Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр маркіз дэ Сад (поўнае імя Данасьен Альфонс Франсуа дэ Сад, фр. Donatien Alphonse François de Sade; нар. 2 чэрвеня 1740), французскі пісьменнік і філосаф. Быў прапаведнікам абсалютнай свабоды, не абмежаванай ні маральнасцю, ні рэлігіяй, ні правам. Асноўнай каштоўнасцю жыцця лічыў спатолю імкненняў асобы. Яго імя дало назву панятку “садызм” — сэксуальнаму задавальненню праз прычыненне болю іншаму чалавеку. Перад смерцю маркіз дэ Сад напісаў тэстамент, у якім папрасіў пахаваць яго ў лесе і насыпаць на яго магілу жалудоў, каб дарога да яго магілы была забытая, а само імя сцерлася з памяці людзей. Дэ Сад памёр у Шарантоне ад астматычнага прыступу, смерць яго была мірнай. Яго перадсмяротная воля была парушаная: цела маркіза было адкрытае; Ленарман, па ўсім відаць, мясцовы святар, не быў папярэджаны, і дэ Сада па хрысціянскім звычаі пахавалі на могілках у Сэн-Марысе. Паводле іншай версіі, яго пахавалі ў глухім куце яго ўласнага маёнтка.
Памёр Намык Кемаль (тур. Namık Kemal, нар. 21 снежня 1840), турэцкі паэт, празаік, журналіст, перакладчык і грамадскі дзеяч. Буйны прадстаўнік літаратуры танзімата. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў таварыства “Новыя асманы”. Яго патрыятычныя творы натхнялі Мустафу Кемаля Ататурка, лідара Турэцкага нацыянальнага руху і заснавальніка Рэспублікі Турцыя.
Нарадзіўся Анатоль Вольны (сапр. Анатоль Ажгірэй, псеўд. і крыпт. А. В.; Акша; Алёша; В. Анатолий; Анатолий Вольный; расстраляны 29 кастрычніка 1937), беларускі паэт, празаік, кінадраматург, журналіст. У 1920—1930-х быў актыўным удзельнікам літаратурна-мастацкага руху ў Беларусі. З 1923 — у літаб'яднанні “Маладняк”, а з 1928 — у “Полымі”. Сябра СП БССР (з 1934). Адзін з пачынальнікаў прыгодніцкага жанру ў беларускай прозе. Арыштаваны 4 лістапада 1936 у Мінску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС як “сябра контррэвалюцыйнай аpганізацыі”. Расстраляны ў Мінску. Рэабілітаваны 3 снежня 1957.
Памёр Эдмон Растан (фр. Edmond Eugène Alexis Rostand, нар. 1 красавіка 1868), французскі паэт і драматург неарамантычнага кірунку. Найбольш вядомыя яго п’есы — “Прынцэса Мара” (La Princesse lointaine) і “Сірано дэ Бержэрак” (Cyrano de Bergerac). Памёр ад гішпанкі (пандэміі грыпу).
Нарадзіўся Свэн Лідман (шведск. Sven Lidman, памёр 28 лютага 2011), шведскі пісьменнік і лексікограф. Ліндман быў складальнікам многіх слоўнікаў. У 1988 годзе былі апублікаваныя яго прафесійныя мемуары “Энцыклапедыя і я” (Uppslagsboken och jag), у 2006 — успаміны “Бацька, сын і цудоўная кніжная прамысловасць” (Fadern, sonen och den härliga bokbranschen).
Памёр Філіпа Тамаза Марынэці (іт. Filippo Tommaso Marinetti, нар. 22 снежня 1876), італьянскі пісьменнік, заснавальнік і тэарэтык італьянскага футурызму. У 1909 годзе апублікаваў свой першы “Маніфест футурызму”, у якім прагучала авангардысцкая эстэтычная праграма з шэрагам рэакцыйных ідэйных момантаў. Таксама ён аўтар рамана “Мафарка — футурыст” (1910) пра каланіяльную экспансію ў Афрыцы, зборніка вершаў “Занг-тум-тум” (1914), што ўяўляе сабой мантаж з друкаваных радкоў, матэматычных і тэлеграфных знакаў. Марынэці значна паўплываў на станаўленне мадэрнісцкай канцэпцыі мастацтва, у прыватнасці, на дынамізм і дывізіянізм Дж. Бала і У. Бачоні, сімультызм Дж. Северыні, “вытворчасць рэчаў” у pop-art, мастацкую тэхніку “авангарду новай хвалі” — мастацкія змены ў ландшафце. Першы маніфест футурызму пераклаў на беларускую мову Глеб Маліноўскі.
Нарадзіўся Міхал Андрасюк, беларуска-польскі пісьменнік, журналіст, актыўны дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы. Аўтар кніг прозы “Фірма” (2000), “Мясцовая гравітацыя” (2004), “Белы конь” (2006), “Вуліца добрай надзеі” (2010), “Вагон другога класа” (Wagon drugiej klasy, 2010; пераклала на беларускую Марына Шода). Асноўная тэма твораў ― прыгоды местачковых жыхароў польска-беларускага памежжа.
Застрэліўся Рамэн Гары (фр. Romain Gary, сапр. Раман Кацаў; нар. 8 траўня 1914), французскі пісьменнік, сцэнарыст, рэжысёр і дыпламат габрэйскага паходжання. Нарадзіўся ў Вільні ў доме №6 па вуліцы Сіроцкай. Аўтар шматлікіх раманаў, сярод якіх “Абяцанне на світанку” (La promesse de l’aube, 1960), “Пляска Чынгіз-Хаіма” (La danse de Gengis Cohn, 1967), “Белы сабака” (Chien blanc, 1970) і іншых. Гары — адзіны пісьменнік у гісторыі Ганкураўскай прэміі, які атрымаў яе двойчы, першы раз — як Рамэн Гары за раман “Карані неба” (Les racines du ciel, 1956), а другі — як Эміль Ажар за раман “Усё жыццё наперадзе” (La vie devant soi, 1975). У сваёй перадсмяротнай запісцы ён напісаў: “Усё можна патлумачыць нервовай дэпрэсіяй. Але ў такім выпадку варта мець на ўвазе, што яна цягнецца з таго часу, як я зрабіўся дарослым чалавекам і што менавіта яна дапамагла мне годна займацца літаратурнай працай”.
Памёр Філіп Артур Ларкін (анг. Philip Arthur Larkin, нар. 9 жніўня 1922), брытанскі паэт, празаік і джазавы крытык. Усё жыццё працаваў бібліятэкарам ва ўніверсітэце. У 1984 Ларкіну прапанавалі ганаровае званне паэта-лаўрэата, ад якога ён адмовіўся. За свае літаратурныя заслугі быў узнагароджаны Ордэнам кавалераў славы і Ордэнам Брытанскай імперыі. У 2008 газета The Times назвала Ларкіна найлепшым брытанскім пісьменнікам пасляваеннай эпохі (Толкін, напрыклад, заняў у гэтым спісе 6-е месца).