№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

О, Ізабэла!

Народныя песні расійскіх немцаў

Пераклад з нямецкай Васіль Сёмуха

Адзін бядак вяртаўся на радзіму...

(Es wollt ein Mann in seine Heimat reisen...)

 

Адзін бядак вяртаўся на радзіму,

Быў знуджаны па жонцы і сынку,

Дарогай цераз цёмны лес лёс кінуў

Яго ліхому ў лапы бандзюку.

 

“Гані машну — альбо жыццё закончы,

Гані машну — альбо жыццю кранты!

Гані машну — альбо заплюшчы вочы,

Каб я так жыў, калі не згінеш ты!”

 

“Што даць табе, калі няма й заводу

Ніякіх грошай і з багаццем — швах!

Бяры жыццё, яно табе не ў шкоду,

У сэрца бі, яно ў маіх грудзях!”

 

Бандзюк застыў. “Мяне ты азадачыў, —

Адно спытаў, ледзь не сарваўшы дых: —

Што гэта на табе я раптам бачу,

Што гэта бачу на грудзях тваіх?

 

Бясцэнную выяву вернай маці

На верным сэрцы, бачу, носіш ты

А мне бандытам выпала стаяці,

Даруй, не ведаў я, што мы браты.

 

Дванаццаць год разлукі, любы браце,

І лёс ліхі нядолі так спрыяў,

Што не былі з табой мы ў роднай хаце,

І вось — на брата я руку падняў”.

 

Браты з глыбокай скрухай абняліся —

Умілажалься, доля. Не карай!

Зліліся сэрцамі і падаліся

Абодва разам у радзінны край.

 

 

 

Калі зямля ўся ў зелені красуе...

(Wenn alles grünt und blüht auf dieser Erde...)

 

Калі зямля ўся ў зелені красуе,

Калі красуе ў зелені ўвесь свет,

Так, так, сяджу я тут і мару, як знябыты,

Пра той прыгожы, ўжо адцвілы квет.

 

Было тады мне васямнаццаць з нечым,

Не знала я ні гора, ні пакут,

Так, так, не знала я ні гора, ні галечы —

Адно каханы жыў у сэрцы, тут.

 

Ён кінуўся у дзікі вір змагання,

Мяне пакінуўшы зусім адну.

Мінула шмат гадоў з пары таго кахання,

А пра каханага — ні почуту.

 

Аж вось і вестка, што трывожыць сэрца,

Аж вось і вестка, што мне сэрца рве,

Ў палях Расіі труп знайшлі ягоны,

Ў палях Расіі ён смерць прыняў сваю.
 

Дык мірна спі у холадзе Расіі,

Дык мірна спі, нямецкі грэнадзёр,

Вяртаюцца сябры, а ты ўжо больш не з імі,

Ах, Божа! Боль які, ён кроіць сэрца мне.

 

 

 

Мадам, мадам, пара табе дадому...

(Madam, Madam, nach Hause...)

 

Мадам, мадам, пара табе дадому,

бо твой муж, муж дужа занямог!” —

“Занямог дык занямог —

 хай яго дагледзіць Бог,

 я не пайду, я не пайду,

 я не пайду дамоў!”

 

 “Мадам, мадам, пара табе дадому,

 бо твой муж, твой муж якраз памёр!” —

 “Што ж памёр мой муж, памёр —

 многа жэр, стары бабёр, —

 я не пайду, я не пайду,

 я не пайду дамоў!”

 

 “Мадам, мадам, пара табе дадому,

 далакопы ўжо па-за дзвярмі!” —

 “Далакопаў за дзвярмі

 піва шкляначкай прымі,

 я не пайду, я не пайду,

 я не пайду дамоў!”

 

“Мадам, мадам, пара табе дадому,

 бо нясуць ужо труну з двара!” —

“Хай нясуць труну з двара,

 ай, даўно было пара,

 я не пайду, я не пайду,

 я не пайду дамоў!”

 

“Мадам, мадам, пара табе дадому,

 бо закопваюць ужо труну!” —

“Што ж, закопваюць труну,

 пухам-пух зямля яму, —

 я не пайду, я не пайду,

 я не пайду дамоў!”

 

“Мадам, мадам, пара табе дадому,

 бо ўжо хата поўна жаніхоў!” —

 “Поўна хата жаніхоў, —

 пад замок іх, пад ахоў!

 Я ўжо бягу, я ўжо бягу,

 я ўжо бягу дамоў!”

 

 

 

О, Ізабэла!

(O! Isabella!)

 

Пакуль яшчэ ты халасты,

любоў — не абы-што,

калі ж пасля пры жонцы ты,

табе й сам чорт — ніхто!

Бо жонка болей не дае,

спакою не дае,

і замыкае свой пакой,

сабе на супакой.

 

О, Ізабэла! Ты Мілавіца мая!

О, Ізабэла! Мне азарэнне дала!

О, Ізабэла! Ты Мілавіца мая!

Толькі адна ты ў сэрцы маім жыла!

 

Калі ж той муж п’янюсенькі,

а жонка — чысты смех —

пасадзіць мужа ў мех які

і — на матуз той мех,

Калі ж тады ён просіцца

“Даруй, ах, мілка, грэх!” —

тужэй матуз! І мосціцца

яшчэ й сама наверх!

 

О, Ізабэла! Ты Мілавіца мая!

О, Ізабэла! Мне азарэнне дала!

О, Ізабэла! Ты Мілавіца мая!

Толькі адна ты ў сэрцы маім жыла!

 

 

 

Заўтра мілая паедзе...

(Morgen will mein Schatz verreisen...)

 

Заўтра мілая паедзе,

Заўтра мілая паедзе,

гвалтам кінуць мусіць край.

Вонкі ад галосся птушак,

ад галосся птушак

аж звініць зялёны гай.

 

Бо як цяжка тужыць

без радзімы, сяброў,

без надзеі дажыць,

каб пабачыцца нам зноў.

Дык бывай, дык бывай,

дык бывай, мой родны край!

 

Галубкоў у садзе пара

на галінцы зеляной,

там, дзе расстаюцца сэрцы,

расстаюцца сэрцы —

застаецца сухастой.

 

Бо як цяжка тужыць

без радзімы, сяброў,

без надзеі дажыць,

каб пабачыцца нам зноў.

Дык бывай, дык бывай,

дык бывай, мой родны край!

 

Зелень жухне, вяне, сохне,

а любоў мая жыве,

Ты з вачэй маіх знікаеш,

ты з вачэй знікаеш,

толькі з сэрца — не і не.

 

Бо як цяжка тужыць

без радзімы, сяброў,

без надзеі дажыць,

каб пабачыцца нам зноў.

Дык бывай, дык бывай,

дык бывай, мой родны край!

 

Ах, як доўжыцца расстанне

Ў час бяспробліснае цьмы!

Ах, калі той дзень настане,

час калі настане,

як сустрэнемся зноў мы?

 

Бо як цяжка тужыць

без радзімы, сяброў,

без надзеі дажыць,

каб пабачыцца нам зноў.

Дык бывай, дык бывай,

дык бывай, мой родны край!

 

 

Той час прыўкрасны...

(Schön ist die Jugend...)

 

Той час прыўкрасны больш не азвецца,

той час прыўкрасны, красу гадоў,

назад не вернеш ні ў стоме сэрца,

ні ў скрушнай жальбе, як стыне кроў.

 

Таму кажу я зноў:

той час мінуўся, сплыў,

той час прыўкрасны мінуўся, сплыў.

Так, так, мінуўся, сплыў,

і след яго астыў,

той час прыўкрасны мінуўся, сплыў.

 

Красуе кветка на шчодрым лузе

і з часам вяне і не расце,

вось так і сэрца пажухне ў скрусе

і больш другі раз не расцвіце.

 

Таму кажу я зноў:

той час мінуўся, сплыў,

той час прыўкрасны мінуўся, сплыў.

Так, так, мінуўся, сплыў,

і след яго астыў,

той час прыўкрасны мінуўся, сплыў.

 

Лаза прыносіць цяжкія гронкі,

са спелых гронак цячэ віно.

Юнацтва наша — той сок салодкі,

і свеціць сонца усім адно.

 

Таму кажу я зноў:

той час мінуўся, сплыў,

той час прыўкрасны мінуўся, сплыў.

Так, так, мінуўся, сплыў,

і след яго астыў,

той час прыўкрасны мінуўся, сплыў.

 

І час мінулы больш не азвецца,

і ўсё былое зрабуе смерць.

Жыццю будзь рады, спявай ад сэрца,

запалам юным каб сэрца грэць.

 

Таму кажу я зноў:

той час мінуўся, сплыў,

той час прыўкрасны мінуўся, сплыў.

Так, так, мінуўся, сплыў,

і след яго астыў,

той час прыўкрасны мінуўся, сплыў.

 

 

Перакладзена паводле альбомаў “Ai, was ist die Welt so schön!” (“Той час прыўкрасны...”), “Bei uns, ihr leit, ist hochzeit heit” (усе астатнія), Deutsche Volkslieder und Tanzmelodien aus Russland. Спевы: Jakob Fischer, Katharina Rissling. Выданне: Landsmannschaft der Deutschen aus Russland.

Пераклад з нямецкай – Васіль Сёмуха © 2013

Чытайце таксама

Міхаіл Валодзін

Міхаіл Валодзін

Артур Конан Дойл

Артур Конан Дойл

Шатландскі фізік і пісьменнік, аўтар дэтэктываў пра Шэрлака Холмса

Наталля Вішнеўская

Наталля Вішнеўская

Беларуская паэтка

Аксана Данільчык

Аксана Данільчык

Паэтка, літаратуразнаўца, перакладчыца італьянскай літаратуры на беларускую мову

827