№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Курт Тухольскі

Берлінскія чуткі

Вершы

Пераклад з нямецкай Аляксей Жбанаў

Берлінскія чуткі

(Berliner Gerüchte)

 

Пан Маер, пан Маер, ты чуеш ці не —

Шалёная чутка стралою імкне:

У акне

   Святло ў расійскім пасольстве!

 

А там, дзе святло, пэўна, хітры агент

Рыхтуе таемны якісь дакумент

   Пры святле ў расійскім пасольстве.

 

Той ці іншы палітык губляе сон

І за людам цікаўным пнецца і ён

   Да святла ў расійскім пасольстве.

 

Загадкавы шэпт — нібы пошум травы:

“Там дзеецца нешта, ці ж бачыце вы

   Святло ў расійскім пасольстве?”

 

І ліпы шумяць. “Ну, дзвярам кранты!”

Ды нікога не пусціць жандарм таўсты

Да святла,

   Святла ў расійскім пасольстве.

 

І нават настаўнік — не верыш вачам —

Расказвае ўсім, што ведае сам

   Пра святло ў расійскім пасольстве.

 

А ўнутры бляхар у зале пустой

Кажа: “Макс, калі ласка, са скрыні той

   Перадай мне маслёнку!”

 

Потым удвух да свайго жытла

Сыходзяць — і вось больш няма святла,

   Святла ў расійскім пасольстве.

 

 

 

Мікракосм

(Mikrokosmos)

 

Чаму ж кахаць няможна ўсіх?!

Я б Эрнэстыны, мілай пані,

Любыя выканаў жаданні!

Але ад пільнай Магдалены

Штораз атрымліваю сцэны.

А што ж казаць пра тую Лоту —

Яна мне ахвяруе цноту.

Ды я адзін — і многа іх...

Чаму ж кахаць няможна ўсіх?!

 

Старая, ведама, гульня.

Тут, паміж Эльбаю і Шпрэе,

Ўсё тая ж п’еска не старэе.

Але я думаю няспынна:

Што, як адыдзе шкарлупіна,

Адкрыецца тваім вачам?

Што, калі вусны замаўчаць?

Ад жаху скалануўся я...

(Старая, ведама ж, гульня.)

 

Чаму ж кахаць няможна ўсіх?

На гэта часу дзе набрацца...

Ты, знаю, будзеш зноў смяяцца!

Я ж праз усе свае прыгоды

Ў твой дом вяртаюся заўсёды.

Дай мне пасля бадзянняў тлуму

Маіх сябровак іншых суму.

Хай мне твой свет заменіць іх...

Чаму ж кахаць няможна ўсіх?

 

 

 

Ідэал і рэчаіснасць

(Ideal und Wirklichkeit)

 

Прыгадваеш, чаго ў жыцці бракуе,

На шлюбным ложку ў цішыні начной.

Ах, атрымаць, здаецца, хоць адкуль бы

Што мучыць нас адсутнасцю сваёй.

Ды ўсё, што ў думках уявіў дакладна,

Не атрымаеш, хоць ты век жыві.

Хацеў бы быць з высокаю і ладнай,

А мусіш з караценькаю і тоўстай —

C'est la vie!..

 

Яна павінна ў сцёгнах быць вяртлявай,

Высокаю бландынкаю прытым.

З дакладнасцю да фунта хударлявай,

Абаграваць валоссем залатым...

Ты станеш зноў ахвярай, падуладны

Фантазіі і голасу крыві.

Хацеў бы быць з высокаю і ладнай,

А мусіш з караценькаю і тоўстай —

Сэляві!..

 

У краме люльку светлую набыў бы,

Ды цёмную купіцьмеш — больш няма.

Штораніцы гімнастыку рабіў бы,

Ды не пачнеш ніяк. Амаль... амаль...

Была такой за кайзерам панаднай

Рэспубліка... І вось яна — жыві!

Хацеў бы быць з высокаю і ладнай,

А мусіш з караценькаю і тоўстай —

Сэляві!..

 

 

 

Спеў ангельскіх хлопчыкаў-харыстаў

(Gesang der englischen Chorknaben)

 

Богу хвала ў вышы-ы-ынях!

Хто ўсцяж клапасты й вашы-ы-ывы?

Бедныя

людзі —

хай літасць вам будзе!

Людзям

багатым

тое не трэба.

Яны на пухнатых,

мяккіх падушках дрэмлюць,

побач — іхныя дамы.

Амэн.

 

Богу хвала з другога паверха!

Прэч паняверку!

Калі ваш завод збанкруту-у-уе,

царква вас напэўна ўрату-у-уе,

прытуліць і пашкадуе.

Яна гне пралетару спіну здавён,

яго ў дурнях трымае да скону дзён,

бласлаўляе дзяржаву і ейных салдатаў,

камерсантаў, вяльмож і магнатаў,

бласлаўляе ўвогуле шмат лухты,

і паўсюль яе нос святы.

Хай кожны жыве як жылі вякамі:

унізе — хто робіць сваімі рукамі,

а ўверсе — хто мае заводы й крамы.

Амэн.

 

Хвалі мы Бога кіроўнага класа!

Мы сцішваем масы!

Хай моляцца горача

з крыўды і горычы;

спяваюць уголас,

калі іх знясільвае голад;

стаяць на каленях:

зрабіць мы напэўна здалеем

з пралетара цярплівае,

маўклівае

працоўнае быдла — І-А! І-А!

Алілуя!

О, не будзьце ў малітве сваёй гультаямі!

Слухайце пільна абвесткі ў храме —

толькі дзеля ЦАРКВЫ кожны рух ваш,

найменшы самы.

Амэн!

Пераклад з нямецкай – Аляксей Жбанаў © 2013

Чытайце таксама

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава

Лідзія Вадкерці-Гаварнікава

Славацкая паэтка і перакладчыца, аўтарка васьмі паэтычных зборнікаў

Тамаш Зан

Тамаш Зан

Польскі паэт-рамантык беларускага паходжання, філамат, сябра Адама Міцкевіча

Антоніё Табукі

Антоніё Табукі

Аўтар раманаў, апавяданняў, нарысаў, тэатральных сцэнараў, куратар італьянскага выдання твораў Фэрнанду Пэсоа.

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

1071