№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

У гэты дзень, 22 снежня

  • 1869

    Нарадзіўся Эдвін Арлінгтан Робінсан (анг. Edwin Arlington Robinson, памёр 6 красавіка 1935), амерыканскі паэт, тройчы лаўрэат Пулітцэраўскай прэміі. У сваёй творчасці выступаў спадкаемцам пурытанскай традыцыі Новай Англіі. У вершах, паэмах і драматычных маналогах маляваў “лішніх” людзей, вырачаных на самотную бітву з лёсам у сучасным свеце. У творчасці спалучаў багаты інтэлектуальны змест з дбаннем пра рэалізм дэталяў.

  • 1870

    Памёр Густава Адольфа Бэкер (гішп. Gustavo Adolfo Bécquer, сапр. Густава Адольфа Дамінгес Бастыда, нар. 17 лютага 1836), гішпанскі пісьменнік, прадстаўнік рамантызму. Яго творчасць блізкая да творчасці Гайнэ і Гофмана. Зборнік “Рыфмы” (Rimas, 1860) і кніга навелаў “Легенды” (Leyendas, 1871, выйшла пасля смерці) пастаянна перавыдаюцца ў Гішпаніі, былі перакладзеныя на большасць еўрапейскіх моваў.

  • 1876

    Нарадзіўся Філіпа Тамаза Марынэці (іт. Filippo Tommaso Marinetti, памёр 2 снежня 1944), італьянскі пісьменнік, заснавальнік і тэарэтык італьянскага футурызму. У 1909 годзе апублікаваў свой першы “Маніфест футурызму”, у якім прагучала авангардысцкая эстэтычная праграма з шэрагам рэакцыйных ідэйных момантаў. Таксама ён аўтар рамана “Мафарка — футурыст” (1910) пра каланіяльную экспансію ў Афрыцы, зборніка вершаў “Занг-тум-тум” (1914), што ўяўляе сабой мантаж з друкаваных радкоў, матэматычных і тэлеграфных знакаў. Марынэці значна паўплываў на станаўленне мадэрнісцкай канцэпцыі мастацтва, у прыватнасці, на дынамізм і дывізіянізм Дж. Бала і У. Бачоні, сімультызм Дж. Северыні, “вытворчасць рэчаў” у pop-art, мастацкую тэхніку “авангарду новай хвалі” — мастацкія змены ў ландшафце. Першы маніфест футурызму пераклаў на беларускую мову Глеб Маліноўскі.

  • 1937

    Нарадзіўся Эдуард Успенскі (руск. Эдуард Успенский), рускі пісьменнік, аўтар казак “Кракадзіл Гена і ягоныя сябры” (1966), “Чабурашка і ягоныя сябры” (1970), “Дзядзя Фёдар, сабака і кот” (1974) і інш.

  • 1943

    Памерла Беатрыкс Потэр (анг. Beatrix Potter, нар. 28 ліпеня 1866), ангельская дзіцячая пісьменніца і мастачка. Яшчэ ў дзяцінстве вельмі любіла жывёлаў і вучылася іх маляваць. У яе жылі жабкі, мышы, вожык, трытон Ісаак Ньютан і кажан. У 1902 годзе выйшла яе “Казка пра трусіка Пітэра” (The Tale of Peter Rabbit). Казкі Потэр перакладзеныя на многія мовы свету, паводле іх зняты шэраг мультыплікацыйных стужак, у тым ліку серыял “Пітэр Пуш і яго сябры”.

  • 1989

    Памёр Сэмюэл Бэкет (анг. Samuel Beckett, нар. 13 красавіка 1906), ірландскі празаік, драматург, лаўрэат Нобелеўскай прэміі 1969 году. Пісаў па-ангельску і па-французску. Доўгі час большасць твораў, напісаных Бэкетам, нідзе не друкавалі (некаторыя з іх выйшлі толькі пасмяротна); поспех прыйшоў да пісьменніка толькі пасля Другой сусветнай вайны. 5 студзеня 1953 у Парыжы адбылася прэм’ера самай вядомай п’есы Бэкета “У чаканні Гадо” (En attendant Godot). З 1951 па 1953 год была выдадзеная і яго знакамітая трылогія — раманы “Малой” (Molloy), “Малон памірае” (Malone meurt) і “Безыменны” (L’Innomable).

  • 2001

    Памёр Уладзіслаў Чарняўскі (нар. 14 студзеня 1916), каталіцкі святар, перакладчык Бібліі і літургічных тэкстаў на беларускую мову.