Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Ўільям Блэйк (анг. William Blake, памёр 12 жніўня 1827), ангельскі паэт, мастак, містык. Першы зборнік вершаў Блэйка “Паэтычныя накіды”, выйшаў у 1783 годзе. У далейшым паэт стварыў некалькі “ілюмінаваных рукапісаў”, уласнаручна гравіруючы свае вершы і малюнкі на меднай дошцы. Памёр Блэйк у разгар сваёй працы над ілюстрацыямі да “Боскай камедыі”. Яго смерць была раптоўная і невытлумачальная. Дакладнае месцазнаходжанне магілы Блэйка было забытае, а магільны камень быў перанесены на новае месца. Пры жыцці Блэйк не атрымаў ніякай вядомасці за межамі вузкага кола прыхільнікаў, але быў “адкрыты” пасля смерці прэрафаэлітамі. Блэйк рабіў значны ўплыў на заходнюю культуру XX стагоддзя. Песня “Ерусалім” на верш Блэйка лічыцца неафіцыйным гімнам Вялікабрытаніі.
Памёр Вашынгтан Ірвінг (анг. Washington Irving, нар. 3 красавіка 1783), амерыканскі пісьменнік-рамантык, якога часта называюць бацькам амерыканскай літаратуры. Найбольшую вядомасць яму прынеслі апавяданні “Рып ван Вінкл” (Rip van Winkle, 1819) і “Легенда пра Сонную Лагчыну” (The Legend of Sleepy Hollow, 1820).
Нарадзіўся Аляксандр Блок (руск. Александр Блок, памёр 7 жніўня 1921), рускі паэт-сімваліст. Прадстаўнік Срэбнага веку рускай паэзіі. У першым зборніку “Вершы пра Прыўкрасную Даму” (“Стихи о Прекрасной Даме”, 1905) складаная вобразнасць спалучаецца з містычна-сімвалісцкім успрыманнем свету. Адыход ад ідэй сімвалізму абвешчаны ў драме “Балаганчык” (“Балаганчик”, 1906). Падзеі Кастрычніцкай рэвалюцыі асэнсоўваў у рамантычных паэмах “Дванаццаць” і “Скіфы”, публіцыстычным артыкуле “Інтэлігенцыя і рэвалюцыя” (усе — 1918). Са снежня 1918 Аляксандр Блок перажываў своеасаблівы разлад з рэчаіснасцю і творчы крызіс. На беларускую мову творы А. Блока перакладалі А. Дудар (паэма “Дванаццаць”, 1926), С. Грахоўскі (“Выбраныя вершы і паэмы”, 1980), а таксама С. Дзяргай, М. Дукса, С. Законнікаў, М. Калачынскі, Р. Лынькоў, Я. Сіпакоў, М. Федзюковіч і інш.
Нарадзіўся Штэфан Цвайг (ням. Stefan Zweig, памёр 22 лютага 1942), аўстрыйскі пісьменнік, журналіст. Скончыў філасофскі факультэт Венскага ўніверсітэта. У 1939 годзе пасля прыходу да ўлады нацыстаў быў вымушаны пакінуць Аўстрыю і з’ехаць у Бразілію, дзе праз тры гады разам з жонкай скончыў жыццё самагубствам. Дэбютаваў у 1898 як паэт, але вядомасць яму прынеслі яго навэлы — “Амок” (Amok, 1922), “Разгубленасць пачуццяў” (Verwirrung der Gefühle, 1927), “Шахматная навэла” (Schachnovelle, 1942) і раманізаваныя біяграфіі Эразма Ратэрдамскага, Фернана Магелана, каралевы Марыі Антуанэты, каралевы Марыі Сцюарт, Анарэ дэ Бальзака, а таксама цыкл літаратурных партрэтаў Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, Ч. Дыкенса, Стэндаля, З. Фройда, інш. На беларускую мову асобныя навелы Цвайга пераклаў У. Чапега.
Нарадзіўся Аркадзі Фідлер (польск. Arkady Fiedler, памёр 7 сакавіка 1985), польскі пісьменнік, падарожнік і аўтар рэпартажаў. 27 кніг Фідлера ўбачылі свет на 22 мовах агульным накладам звыш 9 млн асобнікаў. Аўтар кніг пра Гвінею, Мадагаскар, Амазонку, Канаду і інш.
Памёр Конрад Фердынанд Маер (ням. Conrad Ferdinand Meyer, нар. 11 кастрычніка 1825), швейцарскі празаік і паэт. Адзін з самых выбітных швейцарскіх майстроў гістарычнай навелы. Прафесійна займацца пісьменніцтвам пачаў у сорак пяць гадоў. На яго творчасць паўплывалі замкнёны лад жыцця, кепская спадчыннасць (маці пісьменніка скончыла жыццё самагубствам у выніку псіхічнай хваробы) і страх перад жыццём, а таму асаблівае месца ў творах Маера займае цікавасць да “начных бакоў” чалавечае душы, трагічныя вобразы і сітуацыі.
Памёр Станіслаў Выспяньскі (польск. Stanisław Wyspiański, нар. 15 студзеня 1869), польскі паэт, драматург, мастак. Яго называюць “чацвертым польскім прарокам” (пасля Міцкевіча, Красіньскага і Славацкага), а яго значэнне як нацыянальнага драматурга супастаўнае са значэннем Ейтса для ірландскай літаратуры, Метэрлінка – для французскай, О’Ніла – для амерыканскай. Жывапісу вучыўся спачатку ў Яна Матэйкі, потым у французскіх мастакоў. У сярэдзіне 1890-х вярнуўся ў родны Кракаў і прыкладна ў той самы перыяд узяў удзел у стварэнні інтэр’ера царквы францысканцаў (у прыватнасці, напісаў вітражы). Таксама Выспяньскі стварыў праект рэканструкцыі Вавельскага замка, які так і не быў увасоблены.
Нарадзіўся Альберта Маравія (іт. Alberto Moravia, памёр 26 верасня 1990), італьянскі пісьменнік і журналіст. Сапраўднае прозвішча пісьменніка было Пінкерле, а ўзяты пазней псеўданім Маравія — гэта прозвішча яго бабулі-габрэйкі па бацькавай лініі. Першы раман пісьменніка “Раўнадушныя” (Gli indifferenti, 1929) лічыцца адным з самых яркіх твораў сусветнай літаратуры ХХ ст. “Рымскія апавяданні” на беларускую мову пераклаў Валеры Буйвал, раман “Пагарда” — І. Пташнікаў.
Нарадзіўся Генадзь Кляўко (памёр 21 жніўня 1979), беларускі паэт, перакладчык. Аўтар зборнікаў вершаў “Абветраныя далягляды” (1962), “Сто крокаў” (1967), “Падкова над парогам” (выбранае, 1979), “Вязьмо” (1984), зборнікаў гумарыстычных вершаў і мініяцюраў “Каб не сурочыць” (1971), “Што праўда, то не грэх...” (1971) і інш. Перакладаў на беларускую мову творы пісьменнікаў народаў СССР. У 1975 годзе ў яго перакладзе выйшаў зборнік паўднёваасецінскай паэзіі “Трубіць алень”, у 1986 годзе выдадзены зборнік перакладаў вершаў Косты Хетагурава “Асецінская ліра”.
Памёр Рычард Райт (анг. Richard Nathaniel Wright, нар. 4 верасня 1908), амерыканскі пісьменнік. Адзін з самых значных афраамерыканскіх пісьменнікаў. Шматлікія яго творы падымаюць тэмы расавай няроўнасці. Таксама быў адным з першых амерыканскіх аўтараў, якія працавалі ў жанры хайку.
Памерла Энід Мэры Блайтан (анг. Enid Mary Blyton, нар. 11 жніўня 1897), брытанская пісьменніца, аўтар кніг для дзяцей і падлеткаў. Яе кнігі мелі велізарны поспех па ўсім свеце, было прададзена больш за 400 мільёнаў асобнікаў. Творы пісьменніцы перакладзеныя больш чым на 90 моваў.
Памерла Марта Бібеску (рум. Marta Bibescu, нар. 28 студзеня 1886), румынска-французская пісьменніца, грамадскі дзеяч Румыніі. Усё жыццё вяла дзённікі, якія ў выніку склалі 65 тамоў. Паводле нацыянальнага апытання, Марта Бібеску прызнаная самай уплывовай румынкай ХХ стагоддзя.