№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джэймс Мэцью Бары

Пітэр Пэн

(Peter Pan and Wendy)

Пераклад з ангельскай Уладзь Лянкевіч

1. Пітэр Пэн уварваўся

 

Усе дзеці растуць, усе, акрамя аднаго. Яны рана пачынаюць разумець, што калісьці ўсё-ткі вырастуць. З Вэндзі гэта здарылася так. Аднойчы, калі ёй было два гады, яна бавілася ў садзе, збірала кветкі. Нарвала цэлы букет і пабегла да мамы. У той момант дзяўчынка, напэўна, выглядала вельмі міла, бо місіс Дарлінг ахнула ад захаплення і ледзьве не заплакала: “Ну чаму ж ты не можаш застацца такой назаўсёды!” І больш нічога пра гэта не сказала. Але з таго часу Вэндзі ведала: ён наканавана вырасці. Калі табе ажно два гады, сорам такога не ведаць. Два гады — гэта пачатак канца.

 

Адным словам, яны жылі ў доме нумар 14, і пакуль не з'явілася Вэндзі, усё круцілася вакол маці. Яна была прыгожай і рамантычнай жанчынай з чароўнай усмешкай. Гэтая рамантычнасць нагадвала ўсходнія куфэрачкі, схаваныя адзін у адным: колькі ні адкрывай, унутры ёсць яшчэ. А за чароўнай усмешкай у правым кутку вуснаў хаваўся адзін пацалунак. Пацалунак, які Вэндзі ўжо не дастанецца.

 

А як яе дабіўся містэр Дарлінг — гэта асобная гісторыя. Многія джэнтльмены, якія былі хлопчыкамі ў той час, як яна была дзяўчынкай, раптам у адзін і той жа дзень зразумелі, што кахаюць яе, і ўсім кагалам пабеглі, каб у гэтым прызнацца. Пабеглі ўсе, апрача містэра Дарлінга, які злавіў павозку і дабраўся першым. Вось так ён яе і заваяваў, толькі да самага глыбокага куфэрачка і таго пацалунку дабрацца не здолеў. Зрэшты, ён ніколі і не ведаў пра апошні куфэрак, а пацалунак… містэр Дарлінг проста стаміўся яго шукаць. Вэндзі здавалася, што калі хто і можа яго дастаць, то толькі Напалеон, але я проста бачу, як ён пнецца, стараецца, ды потым губляе ахвоту і сыходзіць, ляпнуўшы дзвярыма.

 

Містэр Дарлінг часта выхваляўся перад Вэндзі, што яе маці не толькі кахае, а яшчэ і паважае яго. Ён быў з тых людзей, якія ўсё ведаюць пра акцыі і аблігацыі. Насамрэч усяго пра іх не ведаў ніхто, але ён лічыў, што ведае, і часта казаў: акцыі выраслі, аблігацыі ўпалі, — і казаў гэта неяк так, што любая кінецца паважаць.

 

Місіс Дарлінг выходзіла замуж яшчэ зусім дзяўчынай. Спачатку яна з радасцю, ледзь не з захапленнем займалася хатняй бухгалтэрыяй, быццам у гульні гуляла, але аднойчы не ўлічыла брусэльскую капусту, а потым і квяцістая пачала прападаць — замест гэтага з’яўляліся малюнкі невядомых дзетак. Яна крэмзала лічбы, а марыла пра дзяцей.

 

Першай нарадзілася Вэндзі, затым Джон, а пасля Майкл.

 

Праз пару тыдняў пасля нараджэння Вэндзі было няясна, ці змогуць яны пракарміць яшчэ адзін рот. Місіс Дарлінг страшэнна ганарылася дачкой, але яе муж быў чалавек шчыры: ён сеў на край жончынага ложка, узяў яе за руку і пачаў лічыць выдаткі. Яна ўмольна глядзела на яго, маўляў, рызыкнем, паспрабуем, што атрымаецца, але гэта было не ў ягонай натуры. У ягонай натуры — кавалак паперы ды аловак, а калі яна збівала яго сваімі заўвагамі і прапановамі, ён пачынаў зноў і зноў.

 

— Зараз не перашкаджай, — прасіў ён. — Так, тут у мяне фунт сямнаццаць, плюс два шэсцьдзесят на працы, ну, магу зэканоміць на каве, гэта, дапусцім, дзесяць шылінгаў, значыць, два… дзевяць… шэсць… плюс твае васямнаццаць… трыццаць… выходзіць… тры… дзевяць… сем… плюс пяць у чэкавай кніжцы, значыць, восем… дзевяць… сем… коска і, калі ласка, сем, дарагая, памаўчы, і яшчэ фунт ты пазычыла суседу, дзіця, не плач, коска, ага, я казаў дзевяць-дзевяць-сем? Так, я казаў дзевяць-дзевяць-сем, пытанне ў тым, ці зможам мы пражыць у год на дзевяцьсот дзевяноста сем.

 

— Канечне, зможам, Джордж, — упрошвала яна. У місіс Дарлінг было неадступнае жаданне пакінуць Вэндзі, але ў яго быў цвярдзейшы нораў.

 

— А як жа свінка? — папярэджваў ён так, быццам хвароба ўжо вісела ў паветры, і працягваў: — Свінка — адзін фунт, гэта я цяпер так думаю, але, магчыма, і больш — на трыццаць, скажам, шылінгаў, памаўчы, адзёр — паўтара, краснуха — паўгінеі, выходзіць 2-15-6, не стукай пальцам, коклюш, скажам, 15 шылінгаў, — далей працягваў ён, і кожны раз выходзіла па-рознаму, але Вэндзі пашанцавала: на свінку пайшло 12,6, а краснуха і адзёр лячыліся разам, за адзін кошт.

 

Тая самая небяспека была і пасля нараджэння Джона, а ў Майкла ўвогуле амаль не было шанцаў, аднак іх абодвух пакінулі. Неўзабаве можна было ўбачыць, як яны ўтраіх, пад пільным вокам нянькі, ідуць у садок міс Фулсам.

 

Місіс Дарлінг любіла, каб усё было дагледжана, а містэр Дарлінг — каб было як ува ўсіх, таму яны, безумоўна, нанялі няньку. Аднак яны былі небагатыя — бо даводзілася купляць шмат малака для малых, і за няньку быў строгі ньюфаўндлэнд з мянушкай Нэна. Дагэтуль Нэна была нічыйнай, але заўсёды ведала, што дзеці — гэта вам не проста так. Дарлінгі пазнаёміліся з ёй у Кенсігнтанскім садзе, дзе Нэна бавіла большасць вольнага часу, назіраючы за дзецьмі ў вазках. За гэта яе не любілі нядбайныя нянькі: яна праводзіла іх дадому і магла паскардзіцца на іх гаспадыням. О, яна была цуд, а не нянька. Вы б бачылі яе падчас купання малых, а ўначы яна прачыналася ў любую хвіліну, калі нехта з яе выхаванцаў хоць крышку пачынаў румзаць. Натуральна, яе будка была ў дзіцячым пакоі. Яшчэ ў яе быў талент вызначаць, калі дзіця кашляе проста так і лячыць яго не трэба, а калі варта закруціць горла старой потнай шкарпэткай. Яна заўсёды верыла ў народную медыцыну, кшталту лістоў рэвеню, і з пагардай рыкала, калі чула навамодныя размовы пра мікробаў і ўсё такое. Добрым прыкладам майстэрства выхавання была дарога дзяцей у садок: вось яна чынна крочыць побач — значыць, тыя добра сябе паводзілі, а вось яна вядзе іх строем аднаго за адным — значыць, малыя насваволілі. Калі ў Джона быў футбол, яна ніколі не забывала прыхапіць швэдар, а на выпадак дажджу звычайна несла ў зубах парасон. У садку міс Фулсам, унізе, быў спецыяльны пакой для нянек, дзе можна было чакаць выхаванцаў. Там яны ўсе і сядзелі, адзіная розніца — яны на лавах, а Нэна на падлозе. Яны рабілі выгляд, што яе няма, перадусім праз яе нізкі статус у грамадстве, а яна, у сваю чаргу, ігнаравала іх пустыя размовы. Нэна не любіла, калі сяброўкі місіс Дарлінг раптам заходзілі ў дзіцячы пакой, але калі такое здаралася, яна хуценька нацягвала на Майкла свежы фартушок, папраўляла прычоску Вэндзі і тут жа кідалася да Джонавых кучараў.

 

Лепшай нянькі і быць не магло, і містэр Дарлінг выдатна гэта разумеў, хаця часам і турбаваўся, што кажуць суседзі. Ён дбаў пра рэпутацыю, бо як-ніяк меў пэўнае становішча ў горадзе.

 

Нэна непакоіла містэра Дарлінга яшчэ і таму што, часам яму падавалася, што яна яго недалюблівае. “Ну што ты, яна ад цябе ў захапленні, Джордж”, — пераконвала місіс Дарлінг і падміргвала дзецям, каб тыя былі асабліва ласкавымі з бацькам. Тады пасля бывалі дзівосныя танцы, тут далучыцца дазвалялі нават Лізе, адзінай служцы ў доме. У доўгай спадніцы і каптуры, якія насілі пакаёўкі, яна выглядала маленькай, быццам карлік, хаця калі яе наймалі, то бажылася, што ёй больш за дзесяць гадоў. Гэта былі вар’яцкія танцы! І весялей за ўсіх скакала місіс Дарлінг, вырабляючы такія шалёныя піруэты, што можна было прыкмеціць той самы пацалунак, а калі ў гэты момант трапіцца ёй на дарозе, то можна было нават атрымаць яго. Гэта была самая шчаслівая сям’я на свеце, пакуль не з'явіўся Пітэр Пэн.

 

Місіс Дарлінг упершыню пачула пра Пітэра Пэна, калі наводзіла парадак у галовах дзяцей. Гэта такі вечаровы звычай усіх добрых мам: дзеці засынаюць, а мамы наводзяць парадак у маленькіх галовах, раскладаючы на месцы ўсё тое, што за дзень паперакручвалася абы-як, каб на наступную раніцу ўсё ляжала на адпаведных палічках. Калі б ты ўсю ноч не спаў (праўда, ты так не ўмееш), то ўбачыў бы, як гэта робіць твая мама: відовішча ўражвае. Нешта накшталт чысткі ў шуфлядках. Бачыў бы ты яе — стаіць на каленках, з усмешкай дастае штосьці з тваёй галавы і думае, адкуль яно ўзялося, робіць прыемныя і не вельмі адкрыцці, прыціскае вынятае да шчакі, быццам нешта такое мяккае і пяшчотнае, як кацяня, і таропка прыбірае падалей з вачэй. Калі ты прачынаешся зранку, уся неслухмянасць і выбрыкі, з якімі ты клаўся спаць, улазяць на невялікую палічку на самым дне тваёй галавы, а наверсе, праветраныя, як новенькія, ляжаць самыя добрыя думкі, чакаюць, каб ты іх хутчэй прыдумаў.

 

Не ведаю, ці бачыў ты калі-небудзь карту чалавечага розуму. Часам дактары робяць карты іншых тваіх частак цела, і карта ўсяго цябе — напэўна, цікавая штука. Але не так і проста намаляваць карту дзіцячага розуму, якому ўвесь час не сядзіцца, ён круціцца ва ўсе бакі, сам збіваецца і ўсіх вакол збівае з панталыку. Ёсць там такія лініі зігзагам, як тэмпература на медыцынскай карце, — магчыма, гэта дарогі на востраў. Бо Неверляндыя — гэта часцей за ўсё востраў, стракаты, каляровы, з каралавымі рыфамі і хуткім караблём на даляглядзе, дзікунамі і гномамі (збольшага краўцамі), з адзінокімі логвішчамі і пячорамі, праз якія цякуць рэкі, прынцамі, у якіх ёсць шасцёра старэйшых братоў, з пахіленай хаткай і маленькай бабулькай з гарбатым носам. Калі б толькі гэта, то такую карту скласці было б не дужа складана, але ж заставаліся яшчэ першы дзень у школе, паходы ў царкву, бацькі, круглая сажалка, шытво, забойствы, фіранкі, як чуецца, так і пішацца, дзень яблычнага пірага, фігурныя дужкі, сказаць “каТлета”, марозіва, калі сам вырвеш сабе зуб, і яшчэ, і яшчэ — усё гэта ці то на тым жа востраве, ці то прасвечваецца праз яго… Цяжка разабрацца, асабліва калі яно ўсё рухаецца і лётае туды-сюды.

 

Да таго ж, у кожнага Неверляндыя свая. У Джона, напрыклад, была лагуна, над якой луналі фламінга, а ён у іх страляў. А ў Майкла, самага маленькага, быў фламінга, над якім луналі лагуны. Джон жыў на пляжы ў перавернутай уверх дном лодцы, Майкл — у вігваме, а Вэндзі наогул у будане, па-майстэрску сплеценым з лісця. У Джона не было сяброў, да Майкла сябры прыходзілі ўначы, а ў Вэндзі быў уласны кінуты бацькамі хатні воўк. Але наогул усе Неверляндыі — як браты і сёстры: калі б іх паставілі ў адзін шэраг, вы б сказалі, што насы падобныя і ўсё такое. Дык вось, ля гэтых чароўных берагоў дзеці ў гульнях прышвартоўваюць свае чаўны. Усе калісьці там бывалі і дагэтуль часам чуюць шум чароўнага прыбою, але высадзіцца больш не могуць.

 

З усіх дзівосных астравоў Неверляндыя — самы ўтульны, як бы кампактны, не вялікі і расхлябаны, разумееце, не такі з вялікімі адлегласцямі ад адной да другой прыгоды, а наадварот, нашпігаваны ўсякім.

 

Калі ты гуляеш у Неверляндыю днём з крэсламі ды пледамі, яна не такая прыцягальная, але перад самым сном робіцца зусім рэальнай. І ўсё таму, што існуюць начнікі і настольныя лямпы.

 

Час ад часу, вандруючы па думках сваіх дзяцей, місіс Дарлінг натыкалася на незразумелыя рэчы, з якіх больш за ўсё яе ўстрывожыла імя Пітэр. Яна не ведала ніякага Пітэра, але ён сустракаўся там-сям у галовах Джона і Майкла, а ў Вэндзі ім наогул усё было параспісана. Гэтае імя было выдрукавана таўсцейшымі, чым астатнія словы, літарамі, і, наколькі місіс Дарлінг магла разгледзець, з выгляду ён быў надзвычай дзіўны і дзёрзкі.

 

— Сапраўды, ён той яшчэ задзірака, — сумна пагадзілася Вэндзі. Тады маці запыталася:

 

— Дык а хто ён такі, даражэнькая?

 

— Ён Пітэр Пэн, ну ты ж разумееш, мам.

 

Спачатку місіс Дарлінг не разумела, але потым пачала ўспамінаць сваё дзяцінства і прыгадала Пітэра Пэна, што жыў разам з феямі. Пра яго расказвалі незвычайныя гісторыі: маўляў, калі дзеці паміраюць, ён праходзіць частку дарогі разам з імі, каб не было страшна адным. Яна верыла ў Пітэра Пэна ў маленстве, але цяпер яна была замужняя і разважная, таму дужа сумнявалася ў існаванні кагосьці такога.

 

— Да таго ж, — сказала яна Вэндзі, — ён бы ўжо даўно вырас.

 

— Ды не, ён не расце, — упэўнена заявіла Вэндзі, — ён такі ж, як я. Яна мела на ўвазе і рост, і гады. Дзяўчынка не знала, адкуль ёй гэта вядома, проста вядома і ўсё тут.

 

Місіс Дарлінг вырашыла параіцца з мужам, але ён паблажліва ўсміхнуўся ў адказ.

 

— Супакойся, — сказаў ён, — гэта нейкая лухта, якую ім расказала Нэна, такое можа прыйсці ў галаву толькі сабакам. Не чапай, само пройдзе.

 

Але яно не праходзіла, і назойлівы хлопчык аднойчы страшна ўразіў місіс Дарлінг.

 

З дзецьмі здараюцца дзівосныя прыгоды, але гэта ніколі іх саміх не пужае. Ну, напрыклад, яны могуць толькі праз тыдзень успомніць, што на мінулых выходных сустрэлі ў лесе свайго памерлага бацьку і мала таго — гулялі з ім. Нешта накшталт таго здарылася з Вэндзі, калі аднойчы раніцай яна зрабіла падазронае адкрыццё. Некалькі лісточкаў з дрэва ляжалі на падлозе ў дзіцячым пакоі, хаця ўвечары, калі дзеці клаліся спаць, іх там не было. Місіс Дарлінг вельмі збянтэжылася, калі Вэндзі сказала са спакойнай усмешкай:

 

— Гэта зноў Пітэр!

 

— У якім сэнсе, Вэндзі?

 

— Гэта ў ягоным стылі — не выціраць ногі, — уздыхнула Вэндзі. Яна была акуратнай дзяўчынкай.

 

Яна спакойна і без асаблівых тлумачэнняў расказала, што Пітэр часам прыходзіць у дзіцячы пакой ноччу, сядае ў нагах яе ложка і грае на дудцы. Яна, праўда, ні разу не прачнулася, так што не знае, адкуль ёй гэта вядома, проста вядома і ўсё тут.

 

— Што за бязглуздзіца, даражэнькая! Ніхто не можа трапіць у дом, не пагрукаўшы ў дзверы.

 

— Мне здаецца, ён прыходзіць праз акно, — адказала Вэндзі.

 

— Любая, мы ж на чацвертым паверсе.

 

— А ці няма лісточкаў каля падваконня?

 

Абсалютная праўда. Яны знайшлі тое ж самае лісце зусім побач з акном.

 

Місіс Дарлінг не ведала, што і думаць. Палохала яшчэ і тое, што Вэндзі гэта ўсё падавалася нармальным, і нельга было проста сказаць ёй, маўляў, гэта быў сон.

 

— Дачуля, — плакала маці, — чаму раней не расказвала?

 

— Я забылася, — няўважна сказала Вэндзі, бо хацела хутчэй паснедаць.

 

Ну вядома ж, ёй гэта толькі прыснілася.

 

Але з іншага боку — гэтае лісце. Місіс Дарлінг вельмі дбайна яго разгледзела: прожылкі на ім казалі пра тое, што ў Англіі не растуць дрэвы з такімі лістамі. Яна абпоўзала ўсю падлогу са свечкай і прыкмеціла дзіўныя сляды. Яна пашарудзіла качаргой у коміне, прастукала ўсе сцены, спусціла вяроўку з акна да зямлі — роўна 30 футаў, пры гэтым ніякай трубы, па якой можна было б залезці.

 

Канечне, Вэндзі гэта прыснілася.

 

Але Вэндзі не прыснілася, як паказала наступная ноч — ноч, калі незвычайныя прыгоды нашых герояў, уласна, і пачаліся.

 

Той ноччу дзеці ўжо ляжалі ў ложках. Гэта здарылася, калі Нэна была на вечаровай прагулцы, а місіс Дарлінг перамыла малых і спявала ім калыханкі, пакуль яны адно за адным не адпусцілі яе руку і не адляцелі ў царства сну.

 

Усё выглядала так бяспечна і ўтульна, што місіс Дарлінг усміхнулася сваім страхам, спакойна села бліжэй да агню і пачала шыць.

 

Напэўна, нешта для Майкла, які мусіў святочна апрануцца на дзень народзінаў. Ад агню ішло цяпло, дзіцячы пакой цьмяна асвятлялі тры начнікі, і праз нейкі час шытво выпала ў місіс Дарлінг з рук. Галава далікатна схілілася, і яна заснула. Паглядзіце на ўсіх чатырох — Вэндзі і Майкл там, Джон тут і місіс Дарлінг ля агню. Тут трэба было павесіць яшчэ адзін начнік.

 

Пакуль місіс Дарлінг спала, ёй прыснілася, што Неверляндыя падплыла блізка-блізка, і дзіўны хлопчык уварваўся адтуль. Ён ніколечкі не спалохаў яе, бо падаўся знаёмым: яна сустракала яго ў тварах многіх бяздзетных жанчын. Магчыма, нават у абліччах некаторых мам. Але ў сне місіс Дарлінг ён прарваў завесу, што захінае ад нас Неверляндыю, а Вэндзі, Джон і Майкл зазіралі туды праз шчыліну.

 

На гэты сон сам па сабе можна было не звяртаць увагі, але пакуль яна спала, акно ў дзіцячы пакой разнасцежыў вецер, і на падлогу сапраўды скочыў хлопчык. Яго суправаджаў забаўны агеньчык памерам з твой кулачок. Агеньчык сноўдаў па ўсім пакоі, як жывы, і, відаць, менавіта ён пабудзіў місіс Дарлінг.

 

Прачнуўшыся, яна ўскрыкнула, але ўбачыла хлопчыка і адразу ж зразумела — гэта і ёсць Пітэр Пэн. Калі б вы, або я, або Вэндзі былі там, то заўважылі б, што ён быў адзін у адзін як той недасяжны пацалунак місіс Дарлінг. На мілым хлопчыку была адзежына з таго самага лісця і смалы невядомага дрэва, але найбольш здзіўляла тое, што ў яго былі на месцы ўсе малочныя зубы. Калі хлопчык зразумеў, што яна дарослая, ён нахабна выскаліў свае перлінкі.

Пераклад з ангельскай – Уладзь Лянкевіч © 2012

Чытайце таксама

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

Джакама Леапардзі

Джакама Леапардзі

Італьянскі паэт.

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Юрый Вінічук

Юрый Вінічук

Украінскі пісьменнік, журналіст, містыфікатар, укладальнік анталогіі гатычнай літаратуры

2081