№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Вагнэр

верабей гюрыке

Вершы

Пераклад з нямецкай Альгерд Бахарэвіч

верабей гюрыке

(guerickes sperling)

...больш вытанчанае за золата, пазбаўленае ўсялякага

фармавання і знікнення...

Ота фон Гюрыке

 

што гэта тут, нябачнае і ўсё ж

супрацьстаяць яму ніхто не здольны?

так кажа паспаліты люд

наўкола майстра гюрыке й ягонай

канструкцыі: насос, які ў пакоі

ўзвышаецца на трох нагах,

ўвесь поўны грацыі mantis

religiosa. а яшчэ латуні глянец,

шкляная куля як рэцыпіент:

і верабей, што полымем этылавага спірту

пачаў мігцець — паветра

становіцца ўсё цяснейшым. на падворку,

дзе спеюць мірабэлі, цішыня гудзіць і на руінах

расце трава. а на сцяне

гравюра з відам колішняга магдэбургу.

гадзіннік найдакладны з ківачом,

дыёптр, педаметр, астралябія;

ды глобус на стале, дзе толькі што

плаўнік новай зеландыі прарэзаў

сабою ціхі акіян нібыта

з далечыні ўпарта цягнецца фурманка.

і нехта шэпча: “гэты мёртвы верабей

падымецца яшчэ ў пустое неба”.

 

 

 

батанічны сад

(botanischer garten)

 

а заадно і словы, што скажу табе, узважыць —

ні пары, ні падмеценыя сцежкі іх не скажуць.

аголеныя дрэвы, і пад кожным

квіценне зімнае жалезных агароджаў,

святло шляхетна падае, як воск —

пабачыў я на ўзгорку шкло цяпліц і вось

іх рэбры белыя, на тое ж fin de siècle,

падумаў пра кітоў, пра косткі іх шкілецін,

якія гэтак даспадобы дзецям,

там, у музеях, на нябачным дроце

застылі косткі іх навечна ў палёце,

з праглыбіні на бераг вынес іх прыбой,

задушаных уласнаю вагой.

 

 

 

штортэбэкер

(störtebeker)

 

Я дзявяты, кепскае месца.

Але ён яшчэ бяжыць.

Гюнтэр Айх

 

яшчэ бяжыць ён, бачыць цела галава,

хістаючыся. але дзе ён,

ён сам? у позірках апошніх

з каша ці ў поступе сляпым?

так, я дзявяты і цяпер кастрычнік;

халодна, і вяроўка ўсё глыбей

пілуе маё мяса. на каленях

стаім мы, як жанчыны, і над намі

аблокаў белізна птушыным пер’ем.

наш бацька ў збялелых кулаках

сякеру сціснуў, бліснула лязо,

і певень акрываўлены пабег,

свой шлях знайшоўшы паміж двух сусветаў.

паўсюдна чуўся наш дзіцячы лямант.

 

 

 

каляды ў хантсвіле, тэхас

(weihnachten in huntsville, texas)

 

Гэта так, быццам вы жывяце на чыгуначным насыпе.

 Спачатку заўважаеш кожны цягнік, потым проста нічога не чуеш.

Жыхар Хантсвіла

 

калі электрычнасць у гэты вечар

вырубілася, лямпы на каляднай ялінцы

замігцелі і згаслі. удалечыні

прыпознены цягнік. мы, ноч, пах смажанага мяса —

гусі мірна плавалі сабе ў моры

з белай парцаляны. у святле месяца

аб’едзеныя косткі верандаў.

спачатку мы падслухоўвалі лёгкае пагойдванне

вялікага лесу, што атачаў горад,

потым харалы вярнуліся назад у радыё.

у кожным тэлевізары сядзеў прэзідэнт.

чыгуначны насып, без канца, без краю,

і смажаная гусяціна.

 

 

сад ветэранаў

(der veteranengarten)

 

Again he fighting with his foe, counts o’er his scars,

Tho ‘Chelsea’s now the seat of all his wars,

And foundly hanging on the lengthening tale,

Reslays his thousands o’er a mug of ale”.

Сэр Джон Сон, надпіс у летнім доме Каралеўскага шпіталя, Лондан

 

лёс ветэранаў — вырастаць з травы

увысь у ганаровай уніформе;

цяжкія гузікі з латуні надвячоркам

успыхваюць матавым святлом.

яны растуць з травы нібы ў легендах

войска з пасеяных зубоў дракона.

 

а ветэраны дэманструюць свае зубы

на ўжо амаль брунатных фотаздымках.

на здымках колеру старой травы — яны пажоўклі больш за міфы.

той грэк сказаў, што барацьба

пачатак кожнай формы, і ўсё вяртае

нас да яе. яны садзяцца на

 

матавы рог уласных згадак, блішчаць

у скрыні шахматы. з пратэзамі зубнымі

даўно зрадніўся рот. бадай што непрыкметны

ў траве гуляе ўнук, шчаслівы ад найменшай

гульні, ён — гэта супрацьлегласць

 

упартым спробам дзедавым паставіць

мат каралю ў мудрагелістай гульні.

(для белых скарысталі столькі

слановай косткі і зубоў маржовых.)

трава расце ў парку ветэранаў.

у хатку зноў вяртаецца слімак.

 

сапраўдны ветэран жыве мінулым і ў будучыню

не зазірае. так узнікаюць міфы.

траву, дзе забаўляюцца ўнукі

кусалі іх таварышы калісьці. іх абліччы

вайна зрабіла матавымі. жыць

значыць сціснуць зубы. злепак твайго лёсу.

 

сёстры ў белым.

яны такія цёплыя. яны

іх адвязуць назад, калі

рот неба  зорамі ашчэрыць і ў пакоі іх насцігне

цэлае войска міфаў. трава ўздымаецца на месцы

дзе некалі бялелі ад напругі.

 

у траве

блуканне цёмных постацяў. прыемна

думаць пра зубы. міфы. гэта

мат каралю.

 

___________________________________________

 

Каментар

 

Ота фон Гюрыке (1602—1686) — нямецкі фізік, інжынер і філосаф.

 

Клаўс Штортэбэкер — вядомы нямецкі пірат; у 1401 годзе быў злоўлены, гамбургскі суд прыгаварыў яго да адсячэння галавы. Існуе знакамітая легенда: перад самым пакараннем Штортэбэкеру прапанавалі выканаць апошняе жаданне, і ён сказаў: “Я прабягу без галавы перад шыхтам іншых асуджаных піратаў, і тыя, міма каго я здолею прабегчы, пакуль не ўпаду, няхай атрымаюць свабоду”. Галава паляцела ў кош, але Штортэбэкер паспеў прабегчы міма адзінаццаці чалавек, пакуль яго не спыніў кат. Насуперак свайму абяцанню, бургамістр загадаў адсекчы галовы ўсім паплечнікам Штортэбэкера.

 

Пераклад зроблены паводле: Jan Wagner. Guerickes Sperling. Berlin Verlag, 2004.

Пераклад з нямецкай – Альгерд Бахарэвіч © 2013

Чытайце таксама

Богдан Задура

Богдан Задура

Польскі паэт, празаік, перакладчык з рускай, украінскай, ангельскай і венгерскай моваў

Фрэнк Баўм

Фрэнк Баўм

Амерыканскі празаік, драматург, актор. Знакаміты творам "Чараўнік краіны Оз"

Сабіна Брыло

Сабіна Брыло

Беларуская паэтка, журналістка.

Леў Стахоўскі

Леў Стахоўскі

Нарадзіўся ў 1911 годзе ў сям’і Міколы Стахоўскага (1879–1948), грамадска-палітычнага дзеяча і лекара

1334