№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Шмат гадоў таму ў Кракаве…

Кракаўскія легенды

Пераклад з польскай Алена Пятровіч

Легенда пра вавельскага цмока

(O smoku wawelskim)

 

Даўным-даўно, калі на польскіх землях валадарыў кароль Крак, у Кракаве з'явіўся цмок. Гэта была вялізная жывёліна з зялёнай скурай, доўгім хвастом і вострымі ікламі. Цмок пасяліўся ў яміне пад замкам і загадаў прыносіць яму раз на тыдзень у ахвяру карову. Калі ж ягоны наказ не выконвалі, ён забіваў людзей. І хаця жыхары Кракава былі ў вялікім жаху, знайшлося некалькі адважных рыцараў, якія думалі, што змогуць адолець цмока. Але на жаль, ні адзін з іх не вярнуўся з нары гэтай пачварыны. І кароль, і яго падданыя ўжо страцілі надзею на паратунак. З кожным тыднем кароваў заставалася ўсё менш і менш, а цмок заўсёды выбіраў найлепшых. Але што будзе, калі скончацца каровы — вось што ўсіх хвалявала. І нарэшце, калі здавалася, што канец ужо хуткі і народ Кракава напаткае пагібель, на двары Крака аб'явіўся бедны шавец.

 

— Мой гаспадар, я думаю, што змагу перамагчы цмока, — звярнуўся ён да караля і нізка пакланіўся.

 

Па каралеўскай зале разнёсся рыцарскі смех:

 

— Бач ты, смяльчак знайшоўся!

 

— Ці ж ты не ведаеш, што ніхто не можа цмока адолець?

 

— Ён забіў ужо мноства годных ваяроў! Не цягацца ж табе з імі!

 

Але Крак быў мудрым валадаром і ведаў, што нельга губляць аніводнага шанцу на выратаванне ад грознага звера.

 

— Добра, шавец. Заб’еш цмока — я табе шчодра аддзячу.

 

Шавец пакланіўся і пайшоў, абдумваючы план. Неўзабаве ўсё было гатова: ён забіў найлепшага барана, якога толькі можна было знайсці, вытрыбушыў, набіў серай і акуратна зашыў. Узваліў яго сабе на спіну і адправіўся да цмокавай яміны. А тады як мага цішэй падкраўся да самага ўваходу, кінуў у яміну набітага серай барана і ўцёк. Праз нейкі час на пах свежага мяса з пячоры вылез цмок, заўважыў барана і тут жа яго зжэр. Сера ўнутры жывёліны адразу ж пачала сваю справу — на цмока напала смага. Ён кінуўся да ракі Віслы і піў, піў, піў, піў... Здавалася, яшчэ хвіліна — і ён вып'е Віслу да дна! І раптам пачуўся моцны выбух. Цмок выпіў так шмат вады, што проста лопнуў. Кемлівы хлопец зрабіўся героем, і кароль шчодра яго ўзнагародзіў.

 

У Кракаве ж і да сёння ля падножжа Вавеля можна ўбачыць Яміну Цмока і ягоную фігуру, якая дыхае агнём у напамін пра геройскі ўчынак шаўца.

 

 

 

Легенда пра марыяцкі гейнал

(O hejnale mariackim)

 

Шмат гадоў таму на польскія землі напалі бязлітасныя татары. Трывога навісла над Кракавам, калі дайшлі весткі пра напад на суседні горад Сандомеж.

 

Яшчэ світала, калі трубач з марыяцкай вежы йшоў вуліцамі Кракава на свой пост. У яго былі дрэнныя прадчуванні, і ён устаў надзіва рана. Падняўшыся на вежу, ён з палёгкай уздыхнуў. Горад спакойна спаў.

 

— Дзякуй Богу, — падумаў ён і сеў на сваю лаву.

Супакоіўшыся, ён хутка заснуў.

 

Раптам да яго праз сон данёсся нейкі шум. Ён ускочыў на ногі, уважліва агледзеўся і пабачыў цэлыя орды татараў, якія падступалі да гарадской брамы. Ён адразу ж паднёс трубу да вуснаў і зайграў марыяцкі гейнал. У ранішняй цішыні мелодыя адбівалася ад сценаў, абуджаючы жыхароў.

 

— Ён што, здурнеў, гэты трубач? Што такое? — пыталі яны адно аднаго, паціраючы заспаныя вочы.

 

Аднак гейнал не змаўкаў ні на хвілю. Кракавяне ўрэшце зразумелі, што гэта сігнал небяспекі, і схапіліся за зброю. Разгарэлася зацятая бітва за горад, паветра праціналі камяні і стрэлы, іржанне коней змяшалася з чалавечымі крыкамі. А над усім гэтым лунала мелодыя марыяцкага гейналу, натхняючы людзей на бой. Урэшце татары здагадаліся, хто папярэдзіў людзей, і ў бок трубача пасыпаліся стрэлы. Раптам гейнал змоўк, і над Кракавам павісла цішыня.

 

Гейналіста загінуў ад татарскай стралы, але не выпусціў з рук сваёй трубы. А памяць пра ягонае геройства жывая і да сёння: кожны дзень на ўсе бакі свету разлятаецца з марыяцкай вежы мелодыя гейналу. Такая ж самая, як і колькі сотняў гадоў таму, калі яе перарвала страла ворага.

 

 

 

Зачараваныя галубы

(Zaczarowane gołębie w Krakowie)

 

Гісторыя гэтая здарылася тады, калі на кракаўскіх землях валадарыў Генрык IV Пробус. Князь быў вельмі прагны да славы і ўлады. Ён марыў стаць каралём Польшчы. Аднак Генрык ведаў, што яму не відаць кароны, пакуль яго не падтрымае папа Рымскі.

 

А ў тыя часы атрымаць прыхільнасць папы Рымскага можна было вялікімі ахвяраваннямі Касцёлу. Генрык IV быў заможным уладаром, але нават усіх ягоных багаццяў не хапіла б, каб уразіць папу. Таму князь пачаў думаць, дзе б гэта яму здабыць грошы на падарожжа ў Рым.

 

На дапамогу яму прыйшла вядзьмарка з-пад Кракава. Чараўніца ператварыла княскую дружыну ў галубоў і загадала ім ляцець на вежу Марыяцкага касцёла. Зачараваныя птушкі пачалі дзяўбсці муры храма, адкалупваючы ад іх кавалкі, а тыя падалі на зямлю і ператвараліся ў манеты з чыстага золата.

 

Князь лавіў грошы, ажно назбіралася тры вазы. Тады чараўніца сказала, каб Генрык як найхутчэй ехаў у Рым здабыць карону. Яна абяцала, што калі той вернецца каралём, ягоная дружына ператворыцца назад у людзей.

 

Генрык тут жа рушыў у дарогу. Аднак Рым быў далёка, а князь быў той яшчэ марнатраўца. Ён любіў піць найлепшае віно і мёд ды есці рэдкія стравы. І за дарогу, ягоныя вазы з золатам хутка апусцелі. Не засталося ні гроша, каб пераканаць папу падтрымаць Генрыка.

 

Князь больш не вярнуўся ў родны горад, а зачараваныя галубы да сёння чакаюць свайго гаспадара на кракаўскім рынку. Яны ахвотна сядаюць на плечы прыезджых — спадзяюцца, што нарэшце зноў пабачаць Генрыка і ператворацца назад у людзей.

 

 

 

Скарбы Хрыстафораў

(Skarby krzysztoforskie)

 

Шмат гадоў таму ў прыгожым каменным доме ў Кракаве жыў алхімік Хрыстафор. У тыя часы ў склепах камяніцы чыніліся дзіўныя рэчы, а сам уладальнік трымаў у лёхах велічэзныя скарбы.

 

Многія жыхары горада акурат тады пачалі называць камяніцу Хрыстафорамі, і гэтая назва цалкам прыжылася, калі праз некалькі гадоў на фасадзе будынка была змешчаная скульптура Святога Хрыстафора.

 

З часам Хрыстафоры сталіся сядзібай важных асобаў, і тут часта адбываліся прыёмы. Для аднаго з іх маладая кухарка мусіла прыгатаваць булён. Але певень, падрыхтаваны для абеду, вырваўся ў дзяўчыны з рук і ўцёк па лесвіцы ў вялікі склеп. Кухарка пабегла за ім і, блукаючы цёмнымі калідорамі, згубіла дарогу.

 

Ажно раптам яна заўважыла нейкі бляск, і перад ёй з'явіўся певень з рагамі на галаве. Яна дужа спалохалася — можа, гэта сам чорт!

 

— Не бойся. За тое, што ты мяне не забіла, атрымаеш столькі золата, колькі зможаш узяць. Але ёсць адна ўмова: ты не мусіш абарочвацца, — сказаў д’ябал і напоўніў кухарцы манетамі цэлы фартух.

 

Узрадаваная дзяўчына пайшла. Яна была ўжо ля самых дзвярэй, амаль пераступіла парог, ды цікаўнасць перамагла, і яна абярнулася. Тады цяжкія драўляныя дзверы гучна зачыніліся і адцялі кухарцы пятку. Аднак скарбы засталіся ў ейным фартушку.

 

Удзячная, што ацалела пасля сустрэчы з д'яблам, дзяўчына заснавала капліцу ў Марыяцкім касцёле. А рэшта скарбаў, відаць, і да сёння ляжыць недзе ў склепах Хрыстафораў і чакае, пакуль нехта яе знойдзе.

 

 

 

Пан Твардоўскі

(Pan Twardowski)

 

Шмат стагоддзяў таму ў Кракаве жыў адзін шляхціч. Звалі яго Ян Твардоўскі. Ён быў адукаваным чалавекам, любіў кнігі і навуку, а таксама цікавіўся магіяй і алхіміяй. І вось пасля шматгадовых штудыяў ён зразумеў, што сапраўднага чарадзейства не бывае без тагасветных сіл.

 

Тады Твардоўскі знайшоў у сваёй бібліятэцы кнігі, дзе тлумачылася, як выклікаць нячысцікаў, і зрабіў усё так, як было напісана. Калі вучоны выканаў рытуалы, у пакоі раптам пагаслі свечкі, а перад вачыма Твардоўскага з'явіўся высокі, худы д'ябал у чорным. У яго былі невялікія чорныя рожкі, вострыя кіпцюры, капыты замест ступняў і калматы хвост.

 

Чорт паглядзеў на чалавека і хітра ўсміхнуўся, паказваючы вострыя зубы. Ён прачытаў думкі вучонага, і ведаў, што атрымаў чарговую душу ў свой пякельны кацёл. Д’ябал спытаў:

 

— Чым магу вам служыць, пане Твардоўскі?

 

Твардоўскі каротка расказаў пра свае практыкаванні ў магіі і жаданне чараваць па-сапраўднаму. Чорт паабяцаў, што ягоныя мары хутка спраўдзяцца, дастаткова толькі падпісаць д'ябальскую дамову, паводле якой Твардоўскі быў абавязаны аддаць душу чорту. Шляхціч зразумеў намеры д'ябла і адказаў:

 

— Твая прапанова, д'ябле, вельмі шчодрая. Каб табе было нядоўга чакаць маю душу, я дадам у дамову запіс, паводле якога ты зможаш забраць мяне, як толькі я з'яўлюся ў Рыме. А гэта будзе хутка, бо праз некалькі тыдняў я збіраюся туды ў падарожжа.

 

Чорт вельмі ўзрадаваўся дадатковаму запісу і таму, што ўжо хутка атрымае новую душу. Але не ведаў ён, што Твардоўскі нават і не думаў ехаць у Рым.

 

Праз хвілю абодва бакі падпісалі дамову. Д'ябал мусіў служыць чалавеку ў кожным чарадзействе, якое той толькі прыдумае. Ён задаволена паціраў рукі, бо гэта было надзвычай лёгкім і прыемным. Бо чалавечыя душы — упартыя, хцівыя і злосныя, а шляхціч напэўна выкарыстае д'ябальскую магію для паскудных рэчаў.

 

Твардоўскі з новымі сіламі рушыў у падарожжа па Рэчы Паспалітай. Ён начараваў вялізнага пеўня, асядлаў яго і паехаў па вёсках і гарадах. Як жа здзівіўся д'ябал, калі чараўнік пачаў выкарыстоўваць д’ябальскую сілу на добрае.

 

Майстар з дапамогай магіі лячыў людзей і звяроў. Аднойчы ён нават выгнаў прывідаў з дома бурмістра Быдгашча, а самога гаспадара цудоўным чынам амаладзіў. Гэтак у Рэчы Паспалітай раслі багацце і слава пана Твардоўскага. Аднойчы сам кароль Жыгімонт Аўгуст паклікаў яго да сябе і папрасіў помачы ў выкліканні духу памерлай каралевы. Чарнакніжнік, вядома, даў рады заданню, і вобраз жанчыны з’явіўся ў адным палацавых люстэркаў. Майстар займеў вялікую прыхільнасць караля.

 

Д'ябал злаваўся, бо з дня падпісання дамовы прайшлі ўжо не тое што тыдні, але месяцы і гады. Твардоўскі ж аніяк не збіраўся ў Рым. Думаў чорт, думаў і прыдумаў. Ён ператварыўся ў селяніна і прыйшоў да Твардоўскага з просьбай дапамагчы яму ацаліць хворую маці. Вядома, чарнакніжнік згадзіўся пайсці з вяскоўцам у найбліжэйшую карчму, дзе нібыта ляжала хворая кабета.

 

Як толькі яны пераступілі парог карчмы, д'ябал вярнуў сабе звыклы выгляд, гучна засмяяўся і сказаў:

 

— Цяпер нікуды не дзенешся, пане Твардоўскі. Твая душа належыць мне. Гэтая карчма называецца “Рым”!

 

Чарнакніжнік збялеў і пачаў праклінаць сваю няўважлівасць. Аднак дзейнічаць трэба было хутка, бо д'ябал ужо падняў яго ўгору і панёс высока над зямлёй у пекла.

 

Справа сур'ёзная, не выпадае з д'яблам жартаваць, таму пан Твардоўскі пачаў маліцца Божай Маці. Ужо пасля першых словаў малітвы чорт заўважна саслабеў. Калі малітва падышла да канца, д'ябла раздзіралі такія пакуты, што ён залямантаваў, выпусціў сваю здабычу і ўцёк у пекла.

 

Так здарылася, што у гэты самы момант яны праляталі над Месяцам, і якраз туды ўпаў Твардоўскі. Відаць, ён да сёння сядзіць там і з тугой паглядае на зямлю і любую Рэч Паспалітую.

Пераклад з польскай – Алена Пятровіч © 2012

Чытайце таксама

Уладзімеж Вольскі

Уладзімеж Вольскі

Польскі паэт, празаік, перакладчык, аўтар лібрэта да операў Манюшкі

Густаў Майрынк

Густаў Майрынк

Аўстрыйскі празаік, драматург перакладчык, прадстаўнік “Пражскай школы”

Яўген Ліпковіч

Яўген Ліпковіч

Ар'ен Дэйнкер

Ар'ен Дэйнкер

Нідэрландскі паэт і празаік, аўтар раману "Багна" і трынаццаці кніг паэзіі

1354