№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Дзмітры Плакс

Мне імпануе роля перакладчыка як актора

30 лістапада 2008

Мне імпануе роля перакладчыка як актора
Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самая любімая?
 

Я пачаў чытаць у тры з паловай гады, і з тае пары амаль усе кніжкі, якія чытаю, – для мяне любімыя. Прынамсі, у працэсе чытання. І тады, і цяпер я здзіўляюся, як, якім чынам тыя чорныя, маленькія, цалкам бессэнсоўныя значкі складаюцца ў паняцці і вобразы, прымушаюць мяне адчуваць тое, чаго я не адчуваў за пяць хвілін да таго як разгарнуў кнігу.

 

Што падштурхнула Вас перакладаць менавіта "Піпі Доўгаяпанчоха" Астрыд Ліндгрэн?

Не што, а хто. Ініцыятар і каардынатар праекту Аляксандра Макавік патэлефанавала мне і прапанавала перакласці “Піпі”. Дагэтуль я перакладаў творы амаль выключна сучасных, жывых цяпер і “дарослых” аўтараў. Але пасля першага досведу працы з Аляксандрай у мяне з’явілася жаданне паспрабавать перакласці нешта “дзіцячае”, можа, нават напісаць нешта для дзяцей. Я і раней пісаў штосьці кшталту “казак” ці, хутчэй, анекдоты, заснаваныя на гісторыях, якія я ці то чуў, ці то сам прыдумаў. Але тыя гісторыі былі для дарослых.

 

З чым Вы звязваеце сучасную тэндэнцыю з'яўлення цэлага шэрагу беларускіх перакладаў дзіцячай літаратуры?

 

Ну, па-першае, з тым, што такіх перакладаў раней не было. Потым, напэўна, пачалі адраджацца, або нараджацца, развівацца нейкія традыцыі мастацкага перакладу на беларускую мову. Складанага перакладу. Бо перакладаць дзіцячую літаратуру, як вядома, – занятак вельмі цяжкі. Хаця, я, напрыклад, цалкам пра гэта забыўся за сваёй іншай працай. Таму калі Аляксандра прапанавала зрабіць мне гэты пераклад, я згадзіўся адразу, проста па тэлефоне. Я тады стаяў у відэапракаце з сынам, перад вачыма – мора дзіцячых фільмаў, файныя каляровыя вокладкі. У галаве ўзніклі асацыяцыі з чымсьці такім простым, светлым, наіўным, адным словам, дзіцячым. І падалося: ну што там – дзіцячая кніжка. Перакладу, не праблема. Ну і, канечне, за такую сваю нахабнасць і свінячую самаўпэўненасць давялося заплаціць. Праца, як і мае быць, аказалася вельмі складаная. І вынік яе мне яшчэ цалкам невядомы, бо на момант нашага з Вамі інтэрв’ю пераклад прачытала толькі адно дзіця.* Нават не прачытала, а паслухала, бо мой сын яшчэ не ўмее чытаць. Па якіх крытэрах дзеці ацэньваюць тэксты, можна толькі здагадвацца, але яму спадабалася. Смяяўся.

Ну і калі зноў вярнуцца да пытання, чаму апошнім часам перакладаюць дзіцячую літаратуру, дык тут яшчэ, падаецца, ёсць адна прычына. Не вельмі, так бы мовіць, прыемная. А менавіта: беларускай жа дзіцячай літаратуры сёння не існуе. Прынамсі, наколькі мне вядома.

 

Ці трэба ў нечым здзяцінець, каб перакласці або напісаць дзіцячы твор?

 

Пытанне не да мяне, бо я не ўпэўнены, што здолеў вырасці і пасталець. У мяне было шмат магчымасцяў пераканацца, што ўзровень маіх ведаў і здольнасцяў да мыслення цалкам “дзіцячы”.

 

Якой традыцыяй перакладу (чысты пераклад або адаптацыя) Вы кіраваліся і чаму? Як ставіцеся да гэтых традыцый – добрыя бакі, заганы?

 

Гучыць банальна, але пераклад – заўсёды кампраміс. У тым ліку, пэўна, і паміж вышэйзгаданымі традыцыямі. Я звычайна кажу, што перакладаю вельмі вольна. І часткова гэта так. Мне імпануе роля перакладчыка як актора. Чалавека, які пераўвасабляецца ў аўтара. Спрабуе сабе ўявіць, як гэты канкрэтны аўтар напісаў бы гэты канкрэтны твор, калі б ведаў гэтую канкрэтную мову. Таму я звычайна імкнуся вывучаць творчасць пісьменнікаў, якіх перакладаю, а не абмяжоўвацца выключна тым творам, над якім працую.

З другога боку, заўсёды цікава перакладаць літаральна. Паглядзець, а што атрымаецца, калі, скажам, перанесці нейкі шведскі выраз на іншую мову, нічога не змяняючы. Так у “Піпі” з’явілася, напрыклад, “адна-адзіная мэбля”. І мне падаецца, яна там стаіць вельмі файна.

Потым ёсць яшчэ спакуса ўсё ж такі даць чытачу зразумець, што гэта было ад пачатку напісана на іншай мове. Пакінуць гэткі рамантычны налёт іншамоўнасці, ведаеце. Ну, вось як прыемна бывае пачуць іншаземца, які размаўляе на тваёй мове добра, але з лёгкім акцэнтам. Гэта ні з чым не параўнальнае пачуццё. Ён свой і чужы адначасова. Таму я звычайна пакідаю дзе-нідзе не ўласцівы мове перакладу сінтаксіс. Нават часам і словаўтварэнне.

Гэтым прыёмам, дарэчы, можна карыстацца і для іншых мэтаў. У “Піпі” я так рабіў яшчэ і дзеля таго, каб падкрэсліць нейкую невялічкую дзіўнаватасць мовы арыгіналу. Таму што шведская мова вельмі істотна змянілася за апошнія 50 гадоў, і чытаць “Піпі” сёння трохі дзіўна. Беларуская мова за гэты час такім чынам не змянялася, наколькі мне вядома. Не архаізмамі ж было карыстацца...

Таксама не трэба забываць, што пераклад – праца калектыўная. Аўтар, перакладчык, рэдактар, карэктар, мастак, выдавец – усе яны адказваюць за канчатковы прадукт, які чытач трымае ў руках. І гэты прадукт – таксама вынік шматлікіх кампрамісаў і сутыкненняў меркаванняў, густаў, ведаў і г.д і да т.п.

Таму, хутчэй, не тая ці іншая традыцыя, а кампраміс паміж імі, кампраміс паміж плюсамі і мінусамі кожнай.

 

Як, на Вашую думку, дзіцячая літаратура ўплывае на свет дарослых?

 

А хто такія дарослыя? Здаецца, былыя дзеці, не? Ну а калі так, дык у гэтым і адказ на Вашае пытанне. Хаця дзеці, вядома, не “маленькія дарослыя”, а цалкам іншыя істоты, але тут, у дадзеным кантэксце, гэта няважна.

 

Якія дзіцячыя творы, на Вашую думку, яшчэ неабходна перакласці на беларускую мову?

 

Вельмі складана адказаць на гэтае пытанне... Мабыць, усе. Існуе процьма класічных дзіцячых твораў і кожны дзень друкуюцца новыя, у пэўным сэнсе яшчэ больш важныя для сённяшніх беларускіх дзяцей кніжкі. Асабліва калі ўлічваць ужо згаданую мною амаль татальную адсутнасць сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры.

 

Ці плануеце Вы перакладаць і надалей? Ці будзе гэта зноў твор для дзяцей?

 

Я ўжо перакладаю. На жаль, не для дзяцей. Але, калі будуць прапановы перакласці нешта яшчэ, скажам, далейшыя прыгоды Піпі, дык я зраблю гэта з вялікім задавальненнем.



* Ад рэдакцыі:

Прэзентацыя кніжкі адбылася ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 10 красавіка 2008 года. Выхад "Піпі" у свет суправаджаўся цікавасцю з боку маленькіх і нават палемікай з боку дарослых чытачоў.

Чытайце таксама

Яраслава Ананка, Генрых Кіршбаўм

"Беларуская мова": генетычны перфарматыў

2010 год: Гісторыя ў кнігах

2010 год: Гісторыя ў кнігах

Не скажаш, што сёлета выйшла шмат перакладных выданняў. Бо напраўду выйшла іх зусім мала. Нават у параўнанні з мінулым годам. Але цікавасці тых кніг, што выйшлі, гэта не змяншае, і я прапаную ўзгадаць,…

Дзяўчына, перапыненая сярод урока музыкі: кім была Сапфо?

Дэніэл Мендэлсан

Дзяўчына, перапыненая сярод урока музыкі: кім была Сапфо?

Па-беларуску мне не хапае Тувэ Янсан

Вера Бурлак

Па-беларуску мне не хапае Тувэ Янсан

— Якая кніжка ў Вас у дзяцінстве была самай любімай? — У розныя перыяды было многа розных. Мама мне часта чытала кніжку “Цёма і Жучка” з “Дзяцінства Цёмы” Гарына-Міхайлоўскага і казку П. Бажова “Срэбнае…

1208