Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Фёдар Цютчаў (руск. Фёдор Тютчев, памёр 27 ліпеня 1873), рускі паэт, дыпламат, публіцыст, чалец-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук. Яму належаць словы: “Расійская гісторыя да Пятра І — суцэльная паніхіда, а пасля — суцэльная крымінальная справа”.
Памёр Афанасій Фет (руск. Афанасий Фет; першыя 14 і апошнія 19 гадоў жыцця афіцыйна насіў прозвішча Шэншын; памёр 3 снежня 1892), рускі паэт-лірык, перакладчык, мемуарыст. Пераклаў “Фаўста” Гётэ і шэраг лацінскіх паэтаў (Гарацыя, сатыры Ювенала, вершы Катула, “Энеіду” Вергілія і інш.), а таксама некаторыя творы Шапэнгаўэра.
Нарадзілася Крысціна Расэці (анг. Christina Rossetti, памерла 29 снежня 1894), ангельская паэтка, сястра мастака і паэта Дантэ Габрыэля Расэці. У пачатку і сярэдзіне ХХ стагоддзя яе творчасць была забытая — яе адкрылі наноў у 1970-х гадах, і з таго часу Крысціна Расэці лічыцца значным паэтам віктарыянскай эпохі.
Памёр Аўгуст фон Платэн (ням. Karl August Georg Maximilian Graf von Platen-Hallermünde, нар. 24 кастрычніка 1796), нямецкі паэт і драматург. Выдаў зборнік вершаў ва ўсходнім духу “Газэлі” (1821). Гётэ высока ставіў Платэна, але папракаў яго ў халоднасці і рамантычных дзівацтвах характару. Гайнэ проста адмаўляў яму ў таленце. Томас Ман, які перанёс асобныя рысы Платэна, уключаючы яго гомаэратызм, на галоўнага героя навелы “Смерць у Венецыі”, скончыў сваю прамову пра Платэна (1930) заклікам схіліцца “перад яго жыццём, поўным высакароднасці і нягодаў, чысты след якога... застанецца з намі да таго часу, пакуль жывыя нашая мова і нашая культура”.
Памёр Аляксандр Дзюма (фр. Alexandre Dumas, нар. 24 ліпеня 1802), французскі пісьменнік. Яго раманы “Граф Монтэ Крыста”, “Тры мушкецёры”, “Віконт дэ Бражэлон” зрабілі яго адным з самых чытаных французскіх аўтараў у свеце. Таксама быў драматургам і журналістам.
Памёр Уладзіслаў Рэймант (польск. Władysław Stanisław Reymont, нар. 7 траўня 1867), польскі пісьменнік. Жыў у Францыі, Італіі, ЗША. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры 1924 году “за раман “Мужыкі” як выдатны нацыянальны эпас”. Вяршыняй творчасці лічыцца эпічны раман “Мужыкі” ў 4 тамах (Chłopi, 1904—1909), у якім гісторыя адной сям'і разгортваецца ў панараму жыцця польскай вёскі, суаднесенага з жыццём прыроды. Аўтар некалькіх зборнікаў апавяданняў, аповесці “Справядліва” (Sprawiedliwie, 1899), гатычнага рамана “Вампір” (Wampir, 1911) і інш.
Памёр Фёдар Салагуб (руск. Фёдор Сологуб, сапр. Фёдар Кузьміч Цяцернікаў; нар. 17 лютага 1863), рускі паэт, празаік, драматург, перакладчык. Адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў сімвалізму. Найбольш вядомыя празаічныя ягоныя творы — раман “Мелкий бес” (1892—1902), трагедыя “Победа Смерти” (1907), трылогія “Творимая легенда” (1905—1913).
Нарадзіўся Алесь Разанаў (памёр 26 жніўня 2021), беларускі паэт і перакладчык з нямецкай, ангельскай, рускай, літоўскай, сербскай і іншых моваў. Сярод перакладаў А. Разанава — камедыя Ў. Шэкспіра “Сон у Іванаву ноч”, паэма “Попельная серада” Т. С. Эліята (“Крыніца”, 1996, № 9), вершы В. Хлебнікава, Хрыста Боцева і інш. Апроч гэтага А. Разанаў перастварыў на сучасную беларускую творы старажытнабеларускай літаратуры — Кірыла Тураўскага, Францыска Скарыны, Мялеція Сматрыцкага, Кірыла Транквіліёна-Стаўравецкага і інш.