№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 17 снежня

  • 1273

    Памёр Джалаладзін Румі (перс. بکری بلخی‎, асманск. مولانا جلال الدین محمد رومی, тур. Mevlânâ Celâleddin Mehmed Rumi, тадж. Мавлоно Ҷалолиддин Румӣ, нар. 30 верасня 1207), таджыкска-персідскі паэт-суфій. Знакаміты найперш лірычным творам “Дыван”, які ўлучае касыды, газэлі і рубаі. Таксама напісаў грандыёзную эпічна-дыдактычную паэму (каля 50 тысяч радкоў) “Маснаві” (“Двувершы”). Жыццё Румі складае адзін з сюжэтаў рамана Архана Памука “Чорная кніга” (1990).

  • 1830

    Нарадзіўся Жуль дэ Ганкур (фр. Jules de Goncourt, памёр 20 чэрвеня 1870), французскі пісьменнік, малодшы брат Эдмона дэ Ганкура. Браты былі неразлучныя з дзяцінства і ў сталым узросце ўтварылі літаратурны дуэт. Разам імі былі напісаныя раманы “Сястра Філамэна” (Soeur Philomène, 1861), “Рэнэ Мапрэн” (Renée Mauperin, 1864), “Жэрміні Ласэрто” (Germinie Lacerteux, 1864), “Манэт Саламон” (Manette Salomon, 1867), “Мадам Жэрвезэ” (Madame Gervaisais, 1869), сюжэты і героі якіх былі ўзятыя з жыцця знаёмых і сваякоў. Браты таксама цікавіліся жывапісам і гісторыяй, у выніку чаго былі выдадзеныя працы “Мастацтва XVIII стагоддзя” (L’Art du dix-huitième siècle, 1859—1875), “Гісторыя французскага грамадства эпохі Рэвалюцыі” (Histoire de la Société francaise pendant la Révolution, 1854) і інш. Пасля смерці Жуля Эдмон працягнуў пісаць раманы самастойна, але ўжо з меншым поспехам.

  • 1883

    Нарадзіўся Яўген Барычэўскі (памёр 12 верасня 1934), беларускі літаратуразнавец і перакладчык. Пісаў на беларускай і рускай мовах. У 1922 у Маскве выйшла складзеная Я. Барычэўскім кніга “Мир искусств в образах”. У 1927 у Мінску выдадзеныя яго працы “Тэорыя санэту” і “Паэтыка літаратурных жанраў”. Артыкулы і даследаванні па пытаннях паэтыкі і эстэтыкі, прысвечаныя творчасці Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, М. Гарэцкага, рускіх, нямецкіх, французскіх пісьменнікаў, друкаваліся ў “Працах Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта”, у часопісах “Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”. Аўтар дапаможніка для студэнтаў-завочнікаў “Паэтыка. Курс для завочнага педфаку” (1929—1930). Браў удзел у падрыхтоўцы Збору твораў М. Багдановіча ў 2 т. (1927—1928). Рэпрэсаваны. Рэабілітаваны пасмяротна.

  • 1957

    Памерла Дораці Сэерс (анг. Dorothy Leigh Sayers, нар. 13 чэрвеня 1893), ангельская пісьменніца, філолаг і перакладчык. Была адным з заснавальнікаў Дэтэктыўнага клуба (арганізацыі брытанскіх пісьменнікаў, аўтараў дэтэктыўнага жанру, што была створаная ў Лондане ў 1920-х гадах і існуе да сёння), у які ўваходзілі Агата Крысці, Г. К. Чэстэртан, Эдмунд Бэнтлі, Роналд Нокс і інш. Літаратурная кар'ера Дораці Сэерс пачалася ў 1916 годзе публікацыяй зборніка вершаў пад назвай “Op I”. У 1923 яна апублікавала свой першы дэтэктыўны раман пад назвай “Чыё цела?” (Whose Body?), у якім упершыню з'явіўся галоўны герой яе адзінаццаці дэтэктыўных раманаў і мноства апавяданняў, арыстакрат і дэтэктыў-аматар лорд Пітэр Ўімзі. У ліку перакладаў Сэерс — “Трыстан ў Брэтані” (Tristan in Brittany, Being Fragments of the Romance of Tristan, Written in the Twelfth Century by Thomas the Anglo-Norman, 1929) і “Песня пра Раланда” (1957). Галоўная яе перакладчыцкая праца — “Боская камедыя” Дантэ. У 1949 быў апублікаваны пераклад “Пекла”, у 1955 — “Чыстца”. Праца выклікала самыя разнастайныя, часам дыяметральна супрацьлеглыя ацэнкі. Раптоўная смерць ад сардэчнай недастатковасці перапыніла працу Сэерс над перакладам “Рая”. Пазней гэты пераклад скончыла яе калега і сяброўка Барбара Рэйналдс.

  • 2006

    Памёр Іван Навуменка (нар. 16 лютага 1925), беларускі пісьменнік і літаратуразнавец. Належыць да так званага “старэйшага” пісьменніцкага пакалення франтавікоў. Аўтар дванаццаці зборнікаў і апавяданняў, аповесцяў, шасці раманаў (найбольш вядомыя — “Сасна пры дарозе” (1962), “Вецер у соснах” (1967), “Сорак трэці” (1974) і шматлікіх навуковых працаў па беларускай літаратуры. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1972) за кнігі “Янка Купала: Духоўны воблік героя” і “Якуб Колас: Духоўны воблік героя”.