№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Томас Вайлер

Асабліва цяжкай і захапляльнай для мяне была і ёсць праца з трасянкай

9 траўня 2011

Асабліва цяжкай і захапляльнай для мяне была і ёсць праца з трасянкай
Раскажыце, калі ласка, дзе і як Вы вывучылі беларускую мову.
 

У 1998/1999 годзе я праходзіў у Мінску альтэрнатыўную службу. Амаль паўтара году працаваў у Навінках, аднак не ў псіхіятрычным аддзяленні, а ў псіханеўралагічным інтэрнаце для дарослых. У гэты поўны ўражанняў час у Мінску я, на жаль, вывучыў толькі рускую мову і практычна не сутыкаўся з беларускай. Але служба ў Мінску абудзіла маю цікавасць да краіны і яе народа. Затым я вывучаў пераклад ва ўніверсітэтах Ляйпцыгу, Берліну і Санкт-Пецярбургу, маёй спецыяльнасцю былі руская і польская мовы. Наведваў у Ляйпцыгу ўсе магчымыя навучальныя курсы, звязаныя з беларускай мовай і літаратурай. На жаль, іх было не надта шмат. На курс “вусная моўная практыка”, які праходзіў цягам семестра, запісаўся я адзін. Шмат што вывучыў сам, проста чытаючы літаратуру. Тую, што сабраў падчас наведанняў Мінска, і тую, якую знаходзіў у інтэрнэце — тут яна больш даступная.

 

З якімі цяжкасцямі лінгвістычнага і нелінгвістычнага характару Вы сутыкнуліся падчас перакладу “Сарокі на шыбеніцы”?

 

Адна з адмысловых прыкметаў гэтага рамана — яго разбэрсаная структура. Я мусіў увесь час трымаць у полі зроку тэкст цалкам, бо сцэны і матывы, якія з’яўляюцца ў адным месцы, часта падхопліваюцца і працягваюцца ў другім. Тое, каб гэтыя часта вельмі тонкія сувязі на працягу ўсёй вялікай дыстанцыі тэксту заставаліся распазнавальнымі нямецкім чытачом, падавалася мне асабліва важным. Калі я недагляджу нешта і потым буду працаваць з розным лексічным матэрыялам, тэкст разбурыцца. Часта падчас перакладу высвятляецца, што аўтар арыгіналу сам блытае ніткі. У Альгерда ж усё цудоўна развязваецца. Асабліва цяжкай і ў той самы час захапляльнай для мяне была і ёсць праца з трасянкай і рускай мовай у беларускай транскрыпцыі. Дужа пацешыў пераклад песні “Вось хто-та з горачкі спусціўся”, гэтага гімну, які ў Нямеччыне, вядома ж, не знаёмы ніводнаму чалавеку.

Ужо амаль традыцыйная праблема для перакладчыка, які працуе з тэкстамі Бахарэвіча, — пераклад назваў і імёнаў. Яна ў “Прыватным пляжы на ўзбярэжжы Леты” ці Тая; у выпадку “Сарокі на шыбеніцы” пасёлак Свет — і перш за ўсё імя Улада. Для слова “ўлада” ў нямецкай мове ёсць цэлы шэраг адпаведнікаў, як правіла, мужчынскага роду, але мне трэба было адшукаць нейкі назоўнік, які мусіў, да ўсяго, быць яшчэ і жаночага роду. Вось і атрымалася, што віртуальную Вераніку завуць у нямецкім перакладзе Рэжыма. Прасцей было з Лексам. Некаторыя алітэрацыі я не мог перадаць у адпаведных месцах і паспрабаваў кампенсаваць іх у іншых. Ужо першы сказ рамана: “Прыкладна праз пяць хвілін яна памрэ”, — вельмі моцны: па-нямецку гэтаксама прыгожа не скажаш.

Ну і цяпер я даведаўся больш пра мову судова-медычных пратаколаў што да ўскрыцця трупаў.

 

Ці спрабавалі Вы і якім чынам патлумачыць з’явы ў рамане, што могуць быць не зусім зразумелыя або няправільна вытлумачаныя нямецкімі чытачамі? Напрыклад, “ВКЛ” (Віртуальныя Канцэнтрацыйныя Лагеры) з адсылкай да іншага ВКЛ — Вялікага Княства Літоўскага, ці “фашысты”, якія ў рамане не прыгнятальнікі, а якраз прыгнечаныя.

 

Вялікае Княства Літоўскае адыгрывае ў рамане не такую ўжо вялікую ролю, таму я не ламаў над гэтым галаву. І фашысты па-нямецку — таксама “фашысты”. Свет, перавернуты дагары нагамі (фашысты, зняволеныя ў канцэнтрацыйных лагерах) і першапачатковы ўвод у зман чытача прысутнічаюць ва ўсім рамане. З увагі на гісторыю гэта робіць эфект для нямецкай публікі яшчэ мацнейшым.

Я толькі зрэдку ўмешваўся з тлумачэннямі і калі і рабіў гэта, то размяшчаў іх па магчымасці ў раздзеле “Каментары”. Напрыклад, я зрабіў каментар да сказу “Ніколі не заўважаў у сабе сентыментальнасці да нацыянальнага сцяга”. Для нямецкага чытача няма сувязі паміж выглядам ІСЕ і беларускім нацыянальным сцягам. Бо ён не ведае, як той сцяг выглядае, не кажучы ўжо пра тое, што ёсць два варыянты, якія канкуруюць паміж сабой. Адзінае месца, якое я патлумачыў невялікай устаўкай у тэкст, — гэта сказ “дастаў з торбы хлеб ды таўхануў яго па-футбольнаму ў хмызняк, адказаўшы адразу ўсім збялелым плакатам у школьнай сталоўцы”. Які немец бачыў знутры савецкую школьную сталоўку? І я проста замяніў (папярэдне ўзгадніўшы гэта з Альгердам) “Патаму што нельзя” на „Nack-nack-nackin on häwens doaaaaah” — песню, якая таксама патрабуе няшмат акордаў на гітары, яе часта гарланяць на вечарынках і паходзіць яна прыкладна з таго самага часу. Апрача таго, Вераніка ў той сцэне сапраўды грукае ў дзверы неба, яна ж амаль задыхнулася.

 

Раскажыце крыху пра водгукі на раман.

 

Нямецкі пераклад “Сарокі на шыбеніцы” толькі што выйшаў, таму я пакуль мала што магу сказаць пра рэакцыю. Дагэтуль была адна вельмі пазітыўная рэцэнзія — я сам яе напісаў. Але нашая першая з Альгердам сумесная імпрэза ў Берліне, дзе мы чыталі ўрыўкі з арыгіналу і перакладу, была ўспрынятая вельмі добра. Публіка спачувала малой Вераніцы, язык якой прымёрз да жалезнай штангі, і ад душы весялілася, калі адзін з герояў рамана спрабаваў давесці, што дзень у Амерыцы і ноч у беларускім райцэнтры ў адзін і той жа час — сапраўды рэальная з’ява. У нас будуць і далей розныя чытанні, я ўпэўнены, што “Сарока на шыбеніцы” знойдзе ў Нямеччыне зацікаўленага чытача.

 

Ці чытаеце Вы сучасную і класічную беларускую літаратуру? Хто з аўтараў Вам асабіста цікавы? Хто мог бы зацікавіць нямецкага чытача?

 

Я займаюся ў асноўным сучаснай літаратурай і спрабую быць у курсе падзей. Чытаю, на жаль, не так часта, як хацеў бы. З дзвюма малымі дочкамі і жонкаю, якая ходзіць на працу, для гэтага застаецца не так шмат часу. Бо я ж таксама намагаюся сачыць за тым, што адбываецца ў рускай, польскай і нямецкай сучаснай літаратуры. Разам з прозай Альгерда я знаходжу аўтараў і тэксты, якія мяне цікавяць, перш за ўсё ў паэзіі. Разанаўскія пункціры, тое-сёе з Віктара Жыбуля, мне блізкі як паэт Уладзімір Арлоў. Што магло б зацікавіць нямецкага чытача? Я лічу, што сучасная беларуская літаратура наогул менш арыентаваная на нацыянальныя тэмы і традыцыі, чым на глабальныя ўзоры, звыклыя і зразумелыя для Нямеччыны. Выдаўцы заўсёды ў пошуку неймаверных камбінацыяў з “абсалютна тыповага для пэўнай краіны” і “экзатычнага, але ж не занадта чужога”. “Шалом” Артура Клінава мог бы зацікавіць немцаў, мяркуючы па тым, што я чытаў дагэтуль ва ўрыўках. Магчыма, праз нейкі час выйдзе па-нямецку “Замак, пабудаваны з крапівы” Вішнёва. Упэўнены, што для нямецкай публікі будзе цікавы раман-паслямова Альгерда да “Халоднага сэрца”. Я сам паходжу з традыцыйнага плытніцкага гарадка ў Шварцвальдзе, паблізу яшчэ і па сённяшні дзень ёсць гута. Пачытаць разам з Альгердам у музеі плытніцтва майго роднага горада — гэта было б файна.

 

Ці збіраецеся Вы і надалей перакладаць беларускіх аўтараў? Які твор будзе наступным, калі не сакрэт?

 

Калі б гэта залежала толькі ад мяне, я б з задавальненнем сканцэнтраваўся цалкам на перакладзе беларускай літаратуры. Але спрыянне цікавым аўтарам — занятак карпатлівы, вымагае неймаверна шмат часу і, вядома, не акупаецца. Паслямова Альгерда да “Халоднага сэрца” — гэта наступны праект, за які я ахвотна ўзяўся б. Ці выбраныя вершы Арлова. Магчыма, у 2011 з’явіцца зборнік эсэ беларускіх аўтараў да 25-годдзя Чарнобыля. Калі мы зможам пераканаць выдаўца.

Што дакладна з’явіцца ў сакавіку 2011 году, дык гэта сайт www.literabel.de. Мы заснавалі саюз падтрымкі беларускай культуры і літаратуры ў Нямеччыне, literabel — гэта наш першы праект. Мы хочам прэзентаваць некаторых беларускіх аўтараў і фрагменты іх тэкстаў па-нямецку, каб стварыць тут панараму сучаснай беларускай літаратуры. Апрача таго, я спадзяюся, што мы такім чынам наладзім шчыльнейшы кантакт паміж нямецкімі перакладчыкамі з беларускай мовы і ў будучыні возьмемся за здзяйсненне супольных перакладчыцкіх праектаў (анталогіяў). Ці мо нават за дзвюхмоўную майстэрню — разам з беларускімі перакладчыкамі нямецкай літаратуры.

 

На фота: Томас Вайлер і Альгерд Бахарэвіч падчас прэзентацыі перакладу "Сарока на шыбеніцы" ў горадзе Пасаў (Германія) (Радыё Свабода)

Чытайце таксама

Залаты век ілюстрацыі

Залаты век ілюстрацыі

Лічыцца, што час, калі майстэрства ілюстрацыі дасягнула найвялікшага росквіту, яе так званы Залаты век, прыпадае на перыяд з 1880 па 1925 год (паводле некаторых звестак, 1850—1925). У Еўропе і ЗША яркія…

“Кароль Мацюсь” і яго прыгоды ў рускіх і беларускіх перакладах

Марына Шода

“Кароль Мацюсь” і яго прыгоды ў рускіх і беларускіх перакладах

2010 год: Гісторыя ў кнігах

2010 год: Гісторыя ў кнігах

Не скажаш, што сёлета выйшла шмат перакладных выданняў. Бо напраўду выйшла іх зусім мала. Нават у параўнанні з мінулым годам. Але цікавасці тых кніг, што выйшлі, гэта не змяншае, і я прапаную ўзгадаць,…

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

1212