№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Уладзімір Папковіч

Не даганяю чараду…

20 красавіка 2010

Не даганяю чараду…
Зусім нядаўна, 25 сакавіка 2010 году, споўнілася 75 гадоў перакладчыку-германісту Уладзіміру Папковічу. “Прайдзісветы” сустрэліся з шаноўным перакладчыкам, і вынікам гэтай сустрэчы стала наступнае інтэрв’ю. Рэдакцыя часопіса дзякуе журналісту Сяргею Макарэвічу за прадстаўлены фотаздымак.

Раскажыце, калі ласка, як Вы пачалі перакладаць. Якія былі Вашыя першыя пераклады?

Я доўгі час адчуваў сябе (ды і цяпер адчуваю) “чужаком” у літаратуры. Я, выпускнік “ін’язу”, адстаў ад сваіх равеснікаў – “філалагічнага пакалення” (Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Васіль Зуёнак, Янка Сіпакоў, Міхась Стральцоў і шмат іншых). У маладосці, любячы літаратуру, я жыў па-за ёй. Як напісана ў маім вершы:

Ляці са сваімі гадамі,
Пільнуйся сваёй чарады...
Рыгор Барадулін

Мяне цяжар жыцця хістаў,
Мне дываноў мой лёс не выткаў,
Я ад равеснікаў адстаў –
У сэнсе славы і набыткаў.

Не даганяю чараду,
А запаволенай хадою
З нялёгкай ношаю іду
Пад гагатанне маладое.

(“Зерне”: вершы. Мінск, Мастацкая літаратура, 1982)

Толькі ў 1976 годзе мяне ўсур’ёз прадставіў у “Дні паэзіі” дзіцячы пісьменнік Мікола Ваданосаў з ладнай нізкай вершаў. На мяне звярнуў увагу Рыгор Барадулін (мы з ім знаёмыя не былі), ён прыслаў мне ў Віцебскі індустрыяльны тэхнікум, дзе я тады выкладаў нямецкую мову, ліст з прапановай прыслаць яму вершы для складання першай кніжкі. Кніжка “На досвітку” выйшла ў 1978 годзе і атрымала станоўчую крытыку. Пайшла гаворка пра прыём мяне ў Саюз. Тады (я не вяду дзённіка, таму не магу назваць дакладна даты) Янка Брыль парэкамендаваў мне звярнуцца ў рэдакцыю перакладаў “Мастацкай літаратуры” і прапанаваць ім свае пераклады. У мяне дома быў альманах паэзіі ГДР (Lyrik der DDR, Aufbau-Verlag Berlin und Weimar, 1976), я наперакладаў адтуль вершаў розных аўтараў і адаслаў у “Далягляды”, штогоднік перакладной літаратуры. У 1979 годзе былі надрукаваныя два вершыкі Бэртальта Брэхта і адзін – Рудольфа Леангарда. Гэта, здаецца, была мая першая публікацыя перакладаў. Потым друкаваўся там у 1981 г. (Г. Э. Лесінг), у 1983 г. (Георг Веерт), у 1987 г. (Гельмут Прайслер, паэт з Франкфурта-на-Одэры, горада-пабраціма Віцебска), у 1989 г. (Адэльберт Шаміса), у 1990 г. (Тэадор Фантанэ), у 1992 г. (Тэадор Шторм). Перакладныя кнігі знойдзеце ў спісе літаратуры.

Што Вам больш падабаецца перакладаць – прозу ці паэзію? Чаму?

Я люблю мову і літаратуру. Ці памяняць гэтыя словы месцамі? Таму перакладаць цікава ўсё, асабліва тое, што падабаецца, што адпавядае нейкім чынам твайму духу. Майму характару больш адпавядае экспрэсіўнасць, хуткасць, узнёсласць, рамантызм, гумар... Таму бяруся часцей за паэзію.

Проза патрабуе большай уседлівасці, капання ў слоўніках і даведніках, энцыклапедыях. Я нецярплівы, хаця пераклаў “Востраў без маяка” пісьменніцы ГДР Рут Крафт (на замову) – звыш 500 старонак, “Тры таварышы” Э. М Рэмарка (раман, насычаны, мне здаецца, паэзіяй). Узяўся б за ўсё вартае, каб была магчымасць выдаць.

Раскажыце, калі ласка, якія моманты былі самымі складанымі ў Вашай перакладчыцкай практыцы. А выкладчыцкай?

Асабліва складаных момантаў, на якія б варта было звяртаць увагу чытача, мусіць, не было. Іншая справа, што перакладчыку трэба быць вельмі пільным і ў выбары значэння слова, калі яно шматзначнае, і кампетэнтным у шмат якіх сферах жыцця, тэрміналогіі, мастацтвазнаўстве, гісторыі і г.д. А як адзін чалавек усяго ведаць не можа, то трэба ўмець карыстацца слоўнікамі, даведнікамі, энцыклапедыямі, ды і проста распытваць дасведчаных людзей, калі нечага не разумееш.

Мне на ўсё жыццё запомнілася памылка, зробленая пры перакладзе аднаго верша Ёганэса Р. Бэхера, які я ўключыў у кніжку “Вяртанне да сябе” (Мінск, Мастацкая літаратура, 1985 г.) Па-нямецку:

Macht der Poesie
Drei Legenden aus dem Altertum

I

Amphion
Zu übermächtig schien des Steins Gewalt;
Um ihn durch Menschenkraft emporzuheben.
So lagen weithin Blöcke aus Basalt
Zu türmen einen Mauerberg um Theben.

І пераклад страфы:

Здавалася, што камень зацяжкі –
Не ўзняць яго з зямлі і грамадою.
Так і ляжалі камяні вякі
Ля Тэбена базальтавай градою.

І тады мне патэлефанаваў Лявон Баршчэўскі (ці напісаў, ці пры сустрэчы сказаў), што Тэбен – гэты Фівы. І мне было вельмі сорамна.

Што датычыць выкладчыцкай дзейнасці, то тут у мяне такіх казусаў, здаецца, не было. Калі я чаго не ведаю, то і кажу, што трэба паглядзець у слоўніку альбо даведніку. Гэта не сорамна. Сорамна паказаць сваю недасведчанасць пісьмова.

Адзін стары немец у Трыры вадзіў мяне па старажытных месцах гэтага славутага горада (не толькі таму славутага, што там нарадзіўся Карл Маркс), яму ў той час было 92 гады; былы настаўнік гімназіі, ён вельмі шмат ведаў. Я спытаўся, чым яму падабалася праца настаўніка. Ён мне сказаў: “Калі я, прачытаўшы, напрыклад, верш, не разумеў яго, то не саромеўся гаварыць гэта вучням, а прасіў растлумачыць, як яны яго разумеюць. І гэта былі цудоўныя ўрокі”. Гэтага ж прынцыпу стараўся прытрымлівацца і я. Не заціскаць думкі маладых людзей, даваць выказацца. А самому мне даводзілася рыхтавацца вельмі шмат: практыка нямецкай мовы, краіназнаўства, літаратура Германіі. Звар’яцець можна!

Вы пераклалі на нямецкую мову паэму “Тарас на Парнасе”. Раскажыце, калі ласка, як гэта адбылося і як увогуле Вы пачалі перакладаць з беларускай на нямецкую.

У 1989 годзе я быў з вялікай групай ад Камітэта абароны міру ў Заходняй Германіі і жыў 10 дзён у сям’і у маленькім гарадку Браўнфэльс, у федэральнай зямлі Гесэн. З сям’ёй Хайнэке мы ўсталявалі не толькі добрыя асабістыя адносіны, але з цягам часу звязалі таксама горад Вецлар (непадалёку ад Браўнфэльса, але большы) і Віцебск. Мы ўтварылі таварыствы-партнёры – нямецка-беларускае “Калі ласка – Willkommen” і беларуска-нямецкае “Willkommen – Калі ласка” ў Віцебску. Не буду пералічваць нашыя акцыі, я дамогся галоўнага, чаго хацеў: нашых студэнтаў нямецкае таварыства прымала на моўную практыку, дзякуючы яму завязаліся іншыя кантакты. Гэта асобная тэма. Але дзякуючы таварыству я ездзіў вельмі шмат разоў у Германію, у Браўнфэльс–Вецлар і жыў заўсёды ў доме сям’і Урсулы і Клаўса Хайнэке. Перад ад’ездам трэба было заўсёды рабіць запіс у Gästebuch – кнізе для гасцей. Спачатку гэта былі фармальныя сказы “Сардэчна дзякую за...”, канечне, я пісаў па-нямецку, а потым паспрабаваў пісаць чатырохрадкоўі. Убачыў, што нешта атрымліваецца.

Наступны этап: я пераклаў верш Давіда Сімановіча, нашага рускамоўнага паэта з Віцебска, “Имею честь принадлежать...” – “Ich hab die Ehre zu gehören...”, выдадзены потым на некалькіх мовах асобнай кніжачкай. Да 70-годдзя Д. Сімановіча (2002 г.) мы выдалі кніжачку на дзвюх мовах – рускай і нямецкай – “Витебск. Шагал. Любовь.” (Witebsk. Chagall. Liebe).

Перад сваім 70-годдзем (2004 г.) я выдаў кніжку “На тым стаю. Hier stehe ich”, дзе сярод усяго іншага было каля 20 маіх вершаў на нямецкай мове, таму што я хацеў, каб мае шматлікія сябры ў Германіі маглі самі прачытаць, што ж я пішу, тым больш што яны спансавалі выданне кнігі.

Вось так я падышоў да “Тараса на Парнасе”, хаця сам ніколі б не ўзяўся за гэтую адказную працу, на якую мяне падштурхнуў наш вядомы беларускі літаратуразнаўца, архівіст і даследчык Язэп Янушкевіч. Ён запланаваў выдаць “Тараса...” на сямі мовах і шукаў перакладчыка на нямецкую. Спачатку мне прапанова здалася дзіўнай і нерэальнай. Але потым я ўцягнуўся і зрабіў. Мой “Тарас...” – побач з іншымі – выйшаў спачатку ў Сакрата Яновіча ў Польшчы ў “Annus Albaruthenicus 2006”, а потым і ў беларускага выдаўца Віктара Хурсіка ў кнізе “Класіка”. Я рады, што так атрымалася. Хацеў бы адзначыць, што паэму кавалкамі чытала і тое-сёе папраўляла фраў Хайнэке ў Браўнфэльсе, якой я вельмі ўдзячны за дапамогу.

Ці ёсць у Вас якая-небудзь перакладчыцкая мара – твор, які Вы даўно хацелі перакласці, але пакуль так і не ўзяліся?

Як жыць чалавеку без мараў? Уся справа ў тым, колькі тых мараў ажыццяўляецца. У мяне вялікая бібліятэка нямецкай літаратуры, і шмат што мне падабаецца – у паэзіі і прозе. Але перакладаю толькі ў стол, каб потым знайшлі нашчадкі і, магчыма, выкінулі... Але калі ўжо пытанне паўстала, то скажу: у мяне на паліцы стаіць кніга Штэфана Цвайга “Барацьба з д’яблам. Гёльдэрлін. Кляйст. Ніцшэ”. Я ўжо нават тое-сёе перакладаў з гэтай кніжкі, настолькі для мяне прыцягальныя людзі, геніяльнасць якіх мяжуе з вар’яцтвам. А, можа, гэта і ёсць самыя нармальныя людзі?

 

Рэдакцыя часопіса шчыра жадае спадару Уладзіміру далейшага плёну ў працы, натхнення і ўсяго самага найлепшага.

© фота Сяргея Макарэвіча

Чытайце таксама

Найлепшыя вокладкі 2009 (па версіі The Book Design Review)

Найлепшыя вокладкі 2009 (па версіі The Book Design Review)

У сваім блогу Джозэф Саліван (Joseph Sullivan), аглядальнік The Book Design Review, напрыканцы года абраў найлепшыя, на яго погляд, вокладкі…

Услед за чароўным народам

Ганна Янкута

Услед за чароўным народам

Чароўны народ прыходзіць да чытачоў невялікай казкі Толкіна, каб забраць іх з сабой у Чароўны Край і Далёкія Памежжы. Чароўны народ прыходзіць і да тых, хто чытае вершы Антона Францішка Брыля, паэта і…

Мультыкульты па-чэшску

Мультыкульты па-чэшску

Беручы ў рукі кнігу, скажам, ісландскага, японскага або гішпанскага аўтара, мы збольшага “па змаўчанні” настроеныя на тое, што сутыкнёмся ў ёй з ісландскімі, японскімі ці гішпанскімі рэаліямі. Гэта, вядома,…

Ці будзем мы ездзіць па левым баку?

Кандрат Крапіва

Ці будзем мы ездзіць па левым баку?

Еду я часамі па вуліцы ці па дарозе і думаю: “Як добра, што наша ДАІ (Дзяржаўная аўтаінспекцыя) так клапоціцца аб жыцці і здароўі людзей, перасцерагае ад паломкі машын...

1996