№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марэк Вадас

У Афрыку гадзіннік не бяру

9 траўня 2011

У Афрыку гадзіннік не бяру
Ён піша кнігі не дзеля выдання, а дзеля таго, каб сказаць штосьці важнае. Робіць гэта ўжо шэсць разоў. Атрымаў нават прэстыжную славацкую літаратурную прэмію Anasoft litera. Па сюжэты сваіх твораў ён ездзіць у экватарыяльную Афрыку. Нядаўна завітаў і ў родныя Кошыцы, каб сустрэцца ў “Артфоруме” са сваімі прыхільнікамі. Пазнаёміў іх з яшчэ ненадрукаванымі творамі, якія маюць пабачыць свет сёлета. З Марэкам Вадасам мы размаўлялі пра бег часу ў Афрыцы і пра тое, чым яго так вабіць гэты кантынент, які прымушае вяртаецца туды зноў і зноў.
 

Калі апошнім разам Вы былі ў Афрыцы?

 

У сакавіку мінулага году. Цяпер яшчэ ёсць час да восені: паўтара году я меў на тое, каб сабраць у дарогу ўсе неабходныя рэчы. Асноўнае — гэта білет на самалёт, але не менш істотныя таксама падарункі, якія я вырашыў прывезці ў Камерун. Напрыклад, досыць няпроста знайсці раздрабняльнік кары, які зможа размалоць кару дрэваў без электрычнасці або бензіну і вага якога будзе не большая за 20 кг, што адпавядае патрабаванню авіякампаній у дачыненні да рэчаў. Неабходны ён каралю, які ўмее прыроднымі медыкаментамі лячыць паралюш.

 

Як і дзе Вы з ім пазнаёміліся?

 

У джунглях на камерунска-нігерыйскай мяжы. Там знаходзіцца горны ланцуг, які дзякуючы сваёй недасягальнасці захаваў тыя прыродныя ўмовы, што былі на зямлі шмат стагоддзяў таму. Калісьці тут знайшлі прытулак плямёны, якія не прынялі ісламізацыю і да сённяшняга дня кіруюцца старымі законамі. Тут мае моц не дзяржава з паліцыяй, войскам і судовымі ўстановамі, а кароль, рада старэйшын і лекараў. Яны клапоцяцца пра парадак і грамадскае жыццё. Можа стацца так, што з каралём, як са звычайным чалавекам, вы будзеце разам ехаць. Выйдзеце разам з ім з аўтобуса ў Батыбе, а людзі на прыпынку пачнуць кланяцца. Паклоніцеся і вы, а потым яшчэ некалькі дзён будзеце гасцяваць у яго сядзібе. Ён пазнаёміць вас з людзьмі, пакажа гліняныя хаты, у якіх жывуць ягоныя пацыенты, раскажа, як вырабляюцца лекі і як ён навучыўся камунікаваць з духамі.

 

Чым Вас так вабіць Афрыка, што вяртаецеся туды зноў і зноў?

 

Прычынаў шмат. Перш за ўсё гэта людзі, якія здзіўляюць сваім менталітэтам. Па-другое, гэта традыцыі, выключныя абрады, лекавыя практыкі, адчуванне часу, сувязь з памерлымі продкамі, ушанаванне бостваў і г. д. Мая Афрыка цалкам адрозніваецца ад Афрыкі іншага падарожніка. Кожны мае свае асацыяцыі з Афрыкай, бо кожны па-свойму бачыць і разумее яе, не кажучы ўжо нават пра шматаблічнасць гэтага кантынента, на вывучэнне якога не хопіць цэлага жыцця. Толькі ў Камеруне жыве каля 300 народаў, рэлігійна і этнічна адрозных адзін ад аднаго. Літаральна за кожнай гарой існуе свая культура і мова, не зразумелая для іншых плямёнаў.

 

У такім разе на якой мове Вы там размаўляеце?

 

Гэта англамоўная краіна. Моладзь, што скончыла школы, умее размаўляць па-ангельску або па-французску. Калі трапіце ў рэгіён, аддалены ад цывілізацыі, добра будзе знайсці каго-небудзь, хто мае там сваякоў і не толькі зможа перакладаць, але і адначасова будзе гарантам таго, што вы не вораг і маеце самыя добрыя намеры.

 

Як Вы трапілі туды ўпершыню?

 

У 1997 годзе як малады рэдактар я звярнуўся з такой прапановай да маіх калег, але ніхто з іх не захацеў паглядзець трапічную Афрыку. Спыняла рызыка вайны і пагроза для здароўя. Пагадзіўся толькі я. У цэнтры грамадзянскіх войнаў знаходзяцца Камерун і Габон, ды і пагроза эпідэміі малярыі, праказы, халеры, СНІДа, рачной слепаты або жоўтай ліхаманкі была занадта вялікай. У цэнтральнай Афрыцы ў ваколіцах Гвінейскага заліву я быў ужо сем разоў. Пераважна ў Камеруне, але заязджаў і ў Габон, Чад, Нігерыю або Конга.

 

Наколькі гэтыя падарожжы ўплываюць на Вашую творчасць?

 

Афрыканскія падарожжы істотна паўплывалі на мае апошнія апавяданні. Не магу, аднак, сказаць, якім чынам змяніўся я сам. Вядома, у іх існуе ўзаемасувязь паміж магіяй і звычайным жыццём, паміж праблемамі людзей і ідэямі духаў. У кожным апавяданні, на маю думку, найбольш істотным ёсць вобраз псіхікі апавядальніка або галоўнага героя. У культуры мясцовых народаў духі рэальна існуюць і ўплываюць на штодзённае жыццё людзей. Таму гаворка ідзе не пра фантазію, але пра рэалізм. Чорны рэалізм.

 

Падчас чытання Вашых апавяданняў у маёй галаве ўзнікае і паняцце магічнага рэалізму. Чаму Вы так ахвотна звяртаецеся да сувязі свету рэальнага са светам фантазіі?

 

Паназірайце за дзіцем, якое гуляецца ў пяску. Часцей за ўсё ў горцы з пяску дзіця зробіць адну-дзве дзіркі. У яго ж галаве разгортваецца драма — палацы, тунэлі, падкопы, умацаванні, бойкі. Сны і фантазія напаўняюць жыццё чалавека ў большай ступені, чым рэальнасць. На сувязі фантазіі і рэальнасці заснаваныя не толькі аб’ёмныя раманы Лацінскай Амерыкі або сюррэалістычнай паэзіі парыжскай багемы. Пад уплывам сноў і нерэальных здарэнняў знаходзіцца кожны чалавек, якому недастаткова пражыць толькі адно звычайнае жыццё. Кожны дзень мы маем тысячы магчымасцяў, каб выбраць толькі адну з іх. Усе астатнія застаюцца як нявыкарыстаныя шанцы, якія маглі б стацца штуршком да альтэрнатыўнага жыцця.

 

На Вашую думку, у чым галоўнае адрозненне паміж “нашым светам” і Афрыкай?

 

Адрозненняў вельмі шмат. З погляду толькі наведніка, тут не адчуваецца час. Мясцовы жыхар тропікаў прызвычаены збіраць ураджай тройчы на год. Прыродныя ўмовы — цяпло, вільгаць, ціск — прымушаюць яго жыць павольней, чым у Цэнтральнай Еўропе. Сотні гадоў ён знаходзіўся ва ўмовах, якія дазвалялі яму не аддаваць шмат энергіі на забяспечанне заўтрашняга дня. Свой прыбытак ён пастаянна мяняў на неабходныя рэчы. Не было неабходнасці збіраць і эканоміць. Гэтым абумоўлены сённяшні характар тутэйшага сярэдняга класа і звычайных жыхароў. Афрыканец звязаны з мінулым, а будучыня — гэта невядомая велічыня, якая для яго не мае значэння. Існуе толькі сёння, якое трэба адпаведным чынам скарыстаць, атрымаць асалоду. Заробленае звычайна ў першы ж дзень абменьваецца на мяса, пальмавае віно і абутак.

 

Ці не бывае потым вяртанне ў Славакію для Вас шокам?

 

Так, перажываю яго некалькі тыдняў.

 

Напэўна, час Вы там таксама адчуваеце інакш, чым дома?

 

Адчуўшы пад нагамі афрыканскую глебу, трэба развітацца з гадзіннікам. Час тут нічога не значыць. Памятаю сваё першае падарожжа ў джунглі, куды аўтобус павінен быў адыходзіць а восьмай гадзіне. Седзячы ўжо чатыры гадзіны за шклом на заднім сядзенні ў шасцідзесяціградуснай спякоце і назіраючы за новымі падарожнікамі, якіх пасля абеду зрабілася так шмат, што іх галовы, азадкі і грудзі тырчалі з вокнаў аўтобуса, які быў ужо тройчы перагружаны, я сказаў сабе “хопіць”. Я мушу ў гэтую гульню гуляць разам з вамі! Інакш мой еўрапейскі мозг ператворыцца ў кашу, а нервы адмовяцца выконваць свае функцыі. З таго часу я спакойна чакаю на вакзале, і пры гэтым пераканаўся, што страчанага часу не існуе. Гадзіны чакання я выкарыстоўваю на размовы або на асэнсаванне мінулага дня. Перакананы, што не прапушчу важнай падзеі, не адчуваючы неабходнасці спяшацца, я паспяваю перажыць больш, чым калі б нерваваўся і імкнуўся здзейсніць запланаваную праграму.

 

Што самае прыемнае або непрыемнае Вам давялося перажыць у Афрыцы?

 

Найгоршай была ноч у ліхаманцы ад малярыі, досыць далёка ад горада і лякарні. А здзіўленне выклікала ўсё новае, з чым я сустракаўся падчас вандроўкі. У самым пачатку майго першага падарожжа давялося стаць сведкам абраду людзей ібога. Ібога — гэта галюцынагенны наркотык, які ўжываецца на экватары як спосаб сувязі з замагільным светам. Святар з яго дапамогай звязваецца з памерлымі продкамі і прадказвае будучыню. Усяночны абрад з людзьмі ў трансе мне, тады яшчэ недасведчанаму падарожніку, дазволіў зазірнуць у таемны свет, які схаваны ад сучаснай цывілізацыі.

 

Які свет тады перад Вамі адкрыўся?

 

Думаю, што гэта непаўторны досвед, на тлумачэнне якога не хапіла нават цэлай ночы дэбатаў з сябрамі. Вы стаіце ўначы на дварэ пасярод агнёў, каля вас мільгаюць целы, што рухаюцца з няўлоўным рытмам; вырачаныя вочы, чуюцца бубны, якія выціскаюць з вашай галавы ўсе думкі, жанчыны круцяцца з нечуванай хуткасцю... Тую атмасферу немагчыма ўзнавіць і патлумачыць. На наступны дзень вы адчуваеце толькі здзіўленне і павагу перад невядомым.

 

Сёлета чэмпіянат свету па футболе адбудзецца ў Афрыцы. Там, напэўна, вялікая цікаваць да футболу. Я чула, што спалілі дом футбаліста, які не забіў пенальці ў дадатковы час, а ягоная сям’я была вымушаная пераехаць.

 

Гэта быў П’ер Ўомэ, а Камерун тады не трапіў на чэмпіянат свету ў Германіі. Уся ягоная сям’я вымушаная была доўгі час знаходзіцца пад аховай паліцыі. Гэты выпадак ілюструе фанатызм, з якім афрыканцы ставяцца да футболу. Вечарамі яны збіраюцца ў корчмах каля тэлевізара, сочаць за еўрапейскімі лігамі і гол або добрую перадачу іх футбаліста адзначаюць цэлую ноч. Афрыканскі футбол — бясконцая тэма для размовы. Напрыклад, каманда мае не толькі трэнера і мэнэджара, але яшчэ святара і чараўніка. Калі гуляе Конга, Габон або Бенін, супернік правярае іх браму: ці не зачараваная яна часам.

 

Праца над якой кнігай Вас найбольш захапіла?

 

Над “Знахаром” я працаваў сем гадоў.

 

За “Знахара” Вы атрымалі Anasoft — узнагароду за найлепшую кнігу 2007 году. Гэтая прэмія была для Вас нечаканай?

 

Для мяне гэта вялікі гонар. Безумоўна, гэта была прыемная нечаканасць, бо на прэмію прэтэндавалі і мае любімыя пісьменнікі, творы якіх я з захапленнем чытаў яшчэ ў дзяцінстве: Павел Вілікоўскі і Душан Душэк.

 

Дзве свае кнігі Вы напісалі ў суаўтарстве з Эманам Эрдэлі. Наколькі атрымліваецца, пісаць у тандэме?

 

З Эманам мы пісалі, калі яшчэ разам жылі ва ўніверсітэцкім інтэрнаце. Мы настолькі добра ведалі адзін аднаго, што я мог працягнуць ягоную думку. Пісанне ў тандэме не ёсць чымсьці незвычайным. А вынік цалкам адрозніваецца ад твора аднаго аўтара.

 

Гэта была не апошняя вашая сумесная праца. У мінулым годзе паведамілі пра выданне вашай агульнай кнігі “Славакія — перліна джунгляў”. Калі можна чакаць яе друкам?

 

Яна ўжо падрыхтаваная, засталося зрабіць апошнюю карэктуру. Але не магу сказаць дакладна, ці пабачыць яна свет. У аснове кнігі шмат фотаздымкаў, што вымагае лепшай паперы і друку.

 

На сённяшні дзень ці працуеце Вы над нейкім творам?

 

Апавяданняў з’яўляецца ўсё больш, але мой тэмп можна ахарактарызаваць як афрыканска-лайдацкі. На шчасце, ніхто на мяне не цісне з выданнем. Пішу сапраўды толькі тады, калі маю што сказаць.

 

Інтэрв’ю Яны Агурчакавай (Jana Ogurčáková),

“Korzar”, 18 сакавіка 2010

 

пераклад са славацкайМарына Кажарновіч

Чытайце таксама

Колькі словаў аб заходнепалескай гаворцы. З уласнага досведу

Ганна Міхальчук

Колькі словаў аб заходнепалескай гаворцы. З уласнага досведу

Бадай, мала хто наважыцца аспрэчваць той факт, што погляды на Палессе і ягонае месца ў беларускай культурнай і моўнай прасторах даволі неадназначныя і часам вельмі суб'ектыўныя...

Эфект Пігмаліёна

Кацярына Маціеўская

Эфект Пігмаліёна

“Азіраючыся, я бачу вакол (у тым, што датычыць мяне) толькі густа нацукраваныя легенды, у якіх лыжка стане тарчма”, — напісаў у 1950 годзе ў кнізе “Цяжар быцця” французскі пісьменнік, мастак і рэжысёр…

Кнігі-мутанты: новае жыццё класічных сюжэтаў

Кнігі-мутанты: новае жыццё класічных сюжэтаў

Вам падаецца, марскія пачвары, жывыя мерцвякі, зомбі і ніндзя — усе гэтыя героі сучасных коміксаў і фільмаў жахаў — несумяшчальныя з вытанчанымі манерамі галантных кавалераў і стрыманых паненак, што кахаюць…

Гісторыя аднаго сына

Ганна Янкута

Гісторыя аднаго сына

Пра шумны працэс над Оскарам Ўайлдам ведаюць нават тыя, хто ангельскай літаратурай асабліва не цікавіцца.

880