Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейПамёр Тэафіла Фаленга (іт. Teofilo Folengo, нар. 8 лістарада 1491), італьянскі паэт, яркі прадстаўнік макаранічнай паэзіі. Аўтар паэмаў “Moschaea”, “Zanitonella”, “Maccaronea” і інш.
Нарадзіўся Джон Мілтан (анг. John Milton, памёр 8 лістапада 1674), ангельскі пісьменнік, мысляр, палітычны дзеяч. Аўтар паэмаў “Страчаны рай” (Paradise Lost, 1667), “Вернуты рай” (Paradise Regained, 1670), “Самсон-барацьбіт” (Samson Agonistes, 1670) і інш.
Памёр Жуан Батыста да Сілва Лейтан ды Алмэйда Гарэт (парт. João Baptista da Silva Leitão de Almeida Garrett, нар. 4 лютага 1799), партугальскі пісьменнік і палітычны дзеяч, віконт (з 1851). Лічыцца пачынальнікам рамантызму ў Партугаліі. Аўтар зборнікаў “Бясплодныя кветкі” (Flores sem fruto, 1845), “Апалае лісце” (Folhas cahidas, 1852) і многіх п'ес і паэм. Некаторыя яго п'есы лічацца найлепшымі ў партугальскай літаратуры (“Брат Луіш ды Соўза” (Frei Luis de Sousa, 1844)). Вакол яго гуртаваліся тагачасныя літаратурныя сілы Партугаліі.
Нарадзіўся Чэслаў Янкоўскі (польск. Czesław Jankowski, псеўд. Чэслаў, Літвін; памёр 6 кастрычніка 1929), польскі паэт, крытык, перакладчык, публіцыст, гісторык-краязнавец беларускага паходжання. Рэдактар газеты Kurier Litewski (1.12.1905—1.4.1907), з 1907 рэдактар газеты Głos Polski. Сярод ягоных найбольш вядомых твораў — “Па Еўропе. Лісты з падарожжа” (Po Europie. Kartki z podróży, 1893), “Арабескі” (Arabeski, 1894), “На ўзбочыне літаратуры” (1906), “З дня ў дзень” (Z dnia na dzien, 1923) і інш.
Нарадзіўся Максім Багдановіч (памёр 25 траўня 1917), беларускі паэт, публіцыст, літаратурны крытык. Пісаў і друкаваўся як на беларускай, так і на рускай мове. Багдановіч упершыню ў беларускай літаратуры ўжыў санэт, трыялет, рандо і іншыя класічныя вершаваныя формы, верлібр. Выступаў у прэсе як публіцыст, друкаваў шматлікія крытычныя артыкулы і літаратурныя агляды. Перакладаў на беларускую мову вершы Поля Вэрлена, Эміля Верхарна, Генрыха Гайнэ, Аляксандра Пушкіна, Авідыя, Гарацыя і іншых, на рускую — творы Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі, Івана Франко. На паэзію Багдановіча паўплывалі творы французскіх сімвалістаў, рускіх акмеістаў, аднак ён імкнуўся да стварэння ўласна беларускай паэзіі, арганічнага зліцця беларускіх ды іншаземных традыцый.
Нарадзіўся Эдэн фон Харват (ням. Ödön von Horváth, памёр 1 чэрвеня 1938), аўстрыйскі пісьменнік. Дэбютаваў як драматург у 1920. Пасля факельнага шэсця нацыстаў, які засведчыў надыход “новага парадку”, Харват пераехаў з Берліна ў Вену. Яго кнігі былі сярод многіх іншых унесеныя ў спісы тых, што падлягалі знішчэнню, і спаленыя на плошчы ў Мюнхене (1933). Пасля аншлюсу Харват эміграваў у Парыж. Там пісьменнік, які ўсё жыццё баяўся маланкі, быў забіты галінай каштана, што ўпала падчас навальніцы на Елісейскіх палях. Па-майстэрску выкарыстоўваючы ў сваіх п'есах розныя сацыяльныя тыпажы, нацыянальныя мовы Габсбургскай імперыі, венскія гаворкі і жаргоны, Харват развіваў традыцыі народнай сацыяльна-крытычнай камедыі. Большасць яго п'ес сталі асновай кіна- і тэлефільмаў.
Памёр Фердынан Брунэцьер (фр. Ferdinand Brunetière, нар. 19 ліпеня 1849), французскі пісьменнік, гісторык, тэарэтык літаратуры, крытык. Каталік, манархіст. Прыхільнік тэорыі Дарвіна. Выхаванец і прыхільнік французскага класіцызму, лічыў пазнейшую літаратуру мастацкім заняпадам.
Памёр Нацумэ Кіноскэ (яп. 夏目金之助, нар. 9 лютага 1867), больш вядомы пад псеўданімам Нацумэ Сасэкі (яп. 夏目 漱石), японскі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў сучаснай японскай літаратуры. Найбольш вядомы сваімі раманамі “Сансіра” (三四郎, 1908), “Ботчан” (坊っちゃん, 1906), “Я кот” (吾輩は猫である, 1905) і незавершанай працай “Святло і Цемра” (明暗). Ён быў даследчыкам брытанскай літаратуры і аўтарам хайку, а таксама вершаў і казак у кітайскім стылі. З 1984 да 2004 яго партрэт быў на японскай банкноце 1000 ен.
Нарадзіўся Альгіс Будрыс (анг. Algis Budrys, сапр. літ. Algirdas Jonas Budrys; памёр 9 чэрвеня 2008), амерыканскі фантаст, літаратурны крытык і рэдактар літоўскага паходжання. Выкладаў пісьменніцкае майстэрства фантастам-пачаткоўцам і быў прызнаны адным з найлепшых у гэтай галіне. Лаўрэат прэміі “Pilgrim” за літаратурна-крытычную дзейнасць (2007).
Памёр Дзмітрый Меражкоўскі (руск. Дмитрий Мережковский, нар. 14 жніўня 1865), рускі празаік, паэт, крытык, перакладчык, гісторык, рэлігійны філосаф. Яскравы прадстаўнік Срэбнага веку, увайшоў у гісторыю як адзін з заснавальнікаў рускага сімвалізму, заснавальнік новага для рускай літаратуры жанру гістарыясофскага рамана, адзін з піянераў рэлігійна-філасофскага падыходу да аналізу літаратуры, выбітны эсэіст і літаратурны крытык. Меражкоўскі пачынаючы з 1914 году неаднаразова прэтэндаваў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. У 1933 годзе ўся руская эмігранцкая грамадскасць гадала, хто пераможа, Меражкоўскі ці Бунін. Перамог апошні.
Памерла Эдыт Луіза Сітуэл (анг. Dame Edith Louisa Sitwell DBE, нар. 7 верасня 1887), ангельская паэтка, празаік, літаратурны крытык. Дама-Камандор Ордэна Брытанскай імперыі. Аўтарка паэтычных зборнікаў “Дамы клоўнаў” (Clowns’ Houses, 1918), “Вясковыя элегіі” (Rustic Elegies, 1927), “Звычаі Залатога Берага” (Gold Coast Customs, 1929), “Песня холаду” (The Song of the Cold, 1948) і інш., кніг гістарычных аповесцяў і нарысаў “Ангельскія эксцэнтрыкі” (English Eccentrics, 1933)і іншых кніг, а таксама мастацкай біяграфіі Джонатана Свіфта “Я жыву пад чорным сонцам” (I Live under a Black Sun, 1937) і інш.
Памерла Кларысі Ліспектар (парт. Clarice Lispector, нар. 10 снежня 1920), найбуйнейшая бразільская пісьменніца, перакладчыца і журналістка ўкраінска-габрэйскага паходжання. Вядомы амерыканскі перакладчык Грэгары Рабаса пісаў пра Ліспектар наступнае: “Я быў агаломшаны сустрэчай з выключнай жанчынай, якая выглядае як Марлен Дзітрых, а піша як Вірджынія Вулф”. Лаўрэатка некалькіх нацыянальных прэмій, яе проза перакладзеная на многія мовы свету.
У Мінску адкрыты помнік Максіму Багдановічу.
У Траецкім прадмесці ў Мінску адкрыўся Літаратурны музей Максіма Багдановіча.
Памёр Роберт Шэклі (анг. Robert Sheckley, нар. 16 ліпеня 1928), амерыканскі пісьменнік-фантаст, майстар гумарыстычнага апавядання. Выдаў таксама шэраг навукова-фантастычных раманаў і аповесцяў. Акрамя ўласнай творчасці вядомы супрацоўніцтвам з Роджэрам Жэлязны, сумесна з якім напісаў трылогію пра прыгоды маладога дэмана Азі “Руды дэман”.