Нявольнікі
(De Dwangarbeiders)
Кітайцы-кулі ў гаванях да скону
Яднаюць з рытмам стогны ля вады,
І грузяць ад Шанхаю да Кантону
Тавары Паднябеснай на суды.
Адданыя зададзенаму кроку,
Пад вечны рытм нясуць па трапах кладзь,
Бывае, што глядзяць на боль звысоку —
Здаецца, нават плечы не смыляць.
Дамы для кулі — ліхтэры і джонкі,
Дзе вабіць непрытомнасцю ляжак.
Паэты ж рэдка выглядаюць вонкі
З гарбатняў — ім без рытму аніяк.
“Уславім ладу вышняга бясспрэчнасць!
Усё пад небам вартае пахвал”.
Ды не, мы бачым побач супярэчнасць.
Гарбатня — тут. Крыху вышэй — прычал.
“Праводзяць кулі ноч у снах трывожных.
Ці можа супакоіцца паэт?”
Не: як пятля — пракляцце для астрожных,
Так для паэтаў — літасцівы свет.
І хтосьці ўбачыць з глыбіні сусвету:
Іх лёс — заўжды дзяліць адну журбу.
Выносіць словы з цішыні — паэту,
Выносіць грузы з карабля — рабу.
У рытме іх адзіная надзея
Не паддавацца болю і бядзе:
Паэт, яго згубіўшы, звар’яцее,
А раб, яго згубіўшы, упадзе.
Прыходзіць час — здымаюць кулі ношы,
Чакае іх абед і цішыня.
Няма ў паэта гэтае раскошы,
Сваю пакуту ён цярпіць штодня.
Яму жыццём пастаўленая ўмова,
Каб, як вар’ят, ён быў усім чужы
І каб з маўчання нёс за словам слова
У вечным рытме верша — да мяжы.
Канец
(Het Einde)
Калісь я чорнай жыў тугой,
Яна — як след ад ран,
І дыхаў думкай я такой:
Вярнуць здалее мне спакой
Далёкі акіян.
І вось ад берагу адплыў,
Наўкол — марскі прастор адно,
Алены болей не відно
І цень Да Кунья знік даўно,
Ды цягне зноў, нібы прыліў
Зямля, прытулак цёмны мой.
Я ўведаў, што спакой — падман:
Не суша і не акіян,
А дошкі след, што з’еў туман
Ці змыў прыбой.
Від на Макао з вяршыні гары
(Uitzicht op Macao van Monte af)
Гару пакінуў ранак без убору —
Вяршыню агаліў расталы змрок.
Вунь канакрад чакае прыгавору,
Вунь сохне джонка ад яго за крок.
Пяску нанесла хвалямі на ўзморак,
Але суды ўваходзяць лёгка ў док.
А што ў завулках? Горай за паморак
Катуе голад ціхі гарадок.
Штодня ў жыццё прыходзяць немаўляты,
Вяртаюцца штодня старыя ў прах,
Сплываюць джонкі і імчаць дахаты,
Вітае пушка ноч па вечарах.
Усё як і калісьці: схіл пакаты,
Заходы, джонкі, стрэлы і раскаты.
Неспасцігальны лёс прарочыць страты...
Я крок свой чую рэхам у гарах.
Камоэнш
(Camoës)
Ён, аўтар “Лузіяд”, хацеў бадзяцца,
Хацеў быць вольным, кратам насупор,
Ды лёс яго — як катаржная праца
І дар нябёс: пражыць свой мужны твор.
Ён, вязень і ўцякач, стаў забывацца,
Што здрадлівая слава з даўніх пор,
Што муза не ратуе нас, паяцаў, —
І ад чумы, знясілены, памёр.
Нам, лёс асуджаным змагаць упарта,
Заўсёды помніць гэты прыклад варта,
Бо ператворыць гора мару ў пыл.
Бо так заўжды было, і ёсць, і будзе,
Калі з жыццём з апошніх б’ешся сіл,
Пакуль крывёй твае сплываюць грудзі.
Прадказанне
(De voorteekenen)
Люляе белых зімародкаў
Вада ля зялёных галінаў,
І яна крычыць мне пра гэта
Чароўным голасам: “Яны — прыкмета
Удачы!”
А я далей за яе бачу,
Як ляціць з далечыні, што смугою адзета,
Чорная птушка горных далінаў.
пераклад з нідэрландскай — Ганна Янкута