№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 21 снежня

  • 1375

    Памёр Джавані Бакача (іт. Giovanni Boccaccio, нар. 16 чэрвеня 1313), італьянскі паэт і празаік, яскравы прадстаўнік эпохі Ранняга Адраджэння. Найбольш вядомы яго твор — збор апавяданняў “Дэкамерон” (Decameron) — уяўляе сабой карціну нораваў італьянскага грамадства тых часоў. “Дэкамерон” перакладзены на шматлікія мовы, вобразы і ідэі твора сталі ў далейшым крыніцай творчасці многіх значных пісьменнікаў (Чосэра, Шэкспіра, Мальера, Гётэ, Кітса і інш.).

  • 1796

    Нарадзіўся Тамаш Зан (польск. Tomasz Zan, памёр 19 ліпеня 1855), беларуска-польскі паэт-рамантык, удзельнік рэвалюцыйнага руху, сябра А. Міцкевіча. Адзін з арганізатараў таемных віленскіх студэнцкіх таварыстваў — філаматаў, філарэтаў, прамяністых. На працэсе над філаматамі і філарэтамі ў 1823—1824 гг. усю віну ўзяў на сябе. Быў высланы ў Арэнбург разам з Янам Чачотам і Адамам Сузіным. У высылцы даследаваў прыроду Урала, стварыў мінералагічны музей у Арэнбургу. У 1841 вярнуўся на радзіму, жыў у маёнтку Кахачын каля Оршы. У творчасці шырока выкарыстоўваў народныя вобразы і беларускі фальклор. Пісаў (па-польску) элегіі, балады, трыялеты, паэмы, а таксама сатырычныя творы, сярод якіх найбольш вядомая камічная паэма “Смерць табакеркі” (Zgon tabakiery, 1817—1818).

  • 1805

    Памёр Мануэл Марыя Барбоза ду Бакаж (парт. Manuel Maria de Barbosa l'Hedois du Bocage, нар. 15 верасня 1765), партугальскі паэт, яскравы прадстаўнік “аркадызму” (неакласіцызму) у Партугаліі. Вядомасць атрымаў пасля выхаду першага зборніка “Рытмы” (Rhythmas, 1791). Быў асуджаны за рэвалюцыйныя і атэістычныя погляды, пазней за франкмасонства, але быў вызвалены з умовай заняцця пасады перакладчыка на партугальскую замежных аўтараў. Шасцітомны збор твораў Бакажа быў апублікаваны ў 1806—1842 у Лісабоне. На рускую мову вершы Бакажа перакладалі Аляксандр Багданоўскі, Яўгеній Віткоўскі, Валерый Пералешын.

  • 1840

    Нарадзіўся Намык Кемаль (тур. Namık Kemal, памёр 2 снежня 1888), турэцкі паэт, празаік, журналіст, перакладчык і грамадскі дзеяч. Буйны прадстаўнік літаратуры танзімата. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў таварыства “Новыя асманы”. Яго патрыятычныя творы натхнялі Мустафу Кемаля Ататурка, лідара Турэцкага нацыянальнага руху і заснавальніка Рэспублікі Турцыя.

  • 1866

    Нарадзілася Мод Гон (ірл. Maud Ghoinn, анг. Maud Gonne, памерла 27 красавіка 1953), ірландская рэвалюцыянерка, акторка і феміністка, больш за ўсё вядомая дзякуючы сваім стасункам з Ўільямам Батлерам Ейтсам, які доўгі час быў у яе закаханы і прысвяціў ёй многія вершы.

  • 1879

    У Каралеўскім тэатры Капенгагена адбылася сусветная прэм’ера спектакля паводле п’есы Генрыка Ібсэна “Лялечны дом”.

  • 1917

    Нарадзіўся Генрых Бёль (ням. Heinrich Theodor Böll, памёр 16 ліпеня 1985), нямецкі пісьменнік, перакладчык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1972). Пэўны час быў папулярны ў Савецкім Саюзе, шмат разоў прыязджаў у СССР, але за падтрымку дысідэнтаў (А. Салжаніцына, Л. Копелева) і крытыку савецкага рэжыму яго творы перасталі друкаваць. Найлепшымі творамі Бёля лічацца раманы “Більярд а палове дзясятай” (Billiard um Halbzehn, 1959), “Вачыма клоўна” (Ansichten eines Clowns, 1963), “Групавы партрэт з дамай” (Gruppenbild mit Dame, 1971). На беларускую мову раман “Більярд а палове дзясятай” і апавяданні Бёля пераклаў Л. Баршчэўскі (1993). Таксама ў 1996 у серыі “Школьная бібліятэка” выйшаў пераклад рамана “Дом без гаспадара”.

  • 1934

    Нарадзіўся Іван Чыгрынаў (памёр 5 студзеня 1996), беларускі празаік, драматург, перакладчык, публіцыст. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Фадзеева (1979) за раманы “Плач перапёлкі”, “Апраўданне крыві”, Дзяржаўнай прэміі БССР (1974) як суаўтар сцэнару тэлефільма “Руіны страляюць…”. Аўтар кніг апавяданняў і аповесцяў “Птушкі ляцяць на волю” (1965), “Самы шчаслівы чалавек” (1967), “Ішоў на вайну чалавек” (1973), “Ці бываюць у выраі ластаўкі?” (1983), “Апраўданне крыві” (1977), “Свае і чужыя” (1984), “Не ўсе мы згінем” (1996), п'есаў “Дзівак з Ганчарнай вуліцы” (1986), “Следчая справа Вашчылы” (1988), “Чалавек з мядзведжым тварам” (1988), “Звон — не малітва” (1988), “Толькі мёртвыя не вяртаюцца” (1989), “Ігракі” (1989), “Прымак” (1994), кнігі крытыкі і публіцыстыкі “Новае ў жыцці, новае ў літаратуры” (1983), “Паміж сонцам і месяцам” (1994).

  • 1940

    Памёр Фрэнсіс Скот Фіцджэралд (анг. Francis Scott Key Fitzgerald, нар. 24 верасня 1896), амерыканскі пісьменнік, вядомы сваімі раманамі і апавяданнямі, якія апісваюць так званую амерыканскую “эпоху джазу” 1920-х гадоў. Вядомасці аўтара таксама спрыяла выстаўленае на “ўсеагульны агляд” асабістае жыццё Фіцджэралда з жонкай Зэльдэн. Творчасць Ф. С. Фіцджэралда — адна з самых яскравых старонак амерыканскай літаратуры ХХ стагоддзя — часу яе росквіту. Аўтар раманаў “Па гэты бок раю” (This Side of Paradise, 1920), “Прыгожыя і асуджаныя” (The Beautiful and Damned, 1922), “Вялікі Гэтсбі” (The Great Gatsby, 1925), “Пяшчотная ноч” (Tender Is the Night, 1934), “Апошні магнат” (The Last Tycoon, 1941), п'есы “Агародніна” (The Vegetable, 1923).

  • 1958

    Памёр Ліён Фейхтвангер (ням. Lion Feuchtwanger, нар. 7 ліпеня 1884), нямецкі пісьменнік габрэйскага паходжання, доктар філасофіі (1907). Пачынаў як тэатральны крытык і драматург. Аўтар сусветна вядомых гістарычных раманаў “Брыдкая герцагіня” (Die häßliche Herzogin, 1923), “Габрэй Зюс” (Jud Süß, 1925), “Ілжэ-Нерон” (Der falsche Nero, 1936), “Лісы ў вінаградніку” (Die Füchse im Weinberg, 1946), “Гоя, або Цяжкі шлях пазнання” (Goya oder der arge Weg der Erkenntnis, 1951) і інш. У творах аддаваў перавагу сацыяльна-палітычным і філасофскім праблемам — чалавека і гісторыі, творчай асобы і рэвалюцыі, сузірання і дзеяння, грамадскага прызначэння мастака і мастацтва, мінуўшчыны і сучаснасці; яны адметныя каларытнасцю дэталі, сюжэтнай шматпланавасцю, прытчавасцю. Многія яго раманы экранізаваныя. Аўтар п'есаў, апрацовак твораў ангельскіх аўтараў, літаратурна-крытычных артыкулаў, эсэ і інш.

  • 1980

    Памёр Нэлсан Радрыгеш (парт. Nelson Rodrigues, нар. 23 жніўня 1912), бразільскі празаік і драматург, заснавальнік мадэрнізму ў нацыянальным тэатры. Найбольшым наватарствам для таго часу вызначаецца яго п’еса “Вясельная сукенка” (Vestido de Noiva, першая пастаноўка — 1943), дзеянне якой адбываецца адначасова ў трох планах – у рэальнасці, галюцынацыях і ўспамінах.

  • 2005

    Памёр Тэйн дэ Фрыс (нід. Theun de Vries, нар. 26 красавіка 1907), нідэрландскі пісьменнік. Пісаў як па-нідэрландску, так і па-фрызску. У 1936 годзе ўступіў у камуністычную партыю, рэдагаваў камуністычныя выданні. Самыя вядомыя творы Тэйна дэ Фрыса — “Дзяўчына з рудымі валасамі” (Het meisje met het rode haar) і трылогія “Люты” (Februari). Абодва творы прысвечаныя Другой сусветнай вайне і нідэрландскаму Супраціву (сам пісьменнік пасля акупацыі Нідэрландаў быў арыштаваны і сядзеў у канцлагеры Амерсфорт).