Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары
Чытаць далейНарадзіўся Марцін Опіц (ням. Martin Opitz, памёр 20 жніўня 1639), нямецкі паэт, рэфарматар нямецкай паэзіі, заснавальнік так званай Першай сілезскай школы паэтаў. Да яго нямецкія паэты пісалі пераважна на лаціне. Опіц увёў сілаба-тоніку ў нямецкую паэзію, а свае прынцыпы выклаў у “Кнізе пра нямецкую паэтыку” (Buch von der deutschen Poeterey, 1624).
Нарадзіўся Шарль Агюстэн дэ Сэнт-Бёў (фр. Charles Augustin de Sainte-Beuve, памёр 13 кастрычніка 1869), французскі літаратуразнаўца і літаратурны крытык, значная фігура рамантызму, стваральнік уласнага метаду, які пасля быў названы “біяграфічным”. Публікаваў таксама паэзію і прозу, аднак мастацкія творы Сэнт-Бёва не мелі поспеху, і з 1837 году ён заняўся выключна гістарычна-літаратурнай і крытычнай працай.
Памёр Сяргей Сцяпняк-Краўчынскі (руск. Сергей Степняк-Кравчинский, нар. 13 ліпеня 1851), рускі рэвалюцыянер-народнік, пісьменнік, забойца шэфа жандармаў Мезянцова. Цягам жыцця погляды на рэвалюцыйную барацьбу Краўчынскага кардынальна змяняліся, і ўрэшце ён канчаткова адмовіўся ад тактыкі “хаджэння ў народ”, прыйшоўшы да высновы, што адзіны дзейсны метад барацьбы ў Расіі — тэрор. Пасля забойства Мезянцова збег у Швейцарыю, там надрукаваў брашуру “Смерць за смерць”, тлумачачы свой учынак помстай за шматлікія арышты прапагандыстаў-народнікаў і смяротны прысуд тэрарысту Кавальскаму. У Расію больш не вярнуўся. Загінуў, трапіўшы ў Лондане пад цягнік. Прататып герояў раманаў Э. Л. Войніч “Авадзень” і Э. Заля “Жэрміналь”.
Нарадзіўся Джузэпэ Тамазі дзі Лампедуза (іт. Giuseppe Tomasi di Lampedusa, памёр 23 ліпеня 1957), італьянскі пісьменнік, які сусветную вядомасць атрымаў дзякуючы раману “Гепард” (Il gattopardo, 1958), што зрабіўся класікай італьянскай літаратуры, і яго экранізацыі Л. Вісконці.
Нарадзіўся Мануэл Лопеш (парт. Manuel António de Sousa Lopes, памёр 25 студзеня 2005), каба-вердыянскі паэт, раманіст, заснавальнік сучаснай літаратуры Каба-Вердэ. Пісаў на партугальскай і крэольскай мовах. Аўтар раманаў “Падаюць дажджы” (Chuva Braba, 1956), “Ахвяры ўсходніх вятроў” (Os Flagelados do Vento Leste, 1959), паводле якога быў зняты аднайменны фільм, зборнікаў паэзіі “Пустыя гадзіны” (Horas Vagas, 1934), “Паэма тых, хто застаўся” (Poema de Quem Ficou 1949), шэрагу нарысаў па краязнаўстве і літаратуры Каба-Вердэ.
Памёр Матэюс Густайціс (літ. Motiejus Gustaitis, нар. 1 лютага 1870), літоўскі паэт, перакладчык, пачынальнік літоўскага сімвалізму, першы перакладчык Шарля Бадлера на літоўскую мову, першы літоўскі літаратар, які атрымаў навуковую ступень доктара навук за дысертацыю па філалогіі. Узбагаціў літоўскую паэтычную мову словамі абстрактнага характару — з прычыны іх адсутнасці ў жывой гутарцы ствараў іх сам (не заўжды ўдала). Пераклаў на літоўскую “Энеіду” Вергілія, творы Авідыя, Гарацыя, Цыцэрона, Дэмасфена, Петраркі, літоўскіх лацінамоўных паэтаў, “Дзяды” А. Міцкевіча, творы Ю. Славацкага, Л. Кандратовіча, А. Франса і іншых.
Нарадзіўся Вячаслаў Купрыянаў (руск. Вячеслав Куприянов), рускі паэт, перакладчык. Аўтар кніг паэзіі “От первого лица” (1981), “Жизнь идет” (1982), “Домашние задания” (1986), “Эхо” (1988, 1989), “Стихи” (1994), “Дайте договорить” (2002), “Лучшие времена” (2003). Перакладае паэзію з нямецкай мовы, у тым ліку Р. М. Рыльке, Ф. Гёльдэрліна, Наваліса, А. Шаміса, Г. фон Гафмансталя, Б. Брэхта). Сябра Саюза пісьменнікаў Расіі і Саюза пісьменнікаў Сербіі. Сябра расійскага ПЭН-Цэнтра. Вершы і проза В. Купрыянава перакладзеныя на ангельскую, балгарскую, нідэрландскую, македонскую, нямецкую, польскую, сербскую мовы. На беларускую мову вершы Купрыянава перакладаў Андрэй Хадановіч.
Памёр Канстанцін Бальмонт (руск. Константин Бальмонт, нар. 15 чэрвеня 1867), рускі паэт-сімваліст, перакладчык, эсэіст, адзін з найвыбітнейшых прадстаўнікоў рускай паэзіі Срэбнага веку. Апублікаваў 35 паэтычных зборнікаў, 20 кніг прозы, перакладаў з многіх моваў (Ў. Блэйк, Э. По, П. Б. Шэлі, О. Ўайлд, Г. Гаўптман, Ш. Бадлер; гішпанскія песні, славацкі, грузінскі эпас, югаслаўская, балгарская, літоўская, мексіканская, японская паэзія). “Для Бальмонта было натуральна ў Польшчы прасякнуцца ўсім польскім. У Японіі ён пачуваўся японцам, у Мексіцы — мексіканцам, ясна, што ў Варшаве ён быў палякам”, — пісала пра Бальмонта Тэфі. Двойчы эміграваў з СССР. Памёр у Нуазі-ле-Гран пад Парыжам у галечы і пакутуючы на псіхічнае захворванне.
Нарадзілася Кэрал Эн Дафі (анг. Carol Ann Duffy), шатландская паэтка і драматург, адна з самых папулярных паэтак Вялікабрытаніі. Прафесар сучаснай паэзіі у Манчэстэрскім універсітэце, з мая 2009 — паэт-лаўрэат Вялікабрытаніі, першая жанчына, якая атрымала прызначэнне на гэтую пасаду. Лаўрэатка шматлікіх літаратурных прэмій (імя Моэма, Т. С. Эліята і інш.). Яе зборнік “Жонка свету” (The World’s Wife, 1999) стаў бэстсэлерам ва ўсім англамоўным свеце, прадставіўшы жаночы погляд на сусветную гісторыю.