Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Вільгельм Гаўф (ням. Wilhelm Hauff, памёр 18 лістапада 1827), нямецкі пісьменнік-рамантык. Літаратурная спадчына Гаўфа складае тры альманахі казак, самымі вядомымі з якіх з’яўляюцца “Гісторыя пра Маленькага Мука” (Die Geschichte vom kleinen Muck) і “Каліф-Бусел” (Die Geschichte vom Kalif Storch). Гаўф напісаў таксама некалькі раманаў, найбольш папулярным з якіх стаў “Ліхтэнштэйн” (Lichtenstein, 1826), і некалькі вершаў, якія зрабіліся народнымі песнямі. На сайце “ПрайдзіСвета” можна прачытаць некалькі казак Гаўфа, перакладзеных Наталляй Давыдоўскай і Уладзімірам Папковічам.
Расстраляны Ізі Харык (ідыш איזי כאריק, нар. 17 сакавіка 1898), беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт. Літаратурную дзейнасць пачаў у 1920 публікацыямі ў габрэйскіх газетах. У 1922 годзе ў Мінску выйшла яго першая кніга вершаў “Трапятанне”. З 1925 друкаваўся ў габрэйскiм часопісе “Штэрн”. З 1928 пачалі з’яўляцца пераклады вершаў Харыка на беларускую мову. Пераехаў у Мінск, працаваў рэдактарам часопіса “Штэрн”. Да 1936 году ў Мінску, Маскве і Кіеве выйшла 13 яго кніг на ідышы. З пачатку 1930-х гадоў выступаў з артыкуламі і нарысамі таксама ў беларускамоўных выданнях. Перакладаў на ідыш творы Я. Коласа, М. Чарота. Арыштаваны ў Мінску ў Доме спецыялістаў і прысуджаны пазасудовым органам НКВД 28 кастрычніка 1937 як “сябра трацкісцка-зіноўеўскай арганізацыі” да найвышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд быў выкананы 29 лістапада 1937 году ў турме НКВД. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 13 чэрвеня 1956. Асабістая справа № 6870-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі. Падборку вершаў Ізі Харыка ў перакладзе Ганны Янкута можна пачытаць тут.
Расстраляны Браніслаў Тарашкевіч (нар. 20 студзеня 1892), беларускі мовазнаўца, грамадска-палітычны дзеяч, перакладчык, публіцыст. Пераклаў на беларускую мову “Пана Тадэвуша” Адама Міцкевіча і “Іліяду” Гамэра (на сённяшні дзень вядомыя толькі фрагменты перакладу).
Памёр Адам Станкевіч (нар. 6 студзеня), беларускі рыма-каталіцкі святар, грамадска-культурны дзеяч, асветнік, культуролаг, выдавец, публіцыст.
Памёр Юрый Казакоў (руск. Юрий Казаков, нар. 8 жніўня 1927), рускі празаік. У яго гонар заснаваная літаратурная прэмія за найлепшае апавяданне.
Памёр Віктар Астаф’еў (руск. Виктор Астафьев, нар. 1 траўня 1924), рускі пісьменнік, аўтар шматлікіх аповесцяў пра вайну і сібірскую вёску (“Крадзеж”, 1966, “Пастух і пастушка”, 1971), цыклу аўтабіяграфічных апавяданняў “Недзе грыміць вайна” (1967), “Апошні паклон” (1968—1978). Узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР за раман “Цар-рыба” (1976).
Памерла Бэла Ахмадуліна (руск. Белла Ахмадулина, нар. 10 красавіка 1937), руская паэтка, празаік, перакладчыца, адна з найбуйнейшых рускіх лірычных паэтаў другой паловы ХХ ст. Сябра Саюза расійскіх пісьменнікаў, выканкама Расійскага ПЭН-Цэнтра, Таварыства сяброў Музея выяўленчых мастацтваў імя А. С. Пушкіна. Ганаровы сябра Амерыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры. Вучылася ў Літінстытуце, адкуль была выключаная (пазней адноўленая) за адмову падтрымаць цкаванне Пастарнака. Іосіф Бродскі называў Ахмадуліну “несумнеўнай спадчынніцай лермантаўска-пастарнакаўскай лініі ў рускай паэзіі”.