№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Казкі пра злыдняў на кожны дзень тыдня

Шведскія народныя казкі

Пераклад са шведскай Алеся Башарымава

Браты-злодзеі

(Tre stjälande bröder)

 

У адной удавы было трое сыноў — уся спадчына, што пакінуў ёй муж па сабе. І вось цяпер, калі бацька іхны памёр, яна не магла больш іх пракарміць і таму сказала, каб яны ішлі ў шырокі свет і знайшлі сабе службу ці неяк інакш шукалі свайго шчасця. Яны ж змалку прывыклі сядзець дома, і працаваць ім асабліва не даводзілася, таму і вырашылі, што служыць камусьці — гэта для іх зашмат.

 

— Мы і вас, і сябе самі накормім, нам для таго не трэба служыць, — сказалі яны маці.

 

— І як жа вам гэта ўдасца? — пацікавілася ўдава.

 

— Ну, скажам, сёння ўначы мы пойдзем да багацея Пэра, — сказаў старэйшы сын, — і сцягнем у яго па аўцы, так што прынамсі на першы час будзе ў нас мяса.

 

Удава не хацела іх пускаць, бо лічыла гэтае ліхадзейства вялікім грахом і вельмі небяспечнай авантурай. Калі іх схопяць, то мала што пакараюць — яшчэ і на ўсё жыццё зняславяць. Але ўпартыя браты ўсё адно вырашылі пайсці.

 

— Можна і мне з вамі, браточкі? — папрасіўся малодшы, якому было гадкоў дванаццаць або трынаццаць. Астатнія браты былі ўжо дарослыя.

 

— Нашто ты нам там, дзіцёнак? — сказалі яны. — Толькі замінаць будзеш. Сядзі дома.

 

Тады хлопчык пакрыўдзіўся і адправіўся да селяніна сам.

 

— Калі вы дасце мне заўтра адну авечку, — сказаў яму хлопчык, — я павартую вашую чараду ад злодзеяў гэтай ноччу.

 

— А што, — сказаў селянін, — табе хіба вядома, што прыйдуць злодзеі?

 

— Прыйдуць, як бачыш прыйдуць, ранкам будзе вам доказ.

 

— Што ж, — сказаў селянін, — калі будзе такі доказ, атрымаеш сваю авечку.

 

З тым хлопчык і пайшоў у авечнік. Здабыўшы сабе дубіну, ён стаў сярод авечак і пачаў чакаць. Недзе пасярод ночы прыйшлі браты. Яны асцярожна разнасцежылі дзверы, і адзін з іх сказаў:

 

— Патрымай дзверы, я адну вазьму! Потым я патрымаю табе.

 

Старэйшы брат увайшоў першы, і толькі ён сабраўся схапіць авечку, як хлопчык падскочыў і выцяў яго дубінай па лбе, так што ён ажно паваліўся назад. Хлопчык ухапіўся за братаву рукавіцу і сцягнуў яе. А той закрычаў:

 

— Ай! Бараны, шэльмы, б’юцца!

 

— Ды ты дурны як варона, — сказаў другі. — Давай патрымай мне дзверы і вучыся, як трэба рабіць!

 

Толькі ён увайшоў, як хлопчык хуценька выцяў яго па чэрапе і сцягнуў рукавіцу.

 

— Ай, ёшкін кот! Ну і злосныя ў іх бараны! Тут мы на авечак не разжывемся.

 

Засмучаныя сваёй няўдачай, вярнуліся яны дахаты з пустымі рукамі.

 

А хлопчык прыйшоў ранкам да селяніна і паказаў рукавіцы.

 

— Дасце мне цяпер авечку, дзядзьку? Вось вам доказ, што ўначы ў авечніку былі злодзеі!

 

Тады селянін даў яму авечку. Радасны, пайшоў хлопчык дахаты, а дома спытаў у братоў:

 

— Ну, і дзе вашыя авечкі? Вось гляньце, што я сцягнуў.

 

— Ты праўда яе ўвалок? — здзівіліся браты.

 

— Анягож, — пасміхнуўся хлопчык. — А вы проста няўдахі: такія вялікія і дужыя, а не змаглі здабыць ніводнай авечкі!

 

— А як тут што здабудзеш, — адказалі яны, — калі гэтыя чортавы бараны б’юцца, як шалёныя! Яны нам ледзь чарапы не раскалолі!

 

— Мяне яны не білі, — сказаў малодшы і зарагатаў.

 

— А, усё адно, — сказалі браты. — Гэтай ноччу мы зноў пойдзем да таго селяніна, сцягнем парачку гусакоў. Яны, прынамсі, нас не паб’юць.

 

— Браточкі, а мяне з сабой возьмеце? — спытаў хлопчык.

 

— Яшчэ чаго, ты нам толькі замінаць будзеш, — адказалі яны.

 

Хлопчык пакрыўдзіўся і пайшоў да селяніна.

 

— Калі дасце мне заўтра аднаго гусака, — сказаў ён яму, — то я павартую вашых гусей гэтай ноччу.

 

— А што, — сказаў селянін, — табе хіба вядома, што прыйдуць злодзеі?

 

— Прыйдуць, як бачыш прыйдуць, ранкам будзе вам доказ.

 

— Што ж, — сказаў селянін, — калі будзе такі доказ, атрымаеш свайго гусака.

 

Знайшоўшы сабе клешчы, хлопчык прыйшоў у гусятнік і стаў між птушак. Сярод ночы прыйшлі браты, і адзін сказаў другому:

 

— Патрымай дзверы, а я вазьму!

 

Толькі ён увайшоў і сабраўся схапіць гусака, як хлопчык падскочыў і ўшчыкнуў яго кляшчамі за нос, і даволі моцна.

 

— Ай! — падскочыў той і згубіў капялюш. — Проста жах як яны шчыкаюцца!

 

— От дурань! — сказаў другі. — Цяпер ты трымай дзверы, а я вазьму гусака.

 

Але калі ён увайшоў, з ім адбылося тое самае, толькі яго хлопчык ушчыкнуў крыху мацней. Брат спужаўся і згубіў капялюш.

 

І падаліся браты дахаты яшчэ больш засмучаныя, чым першы раз. Зноў яны не прынеслі нічога. А хлопчык узяў іхныя капелюшы і ранкам прыйшоў з імі да селяніна.

 

— Глядзіце, — сказаў хлопчык, — вось вам сведчанне, што ў гусятніку ўначы былі злодзеі. Я сцягнуў іх капелюшы, гэта мой вам доказ.

 

Селянін падзівіўся ўмельству малога і даў яму гусака. І хлопчык радасны пайшоў дахаты.

 

Калі ён вярнуўся з гусаком, браты моцна здзівіліся яго спрыту.

 

— Ну, і дзе вашыя гусі? Ці скралі? — спытаў хлопчык.

 

— Ды як тут што скрадзеш, калі яны так шчыкаюцца, што ледзь насы нам не паадрывалі, — сказалі браты.

 

Пачуўшы гэта, хлопчык аж зарагатаў з небаракаў. Ну зусім не ўмеюць красці!

 

— Вось вам, — сказаў ён, паказваючы свайго вялікага, тлустага гусака, — глядзіце, якога цудоўнага гусака я сцягнуў гэтай ноччу.

 

— Я прапаную яшчэ адну штуку паспрабаваць, — сказаў старэйшы брат. — У таго селяніна, я ведаю, ёсць мяса і сала на гарышчы. Давайце сёння ўначы пойдзем і набяром сабе па меху. Там нас ужо дакладна ніхто не забадае, не паб’е, не задушыць і не ўшчыкне.

 

— А цяпер вы мяне з сабой возьмеце? — спытаў малы.

 

Браты вырашылі, што ён ужо добра паказаў сваё ўмельства, і сказалі:

 

— Добра, сёння ты пойдзеш з намі, паглядзім, што ў нас атрымаецца.

 

На гарышчы ў селяніна аказалася не так шмат таго мяса, як яны думалі. Старэйшыя браты набралі сабе па меху, а малому не засталося нічога. Хлопчык прыкінуўся незадаволеным.

 

— Нешта ўзяць я павінен, — сказаў ён і пачаў здымаць дзверы.

 

Старэйшым братам гэтыя вымудры не спадабаліся.

 

— А дзверы табе на якое ліха? — зашыпелі яны на малога.

 

Дзверы былі цяжкія, і ім давялося дапамагчы брату зняць іх.

 

Яны злаваліся на ўпартага хлопца і шкадавалі, што ўзялі яго з сабой.

 

— Я так і думаў, што з цябе адно гора будзе, — сказаў старэйшы брат. — Ах, ну мы і дурні, навошта мы цябе ўзялі!

 

Яны зноў паспрабавалі адгаварыць яго браць з сабой дзверы і адмовіліся яму дапамагаць.

 

— Мне таксама штосьці мусіць дастацца, — сказаў хлопчык. — А больш адсюль нічога не сцягнеш. Калі не хочаце дапамагаць, дык я пайду да селяніна і пра вас раскажу.

 

Браты спужаліся, знялі дзверы з засоваў і нарэшце рушылі дахаты. Праўда, яны не маглі ісці так хутка, як хацелі, бо мусілі дапамагаць малому цягнуць дзверы. Калі пачало світаць, браты былі толькі напаўдарозе. Баючыся, што іх знойдуць, яны не наважваліся ісці далей. Браты так раззлаваліся на малога, што пачалі яго біць і штурхаць. Доўга яны стаялі і разважалі, як ім цяпер быць, і ўрэшце хлопчык прыдумаў выйсце, якое братам адразу спадабалася.

 

Зусім побач з імі раскінуўся зялёны луг, пасярод якога рос вялікі разгалісты дуб.

 

— Слухайце што, браточкі! Ёсць план! Давайце залезем на гэты дуб і схаваемся ў густой лістоце. Прасядзім ціха ўвесь дзень, і ніхто нават не здагадаецца, што мы там.

 

Яны палезлі на дуб, і, хоць браты і пляваліся, і лаяліся, ім давялося ўсцягнуць з сабой і дзверы. Схаваўшыся ў лістоце, хлопцы ціха сядзелі і чакалі, калі скончыцца дзень.

 

Недзе апоўдні пад’ехала вялікая кампанія прыдворных на чале з графам і графіняй. Яны спыніліся ў захапленні ад маляўнічасці лугу і ад прыгажосці вялікага дуба. Спадарства было з горада і не прывыкла да вольных краявідаў.

 

— Ах, які прыгожы луг, якое вялікае дрэва! — замілавана ўсклікнула графіня. — Давайце распражэм коней і папалуднуем у гэтым чароўным месцы!

 

Граф адразу ж пагадзіўся. Служка выпраг коней з карэт, а камерысткі тым часам расставілі посуд. Посуд быў вельмі дарагі. Талеркі, нажы, відэльцы, лыжкі — усё было зроблена са срэбра і прыгожа ззяла і бліскала ў вочы тым, хто стаіўся на дрэве.

 

Праз нейкі час пасля таго, як панства ўзялося за ежу, малодшы брат сказаў:

 

— Ох, браточкі, я больш не магу цярпець!

 

— Ды ты звар’яцеў ці што? — абурыліся браты. — Ты ўсё нам сапсуеш!

 

— Ну мы і дурні, што ўзялі цябе з сабой, маляўка! — злосна прашаптаў адзін з братоў. — Так бы мы ўжо дома сядзелі.

 

— Усё, не магу цярпець, — сказаў хлопчык.

 

Тут графіні, якая сядзела пад самым дубам, на галаву, на плечы і рукі пачалі падаць кроплі. Яна зірнула ўгору на разгалістую крону і ўсклікнула:

 

— Ах, як жа міла на вольнай прыродзе! Глядзіце, з дрэва падаюць кроплі расы!

 

— А што такое раса, матуля? — спытала маленькая дзяўчынка, што сядзела каля графіні.

 

— Раса, мая дзетка, — гэта вільгаць, якая збіраецца ад начнога холаду на лісточках. Калі прыходзіць дзень і сонейка награвае халоднае паветра, кропелькі расы не могуць больш трымацца на лісточках і падаюць на зямлю.

 

— Цікава, які ў іх смак! — сказала дзяўчынка і ўзяла пальчыкамі некалькі кропель, што ўпалі на яе талерку. — Ой, мама, яны горкія! Чаму так?

 

— Гэта таму, што лісточкі, на якіх ляжала раса, горкія на смак, — патлумачыла графіня, якая таксама пакаштавала некалькі кропель. Хутка ўсе зацікавіліся расой і вельмі ажывіліся. Тут хлопчык сказаў:

 

— Я больш не магу трымаць дзверы. Ой, я іх зараз адпушчу, рукі проста не слухаюцца.

 

— О, і нашто мы цябе ўзялі! — усклікнулі перапалоханыя браты. Яны не маглі нават дапамагчы малому трымаць тыя дзверы, бо ў кожнага было па набітым меху. Яны стагналі і жаліліся, што ўзялі малога з сабой. І вось калі яны зусім разышліся, хлопчык выпусціў дзверы, і яны ўпалі проста пасярод кампаніі.

 

— Ой! Ой! — падхапіліся ўсе як адзін з зямлі. — Напэўна, тут недзе тролі! Яны, магчыма, сядзяць на дрэве! Хутчэй адсюль!

 

Коней запрэглі ўмомант, і хутка панства было ўжо далёка. Тады хлопчык сказаў:

 

— Усё, я злажу! Спушчуся паем чаго, я галодны.

 

— Ты, відаць, звар’яцеў? — сказалі браты. — Яны могуць хутка вярнуцца па сваё срэбра! Бяды не абярэшся!

 

— Хай будзе як будзе, — сказаў хлопчык, — а я спушчуся і паем.

 

Браты засталіся наверсе, баючыся нават уздыхнуць.

 

Наеўшыся, хлопчык сказаў:

 

— А цяпер вазьму я гэты посуд і пайду дахаты!

 

Браты хацелі яго адгаварыць, але той узваліў свой скарб на плечы і пакрочыў дадому. А браты прасядзелі ўвесь дзень на дрэве, ні дабра ні бяды не прычакаўшы, і толькі калі зрабілася зусім цёмна, спусціліся і пайшлі дахаты.

 

 

 

Калматая Лудзі

(Lilla Ludi)

 

Жылі-былі кароль з каралеваю. Шмат гадоў пражылі яны разам, але як ні хацелі, як ні жадалі яны мець дзяцей, ніхто ў іх не нараджаўся. Усё больш і больш агортвалі іх туга і самота.

 

Ды вось аднойчы кароль адправіўся на вайну, і пакуль яго не было, у каралевы нарадзіліся адразу дзве маленькія прынцэсы. Але прынцэса, што нарадзілася першай, зверху была як авечка, а знізу — як чалавек і да таго ж, як толькі нарадзілася, уцямна загаварыла. Затое другая прынцэса была незвычайна прыгожая.

 

Старэйшая звала сама сябе Калматая Лудзі. І вось калі кароль вярнуўся з вайны, яна выбегла яму насустрач і расказала, што яна — старэйшая прынцэса, што яе завуць Калматая Лудзі і што ў яе ёсць сястра нашмат за яе прыгажэйшая. Але Лудзі папрасіла караля, каб ён любіў яе гэтаксама, як і яе маленькую сястрычку-красуню, якая пакуль ляжала ў калысцы і не магла размаўляць. Кароль паабяцаў ёй гэта і пагладзіў Лудзі па калматай галаве.

 

Аднойчы служанка, што глядзела маленькіх прынцэс, зірнула ў акно і, убачыўшы, як прыгожа на дварэ, адчыніла яго і пасадзіла маленькую прынцэсу на падваконне. Знянацку наляцеў магутны віхар, пранёсся па замкавым унутраным двары, уварваўся ў пакой і адарваў галаву маленькай прынцэсе-красуні, начапіўшы ёй замест гэтага галаву сабакі.

 

Кароль з каралеваю памерлі ад гора, бо ніяк не маглі забыцца на сваё няшчасце.

 

Тады Калматая Лудзі сказала сястрычцы:

 

— Давай пойдзем да мора, сядзем у човен і паплывем у якое-небудзь іншае каралеўства!

 

І вось адным чароўным летнім вечарам яны прабраліся да берагу, селі ў човен і паплылі далёка-далёка праз мора. Так прыплылі яны ў іншае каралеўства. Яны прычалілі ў прыбярэжнай пячоры, і Лудзі сказала:

 

— Сядзі ў чоўне, сястрычка, а я схаджу ў каралеўскі палац і спытаюся, ці можна нам тут застацца. І паесці табе прынясу. Але глядзі, нікому на вочы не паказвайся!

 

І пайшла Калматая Лудзі да каралеўскага палаца. Калі яе пусцілі да караля, яна папрасілася застацца ў яго ўладаннях, і ёй дазволілі не толькі застацца, але і начаваць у пакоі караля і каралевы. На падлозе ёй паклалі падушку, і там яна спала начамі, а ўдзень бегала на бераг з ежай і адзеннем для сястрычкі, якая жыла ў пячоры.

 

Так мінуў год, і зноў настала вясна. У Вялікі чацвер Калматая Лудзі ніяк не магла заснуць уначы, а ўсё бегала туды-сюды па пакоі.

 

— Што ты носішся? — сказала каралева. — Калі не супакоішся і не ляжаш, я цябе праганю.

 

Тады Лудзі запаўзла на сваю падушку і ляжала там ціха-ціха.

 

Праз нейкі час яна ўбачыла, як каралева ціха і асцярожна, каб не пабудзіць караля, паднялася з ложка. Яна схавала пад пахай нейкую скрынку, нацерла качаргу здорам з другой скрыначкі, а потым адкрыла дымаход, села на качаргу і сказала:

 

— Угору, абы не ўніз! — і адразу ж вылецела ў дымаход.

 

Лудзі ўскочыла, схапіла шчыпцы для вугалю і змазала іх тым самым тлушчам, якім каралева націрала качаргу. Потым ускочыла на іх і сказала:

 

— Угору, абы не ўніз!

 

І таксама вылецела праз дах і панеслася следам за каралевай.

 

Яны імчалі высока ў небе разам з цэлай зграяй ведзьмаў. Яны заляталі ў кожную званіцу, сашкрабалі медзь са званоў і націралі ёй сваіх “коней”. Так дабраліся яны да высокай гары, на якой стаяў чырвоны будан. Там яны саскочылі з “коней” і павесілі іх на сцяну. А Калматая Лудзі спынілася зводдаль і стала сачыць за ведзьмамі.

 

Старыя паселі за вялізны стол, застаўлены ўсялякімі стравамі, і пачалі есці. Пад’еўшы, яны падняліся, посуд прыбралі, і каралева паставіла на сярэдзіну стала сваю скрынку. Яна прыўзняла вечка, і Лудзі ўбачыла ў скрынцы маленькую галаву. Яна адразу ж яе пазнала, бо гэта была галава яе сястрычкі, якую адарваў віхар, калі маленькая прынцэса сядзела на акне. Ведзьмы сталі ў кола і пачалі танчыць вакол стала. Пазабаўляўшыся так нейкі час, яны выйшлі, паздымалі сваіх “коней” са сцяны, паселі на іх і закрычалі:

 

— Уніз, абы не ўгору!

 

І зляцелі прэч. Калматая Лудзі паляцела следам. Каралева заляцела ў свой пакой праз дымаход і зноў легла побач з каралём, а Лудзі асцярожна забралася на сваю падушку ў куце.

 

Калі аднойчы Калматая Лудзі засталася ў пакоі адна, яна ўзяла сястрыччыну галаву са скрынкі і пабегла з ёю да берага. Там яна ўдарыла сястру па сабачай галаве так, што тая саскочыла, і тады начапіла сястрычцы яе сапраўдную прыгожую галоўку. Сабачую галаву яна падабрала, каб потым пакласці ў скрынку.

 

— Але будзь асцярожнай, нікому не паказвайся! — сказала Лудзі сястры і пабегла ў палац.

 

Праз год, калі настаў Вялікі чацвер, Калматая Лудзі не спала ўначы, а сачыла, ці паляціць каралева зноў на гару. Анягож! Пасярод ночы каралева паднялася з ложка, падрыхтавала ўсё як мінулым разам і вылецела праз дымаход. Калматая Лудзі таксама ўстала, зрабіла ўсё як каралева і паляцела следам. Калі ж яны прыляцелі да высокай гары, Калматая Лудзі спынілася зводдаль і пачала назіраць, як вяселяцца ведзьмы ў чырвонай хаціне. Калі яны пад’елі, каралева дастала сваю скрынку і паставіла яе пасярод стала. Але, зняўшы вечка, яны ўбачылі сабачую галаву замест прыгожай галавы дзяўчынкі. Ведзьмы так раззлаваліся, што накінуліся на каралеву і вырвалі з яе грудзей сэрца, а замест яго запхнулі жмут саломы. А потым яны паляцелі назад, і Калматая Лудзі імчала следам за каралевай.

 

З таго дня Лудзі, дзе б ні хадзіла, усё мармытала сабе пад нос — але так, каб чуў кароль:

 

— Каралева з саламяным сэрцам.

 

Кароль падзівіўся, што гэта можа значыць, і аднойчы спытаў Калматую Лудзі, у каго гэта саламянае сэрца.

 

— У каралевы саламянае сэрца! — сказала Лудзі і пабегла прэч.

 

Тады кароль памацаў, ці саламянае ў каралевы сэрца. Так яно і было.

 

— Як жа сталася, што ў цябе сэрца не звычайнае, не чалавечае, а з саломы? — спытаў кароль.

 

Давялося каралеве расказаць, як усё было. Кароль у адначас і раззлаваўся, і засмуціўся, пачуўшы гэта, і спытаў у Лудзі, ці была яна там таксама. І тады Лудзі расказала яму, як яна лётала следам за каралевай і яе ведзьмамі ў Вялікія чацвяргі, і што галава, якую віхар скраў для каралевы, належала яе малодшай сястры. Лудзі расказала, што пакуль каралева прыносіла гэтую галаву ў сваёй скрынцы, астатнія ведзьмы яе шанавалі і частавалі, але калі ў скрынцы апынулася галава сабакі, каралева паплацілася сэрцам. Але ж яна не магла заставацца з пустой дзіркай у грудзях, трэба ж было праз нешта бегчы крыві, таму ведзьмы зрабілі ёй саламянае сэрца.

 

Выслухаўшы гэты расказ, кароль так раз’юшыўся, што загадаў раскласці на плошчы вялізнае вогнішча і спаліць каралеву перад усім народам.

 

Потым Калматая Лудзі прывяла ў палац сваю сястру, якая так спадабалася каралю, што той адразу ж захацеў пабрацца з ёю шлюбам. Але Лудзі сказала, што ў такім разе яна мусіць выйсці замуж за яго брата. Кароль паабяцаў ёй гэта, абы толькі ажаніцца з яе сястрой, і яны прызначылі вяселлі на адзін і той жа дзень.

 

Брату караля не хацелася браць у жонкі Калматую Лудзі, але ён вырашыў не ісці супраць каралеўскай волі. Таму было дамоўлена, што ён ажэніцца з Лудзі ў той самы дзень, калі кароль возьме ў жонкі яе прыгожую сястру.

 

Калі гэты дзень настаў, кароль павянчаўся першым, а потым ягоны брат мусіў стаць побач са сваёй нарачонай — Калматай Лудзі. Але калі святар пачаў чытаць, з яе твару раптам знікла ўся поўсць, і яна пачала з кожным словам святара змяняцца так, што ўсё пачварнае знікала без следу і праступала хараство. І калі яны ўрэшце павянчаліся, яна была такой бясконца прыгожай, што нават яе сястры было далёка да гэткай красы.

 

Спачатку кароль пашкадаваў, што не зрабіў каралеваю Калматую Лудзі, але ўрэшце задаволіўся той жонкай, якую атрымаў, бо яна ўсё ж была і пяшчотнай, і прыгожай, і мілай. А потым усе яны зажылі мірна і радасна.

 

 

 

Масэ-абібок

(Latmasse)

 

Жыла-была баба, і быў у яе сын. Хоць імя ў яго было Масэ, усе называлі яго Масэ-абібок, бо быў ён жах які лянотны і дурны і карысці з яго ніхто не меў аніякай, таму што ён днямі і начамі пралежваў бакі на печы. Неяк маці задала яму лазні і загадала пайсці прадаць масла.

 

— Ідзі, — кажа, — і каго сустрэнеш першым, таму масла і прапануй. А калі заплаціць адразу не зможа, скажы, што прыйдзеш па грошы заўтра.

 

З тым Масэ і пайшоў. Але ж дужа хацелася яму назад да печы, і таму ён вырашыў расстацца з маслам як мага хутчэй.

 

Першым, каго ён сустрэў, аказаўся мільны слуп [1]. Хлопец падышоў да яго, зняў шапку і ветліва спытаў, ці не жадаў бы спадар купіць у яго масла. Ён успомніў, што маці казала даць пакупніку спярша пакаштаваць масла, і густа абмазаў ім каменны слуп. Камень нагрэўся на сонцы, масла адразу пачало раставаць і пацякло ручаямі.

 

— Бачу, вам даспадобы, — узрадаваўся Масэ. — Заплаціце цяпер або мне вярнуцца заўтра?

 

Не атрымаўшы адказу, ён сказаў:

 

— Што ж, тады да заўтра.

 

Калі хлопец прыйшоў дадому, маці спытала яго:

 

— Ну, як схадзіў? Прадаў масла?

 

— Анягож, — адказаў сын.

 

— І як, ім спадабалася? — зноў спытала маці.

 

— Не тое слова! Аж па барадзе ў яго пацякло, — сказаў Масэ.

 

— А грошы далі табе?

 

— Не, заўтра забяру, — сказаў хлопец.

 

Наступнага дня Масэ пайшоў забіраць грошы за масла. Ён падышоў да мільнага слупа, нізка пакланіўся і ветліва папрасіў, каб спадар заплаціў яму. Калі слуп зноў нічога не адказаў, Масэ пачаў кланяцца ўсё ніжэй і ніжэй, бо маці прасіла яго быць вельмі ветлівым, але слуп усё адно не адказваў і грошай не аддаваў. Хлопец так доўга манернічаў, што ўрэшце яму гэта надакучыла, ён раззлаваўся і пачаў лаяць слуп брыдкімі словамі. Але і гэта не дапамагло.


Масэ не адважваўся вярнуцца дамоў з пустымі рукамі і вырашыў адабраць грошы гвалтам. Схапіўшы палку, ён пачаў дубасіць слуп. Раптам той раскалоўся, і з сярэдзіны высыпалася мноства срэбных манет. Так сталася, што нехта калісьці схаваў у камені гэты скарб, а потым проста забыўся на яго.

 

Масэ пазбіраў усе манеткі, тысячу разоў выбачыўся перад слупом за сваю няветласць, потым зняў шапку, ціхмяна пакланіўся і пайшоў дадому.

 

У маці вочы на лоб палезлі, калі сын вярнуўся з такою багатай выручкай. Калі яна пачала яго распытваць, ён не змог адказаць нічога ўцямнага. Але як ужо ён управіўся з работаю так добра, дык наступным разам маці зноў паслала яго прадаваць масла. Тут ужо яна загадала сыну ісці адразу да святара: маўляў, як убачыць Масэ самога святога айца, дык да яго няхай і звяртаецца.

 

— А скуль жа я буду ведаць, што гэта сам святы айцец? — спытаў Масэ. — Я ж яго ніколі ў вочы не бачыў.

 

— Што ж, — сказала маці, — запомні: святы айцец заўсёды ходзіць у чорным, і толькі каўнер у яго белы.

 

І Масэ рушыў у дарогу. Калі ж ён падышоў да сядзібы святара, яго сустрэў вялікі чорны сабака з белым аброжкам. Масэ пакланіўся яму і спытаў, ці не хоча святы айцец купіць масла. Але ж “святы айцец” пажадаў спачатку пакаштаваць яго, і хлопец паставіў перад сабакам маслёнку. Той злізаў усё адным махам, і Масэ спытаўся, адразу яму дадуць грошы ці заўтра па іх завітаць. Не дачакаўшыся адказу, юнак сказаў:

 

— Ясна, зразумеў, заўтра прыйду.

 

Калі ён вярнуўся на наступны дзень, сабака, пазнаўшы яго, радасна выбег насустрач. Масэ пакланіўся і папрасіў плату за масла. Але тут сабака скеміў, што гэтым разам пачастунку не атрымае, раззлаваўся, загырчаў на хлопца і гучна забрахаў.

 

 — Бач ты, — сказаў Масэ, — учора вы, святы айцец, масла нашага з’еўшы, такі ветлы былі і лагодны, а тут, як я па грошы прыйшоў, дык адразу лаяцца!

 

Доўга стаялі Масэ і сабака адзін супраць аднаго і сварыліся. Урэшце Масэ так раззлаваўся, што схапіў сабаку, ускінуў на спіну і прыгразіў, што знясе яго да лэнсмана [2], які пэўна ўжо прымусіць яго аддаць грошы.

 

Тым часам як Масэ валок сабаку, бесперастанку лаючы яго, на дарозе паказалася брычка і паціху-патроху нагнала хлопца. Стары, што сядзеў у брычцы, сказаў свайму спадарожніку:

 

 — Што гэты хлопец такое чаўпе? Давай спынімся і паслухаем, у чым тут штука!

 

Ён загадаў фурману спыніцца і паклікаў юнака. Масэ падбег, і стары спадар пацікавіўся, чаму ж ён так лаецца.

 

— Будзеш тут лаяцца, — адказаў Масэ. — Пайшоў я ўчора масла прадаваць святому айцу — вось ён, дарэчы, бачыце? — дык той праглынуў усё масла за адным заседам, а грошы, маўляў, назаўтра аддасць. І вось прыйшоў я сёння па грошы, а ён толькі разбрахаўся на мяне, гыркаць пачаў, а што вінен, аддаваць не хоча. Вось нясу яго да лэнсмана, той ужо даб’ецца для мяне праўды.

 

Стары так шалёна рассмяяўся, што ў яго ажно лопнуў нарыў, ад якога ён ужо доўга пакутаваў. А трэба сказаць, што спадар гэты акурат ехаў да лекара, каб пазбавіцца сваёй бяды. І вось цяпер ён і вокам лыпнуць не паспеў, як дзякуючы Масэ зноўку зрабіўся здаровым і шчаслівым. Не дзіва, што спадар захацеў як-небудзь узнагародзіць хлопца. Але спярша стары папрасіў Масэ адпусціць “святога айца” і паказаць дарогу да свайго дому. Масэ патрухаў паперадзе, а брычка рушыла следам.

 

Спадар заплаціў матулі Масэ-абібока столькі, колькі аддаў бы лекару за паслугі, але параіў ёй ніколі больш не адпускаць Масэ аднаго ў людзі. Ды цяпер яно і не трэба было: хлопец мог спакойна ляжаць сабе на печы колькі заманецца, бо з грашыма, што ён знайшоў у мільным слупе, і з той сумаю, што багаты спадар ім даў, яны маглі аж да скону жыць не тужыць і есці сваё масла самі.

 

 

 

Млын, што малоў срэбранікі

(Kvarnen som malde silverpengar)

 

Жыў аднойчы селянін, у якога быў вельмі незвычайны млын. Рэч у тым, што ён мог малоць срэбныя манеты. Калі кароль пачуў пра той млын, яму так закарцела завалодаць ім, што ён проста ўзяў і забраў яго ў селяніна. Той быў у вялікай роспачы ад такой страты і пачаў стагнаць і наракаць на свой горкі лёс.

 

Певень, пачуўшы ягоныя енкі, падышоў да яго і сказаў:

 

— Не сумуй! Я пайду да караля і вярну табе млын.

 

І певень выправіўся ў дарогу.

 

Ідучы лясной сцяжынай і разважаючы, як жа яму атрымаць млын назад, ён сустрэў старую троліху.

 

— Ты што такі задумлівы, невясёлы? — спытала яна.

 

— Ды вось, — сказаў певень. — да караля іду, хачу папрасіць, каб ён вярнуў селяніну ягоны млын.

 

— І ўсяго толькі! — сказала старая. — То я табе дам параду. Бяры з сабою кожнага, каго сустрэнеш!

 

Не паспеў певень адысці і на сотню локцяў [3], як бачыць — насустрач яму бяжыць лісіца.

 

— Пачакай, сяброўка! — спыніў яе певень. — Хадзем разам да караля!

 

— Ну што ж, да караля дык да караля, — сказала лісіца.

 

— Тады запаўзай мне пад крыло! — сказаў певень.

 

Ішоў ён лесам далей, ішоў, і сустрэўся яму воўк.

 

— Гэй, ты, гляджу я, можаш спатрэбіцца! — сказаў певень. — Хадзем са мной разам да караля!

 

— З радасцю! — пагадзіўся воўк.

 

І певень схаваў яго пад другім крылом.

 

Праз нейкі час убачыў ён вялікага мядзведзя, што ішоў яму насустрач.

 

— Не спяшайся так, браточак! — сказаў певень. — Сядзь мне пад хвост і пойдзем да караля!

 

— Ну няхай, — пагадзіўся мядзведзь.

 

Калі певень падышоў да каралеўскага палаца, то ўскочыў на ганак і закукарэкаў так, што затрэсліся і дах, і сцены.

 

Кароль выбег на балкон і закрычаў:

 

— Хто трасе мой палац?!

 

А певень адказвае:

 

— Аддай селяніну ягоны млын, калі сабе зла не жадаеш!

 

Кароль вельмі раззлаваўся ад такога нахабства і загадаў укінуць пеўня да сваіх раз’ятраных бараноў, каб яны яго забадалі і затапталі да смерці. Але певень выпусціў лісіцу, і калі слуга прыйшоў ранкам пакарміць бараноў, яны ўсе ляжалі перадушаныя.

 

А певень зноў ускочыў на ганак і закукарэкаў так, што ўвесь палац затросся.

 

— Аддай селяніну ягоны млын, калі сабе зла не жадаеш! — пракрычаў ён.

 

— Зараз я з табой разбяруся! — разгневаўся кароль і кінуў пеўня да самых раз’юшаных сваіх быкоў. Але певень выпусціў ваўка, і калі слуга прыйшоў уранку паглядзець быкоў, усе яны ляжалі зарэзаныя.

 

А певень зноў ускочыў на ганак палаца і закукарэкаў так, што аж падмурак здрыгануўся.

 

— Аддай селяніну ягоны млын, калі сабе зла не жадаеш!

 

Тады кароль зусім звар’яцеў ад злосці і загадаў кінуць пеўня да шалёных жарабцоў. Але певень нацкаваў на іх мядзведзя, і калі слуга прыйшоў уранку чысціць коней, усе яны ляжалі забітыя на зямлі.

 

А певень зноў ускочыў на ганак і закукарэкаў так, што палац загайдаўся.

 

— Аддай селяніну ягоны млын, калі сабе зла не жадаеш! — пракрычаў ён.

 

Тады кароль раз’юшыўся не на жарт і загадаў свайму слугу адплысці на чоўне далёка ў возера і патапіць пеўня. Але певень выпіў усю ваду, так што зрабіўся вялізным і круглым, як бочка.

 

Зноў ён ускочыў на ганак і закукарэкаў так, што палац затрашчаў:

 

— Аддай селяніну ягоны млын, калі сабе зла не жадаеш!

 

Тады кароль загадаў скласці вялізнае вогнішча, кінуў пеўня на дровы і падпаліў іх. Але певень выплюнуў усю ваду, што выпіў, агонь патух, а ўсе пачалі тануць.

 

Потым певень ускочыў на ганак палаца і закукарэкаў у сем разоў гучней, так што сцены ледзь не раскалоліся.

 

— Аддай селяніну ягоны млын, калі сабе зла не жадаеш! — пракрычаў певень.

 

Але кароль не спужаўся, а загадаў слугу засмажыць пеўня і сам яго з’еў, каб той больш не змог выскачыць. Але певень высунуў галаву з горла караля і закукарэкаў. Тады кароль перапалохаўся і загадаў слугу адсячы пеўню галаву. Слуга схапіў самы востры меч, які быў у палацы — выкаваны з золата, срэбра і сталі. Калі певень зноў высунуў голаў і пракукарэкаў, слуга размахнуўся і ўдарыў. Але певень спрытна схаваўся назад, і меч адсек галаву каралю.

 

Так селянін вярнуў сабе свой млын. Певень жа ўзляцеў на дах і нават цяпер сядзіць там, якія б вятры і завеі ні дзьмулі, — сведка таго, што ўсё гэта адбылося насамрэч.

 

 

 

Прынцэсы, скрадзеныя віхрам

(Princessorna som blev bortförda av virvelvinden)

 

Жылі-былі кароль з каралеваю, і мелі яны шэсць дачок-красуняў. Калі дзяўчаткі былі яшчэ зусім маленькія, іх знёс віхар. Спачатку старэйшую, потым дзвюх сярэдніх, а пасля і трох малодшых. Кароль і каралева вельмі зажурыліся і загадалі шукаць іх паўсюль, але ўсё было дарэмна. Ні ценю, ні следу зніклых прынцэс не знайшлося.

 

У той самы час на адным хутары рос бедны хлопчык. Ён жыў у бацькоўскай хаце, і калі яму споўнілася пятнаццаць, бацька адправіў яго ў шырокі свет шукаць сабе занятак. Маці дала яму вопратку і ежу ў дарогу, і, са слязьмі на вачах развітаўшыся з бацькамі, хлопец пайшоў. Доўга бадзяўся ён па свеце і не мог знайсці сабе месца, аж пакуль не прыйшоў да аднаго селяніна, што жыў у далёкіх землях. Той узяў яго пастухом.

 

— На маіх абшарах можаш вадзіць авечак дзе захочаш, — сказаў селянін, — але калі яны пераскочаць плот, гора табе! Там на гары жывуць страшныя, злосныя тролі, і я нізашто ў свеце не збіраюся з імі сварыцца.

 

Цэлы год пасвіў хлопец авечак далёка ад гары і ніколі не меў нараканняў ад гаспадара. Але паціху-паціху пачаў ён усё бліжэй падыходзіць да небяспечнай мяжы.

 

“Хацеў бы я ведаць, што ж там такое за плотам, — думаў ён. — Цікава, ці сапраўды тыя тролі такія страшныя, як гаспадар кажа”.

 

І ён залез на высокі валун. Цікаўнасць хлопца зрабілася яшчэ большай, калі яму падалося, што ўдалечыні ён бачыць палац, які ззяе на сонцы, быццам лёд.

 

“Няхай будзе як будзе, але заўтра я перабяруся цераз плот”, — сказаў сабе хлопец.

 

З тым ён вярнуўся дахаты і паклаўся спаць. У сне яму прымроіўся той самы крыштальны палац, які ён бачыў за агароджай, а ў палацы нібыта сядзела красуня з красуняў і махала яму рукой. І хлопец цвёрда вырашыў пайсці назаўтра да палаца.

 

Наступным ранкам ён зрабіў у плоце шчыліну і выпусціў праз яе авечак, а сам пералез цераз агароджу і пабег у той бок, дзе ўчора бачыў бліскучы палац. Хутка ён быў на месцы, але нідзе не знайшоў ніводнай жывой істоты, толькі ў стайні стаялі тры прыгожыя кані. Хлопец ускочыў на аднаго і аб’ехаў двор, але ўсё адно не знайшоў нікога. Тады ён завёў каня ў стайню, а сам пайшоў у палац. Сабе на дзіва ён убачыў, што і дах, і сцены, і падлога там былі люстраныя, так што куды б ён ні паглядзеў, паўсюль бачыў мноства сваіх адбіткаў.

 

Вандруючы так, ён раптам заўважыў пакой, дзе сядзела тая самая дзяўчына, што прыснілася яму ўначы. Хлопец увайшоў, і дзяўчына, пачуўшы ягоныя крокі, схамянулася і спалохана ўсклікнула:

 

— Хто ты, што адважыўся прыйсці сюды? Бяжы, бо хутка вернецца троль і заб’е цябе!

 

— Ат, не такі ён, напэўна, страшны, — адказаў хлопец. — Я змагу за сябе пастаяць.

 

— Пастаяць за сябе! Яго можа параніць толькі вунь той меч, што вісіць на сцяне. Але ты не здолееш не тое што ўзмахнуць ім, а нават яго падняць.

 

Хлопчык падышоў да сцяны і памацаў меч, але як ні сіліўся, скрануць яго з месца не змог.

 

— Выпі з бутэлькі, што вісіць побач з мячом на сцяне! — сказала яму дзяўчына. — Я бачыла, як стары троль піў з яе кожны раз перад тым як узяць меч.

 

Хлопец зрабіў як яна параіла і, адпіўшы некалькі глыткоў, адчуў у сабе такую моц, што не толькі змог зняць меч са сцяны, але і пачаў ім размахваць так лёгка, нібыта ў ягоных руках была звычайная палка.

 

— Вось! — раптам усклікнула дзяўчына. — Я чую троля!

 

Хлопец схаваўся за дзвярыма, і як толькі троль сунуў сваю пачварную галаву ў праём, адсек яе мячом.

 

— Ах, як я рада! — усклікнула красуня. — Нарэшце я вольная і магу вярнуцца да бацькоў!

 

І дзяўчына расказала, што яна старэйшая дачка караля, што яе скраў віхар, калі яна была маленькая, і з таго часу яе трымаў у палоне троль.

 

Раптам хлопец успомніў пра сваіх авечак і пабег іх шукаць, а знайшоўшы, заўважыў, што атара падвоілася: шмат чорных авечак убілася ў чараду паміж астатніх. Іх ніяк нельга было аддзяліць ад авечак селяніна, і хлопцу давялося гнаць дамоў усіх разам. Каб гаспадар нічога не заўважыў, ён вырашыў пачакаць, пакуль сцямнее, і толькі потым загнаць іх у авечнік, а ранкам вывесці на пашу да таго, як прачнецца гаспадар.

 

Уначы хлопцу прысніўся срэбны палац. У палацы сядзелі дзве юныя красуні і махалі яму.

 

“Мабыць, ёсць яшчэ адзін палац на гары, — падумаў хлопец. — Трэба заўтра праверыць”.

 

Наступным ранкам ён яшчэ да світання выгнаў авечак і пайшоў да гары. Ён прабег міма крыштальнага палаца і хутка ўбачыў зіхоткі срэбны палац са свайго сну. Адзінымі жывымі істотамі, якіх ён сустрэў, былі тры кані ў стайні. Хлопец сеў на аднаго і аб’ехаў двор. Нікога не сустрэўшы там, ён увайшоў у палац.

 

Усярэдзіне ўсё было срэбнае. Там ён таксама не заўважыў ніводнай жывой душы, але затое пачуў, як аднекуль даносіцца мілагучная музыка. Ён пайшоў на яе гукі і трапіў у пакой, дзе прыгожыя дзяўчаты гралі на лютнях. Убачыўшы яго, яны перапалохаліся і пачалі ўпрошваць бегчы прэч, бо троль, што вартаваў іх, мог прыйсці ў любую хвіліну.

 

— Калі ён убачыць цябе тут, то прыстукне як муху! — сказалі яны.

 

— Гэта не вам вырашаць! — сказаў хлопец і падбег да сцяны, дзе вісеў яшчэ большы меч, чым у крыштальным палацы. Схапіўшы пляшку, што вісела побач, ён зрабіў пару вялікіх глыткоў. Пасля схапіў меч і замахаў ім так лёгка, нібыта гэта была саломінка. Размахваючы так, ён раптам пачуў, што стары троль вяртаецца. Тады хлопец хуценька схаваўся за дзвярыма, і як толькі троль сунуў у праём сваю галаву, адсек яе. Галава адляцела, але адразу ж скочыла на ранейшае месца. Хлопец спалохаўся, але хутка ачомаўся і секануў яшчэ раз. Гэтым разам троль мёртвы паваліўся на падлогу.

 

Дзяўчаты радасна падбеглі да свайго вызваліцеля, падзякавалі яму і расказалі, што яны — другая і трэцяя дочкі караля, скрадзеныя віхрам, і што ўвесь гэты час іх трымаў у палоне троль. Тады хлопец сказаў ім, што ўчора ўжо вызваліў іх старэйшую сястру, і ад такой навіны радасць сёстраў зрабілася проста бязмежнай.

 

Калі хлопец вярнуўся да сваіх авечак, то ўбачыў, што атара папоўнілася чарадой серабрыстых ярак і бараноў, якіх ён таксама не змог аддзяліць ад гаспадаровых. Памарудзіўшы да позняга вечару, ён пагнаў атару дадому.

 

— Ты што, забыўся, дзе твой дом, бадзяга? — накінуўся на хлопца селянін. — Чаго так позна прыганяеш авечак? Хіба не ведаеш, што раса ім шкодная?

 

— Ды я проста заснуў на сонейку і нават не заўважыў, а калі прачнуўся, авечкі паразбрыдаліся. Ну і набегаўся я, каб сабраць іх зноў! — сказаў хлопчык.

 

Гаспадар нібыта задаволіўся такім тлумачэннем, і яны пайшлі адпачываць.

 

Уначы хлопец зноў убачыў сон. Гэтым разам яму прымроіўся палац з чыстага золата, у якім сядзелі тры дзяўчыны, што не мелі роўных красою, і прыязна махалі яму.

 

“Гм, — падумаў хлопец, — відаць, на гары ёсць яшчэ нейкі палац з прыгажунямі. Трэба праверыць”.

 

Рана ранкам ён падняўся і выпусціў авечак. Але гаспадар, які трывожыўся, што нешта з авечкамі не так, падняўся гэтаксама рана. Заўважыўшы ў атары чорных і серабрыстых авечак, ён спытаў:

 

— Адкуль гэтыя авечкі ўзяліся?

 

— Не ведаю, — адказаў хлопец. — Учора, калі я прачнуўся, яны хадзілі паміж астатніх і пасвіліся разам з імі, і я не змог іх адагнаць.

 

— Ілжэш! — закрычаў селянін. — Думаеш, я не бачу, што ты хадзіў на гару, хоць я табе забараніў!

 

І гаспадар адлупцаваў хлопца як належыць, але той усё трываў моўчкі.

 

Пасля селянін сказаў:

 

— Запомні, калі ты зноў пойдзеш да гары, служыць у мяне не будзеш!

 

Хлопец пакланіўся і пайшоў.

 

Але ледзь зайшоўшы за агароджу, ён пачаў шукаць залаты палац і, заўважыўшы яго здалёк, з усіх ног кінуўся туды. Калі ён прыбег, аказалася, што і на гэтым двары не было нікога жывога, апрача трох коней у стайні. Хлопец сеў на аднаго і аб’ехаў двор перад тым як зайсці ў палац. У палацы ўсё было зроблена з чысцюткага золата, і хлопцу захацелася, каб яно належала яму. Нідзе не было ні душы. Калі хлопец увайшоў у вялікую залу, яму падалося, што ў пакоі наверсе нехта перашэптваецца. Але як ён ні шукаў, не мог знайсці дарогі да таго пакоя. І ўсё ж хутка ён знайшоў выйсце і, забраўшыся ў вялікую печку, што была ў зале, палез, нібы камінар, уверх па коміне. Комін вывеў яго да другога, які вёў уніз, і хутка хлопец трапіў акурат у той пакой, адкуль ён чуў галасы. Там сядзелі тры прыгажуні з ягонага сну і вышывалі. Убачыўшы, як з печы вываліўся нехта ўвесь чорны ад сажы, яны спалохана закрычалі.

 

— Не бойцеся! — сказаў хлопец. — Я прыйшоў вызваліць вас.

 

— Па табе скажаш! — не паверылі дзяўчаты.

 

— Пабачыце, — адказаў хлопец.

 

На сцяне вісеў меч, такі цяжкі і вялікі, што і дзесяць мужчын наўрад ці змаглі б яго падняць. Хлопец падбег да яго, схапіў пляшку, што вісела побач, глынуў з яе і, узняўшы меч над галавой, з лёгкасцю замахаў ім.

 

Раптам усё загрукатала, нібы накаціла навальніца, і нечы раскацісты голас прагрымеў:

 

— Чую чалавечы дух. Дзе той нахабнік, што асмеліўся сюды прыйсці? Толькі пакажыся, і я праглыну цябе!

 

— Ну што ж, вось я! — сказаў хлопчык, падскочыўшы да троля, і адсек яму галаву, так што яна адляцела, але адразу ж скочыла назад на сваё месца. І хаця хлопец адсякаў яе раз за разам, ён усё ніяк не мог забіць троля. Але потым, адсекшы тролю галаву, ён не прыбраў меч, а трымаў яго на горле ворага, так што галаве не было як прычапіцца, і троль памёр.

 

— Ну ці ж можна так буяніць? — сказаў хлопец. — Так і галаву страціць нядоўга. Усё, памёр!

 

— Дзякуй Богу! — усклікнулі дзяўчаты і цёпла падзякавалі хлопцу.

 

— Вы ж таксама каралеўскія дочкі, — сказаў хлопец. — Прыбярыцеся як след, і мы паедзем да вашых бацькоў разам з вашымі сёстрамі — іх я таксама ўжо вызваліў.

 

Прыбегшы да сваёй атары, хлопец заўважыў, што да яе прыбіліся авечкі з залацістым руном. Ён пагнаў іх разам з астатнімі дадому, зачыніў у хляве і пайшоў спаць. Ранкам ён сказаў свайму гаспадару:

 

— Учора вы папярэдзілі, што выганіце мяне са службы, калі я яшчэ раз пайду да гары. Я мусіў усё ж туды пайсці і таму пакідаю службу. Але перш чым я пайду, давайце сходзім у аўчарню, каб вы паглядзелі ўсіх авечак.

 

Калі селянін убачыў статак, то вельмі здзівіўся, убачыўшы, што ён зрабіўся яшчэ большы, чым раней.

 

— Як бачыце, вашая атара зрабілася ў чатыры разы большай, пакуль я глядзеў вашых авечак, — сказаў хлопец. — Не праганяйце новых авечак, цяпер вы можаце пакінуць іх сабе, бо ўсе тролі мёртвыя і не зробяць вам шкоды.

 

Селянін вельмі ўзрадаваўся і хацеў узнагародзіць хлопца за тое, што той падарыў яму статак, якому не было роўных ва ўсёй краіне.

 

Але хлопец нічога не захацеў за працу, а сказаў, што ён ужо добра ўзнагароджаны за свае ўчынкі. Але як селянін ні распытваў, што ж ён зрабіў такое і што атрымаў з таго, хлопец нічога не расказаў.

 

Калі ж ён вярнуўся ў залаты палац, там былі тры служкі, убраныя ў найпрыгажэйшыя строі. Хлопец спытаў, адкуль яны з’явіліся, і яны расказалі, што былі далёка адсюль і служылі свайму гаспадару. Тады хлопец паказаў ім мёртвага троля, загадаў знесці яго прэч, прыбраць і ўпрыгожыць палац, а потым асядлаць коней. Тым часам тры прынцэсы паставілі на стол найсмачнейшыя стравы, і хлопец наеўся і напіўся так, што ягоны бядняцкі жывот ледзь не лопнуў. Тады ўвайшлі прынцэсы ў багатых строях, і хлопец адразу ж закахаўся ў самую малодшую і прыгожую.

 

Сярод адзежаў троля хлопец знайшоў дыхтоўныя даспехі, якія аказаліся акурат па яго мерцы. Цяпер ён быў зусім не падобны да пастуха. Ля ганка ўжо стаялі коні пад залатымі сёдламі і абшытымі жэмчугам папонамі. Прынцэсы ўскочылі ў сёдлы, і служкі павялі коней да срэбнага палаца. Там хлопец забраў дзвюх іншых прынцэс і таксама ўзяў сабе каня. У крыштальным замку яны забралі старэйшую прынцэсу і паехалі да каралеўскага палаца. Першы ехаў хлопец у сваіх бліскучых даспехах, за ім па дзве ехалі прынцэсы, а ў канцы ішлі коні, нагружаныя скарбамі з тролевых палацаў. Дзе б яны ні праязджалі, паўсюль на іх дзівіліся людзі, бо ніколі раней не бачылі яны такой працэсіі.

 

Няма такіх словаў, каб апісаць радасць, з якой іх сустрэлі ў каралеўскім замку. У гонар юнака зладзілі вялікія святы і рыцарскія спаборніцтвы, і ўсе славілі яго за тое, што ён вызваліў прынцэс. Аднойчы кароль сказаў хлопцу:

 

— Як мне ўзнагародзіць цябе за ўсё, што ты для мяне зрабіў? Калі б я даў табе нават палову свайго каралеўства і палову свайго скарбу, гэтага ўсё адно было б замала.

 

— Пакіньце сабе і каралеўства, і скарбы! — сказаў хлопец. — Яны не патрэбныя мне. Але калі Вашая Вялікасць дасць мне сваю малодшую дачку ў жонкі, гэта будзе для мяне самай багатай узнагародай.

 

Прынцэса з радасцю пагадзілася выйсці замуж за статнага пастуха, і яны згулялі пышнае вяселле, а пасля разам паехалі ў залаты палац. Хлопец забраў туды сваіх бацькоў, і ўсе яны жылі ў шчасці і радасці яшчэ многа, многа гадоў.

 

 

 

Старая і рыбіна

(Gumman och fisken)

 

Жыла неяк у хаціне на схіле пагорка самотная старая. Многа клопату мела яна, але тры штодзённыя бяды мучылі яе больш за ўсё. Па-першае, каб насекчы сабе на дзень дроваў, ёй даводзілася махаць сякерай некалькі гадзін, бо сякера была тупая. Па-другое, палатна, што яна ткала, заўсёды не хапала. А трэцяе было самае горшае: штодня ёй даводзілася спускацца па ваду да крыніцы, а падымацца па схіле з поўнымі дзежкамі было вельмі цяжка.

 

І вось аднойчы здарылася так, што калі старая выцягнула сваю дзежку з крыніцы, там плёскалася вялікая рыбіна.

 

— Божа літасцівы, — сказала старая, — а даўно ж я рыбай не ласавалася.

 

— Даўно, што казаць, але я ўсё ж думаю, табе лепей мяне адпусціць, — сказала рыбіна.

 

— Божа ўсёмагутны! Ты гаворыш? — не паверыла вушам старая . — Але чаму гэта мне нельга цябе з’есці?

 

— Таму што гэта самае бязглуздае, што ты можаш зрабіць, — адказала рыбіна. — Калі ты адпусціш мяне зноў у крыніцу, то зможаш загадаць тры жаданні, і кожнае з іх спраўдзіцца.

 

Безумоўна, у старой было багата чаго сабе пажадаць, але яна помніла старую прымаўку: “У адну руку пажадай, у другую высмаркайся, а тады ўжо глядзі, дзе атрымалася больш”. Так што яна стаяла, перабіраючы свае жаданні, а рыбіну не адпускала.

 

— Ну-у, хочаш ты свае тры жаданні ажыццявіць ці не?

 

Канечне, старая хацела. І тут яна падумала пра тое, як цяжка ёй секчы дровы.

 

— Што ж, маё першае жаданне — каб усё, па чым я ўдару, расколвалася.

 

— Хай так і будзе. Чаго б ты хацела яшчэ?

 

— Ну, я жадаю, — пачала старая і падумала пра сваё палатно, — каб усё, за што я цягну, было доўгім.

 

— Будзе так, як ты хочаш, — сказала рыбіна. — Чаго б ты хацела яшчэ?

 

Цяпер старая падумала пра тое, як цяжка ёй падымацца па схіле з поўнымі дзежкамі вады.

 

— Значыць, жадаю, каб мае дзежкі самі хадзілі па ваду, а потым вярталіся дамоў.

 

— Так і будзе, — сказала рыбіна.

 

Толькі старая выпусціла яе ў крыніцу, як адразу ж абодва вядры пачалі самі павольна і асцярожна падымацца па схіле, і нават ніводнай кроплі не пралілося. Старая так узрадавалася, што гучна засмяялася:

 

— Не, у жыцці такога цуду не бачыла! Ніколі!

 

Яна рагатала, падскоквала і пляскала ў ладкі ад захаплення. Махаючы так рукамі, яна ўдарыла сябе па левай каленцы, і — хрэсь! — костка зламалася! Сумны канец быў у яе радасці, што і казаць. Старая села на кладку і заплакала, зараўла. Але няшчасці яе на гэтым не скончыліся.

 

Калі плачаш, то часам трэба высмаркацца, бо бывае так, што слёзы, калі іх шмат, хочуць выліцца і праз нос таксама. Акурат гэта і здарылася цяпер са старой. Яна высмаркалася ў фартух і пры гэтым пацягнула сябе за нос. І замест доўгага палатна атрымала яна такі даўжэзны нос, што даставаў ёй аж да падолу.

 

Што было потым, мне невядома, але хутчэй за ўсё няшчасная старая дагэтуль сядзіць ля крыніцы і плача. Той, каму цікава, адкуль пайшоў выраз “застацца з носам”, можа схадзіць туды і спытацца ў яе: кажу вам, старая ведае добры адказ.

 

 

 

Хата з кілбасным дахам

(Jättestugan med korvtaket)

 

Жыў аднойчы на хутары ў глыбокім лесе бедны селянін. У яго было двое дзяцей, хлопчык і дзяўчынка. Неяк сказаў ён ім схадзіць насекчы яловага вецця. Хлопчык узяў сякеру, і яны пайшлі ў лес.

 

Доўга хадзілі яны па лесе і секлі вецце, аж урэшце заблукалі. Дзень прайшоў і настаў вечар, а яны толькі далей і далей заглыбляліся ў лес. Пад ноч яны апынуліся ў глухім гушчары. Тады дзяўчынку ахапіла роспач. Яна села на паваленае дрэва і горка заплакала, але хлопчык яшчэ не страціў надзеі на выратаванне і як мог падбадзёрваў сястру.

 

— Не плач, — сказаў ён. — Я зраблю нам будан, і мы там паспім, а заўтра адшукаем дарогу дадому.

 

Хлопчык паставіў будан, і яны соладка праспалі ўсю ноч.

 

Уранку яны зноў пачалі шукаць дарогу, але знайсці ніяк не маглі. Доўга блукалі яны, і ўрэшце дзяўчынка стамілася, села і горка заплакала.

 

— Не плач, — суцешыў яе брат, — дзень доўгі, да захаду паспеем знайсці дарогу!

 

— Але ў мяне няма сілы ісці далей, — адказала дзяўчынка. — І есці так хочацца!

 

На гэта хлопчык спакойна адказаў, што ён, бадай, змог бы адшукаць для іх чаго паесці. Ён папрасіў сястру нікуды не сыходзіць і знік у пошуках ежы.

 

Неўзабаве ён выйшаў на невялікую паляну. Пасярод яе стаяла хаціна, дах якой быў з адных толькі кілбасаў. Хлопчык узрадаваўся і пачаў асцярожна прабірацца бліжэй, каб паглядзець, ці можна неяк расстарацца гэтага смакоцця. Нічога не было чуваць, і ўрэшце хлопчык адважыўся ўзлезці на дах. Ён паглядзеў у дымаход і ўбачыў старога асілка і яго жонку. Хлопчык хацеў быў збегчы, але асілак пачуў шум і грозна спытаў:

 

— Хто там шастае на маім даху?

 

— Усяго толькі маленькая птушачка! — прапішчаў хлопчык.

 

— Ну няхай, — прагрымеў асілак. — Тады з цябе вялікай шкоды не будзе.

 

Хлопчык узяў пук кілбасаў і пабег да сястры, якая вельмі за яго хвалявалася.

 

Мінула некалькі дзён. Ежы дзецям хапала, але дарогу знайсці яны ўсё ніяк не маглі. Калі ж кілбаса скончылася, давялося хлопчыку зноў адправіцца да хаты з кілбасным дахам. Ён асцярожна прабраўся да яе і незаўважна ўскараскаўся на дах. Але асілак пачуў шум наверсе і сярдзіта закрычаў:

 

— Хто там шастае на маім даху?

 

— Усяго толькі маленькая птушачка! — прапішчаў хлопчык.

 

— Ну няхай, — прагрымеў асілак. — Тады з цябе шкоды не будзе.

 

Хлопчык урваў, як і тым разам, пук кілбасаў і пабег прэч.

 

Праз нейкі час кілбаса зноў скончылася, і гэтым разам дзяўчынка захацела пайсці разам з братам і паглядзець, як ён яе здабывае. Спачатку хлопчык не хацеў браць сястру з сабой, але дзяўчынка яго ўгаварыла, і яны пайшлі. Калі яны наблізіліся да хаты, дзяўчынка спалохалася і пачала плакаць.

 

— Ды супакойся, — сказаў хлопчык. — Гэта не так страшна.

 

Ён запоўз на дах і пачаў скідаць сястры кілбасы.

 

Пачуўшы, што на даху нехта ёсць, асілак прагырчэў, як і раней:

 

— Хто там шастае на маім даху?

 

Хлопчык прапішчаў у адказ:

 

— Усяго толькі маленькая птушачка!

 

Дзяўчынцы гэта падалося такім забаўным, што яна не змагла ўтрымацца ад смеху. Хлопчык спалохаўся і хацеў хутчэй збегчы, але паслізнуўся, праламаў дах і праваліўся ў дзірку ўніз галавой. Убачыўшы гэта, дзяўчынка так спалохалася, што пабегла прэч з усіх ног.

 

— Ага, цяпер бачу, што гэта за птушка, — сказаў асілак, калі хлопчык праваліўся праз дах. — Жонка, вазьмі дзіцёнка і добра яго адкармі, паласуемся смажанінкай!

 

Жонка зрабіла як муж казаў, узяла хлопчыка і замкнула яго ў хлеўчуку. Яго ўвесь час кармілі арэхамі і малаком, і ён наядаўся так, што хутка зрабіўся вялікім і дужым як ніколі раней.

 

Праз некалькі дзён асілак захацеў праверыць, ці добра ўкормлены ўжо хлопчык. Ён падышоў да хлеўчука і крыкнуў хлопчыку, каб той прасунуў палец у шчыліну. Але хлопчык адчуў нядобрае і замест пальца прасунуў трэсачку. Асілак памацаў, вырашыў, што хлопчык занадта кашчавы і худы, і загадаў жонцы даваць яму яшчэ больш ежы.

 

Праз некалькі дзён волат зноў прыйшоў да хлеўчука, каб праверыць, ці добра ўкормлены хлопчык. Але той ізноў прасунуў у шчыліну трэсачку замест пальца. Асілак здзівіўся, што хлопчык такі худы, і налаяўся на жонку, што кепска яго глядзіць. Але яна сказала, што яшчэ больш карміць яго было б нявыгадна, бо тлусцейшым, відаць, ён проста не мог ужо зрабіцца.

 

— Калі ўсё так, як ты кажаш, то я заўтра зранку паеду запрашаць сяброў на абед, — сказаў асілак. — А ты можаш тым часам распаліць печ і засмажыць яго.

 

Старая з радасцю пагадзілася і паабяцала зрабіць усё як сказаў муж.

 

Назаўтра асілак асядлаў каня і з’ехаў.

 

Старая распаліла агонь і, калі печка добра прагрэлася, схапіла хлопчыка і пасадзіла яго на лапату, каб засунуць у печ. Але хлопчык зразумеў яе намер і, калі старая ўхапілася за дзяржальна, скаціўся з лапаты. І кожны раз, калі яна спрабавала закінуць яго ў агонь, паўтаралася тое самае. Урэшце яна раззлавалася і пачала на яго сварыцца.

 

— Матулька, — сказаў хлопчык, — а вы лепей пакажыце мне, як трэба садзіцца на лапату, бо сам я не ўмею!

 

Старая зрабіла як ён папрасіў і села, сагнуўшыся, на лапату. Хлопчык адразу ж ухапіўся за дзяржальна і ўкінуў старую ў распаленую да чырвані печ.

 

Калі старая памерла, ён набраў ежы колькі змог знайсці і пабег шукаць сястру. Яна сядзела ў іхным маленькім буданчыку і ўвесь гэты час жывілася кілбасамі, якія хлопчык паскідаў ёй з даху. Яны вельмі ўзрадаваліся сустрэчы, бо дзяўчынка думала, што хлопчыка даўно з’елі.

 

Тым часам асілак вярнуўся дахаты. Ён здзівіўся, што жонка не выйшла сустракаць яго, як заўсёды.

 

“Але мабыць, — падумаў ён, — у яе столькі клопату з абедам, што ёй няма калі адлучацца”.

 

Ён саскочыў з каня і зайшоў у хату.

 

“Можа, яна ў лес пайшла, — сказаў сам сабе асілак. — Будзе лепей, калі я прыгляджу пакуль за смажанінай”.

 

І прыбраў заслону. Убачыўшы там сваю жонку, ён зразумеў, што хлопчык абхітрыў яго, і так раззлаваўся, што паваліўся ля печы і лопнуў.

 

Праз некалькі дзён, калі кілбаса скончылася, хлопчык надумаў зноў пайсці да хаціны і паглядзець, ці не знойдзецца там яшчэ чаго-небудзь. Але гэтым разам ён не ўзяў з сабой сястру. Калі ж ён узлез на дах і зазірнуў у дымаход, то ўбачыў, што асілак ляжыць мёртвы на падлозе. Радасны, ён адразу ж пабег па сястру. Яны сабралі ўсё срэбра ды іншае дабро асілка і пачалі шукаць дарогу дадому. За хацінай асілка яны знайшлі сцежку, пайшлі ёю, і хутка яна прывяла іх да роднага бацькі. А што было потым, мне невядома.

__________________________________________________________________

 

[1] Мільны слуп, або мільны камень — дарожны знак, які ўжываўся ў Швецыі ў XVII—XIX стст. для абазначэння адлегласці паміж населенымі пунктамі.

 

[2] Лэнсман — у Швецыі: мясцовы чыноўнік, які сачыў за парадкам.

 

[3] Локаць, або альн — мера даўжыні, у Швецыі роўная прыблізна 60 см.

Пераклад са шведскай – Алеся Башарымава © 2012

Чытайце таксама

Душан Тарагел

Душан Тарагел

Славацкі празаік, публіцыст і сцэнарыст

Арцюр Рэмбо

Арцюр Рэмбо

Французскі паэт, адзін з пачынальнікаў сімвалізму

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

Цыпрыян Каміль Норвід

Цыпрыян Каміль Норвід

Польскі паэт, драматург, празаік, жывапісец, эсэіст, скульптар і філосаф.

1628