тыповы прыём — нагрувашчанне прадметаў, якія пагражаюць паглынуць актораў; рэчы набывюць жыццё, а людзі ператвараюцца ў неадушаўлёныя прадметы. У “трагедыі мовы” “Лысая спявачка” (La cantatrice chauve, 1950), перакладзенай на беларускую мову З. Коласам, малюецца звар’яцелы свет, “крах рэальнасці”.
Нарадзіўся Уладзімір Шахавец (памёр 8 чэрвеня 1991), беларускі пісьменнік. Дэбютаваў вершамі ў 1937. Аўтар зборнікаў аповесцяў і апавяданняў “Землякі” (1949), “Насустрач” (1951), “Будзьце здаровы” (1955) і інш., а таксама кніг для дзяцей “Крылаты дзень” (1961), “Чорны снег” (1962), “Пісьмо да сябра” (1966) і інш. На беларускую мову пераклаў паэмы “Мцыры” і “Ізмаіл-бей” М. Лермантава, шэраг вершаў А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, рускіх, украінскіх і іншых паэтаў народаў СССР, кнігі прозы “Звычайная гісторыя” І. Ганчарова (1955), “З берагоў Мядзведзіцы” М. Прыляжаевай (1958), і інш., а таксама трагедыю Ў. Шэкспіра “Макбэт”, асобныя творы ангельскіх, французскіх, венгерскіх, сербскіх, славацкіх паэтаў. У 1983 выйшла кніга перакладаў “Пераклічка”.
Нарадзіўся Уладзімір Караткевіч (памёр 25 ліпеня 1984), беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст. Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І. Мележа (1983) за раман “Нельга забыць” (“Леаніды не вернуцца да Зямлі”), Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984, пасмяротна) за раман “Чорны замак Альшанскі”. Пераклаў на беларускую мову драму М. Карыма “У ноч зацьмення Месяца” (пастаўленая ў 1972), аповесць Э. Гашпаравай “Цяжка быць мустангам” (1981), паасобныя творы Катула, Дж. Байрана, А. Міцкевіча, І. Франко і інш.
Памёр Аляксей Рэмізаў (руск. Алексей Ремизов, нар. 6 ліпеня 1877), рускі пісьменнік, адзін з самых яркіх стылістаў у рускай літаратуры. Яго залічвалі да сімвалістаў, аднак сам пісьменнік не пазіцыянаваў сябе як сімваліст. Шырокую вядомасць яму прынеслі раманы і аповесці “Сажалка” (“Пруд”, 1905), “Крыжовыя сёстры” (“Крестовые сёстры”, 1910), а таксама мемуары “Узвіхраная Русь” (“Взвихренная Русь”, 1927).
Памёр Іван Кашкін (руск. Иван Кашкин, нар. 6 ліпеня 1899), рускі перакладчык, літаратуразнаўца, тэарэтык мастацкага перакладу, паэт. Перакладаў творы А. Хаўсмэна, Ў. Ўітмэна, Р. Фроста, Э. Хэмінгуэя, Дж. Джойса і інш. Стварыў школу мастацкага перакладу — т.зв. “кашкінцы”, якія часцей за ўсё публікаваліся ў часопісе “Интернациональная литература”.
Памёр Арнольд Цвайг (ням. Arnold Zweig, нар. 10 лістапада 1887), нямецкі пісьменнік. Лаўрэат літаратурнай прэміі Генрыха фон Кляйста. Яго самы вядомы твор — “Трагедыя унтэра Грышы” (Der Streit um den Sergeanten Grischa, 1927).