№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Юя Вісландэр

Дзяцей проста трэба слухаць

5 жніўня 2012

Дзяцей проста трэба слухаць
— Як Вы вырашылі пісаць творы для дзяцей? Якое месца займае дзіцячая літаратура ў Вашай творчасці? Ці працуеце Вы паралельна ў іншай літаратурнай сферы?

— Калі мае дзеці былі маленькімі, мы жылі разам з іншымі сем’ямі, і разам з іх дзеткамі складалі песні, казкі, прыдумлялі рухавыя гульні, і ўсё гэта на словы саміх дзяцей. Вечарамі, напрыклад, мы рабілі маленькую пустую кніжку, і калі дзеці клаліся спаць, пыталі: “Ну, пра што ў нас будзе сёння казка?” І яны расказвалі пра свае думкі і перажыванні за дзень. Бывала, гісторыі атрымліваліся нейкія дзіўныя, незразумелыя, але часам яны выходзілі вельмі вясёлымі. Мы рабілі да іх малюнкі, і дзеці з вялікім задавальненнем чыталі ўголас свае ўласныя гісторыі. Неўзабаве мы заўважылі, што гэтыя казкі падабаюцца іншым дзецям, і пачалі іх публікаваць. Мы навучыліся разумець, што круціцца ў галовах дзяцей і як забаўна, як мудрагеліста яны гэта апісваюць.

Калі казаць пра мастацкую літаратуру, я дагэтуль пішу толькі дзіцячыя кнігі. А ўвогуле я ўжо шмат гадоў даследую дзіцячыя гульні і дзіцячае маўленне, выступаю з лекцыямі на гэтыя тэмы, а цяпер яшчэ, як і многія іншыя дзіцячыя пісьменнікі, вяду калонку на сайце Шведскай акадэміі дзіцячай кнігі.

— Як да Вас прыходзяць ідэі дзіцячых твораў? Калі можна, з прыкладамі.

— На гэтае пытанне я часткова ўжо адказала вышэй. Амаль усе гісторыі ў маіх кнігах выцякаюць з нейкай гульні, распачатай дзецьмі. Мы часта стваралі з лічылак і нейкіх гульняў цэлыя песні. Напрыклад, амаль усе ідэі апавяданняў пра Маму Му паходзяць з рэальнага досведу дзяцей. “Мама Му паранілася”: кроў, пластыр — і суцяшэнне! — гэта важныя падзеі ў дзіцячым свеце. “Мама Му на арэлях”: “Гушкаюся я, гушкаешся ты, гушкаемся мы туды-сюды!” — так спявае малое дзіця. “Мама Му, Крумкач і Каляды”: хіба мала якім дзецям хочацца адразу разгарнуць свае калядныя падарункі, хіба мала хто так і робіць? І гэтае адчуванне, калі ўсе скруткі ўжо разгорнутыя…

Ці, напрыклад, кнігі пра Малога і Білан: там амаль усё — сапраўдныя гульні, у якія гулялі мае дзеці.

Кнігі пра Дзённага прывіда былі спачатку толькі фантазіямі пра прывіда чорнага колеру, якога не бачылі ўначы, прывіда, які пужае ўдзень і якога ніхто не баіцца. Гэта быў такі спосаб для дзяцей змагацца з бояззю прывідаў і цемры.

— Ці трымаецеся Вы пэўных прынцыпаў у дзіцячай літаратуры? З іншага боку, ці лічыце Вы, што ў ёй ёсць стэрэатыпы, з якімі трэба змагацца?

— Я перакананая, што дзеці пачынаючы з першага імгнення свайго жыцця робяць усё, напраўду ўсё, каб зразумець нас і гэты свет. Яны паўтараюць за намі, спрабуюць новае — зноў і зноў (як Мама Му) — і такім разумным спосабам набываюць уменні. Праз гульні яны набываюць уяўленне пра свае праблемы, мары і жаданні. Усё, што з імі здараецца, усе дзівацтвы, якімі займаемся мы, дарослыя, яны перамолваюць на млыне гульні.

Я часта думаю, што мы, дарослыя, спрабуем вучыць дзяцей, расказваючы ім, як пабудаваны свет. Не кажучы пра тое, як моцна сядзіць у нас перакананне, што дзяцей трэба выхоўваць. Я лічу, што галоўным чынам трэба падтрымліваць саму стваральную фантазію дзяцей, іх гульнявыя здольнасці.

Гэтым я не хачу сказаць, што не патрэбная спецыяльная літаратура для дзяцей. Большасць дзяцей цікаўныя і хочуць вучыцца самаму рознаму. Я маю на ўвазе, што іх проста трэба слухаць, заахвочваць, каб яны развівалі свае здольнасці, сваю мову — і тады ў іх будуць і ўменні, і розум, каб навучыцца ўсяму, што яны хочуць.

— Якім чынам Вы прэзентуеце свае дзіцячыя творы (у межах і за межамі краіны)? Раскажыце пра цікавы досвед.

— Амаль заўсёды прэзентацыяй маіх кніг займаецца маё выдавецтва. Прэзентацыі адбываюцца ў кнігарнях, бібліятэках, на старонках інтэрнэт-крамаў, якія займаюцца продажам кніг, і г.д. У мяне ёсць уласны сайт, дзе я прадаю свае кнігі, а яшчэ я вяду там блог. Але вялікім продажам і маштабнай прэзентацыяй займаецца выдавецтва.

Часам я выязджаю за мяжу з нагоды перакладаў маіх кніг на іншыя мовы. Вельмі здорава сустрэць сваіх чытачоў з іншых краін і пачуць, як там прымаюць мае кнігі. А яшчэ лепей наведваць такія краіны, як ваша, дзе сапраўды ёсць вельмі вялікая цікавасць да літаратуры. Мне было вельмі прыемна пабываць у Беларусі!

— Раскажыце пра сітуацыю з дзіцячай літаратурай у сваёй краіне, у тым ліку з перакладной. Назавіце, калі ласка, творы, вартыя перакладу на беларускую мову.

— У нас вельмі шмат выдаецца, сёлета, здаецца, выйшла больш за 1700 кніг. Дзіцячая кніга ў Швецыі на моцных пазіцыях, мы вельмі цікавімся рознымі жанрамі дзіцячай літаратуры. Я працую толькі з кнігамі для дзяцей малодшага ўзросту, часта гэта кнігі ў малюнках. Таксама нас вельмі цікавіць наватарская ілюстрацыя. У нас ёсць кнігі для ўсіх узростаў, ёсць кнігі для чытання ўголас, для лёгкага чытання, для самастойнага чытання, ёсць кнігі для падлеткаў, кнігі для моладзі і дарослых.

Добрых кніг, вартых перакладу, вельмі шмат. Думаю, тут мог бы нешта параіць Шведскі інстытут дзіцячай кнігі (Svenska barnboksinstitutet). Яны праводзяць даследаванні і апытанні і, безумоўна, могуць падказаць кнігі для перакладу.

Чытайце таксама

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне

Аксана Данільчык

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне "новай" жанчыны

Літаратуразнаўцаў цікавіць у першую чаргу літаратурны працэс, хоць для яго разумення, безумоўна, неабходна трымаць пад увагай умовы, у якіх ён праходзіў. Ці правамоцны ўвогуле падзел літаратуры, у прыватнасці…

Справа Роджэра Кейсмента

Ганна Янкута

Справа Роджэра Кейсмента

Як каталіцкай Ірландыі ставіцца да свайго героя, калі ён гомасэксуал і аўтар эратычнага дзённіка, вядома пад назвай "Чорныя сшыткі"? І самая вялікая інтрыга, пра якую напярэдадні выдання кнігі Марыё Варгаса…

Прэмія Акутагава. Прэмія Наокі

Прэмія Акутагава. Прэмія Наокі

15 студзеня 2009 года былі абвешчаны пераможцы двух вышэйшых літаратурных узнагародаў Японіі. Прэмію Акутагава, якая ў гэтым годзе ўручалася ў 140 раз, атрымала маладая пісьменніца Кікуко Цумура за свой…

Згадкі пра 2009 год

Згадкі пра 2009 год

Набліжаецца заканчэнне году, і самы час цяпер скласці, нібы пазл, усе значныя падзеі, што адбыліся сёлета, каб паглядзець, якая атрымаецца карцінка. Вось і мы прапануем вам пагуляцца з намі ў складанку,…

1551