№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марк Валерый Марцыял

Няма куды праўдзівей

Выбраныя эпіграмы

Пераклад з лацінскай Антон Францішак Брыль

І.27

 

Я цябе ўчора ўвечары, Працыле,

З дзесяць выпіўшы келіхаў, напэўна,

Клікаў заўтра ж са мною адабедаць.

Ты ж падумаў, што ўмоўленая справа,

Ды й запомніў мае п'яныя словы —

Вось дзе прыклад мы бачым небяспечны:

Не люблю памятýшчых на папойках.

_________________________________________________

 

Форма: фалекаў гендэкасілаб.

 

Апошні радок — грэцкая прыказка.

 

 

I.32

 

Вельмі цябе не люблю, Сабідый; не знаю, завошта.

Знаю дакладна адно: вельмі цябе не люблю.

_________________________________________________

 

Форма: элегічны двуверш.

 

 

І.43

 

Шэсцьдзесят нас на абед паклікаў ты ўчора, Манцыне,

Ды частаваў нас адным ты адзінюткім дзіком.

Ні вінаграду не даў, сабранага з восеньскіх лозаў,

Ні саладзейшых за мёд яблыкаў нам не паднёс.

Грушаў там не было, падвешаных да жаўтазелю,

Колерам ружы не ззяў там карфагенскі гранат,

І не прыслалі сыроў сялянскія землі Сасіны,

Ані гаршчок не ўдзяліў добрых піцэнскіх аліў.

Толькі што дзік! Ды і той недарослы — такога рукамі

Голымі здолеў бы ўраз карлік нямоглы забіць.

Болей нічога; глядзець заставалася нам, ды і толькі —

Можна і ў цырку дзіка есці вачамі не горш.

Хай табе болей на стол аніколі дзікоў не трапляе —

Трап лепей сам на ікол, як Харыдэм, да дзіка.

_________________________________________________

 

Форма: элегічны двуверш. У восьмым радку — рыфма ў пентаметры. Такое ўпрыгожанне пентаметрычнага радка (рознай сілы сугуччы ў заканчэннях двух паўрадкоўяў) дужа пашырылася яшчэ ў часы Аўгуста, калі пісалі Авідый і Праперцый. Нярэдка гэтым прыёмам карыстаецца і Марцыял.

 

…як Харыдэм, да дзіка — вельмі праўдападобна, што гэты радок адсылае да сучаснай Марцыялу і з нейкіх прычынаў памятнай гібелі чалавека на арэне; пажаданне ў такім разе гучыць мацней, чым можа здацца на першы погляд.

 

 

IV.71

 

Доўга між рымскіх дзяўчат шукаў я, Сафронію Руфе,

Хто з іх адказвае "не". Тут не адказваюць "не".

Быццам адмовіцца — грэх, ці няслава, ці супраць закону

Ў нашай цяпер старане — тут не адказваюць "не".

То і цнатлівак няма? Ды тысячы. Як гэта? Проста:

Панна хаця й не дае, "не" не пачуць ад яе.

_________________________________________________

 

Форма: элегічны двуверш з асабліва выразным выкарыстаннем рыфмы ў пентаметрах.

 

 

IV.81

 

Фабýла, прачытаўшы злосны мой вершык

Аб тым, што адмаўляць не ўмеюць тут панны,

Адмовіла ўжо раз, пасля другі, трэці

На просьбы закаханыя. Чакай, досыць!

Адмовы я хацеў не наадрэз, простай!

_________________________________________________

 

Форма: халіямб.

 

 

VII.3

 

Пантыліяне, чаму не дару я сваіх табе кніжак?

Каб не дарыў мне і ты, Пантыліяне, сваіх.

_________________________________________________

 

Форма: элегічны двуверш.

 

 

VIII.69

 

Толькі даўнім ты дзівішся, Вацэра,

Толькі мёртвым паэтам славу ўзносіш.

Ты, Вацэра, даруй, але не згодны,

Каб табе спадабацца, паміраць я.

_________________________________________________

 

Форма: фалекаў гендэкасілаб.

 

 

VIII.76

 

"Праўду, Марку, скажы мне толькі праўду!

Праўду слухаць мацней за ўсё люблю я!"

Так мяне, прачытаўшы ўласных вершаў

Ці прамовіўшы новую прамову,

Просіш-моліш ты, Галіку, заўсёды.

Ці ж магу на мальбы твае не зважыць?

Слухай праўду, няма куды праўдзівей:

Праўду чуць ані кроплі ты не прагнеш.

_________________________________________________

 

Форма: фалекаў гендэкасілаб.

 

 

IX.10

 

Хочаш ты, Паўла, пайсці за Прыска? Гляджу, не дурная.

Прыск адмаўляецца браць? Бачу, і ён не дурны.

_________________________________________________

 

Форма: элегічны двуверш.

 

 

IX.15

 

Сем пахаваўшы мужоў, на грабніцах нягодная Хлоя

Піша: зрабіла, маўляў, Хлоя. Куды ўжо ясней?

_________________________________________________

 

Форма: элегічны двуверш.

 

 

IX.19

 

Трыста вершаў, Сабэле, склаў ты лазням

Хлебасольнага Понтыка. Сабэле!

Не памыцца ты марыш — паабедаць.

_________________________________________________

 

Форма: фалекаў гендэкасілаб.

 

 

XI.63

 

Ты за мной, Філамузе, ў лазні сочыш

Ды пытаешся, што вакол мяне там

Хлопцы робяць ялдастыя такія.

Адкажу табе шчыра і няхітра:

Пруць у дупу цікаўных, Філамузе!

_________________________________________________

 

Форма: фалекаў гендэкасілаб.

 

пераклад з лацінскай — Антон Францішак Брыль

 

© Антон Францішак Брыль, пераклад, каментар, 2012

Пераклад з лацінскай – Антон Францішак Брыль © 2013

Чытайце таксама

Ганна Сілівончык

Ганна Сілівончык

Беларуская мастачка

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Дар'я Трайдэн

Дар'я Трайдэн

Святлана Макаравіч

Святлана Макаравіч

Адна з найбольш яскравых і спрэчных постацяў у сучаснай славенскай літаратуры

3867