№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 20 снежня

  • 1860

    Нарадзіўся Яўхім Карскі (памёр 29 красавіка 1931), беларускі філолаг-славіст, заснавальнік беларускага навуковага мовазнаўства і літаратуразнаўства, этнограф, фалькларыст, палеограф, акадэмік Пецярбургскай АН (1916), чалец-карэспандэнт (1901), правадзейны чалец Інбелкульта (1922), Чэшскай АН (1929). Асноўная праца Карскага — “Беларусы”.

  • 1904

    Нарадзілася Яўгенія Гінзбург (руск. Евгения Гинзбург, памерла 25 траўня 1977), савецкая журналістка, мемуарыстка, маці пісьменніка Васіля Аксёнава. Рэпрэсаваная ў 1937, правяла 18 гадоў у турмах, лагерах і бестэрміновай высылцы. Аўтар кнігі ўспамінаў “Круты маршрут” (1967, другая частка — 1975—1977), аднаго з першых літаратурных твораў, які расказваў пра сталінскія рэпрэсіі ў СССР. Упершыню кніга выйшла ў Мілане, куды была вывезеная ў аўдыёзапісе без ведама аўтаркі. Першае выданне ў СССР выйшла ў 1988 годзе.

  • 1943

    Памёр Юрый Тынянаў (руск. Юрий Тынянов, нар. 18 кастрычніка 1894), рускі пісьменнік, драматург, літаратуразнаўца, перакладчык. Быў удзельнікам Таварыства па вывучэнні паэтычнай мовы (ОПОЯЗ), дзе разам з В. Шклоўскім і Б. Эйхенбаўмам стварыў “фармальны метад” і стаў адным з лідараў фармалістычнай школы ў навуковым літаратуразнаўстве. У літаратурнай творчасці аддаваў перавагу гістарычнаму жанру. Шырока вядомыя яго першы раман “Кюхля” (1925) пра ліцэйскага сябра Пушкіна, паэта-дзекабрыста В. Кюхельбекера і раман пра апошні год жыцця Грыбаедава “Смерць Вазір-Мухтара” (1929). Хвароба на рассеяны склероз не дала пісьменніку скончыць раман пра Пушкіна (“Пушкін”), былі напісаныя толькі 2 часткі — пра дзяцінства і юнацтва паэта. Акрамя гістарычных раманаў і аповесцяў Тынянаў выдаў таксама кнігу перакладаў Ж. Дзюамеля і тры кнігі вершаў Г. Гайнэ. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, пісьменнік быў майстрам вуснага аповеду і акторскай пародыі.

  • 1968

    Памёр Джон Стэйнбек (анг. John Steinbeck, нар. 27 лютага 1902), амерыканскі пісьменнік, нобелеўскі лаўрэат 1962 году. Пры жыцці быў вельмі папулярны, многія творы выходзілі вялікімі накладамі і рабіліся бэстсэлерамі, аднак пасля смерці папулярнасць яго памяншаецца — асобныя даследчыкі пачынаюць сцвярджаць, што ў гісторыі літаратуры ён застаўся як аўтар важкіх раманаў пра час Вялікай Дэпрэсіі. Адзін з самых значных твораў Стэйнбека, раман “Гронкі гневу”, на беларускую мову пераклаў Сямён Дорскі. “Пісьмо пра крытыку” пераклаў М. Котаў (“Далягляды”, 1989).

  • 2001

    Памёр Леапольд Сэдар Сэнгор (фр. Leopold Sedar Senghor, нар. 9 кастрычніка 1906), сенегальскі паэт і філосаф, палітык, першы прэзідэнт Сенегала, сябра Французскай акадэміі, заснавальнік негрыцюду. Аўтар вершаў, прысвечаных у асноўным лёсам Афрыкі і яе народаў. Зборнікі вершаў Сэнгора былі ўпершыню выдадзеныя ў 40-я гады XX стагоддзя.