№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Нямецкая папулярная музыка 1930-х

Песні

Пераклад з нямецкай Ігар Крэбс, Андрэй Хадановіч

Кальцо

(In einem kühlen Grunde)

 

Па-над павольнай плынню

парыпваў колам млын.

Без мілай у даліне

застаўся я адзін.

 

Мне вернасць абяцала,

дала кальцо ў зарок.

Як клятвы не стрымала —

ўпусціў яго ў вірок.

 

Я песню напісаў бы

і разбурыў муры,

пра сонца я спяваў бы,

што нішчыць свет стары.

 

Ляцеў бы я ў пагоню,

і да пляча плячом

імчалі ў срэбры б коні,

я ў сэрцы б біў мячом.

 

Але як млын пачую

над ціхаю ракой,

навек заснуць хачу я,

бо смерць мне дасць спакой.

 

Словы: Ёзэф фон Айхендорф, 1807/1808

Музыка: Фрыдрых Глюк, 1814

Год:1932

 

Выкананне: Comedian Harmonists

 

 

 

 

Бывай

(Auf Wiedersehen, My Dear)

 

Прыйшоў наш развітальны час,

мацней цалуй апошні раз.

“Да пабачэння” мне скажы.

Сустрэнемся, бывай!

 

Ад успамінаў не ўцячы,

нам не азмрочыць іх нічым.

“Да пабачэння” я кажу,

сустрэнемся, бывай!

 

Ці будзеш вернай ты,

мне пытаць не варта.

Не ведае любві

той, хто ўвесь час раўнуе ўпарта.

 

Прыйшоў наш развітальны час,

мацней цалуй апошні раз.

Спатканню быў бы рады я.

Сустрэнемся, бывай!

 

Мы горача кахалі,

зліваліся ў адно,

абдымкі адчынялі

ў таемны свет акно.

 

Ды скончылася казка —

не трэба плакаць, калі ласка.

 

Прыйшоў наш развітальны час,

мацней цалуй апошні раз.

“Да пабачэння” мне скажы.

Сустрэнемся, бывай!

 

Пераклад з ангельскай

Словы і музыка: А. Гудхарт, М. Эджэр, А. Хофман, Э. Нэльсан

Нямецкі тэкст: К. Амберг

Год: 1932

 

Выкананне: Comedian Harmonists

 

 

 

 

Недзе там

(Irgendwo auf der Welt...)

 

Заўсёды мару і веру я,

што радасць побач будзе.

Маё каханне, любоў мая

шчасцем напоўніць грудзі.

 

Днямі й начамі клічу яго,

маю надзею, толькі ўсяго.

 

Недзе там, на зямлі,

ёсць мо трошачкі дабра,

пра якое шчыра мару я здаўна.

 

Недзе там, на зямлі,

ёсць мо кропля шчаснасці,

як хацеў заўсёды я яе знайсці...

 

Знаць бы, дзе шчасце ёсць,

не вагаўся б я зусім,

я б сышоў і хоць раз

шчасце ў сэрцы меў сваім.

 

Недзе там, на зямлі,

да нябёс мой шлях ляжыць,

недзе там, неяк так, можа быць.

 

Песенька з фільма “Бялявая мара”

Словы: Р. Гільберт

Музыка: В. Р. Хайман

Год: 1932

 

Выкананне: Ліліян Харвэй у суправаджэнні Уфа-Джаз-Аркестр

 

 

 

Сябры

(Ein Freund, ein guter Freund)

 

Сонечны дзень! Радасны дзень!

У сэрцы палае надзеі прамень!

Толькі наперад, бо дадзены старт,

бо з намі ўдача і фарт!

 

Можам сказаць гучна, дальбог,

што да апошняга будзем утрох,

бо на вадзе і на зямлі

мы ўжо сабе давялі:

 

сябры — заўжды сябры,

яны — найлепшае, што ёсць у нас.

Сябры — заўжды сябры,

няхай сусвету зруйнавацца час.

 

Ты не смуткуй, калі

цябе пакінула мілосць,

сябры ж — заўжды сябры,

найдаражэйшае, што ёсць.

 

Песенька з музычнага фільма “Трое з аўтазапраўкі”

Словы: Р. Гільберт

Музыка: В. Р. Хайман

Год: 1930

 

Выкананне: В. Фрытч, О. Карлвайз, Х. Руман

 

 

 

 

Сонца свеціць

(Wochenend und Sonnenschein)

 

Сонца свеціць, выхадны,

у лесе мы зусім адны.

Шчасця большага няма, калі

сонца свеціць на зямлі.

 

Шолах лісця нас сустрэў

і жаўранка вясёлы спеў —

птушкі радасна пяюць, калі

сонца свеціць на зямлі.

 

Няма машын і шашы,

наўкол — ніводнай душы.

 

Ў лесе толькі я і ты,

сам Пан Бог не глядзіць сюды,

бо ён шчасце дорыць нам, калі

сонца свеціць на зямлі.

 

Толькі шэсць дзён ёсць для працы,

а на сёмы дзень — адпачыць

Бог сказаў, але мы самі

ведаем, што нам рабіць.

 

Сонца свеціць, выхадны,

у лесе мы зусім адны.

Шчасця большага няма, калі

сонца свеціць на зямлі.

 

Пераклад амерыканскай песні “Happy Days Are Here Again”, неафіцыйнага гімна дэмакратычнай партыі ЗША

Словы: Дж. Елен, 1929

Нямецкі тэкст: Ч. Амберг, 1930

Музыка: М. Эджэр

Год: 1930

 

Выкананне: Comedian Harmonists

 

 

 

 

Курка

(Ich wollt' ich wär' ein Huhn...)

 

Хачу я куркай быць,

нічога не рабіць,

я клаў бы яйка раніцой,

а потым меў спакой.

На свой аўтарытэт

не траціў бы імпэт,

калі б я шанец атрымаў —

папросту бы скляваў.

Не трэба ў офіс на зары,

і я шчаслівы, хоць дурны.

Хачу я куркай быць,

нічога не рабіць,

я клаў бы яйка раніцой

ці пару — пад настрой.

 

Ў мужчыны цяжкае жыццё

у працы й барацьбе.

Калі ж чаго дамогся ён,

Жанчына адбярэ.

 

Пражыць ён можа сто гадоў,

прыдбаўшы сівізну,

калі не наламае дроў,

не ляжа ў баразну.

 

Хачу я пеўнем быць,

нічога не рабіць,

я б яек нізашто не клаў,

а тыдзень проста б марнаваў.

На свой аўтарытэт

не траціў бы імпэт,

я дзень спяваў бы напралёт

і разграбаў памёт.

Ніколі ў офіс не пайду,

усё, што трэба, так знайду.

Калі б я пеўнем быў,

нічога б не рабіў.

Я стаў бы з курамі гуляць,

жыццё было б на пяць.

 

Песенька з фільма “Шчасліўчыкі”

Словы: Х. Ф. Бэкман

Музыка: Петэр Кройдэр

Год: 1936

 

Выкананне: Meistersextett

 

 

 

 

Кактус

(Mein kleiner grüner Kaktus...)

 

Кветкі у садзе

бы на парадзе:

цюльпаны, гваздзікі ды калы.

Носяць іх з крамаў,

каб цешыць дамаў,

мне гэта проста нецікава.

 

Малы зялёны кактус

я стаўлю на балкон,

о-ля-ры, о-ля-ры, о-ля-ро.

Да макаў і да ружаў

не траплю я ў палон,

о-ля-ры, о-ля-ры, о-ля-ро.

 

Калі ж які прахвост

пярэчыць мне наўпрост,

мой кактус дасць у грыву

дый у хвост, хвост, хвост.

 

Малы зялёны кактус

я стаўлю на балкон,

о-ля-ры, о-ля-ры, о-ля-ро.

 

Паненак пекных

з прыгожай кветкай

няхай там нехта параўнае.

Кажу я: спрэчна

і недарэчна,

такога проста не бывае.

 

Малы зялёны кактус

я стаўлю на балкон,

о-ля-ры, о-ля-ры, о-ля-ро.

 

Грукат у дзверы,

я ж — у кватэры,

хто сёння да мяне так рана?

гер Краўзэ гэта,

а не кабета.

“Магу спытацца я ў пана?

Ці вам належыць кактус

таксама, як балкон?

О-ля-ры, о-ля-ры, о-ля-ро.

 

Я трапіў з вашай… кветкай

як певень у булён,

о-ля-ры, о-ля-ры, о-ля-ро.

 

Упаў ён мне на твар,

паверыце — кашмар,

ягоныя іголкі страшнейшыя за вар.

Пастаўце вы свой кактус

як мінімум за шкло,

о-ля-ры, о-ля-ры, о-ля-ро.

 

Пераклад франкамоўнай песні “J’aime une tyrolienne”

Нямецкі тэкст: Г. Герда

Музыка: Б. Райсфельд, А. Маркузэ

Год: 1934

 

Выкананне: Comedian Harmonists

 

 

 

 

Вероніка

(Veronika)

 

Вероніка, вясна прыйшла,

пяюць дзяўчынкі “лалала”.

Ты ведаеш, усё прасцей,

Вероніка, шпараг расце,

мая Вероніка, так пахне бэз

і кліча нас зялёны лес.

 

І нават сонны дзед

мармыча бабцы ўслед:

“Вероніка, вясна прыйшла”.

 

Хлопцу — жарсць, дзеўцы — смех,

хай не верыць, то не грэх:

блізка каханне.

Піша верш наш пясняр,

словаў веснавых штукар,

дзеўцы прызнанне:

 

Вероніка, вясна прыйшла,

пяюць дзяўчынкі “лалала”,

ты ведаеш, усё прасцей,

Вероніка, шпараг расце,

мая Вероніка, так пахне бэз

і кліча нас зялёны лес.

 

І нават добры сонны драхлы дзед

мармыча добрай соннай бабцы ўслед:

“Вероніка, вясна прыйшла”.

 

Словы: Ф. Ротэр

Музыка: В. Юрман

Год: 1930

 

Выкананне: Comedian Harmonists

 

 

 

 

Лілі Марлен

Тэкст гэтай вядомай песенькі напісаў у 1915 годзе Ханс Ляйп, малады нямецкі паэт, перад адпраўкай на Усходні фронт. Паводле легенды, ён сустракаўся з дзвюма дзяўчатамі адначасова. Адну звалі Лілі, другую — Марлен, і ён аб'яднаў імёны сваіх каханак у адным вершы. На музыку тэкст паклаў Норберт Шульцэ ў 1938 годзе, ужо пры нацыстах, якія спачатку яе за дэпрэсіўнасць нават забаранілі, а выканаўцу Лалу Андэрсэн ледзь не накіравалі ў канцэнтрацыйны лагер. Але песенька стала такой папулярнай, што нацысты былі вымушаныя даць спявачцы статус нацыянальнай гераіні, пакуль не стала вядома пра яе сувязі з габрэйскім антыфашысцкім рухам у Швейцарыі. Спявачка і яе творчасць зноў былі забароненыя. Але шматлікія лісты ад салдатаў і асабісты зварот генерала Ромеля вярнулі яе ў эфір ”Салдацкага радыё” Бялграда, яе перадавалі штовечар перад адбоем для Афрыканскага корпуса. Па той бок фронту брытанскія салдаты таксама ўпадабалі песню і спявалі яе на ангельскай. Міжнародную вядомасць песенька набыла ў выкананні Марлен Дзітрых на ангельскай і нямецкай мовах.

 

 

Лілі Марлен

(Lili Marleen)

 

Ля маёй казармы

Свеціцца ліхтар.

У тым святле аднойчы

Я ўбачыў мілы твар.

За браму клікаў позірк твой

Мяне сустрэцца зноў з табой,

          З табой, Лілі Марлен…

 

Цёмнымі кутамі

У шэрым шынялі

Прыйшоў я на спатканне,

Як зоркі узышлі.

Хвіліны беглі як у сне

Ад слоў, што ты казала мне,

          Тых слоў, Лілі Марлен…

 

Толькі развіднела —

Я сказаў “пакуль”,

Ды перад казармай

Сустрэў мяне патруль.

Праз краты той ліхтар свяціў,

А я тры ночы вусны сніў,

          Твае, Лілі Марлен…

 

Скончаны мой арышт,

Трызненне, бывай!

Шукаў сабе я шчасця,

Ды напаткаў адчай.

Свайго сяржанта я пазнаў,

Калі цябе ён абдымаў,

          Цябе, Лілі Марлен…

 

А на ўсходнім фронце

Стылы снег ды бруд.

Тут майму сяржанту

Я выканаў прысуд.

Праз сцюжу кліча позірк твой,

І я сустрэнуся з табой,

          З табой, Лілі Марлен…

 

пераклад з нямецкайІгар Крэбс

 

 

 

 

Лілі Марлен

(Lili Marleen)

 

Перад казармай,

дзе ўначы ліхтар

ліў святло на твар мой

і табе на твар, —

зноў бы стаяць, без перамен,

пад ліхтаром, ля гэтых сцен,

          з табой, Лілі Марлен.

 

Нашыя два цені

зліліся ў адзін.

Мроі-летуценні

й не стае гадзін.

Глядзі, хто прагне палкіх сцэн,

як мы ўдваіх ля гэтых сцен

          стаім з Лілі Марлен.

 

Я пасля адбою

мчуся да цябе.

Хай мне свеціць трое

сутак на “губе”,

буду ўсю ноч, як верны цень,

ізноў стаяць ля гэтых сцен

          з табой, Лілі Марлен.

 

Бачыў тваю постаць,

слухаў кожны крок,

ды каханне помсціць,

нават незнарок…

І хто цяпер, мяне ўзамен,

пад ліхтаром, ля гэтых сцен,

          з маёй Лілі Марлен?

 

З цемрадзі і згубы,

з роспачы на дне

клічуць твае губы,

нібы ў сне, мяне.

Хай зноў мілосць кранецца вен,

і буду зноў ля гэтых сцен

          з табой, Лілі Марлен.

 

пераклад з нямецкайАндрэй Хадановіч

 

Пераклад з нямецкай – Ігар Крэбс, Андрэй Хадановіч © 2013

Чытайце таксама

Пэт Паркер

Пэт Паркер

Афраамерыканская паэтка-лесбіянка і актывістка.

Ісроэл-Ешуэ Зінгер

Ісроэл-Ешуэ Зінгер

Пісьменнік, старэйшы брат нобелеўскага лаўрэата Ісака Башэвіса-Зінгера.

Міндаўгас Валюкас

Міндаўгас Валюкас

Літоўскі паэт, празаік, драматург, рэжысёр, актор, музыка.

Вікенцій Равінскі

Вікенцій Равінскі

Беларускі паэт і празаік, адзін з пачынальнікаў беларускай сатыры

1378