Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Амар Хаям (перс. عمر خیام; нар. 18 траўня 1048), персідскі паэт, навуковец, філосаф. Сусветна вядомы сваімі чатырохрадкоўямі “рубаі”, многія з якіх зрабіліся афарызмамі. Аўтар навуковых трактатаў на арабскай і персідскай мовах: матэматычных (“Трактат пра доказы задач алгебры і алмукабалы”), фізічных (“Вагі мудрасцяў”), філасофскіх (“Адказ на тры пытанні”, “Трактат пра існаванне”), гістарычных (“Наўруз-намэ”). На беларускую вершы Хаяма перакладаў Р. Барадулін (“Рубаі”, 1989).
Памёр Джон Гей (анг. John Gay, нар. 30 чэрвеня 1685), ангельскі паэт і драматург, аўтар баек, песняў, пастараляў і камедый. Першым з ангельскіх паэтаў пісаў байкі ў вершах. Сваімі творамі моцна падарваў пазіцыі паноўнай у той час італьянскай оперы, кінуўшы выклік яе напышліваму стылю і экзатычнасці сваёй “Операй жабракоў” (The Beggar's Opera) на музыку Пепуша, якая вытрымала запар 62 прадстаўленні. Пазней яна легла ў аснову “Трохграшовай оперы” Бертальта Брэхта і Курта Вайля. Пахаваны ў Кутку паэтаў Вестмінстэрскага абацтва.
Нарадзіўся Томас Карлайл (англ. Thomas Carlyle, памёр 5 лютага 1881), брытанскі пісьменнік, гісторык і філосаф шатландскага паходжання, аўтар шматтомных твораў “Французская рэвалюцыя” (1837), “Героі, ушанаванне герояў і іх роля ў гісторыі” (1841), “Гісторыя жыцця Фрыдрыха ІІ Прускага” (1858—1865). Вядомы як адзін з бліскучых стылістаў віктарыянскай эпохі.
Нарадзіўся Райнэр Марыя Рыльке (ням. Rainer Maria Rilke, памёр 29 снежня 1926), аўстрыйскі паэт, празаік, драматург і перакладчык. Першыя вершы напісаў у 1884 годзе, першы зборнік вершаў “Жыццё і песні” выдаў у 1894 годзе. Апроч паэтычных твораў напісаў раман “Нататкі Мальтэ Лаўрыдса Брыге”, шэраг апавяданняў і працаў па мастацтве. Зборнікі “Кніга гадзінаў” (1905), “Дуіненскія элегіі” (1922), “Санэты да Арфея” (1923), а таксама зборнік выбраных вершаў перакладзеныя на беларускую мову Васілём Сёмухам.
Памёр Густаў Майрынк (ням. Gustav Meyrink, сапр. Густаў Маер, нар. 19 студзеня 1868), аўстрыйскі празаік, драматург, перакладчык, адзін з самых вядомых прадстаўнікоў Пражскай школы. Сусветную славу яму прынёс раман “Голем”, які стаў адным з першых бэстсэлераў XX стагоддзя. На беларускую мову творы Майрынка, у тым ліку раман “Голем”, перакладаў Васіль Сёмуха.
Памёр Штэфан Георге (ням. Stefan George, сапр. Генрых Абелес; нар. 12 ліпеня 1868), адзін з найбуйнейшых аўстрыйскіх паэтаў, лідар неарамантыкаў. Вучыўся ў французскіх сімвалістаў, зрабіў вялікі ўплыў на сімвалістаў рускіх, такіх як Валерый Брусаў і Вячаслаў Іванаў. Яго вершы пакладзеныя на музыку многімі кампазітарамі: А. фон Цамлінскім, Арнольдам Шонбергам, Альбанам Бергам, Антонам Вэбернам, Вольфгангам Рымам і інш. Перакладаў на нямецкую Дантэ, Бадлера, санэты Шэкспіра, французскіх, ангельскіх і італьянскіх паэтаў. З прыходам нацызму сышоў у добраахвотнае выгнанне.