№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Данііл Хармс

Чацвераногая варона (Четвероногая ворона)

Вершы

Пераклад з рускай Анка Упала

Новая анатомія

(Новая анатомия)

У адной маленькай дзяўчынкі на носе выраслі дзве блакітныя стужкі. Выпадак асабліва рэдкі, бо на адной стужцы было напісана “Марс”, а на другой — “Юпітэр”.

1935

Чацвераногая варона

(Четвероногая ворона)

Жыла была чацвераногая варона. Уласна кажучы, яна мела пяць ног, але пра гэта казаць не варта.

Вось аднойчы купіла сабе чацвераногая варона кавы і думае: “Ну вось, купіла я сабе кавы, а што з ёй рабіць?”

А тут, як на ліха, прабягала міма ліса. Убачыла яна варону і крычыць ёй: “Гэй, — крычыць, — ты, варона!”

А варона лісе крычыць:

“Сама ты варона!”

А ліса вароне крычыць:

“А ты, варона, свіння!”

Тут варона з крыўды выпусціла каву, і тая раструсілася. А ліса прэч пабегла. А варона злезла на зямлю і пайшла на сваіх чатырох, ці дакладней на пяці нагах у сваю паршывую хату.

 

13 лютага 1938 году

Побытавая сцэнка

(Бытовая сценка)

Вадэвіль

Сно: Дабрыдзень! Эх, вып’ем! Эх! Варушы нагамі, падварушвай! Эх! Эх! Эх!

Марыся: Ды што з вамі, Яўген Эдуардавіч?

Сно: Эх! Піць хачу! Эх, варушы-падварушвай!

Марыся: Чакайце, Яўген Эдуардавіч, вы супакойцеся. Хочаце, я гарбату пастаўлю.

Сно: Гарбату? Не. Я гарэлку хлябтаць хачу.

Марыся: Яўген Эдуардавіч, мілы, ды што з вамі? Я вас пазнаць не магу.

Сно: Ну і няма чаго пазнаваць! Гані, мадам, гарэлку!

Марыся: Божа, ды што ж гэта такое? Даня! Даня!

Даня (ляжыць на падлозе ў вітальні): Ну? Чаго там яшчэ?

Марыся: Ды што ж мне рабіць? Што ж гэта такое?

Сно: Эх, варушы-падварушвай! (п’е гарэлку і выпускае яе фантанам праз нос).

Марыся (залазіць на фісгармонію): Заступніца найсвяцейшая! Маці найсвяцейшая Багародзіца!

Хармс: (ляжыць у вітальні на падлозе): Гэй ты, там, словы малітваў блытаеш!

Сно: (разбівае бутэлькай шкляную дзверку шафы): Эх, варушы-падварушвай!

Падае заслона.

Чутно, як Марыся чухае сабе галаву.

Вера, Надзея, Любоў, Сафія

1938 году <30 верасня>

“— Так, — сказаў Казлоў”

(“— Да, — сказал Козлов”)

— Так, — сказаў Казлоў, патрэсваючы нагой, — яна вельмі спужалася. Яшчэ б! Хо-хо! Але скеміла, што бегчы ні ў якім разе нельга. Тут усё ж яна тропу ўхапіла. Але хуліганы падышлі бліжэй і пачалі ёй у вуха гучна свістаць. Яны думалі аглушыць яе свістам. Але з гэтага нічога не атрымалася, бо яна акурат на гэтае вуха была глухая. Тады адзін з хуліганаў джвагнуў яе палкай па назе. Але з гэтага таксама нічога не атрымалася, бо якраз гэтая нага была ў яе яшчэ пяць гадоў таму ампутаваная і замененая на пратэз. Хуліганы нават спыніліся ад здзіўлення, калі ўбачылі, што яна працягвае спакойна іцці далей.

— Удала! — сказаў Цячорын. — Выдатна! Бо што было б, калі б хуліганы падышлі да яе з іншага боку? Ёй пашэнціла.

— Так, — сказаў Казлоў, — але зазвычай ёй не шанцуе. Тыдні два таму яе згвалцілі, а мінулым летам яе проста так, з гарэзлівасці, адхвасталі пугаю для коней. Гаротная Лізавета Платонаўна нават прызвычаілася да такіх гісторый.

— Гаротніца, — сказаў Цячорын. — Я б не супраць пабачыцца з ёй.

 

<1940>

Усебаковае даследаванне

(Всестороннее исследование)

Ермалаеў:

Я быў у Блінова, ён паказаў мне сваю сілу. Нічога падобнага я ніколі не бачыў. Гэта сіла звера! Я спужаўся. Бліноў узняў пісьмовы стол, разгайдаў яго і кінуў ад сябе метры на чатыры.

Доктар:

Цікава было б даследаваць гэтую з’яву. Навуцы вядомыя такія факты, але прычыны іх незразумелыя. Адкуль такая сіла цягліцаў, навукоўцы яшчэ сказаць не могуць. Пазнаёмце мяне з Бліновым: я дам яму даследчую пігулку.

Ермалаеў:

А што гэта за пігулка, якую вы збіраецеся даць Блінову?

Доктар:

Якая пігулка? Я не збіраюся даваць яму пігулку.

Ермалаеў:

Але ж вы самі толькі што сказалі, што збіраецеся даць яму пігулку.

Доктар:

Не не, вы памыляецеся. Пра пігулку я не казаў.

Ермалаеў:

Ну ўжо прабачце, я ж чуў, як вы сказалі пра пігулку.

Доктар:

Не.

Ермал.:

Што не?

Дктр.:

Не казаў!

Ермал.:

Хто не казаў?

Дктр.:

Вы не казалі.

Ермал.:

Чаго я не казаў?

Дктр.:

Вы па мойму чагосьці не дагаворваеце.

Ермал.:

Я нічога не разумею. Чаго я не дагаворваю?

Дктр.:

Вашае маўленне вельмі тыповае. Вы глытаеце словы, не дагаворваеце пачатай думкі, спяшаецеся і пыкаеце.

Ермал.:

Калі ж я пыкаў? Я гавару даволі гладка.

Дктр.:

Вось у гэтым акурат і ёсць вашая памылка. Бачыце? Вы нават ад напругі пачынаеце пакрывацца чырвонымі плямамі. У вас яшчэ не пахаладнелі рукі?

Ермал.:

Не. А што?

Дктр.:

Так. Гэта мая здагадка. Мне падаецца, вам ужо цяжка дыхаць. Лепей сядзьце, а то вы можаце ўпасці. Ну вось. Цяпер вы адпачніце.

Ермал.:

Але навошта ж гэта?

Дктр.:

Цсс. Не напружвайце галасавых звязак. Зараз я паруплюся пра тое, каб палегчыць вашую долю.

Ермал.:

Доктар! Вы мяне палохаеце.

Дктр.:

Сябра мой мілы! Я хачу дапамагчы вам. Вось, вазьміце гэта. Глытайце.

Ермал.:

Вой! Фу! Які салодкі брыдкі смак! Вы гэта што мне далі?

Дктр.:

Нічога, нічога. Супакойцеся. Гэта верны сродак.

Ермал.:

Мне горача, і ўсё здаецца зялёнага колеру.

Дктр.:

Так так так сябра мой мілы, вы зараз памраце.

Ермал.:

Што вы кажаце? Доктар! Вой, не магу! Доктар! Што вы мне далі? Вой, доктар!

Дктр.

Вы праглынулі даследчыцкую пігулку.

Ермал.:

Ратуйце. Вой. Ратуйце. Вой. Дайце паветра. Вой. Рат… Вой. Павет…

Дктр.

Замоўк. І не дыхае. Значыць, памёр ужо. Памёр, не знайшоўшы на зямлі адказаў на свае пытанні. Так, мы, дактары, мусім усебакова даследаваць з’яву смерці.

Данііл Чармс

21 чэрвеня 1937 году

Грэхападзенне або пазнанне дабра і зла

(Грехопадение или познание добра и зла)

Дыдаскалія

Прыгожа падстрыжаныя прысады замест райскага саду. Пасярод Дрэва Жыцця і Дрэва Пазнання Дабра і Зла. Ззаду направа царква.

Figura (паказвае рукой на дрэва і гаворыць): Вось гэта дрэва пазнання дабра і зла. Ад іншых дрэваў ешце плады, а ад гэтага дрэва пладоў не ешце (ідзе ў царкву).

Адам (паказвае рукой на дрэва): Вось гэта дрэва пазнання дабра і зла. Ад іншых дрэваў мы будзем есці плады, а ад гэтага дрэва мы пладоў есці не будзем. Ты, Ева, пачакай мяне, а я пайду збяру малінаў (ідзе).

Ева: Вось гэта дрэва пазнання дабра і зла. Адам забараніў мне есці плады з гэтага дрэва. А цікава, якія яны на смак?

З-за дрэва з’яўляецца Майстар Леанарда.

Майстар Леанарда: Ева! вось я прыйшоў да цябе.

Ева: А скажы мне, майстар Леанарда, навошта?

Майстар Леанарда: Ты такая гожая, белацелая і паўнагрудая. Я дбаю пра тваю карысць.

Ева: Памажы табе Божа.

Майстар Леанарда: Ты ведаеш, Ева, я кахаю цябе.

Ева: А я ведаю што гэта такое?

Майстар Леанарда: Хіба не ведаеш?

Ева: Ад куль мне ведаць?

Майстар Леанарда: Ты мяне дзівіш.

Ева: Вой, паглядзі, як смешна фазан на фазаніху верхам сеў.

М.Л.: Вось гэта і ёсць тое самае.

Ева: Што тое самае?

М.Л.: Каханне.

Ева: Тады гэта вельмі смешна. Ты што? Хочаш таксама на мяне верхам сесці?

М.Л. Хачу. Але толькі ты нічога не кажы Адаму.

Ева: Не, не скажу.

М.Л. Ты, я бачу, малайчына.

Ева: Так, я баба спрытная.

М.Л. А ты мяне кахаеш?

Ева: Так я ахвотна пакаталася б па садзе на табе верхам.

М.Л.: Сядай мне на плечы.

Ева садзіцца верхам на Майстра Леанарда, і ён скача з ёй па садзе.

Уваходзіць Адам з картузам, поўным малінаў, у руках.

Адам: Ева! Дзе ты? Хочаш малінаў? Ева! Куды ж яна пайшла? Пайду яе шукаць. (ідзе).

З’яўляецца Ева верхам на Майстру Леанарда.

Ева (саскоквае на зямлю): Ну дзякуй. Вельмі добра.

М.Л.: А зараз пакаштуй гэты яблык.

Ева: Вой, што ты! З гэтага дрэва нельга есці пладоў.

М.Л. Паслухай, Ева! Я даўно ўжо даведаўся пра ўсе таямніцы раю. Сёе-тое скажу табе.

Ева: Ну кажы, а я паслухаю.

М.Л.: Будзеш мяне слухаць?

Ева: Так, я ні ў чым цябе не засмучу.

М.Л.: А не выдасі мяне?

Ева: Не, павер мне.

М.Л.: А раптам усё адкрыецца?

Ева: Не праз мяне.

М.Л.: Ну добра. Я веру табе. Ты была ў добрай школе. Я бачыў Адама, ён вельмі дурны.

Ева: Ён хамаваты крыху.

М.Л.: Ён нічога не ведае. Ён мала падарожнічаў і нічога не бачыў. Яго надурылі. А ён дурыць цябе.

Ева: Якім чынам?

М.Л.: Ён забараняе табе есці плады з гэтага дрэва. А гэта ж самыя смачныя плады. І калі ты з’еш гэты плод, ты адразу дазнаешся, што добра і што кепска. Ты адразу ўведаеш вельмі шмат і будзеш разумнейшая за самога Бога.

Ева: Ці магчыма гэта?

М.Л.: Ды ўжо я кажу табе, што магчыма.

Ева: Ну, далібог, я не ведаю, што мне рабіць.

М.Л.: Еш гэты яблык! Еш, еш!

З’яўляецца Адам з картузам у руках.

Адам: Ах, вось, дзе ты, Ева! А гэта хто?

Майстар Леанарда хаваецца за кусты.

Адам: Гэта хто быў?

Ева: Гэта быў мой сябар, Майстар Леанарда.

Адам: А што яму трэба?

Ева: Ён пасадзіў мяне верхам да сябе на шыю і бегаў са мной па садзе. Я страшна смяялася.

Адам: Больш вы нічога не рабілі?

Ева:Не.

Адам: А што гэта ў цябе ў руках?

Ева: Гэта яблык.

Адам: З якога дрэва?

Ева: Вунь з таго.

Адам: Не, маніш, з гэтага.

Ева: Не, з таго.

Адам: Маніш, напэўна?

Ева: Як ёсць кажу, не маню.

Адам: Ну добра, я табе веру.

Змей (седзячы на дрэве пазнання дабра і зла): Яна хлусіць. Ты не вер. Гэта яблык з гэтага дрэва!

Адам: Кінь яблык. Манюка.

Ева: Не, ты вельмі дурны. Трэба пакаштаваць, які ён на смак.

Адам: Ева! Глядзі!

Ева: І глядзець тут няма чаго!

Адам: Ну, як знаеш.

Ева адкусвае ад яблыка кавалак.

Змей з радасці пляскае ў ладкі.

Ева: Ах, як смачна! Толькі што ж гэта такое? Ты ўвесь час знікаеш і з’яўляешся зноў. Вой! усё знікае і аднекуль з’яўляецца ўсё зноў. Вох, як гэта цікава! Ай! Я голая! Адам, падыдзі да мяне бліжэй, я хачу сесці на цябе верхам.

Адам: Што такое?

Ева: На, еш ты таксама гэты яблык!

Адам: Я баюся.

Ева: Еш! Еш!

Адам з’ядае кавалак яблыка і адразу ж прыкрываецца картузам.

Адам: Мне сорамна.

З царквы выходзіць Figura.

Figura: Ты, чалавек, і ты, чалавечыца, вы з’елі забаронены плод. А таму прэч з майго саду!

Figura ідзе назад у царкву.

Адам: Куды ж нам іцці?

Ева: Нікуды не пойдзем.

З’яўляецца Анёл з вогненным мячом і гоніць іх з раю.

Анёл: Пайшлі прэч! Пайшлі прэч! Пайшлі прэч!

Майстар Леанарда (выходзячы з-за кустоў): Пайшлі пайшлі! Пайшлі пайшлі! (махае рукамі). Давайце заслону!

Заслона

 

Дандан

27 верасня 1934 году

Пераклад з рускай – Анка Упала © 2013

Чытайце таксама

Мантэгю Родс Джэймс

Мантэгю Родс Джэймс

Ангельскі пісьменнік, тэкстолаг і бібліёграф-медыявіст, майстар ghost story

Марэк Вадас

Марэк Вадас

Сучасны славацкі пісьменнік. У 2006 годзе атрымаў прэстыжную прэмію Anasoft Litera

Ўолт Ўітмэн

Ўолт Ўітмэн

Амерыканскі паэт, эсэіст і журналіст.

Эдгар Алан По

Эдгар Алан По

Амерыканскі паэт, навэліст, журналіст, філосаф, крытык, заснавальнік дэтэктыўна-фантастычнага жанру ў літаратуры

1270