№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 3 снежня

  • 1800

    Нарадзіўся Францэ Прэшэрн (славенск. France Prešeren, памёр 8 лютага 1849), славенскі паэт і нацыянальны дзеяч. Класік славенскай літаратуры, пісаў у рэчышчы рамантызму, славенскі паэт “нумар адзін”. Вяршыняй творчасці лічыцца “Вянок санэтаў” (Sonetni Venec, 1834). Дзень смерці Прэшэрна абвешчаны дзяржаўным святам. Сёмая страфа ягонага верша Zdravljica (“Тост”) у 1989 годзе стала дзяржаўным гімнам Славеніі.

  • 1857

    Нарадзіўся Джозэф Конрад (анг. Joseph Conrad, сапр. Юзаф Тэадор Конрад Кажанёўскі; памёр 3 жніўня 1924), ангельскі пісьменнік польскага паходжання. Конрад лічыцца адным з найлепшых ангельскіх пісьменнікаў, нягледзячы на тое, што ён навучыўся вольна гаварыць па-ангельску, калі яму было ўжо больш за дваццаць, а заўважнага польскага акцэнту не пазбавіўся да канца жыцця. Конрад быў майстрам празаічнай стылізацыі, які прынёс у ангельскую літаратуру неўласцівую ёй трагічную чуллівасць. Хоць некаторыя з яго працаў маюць налёт рамантызму, ён лічыцца перадвеснікам мадэрнісцкай літаратуры. Яго стыль аповеду і антыгераічныя персанажы зрабілі ўплыў на многіх аўтараў. На беларускую мову апавяданне Конрада “Аванпост прагрэсу” пераклаў Павел Донаў.

  • 1892

    Памёр Афанасій Фет (руск. Афанасий Фет; першыя 14 і апошнія 19 гадоў жыцця афіцыйна насіў прозвішча Шэншын; нар. 5 снежня 1820), рускі паэт-лірык, перакладчык, мемуарыст. Пераклаў “Фаўста” Гётэ і шэраг лацінскіх паэтаў (Гарацыя, сатыры Ювенала, вершы Катула, “Энеіду” Вергілія і інш.), а таксама некаторыя творы Шапэнгаўэра.

  • 1894

    Памёр Роберт Льюіс Стывенсан (анг. Robert Louis Stevenson, нар. 13 лістапада 1850), шатландскі паэт і празаік, які пісаў па-ангельску, найбуйнейшы прадстаўнік ангельскага неарамантызму. Аўтар шэрагу прыгодніцкіх раманаў, самыя знакамітыя з якіх — “Востраў скарбаў” і “Дзіўная гісторыя доктара Джэкіла і містэра Хайда”. У першай палове ХХ стагоддзя творчасць Стывенсана пачалі лічыць літаратурай другога гатунку, аднак бліжэй да канца ХХ стагоддзя ён зноў быў ацэнены і вярнуўся ў школьныя падручнікі. Паводле Index Translatorium, творы Стывенса знаходзяцца на 26-м месцы паводле колькасці перакладаў на іншыя мовы.

  • 1907

    Нарадзіўся Рыгор Крушына (сапр. Рыгор Казак, памёр 27 сакавіка 1979), беларускі паэт, празаік і крытык. У пачатку Другой сусветнай вайны застаўся на акупаванай тэрыторыі, у 1944 пераехаў у Германію, дзе працаваў на “Радыё Свабода”, потым выправіўся ў ЗША. У 1951 годзе заснаваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Рэдагаваў часопіс “Конадні”. Друкаваўся ў многіх эмігранцкіх выданнях. Пісаў паэмы, апавяданні, крытычныя артыкулы. Займаўся фарматворчасцю, упершыню ўвёў у беларускую літаратуру такія віды верша, як паліндром, туюг, газэль, канцона, японскія танкі, пісаў санэты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, працягваючы пачатае М. Багдановічам, У. Дубоўкам, Я. Пушчам. Р. Крушына стаў першым беларускім пісьменнікам, які быў прыняты ў сябры Міжнароднага ПЭН-клуба. Перакладаў на беларускую мову польскамоўных паэтаў Заходняй Беларусі, вершы А. Міцкевіча, Л. Украінкі, У. Маякоўскага, Б. Пастарнака, а таксама Песню Песняў.

  • 1950

    Памёр Павел Бажоў (руск. Павел Бажов, нар. 27 студзеня 1879), рускі пісьменнік, фалькларыст, які ўпершыню зрабіў літаратурную апрацоўку ўральскіх казак. Сярод найбольш вядомых яго кніг — зборнік казак “Малахітавая шкатулка”. Тэрмін “сказ” быў уведзены ў савецкую фалькларыстыку для азначэння рабочай прозы дзякуючы Бажову. Праўда, пазней выявілася, што гэты тэрмін не акрэслівае ніякай новай фальклорнай з’явы — “сказы” былі легендамі, казкамі і ўспамінамі, то бок жанрамі, якія існуюць ужо мноства гадоў. Апавяданне “Аметыставая справа” П. Бажова на беларускую мову пераклаў В. Рабкевіч.

  • 2000

    Памерла Гвендалін Брукс (анг. Gwendolyn Brooks, нар. 7 чэрвеня 1917), амерыканская паэтка. За сваю другую кнігу — паэму “Эні Ален” (Annie Allen, 1949) — Брукс атрымала Пулітцэраўскую прэмію. У 1962 прэзідэнт ЗША Джон Кенэдзі запрашае Брукс узяць удзел у фестывалі паэзіі, які праводзіўся Бібліятэкай Кангрэсу. З таго часу яны выкладала курс творчага пісьма.

  • 2001

    Памёр Хуан Хасэ Арэола (гішп. Juan José Arreola Zúñiga, нар. 21 верасня 1918), класік мексіканскай літаратуры. Увёў у літаратуру Мексікі жанр інтэлектуальнай фантастыкі. Лаўрэат найбуйнейшых нацыянальных прэміяў Мексікі.

  • 2010

    Памёр Абдумалік Бахоры (тадж. Баҳорӣ Абдумалик, нар. 22 сакавіка 1927), таджыкскі паэт, празаік і драматург. Лічыўся адным з найлепшых таджыкскіх паэтаў. Яго зборнікі навукова-фантастычных апавяданняў мелі поспех і перакладаліся на шматлікія мовы. За ўнёсак у развіццё таджыкскай літаратуры яму быў было прысвоенае званне “Народны пісьменнік Таджыкістана”.