№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ўільям Батлер Ейтс

Дзеі дзіўнай дзяржавы

Вершы



Хто з Фэргусам?

(Who Goes With Fergus?)

Хто з Фэргусам – і наўгалоп
Праз цені лесу ўсё хутчэй,
І ў скокі ля самой вады.
Юнак, навошта хмурыш лоб?
Дзяўчына, не хавай вачэй,
Забудзь пра страхі назаўжды!

Расхмар чало, не думай дум,
Чаму так горкі сэрца жар,
Вось Фэргус гоніць свой рыдван...
Ён, ценяў лесу валадар,
Яднае акіянскі шум
І зор вандроўных акіян.

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч

Леда й Лебедзь

(Leda and The Swan)

Раптоўны націск крыл, што плешчуць вонках;
чужое сэрца б’ецца ля грудзей;
улонне лашчаць лапы ў перапонках
і дзюба песціць шыю ўсё люцей.

Ці ж адаб’юцца кволыя далоні
ад мужнасці ў аперанай красе?
Як сцёгнам, аслабелым у палоне,
не саступіць чужынцу пакрысе?

Прыйдучае ёй апладняе нетры:
тут гібель Агамэмнана, дары
данайцаў і забойствы між руінаў...

Ці ж моц і веда ўладара паветра
ёй да тае адкрыліся пары,
як ён яе, насычаны, пакінуў?

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч

Неўтаймоўнае племя

(Unappeasable Host)

Дзеці багіні Дану ў далоні поруч
Б’юць, смяюцца й мружаць вочы ў калысцы,
Бо каршуннё залунае, каб ім калісьці
Рушыць на Поўнач, – і сэрцы прасякне горыч.

Я да грудзей прыціскаю дзіця ў адчаі,
І з пасланцом магіл твар у твар гаворым!
Вецер самотны скуголіць над дзікім морам,
Вецер самотны ў пажары на небакраі,

Вецер самотны б’ецца ў як свет старыя
Брамы Пекла й Нябёсаў у скавытанні.
О сэрца, табе неўтаймоўныя воі-здані
Мілейшыя за святое імя Марыі!

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч

Неўтаймавальнае племя

(Unappeasable Host)

Дзеці Дану смяюцца ў залатых калысках сваіх,
Ды радасна б’юць у далоні, ды вочы жмураць яны,
Бо шлях ім ляжа далёкі да паўночнае стараны,
Калі каршукі ў нябёсах ценем крылаў накрыюць іх.

Я цалую дзіця спужанае ды цісну яго да грудзей
І чую – магілы клічуць маё дзіця ды мяне.
Самотны вецер, што плача над морам ды долю кляне,
Самотны вецер, што голасна ў пажары заходу гудзе,

Самотны вецер, што б’е ў брамы нябёсаў ды б’е
У брамы пекла ды множа праклятых духаў тугу,
Сэрца, табой скаланутае, супакоіць я не магу,
Мілей за свяцільні Марыіны мне сумныя стогны твае.

 

пераклад з ангельскай – Антон Францішак Брыль

Аэд дорыць каханай пэўныя радкі

(Aedh gives his Beloved certain Rhymes)

Валасы непакорныя збяры,
Залатою шпількаю закалі.
Глядзі – мае ўбогія рыфмы тут,
Удзень і абноч я іх тварыў,
З мінулых бітваў маёй зямлі
Сплятаў тужлівую мілату.

То збяры празрыста-бледнай рукой
Валасы свае доўгія, ціха ўздыхні –
І кожнае сэрца заб’ецца тады.
Для таго толькі ззянне пены марской
І ў панурым небе – зораў агні,
Каб ніколі не бляклі твае сляды.

 

пераклад з ангельскай – Антон Францішак Брыль

У прыцемкі

(Into The Twilight)

Друзлае сэрца, у друзлыя дні
Пакінь павуценне дабра ды зла.
Зноў засмейся зыходу святла,
Зноў над расою рання ўздыхні.

Над маці Эйрэ не ўладны час,
І ззяе раса, і цьмянее святло,
Хай надзея знікла й каханне сышло,
І агмень паклёпаў дагэтуль не згас.

Да ўзгоркаў, сэрца, хутчэй, туды,
Дзе таемнае брацтва сонца ды зор,
Лясоў ды пустак, рэк ды азёр
Вершыла волю сваю заўжды.

Там Бог трубіць у самотны рог,
І сусвет і час не спыняюць лёт,
І мілей за каханне – святла зыход,
І ясней за надзею – росны мурог.

 

пераклад з ангельскай – Антон Францішак Брыль

У змярканні

(Into The Twilight)

Старое сэрца, ў гэты час стары
Зламай кайданы злых і добрых мэтаў.
Засмейся, сэрца, на змярканні лета
І засумуй – час росаў на зары.

А маці Эйрэ вечна маладзець –
Як росам ззяць і хмурыцца змярканню, –
Хаця сышлі надзея і каханне,
Каб больш паклёпу ў вочы не глядзець.

Хадзем у край пагоркаў, сэрца, – там
Містычнае братэрства леса й поля
І сонца з месяцам, што будуць нам
Чытаць услых сваю зямную волю.

Там Бог у рог свой трубіць на гары,
І вечны там палёт часоў і свету...
Маё каханне там – змярканне лета,
Мая надзея – росы на зары.

 

пераклад з ангельскай – Ганна Янкута

Магіла ў гарах

(The Mountain Tomb)

Квітнее ружа – ружу падары,
Танцуй і пі віно – бо ўсё міне;
Дыміцца вадаспад каля гары.
Наш бацька Разэнкрэйц спіць у труне.

Пакінь сляпых! Няхай гучыць кларнэт,
Каб адступілі ціша і сумнеў!
Віно і пацалункі поўняць свет.
Наш бацька Разэнкрэйц спіць у труне.

Ды марна, марна: свечка ўсё ярчэй,
І не сціхае вадаспаду гнеў.
Схаваўшы веду ў оніксах вачэй,
Наш бацька Разэнкрэйц спіць у труне.

 

пераклад з ангельскай – Ганна Янкута

Няма другой Троі

(No Second Troy)

Нашто яе вініць, хоць кола дзён
Мне поўніла пакутай даастачы,
Давала чэрні жорсткі свой закон,
Слабых на моцных кідала наўдачу,
Калі ісці здалелі напралом?
Што супакоіла б яе бурлівы розум,
Высокі дух, што палымнеў агнём,
Красу, напятую, як лук, што крозам
Сягонняшнім чужая назаўжды
У існаванні ўзнёслым і суровым?
Што ёй, такой, рабіць было тады?
Як Трою знішчыць у паходзе новым?

 

пераклад з ангельскай – Ганна Янкута

Фэргус і Друід

(Fergus and the Druid)

Фэргус: Ганюся цэлы дзень я за табой –
Знікаеш ты, мяняючы аблічча:
Лунаў спачатку крумкачом старым,
Што пер’е пагубляў за даўнім часам,
А потым ласіцай скакаў па камянях,
Цяпер перавярнуўся ў чалавека,
Схаванага ў сутонні й цішыні.

Друід: Што хочаш ты, кароль над каралямі
Чырвонае Галіны?

Фэргус: Наймудрэйшы!
Сядзеў са мною побач Канхабар,
Калі я быў суддзём, і ўсё бязмежжа,
Якое не здалеў я ахапіць,
Ён, мудры, зразумеў – і я карону
Яму аддаў, а з ёй – сваю журбу.

Друід: Што хочаш ты, кароль над каралямі
Чырвонае Галіны?

Фэргус: Так, кароль!
Калі з людзьмі балюю на пагорках,
Іду па лесе, еду на кані
Уздоўж мяжы, што дзеліць мора й сушу,
Цяжар кароны цісне галаву.

Друід: Чаго ты хочаш, Фэргус?

Фэргус: Больш не несці
Кароны, мудрасць спазнаваць тваю.

Друід: Зірні на валасы мае сівыя,
На рукі, што падняць не змогуць меч,
На цела, што дрыжыць, нібы ад ветру,
Больш не каханак я, не мужны вой.

Фэргус: Кароль – не больш чым дурань, ён марнуе
Жыццё, ён мроя для сваіх людзей.

Друід: Тады вось кайстра. Развяжы яе –
І залунаюць мроі навакол.

Фэргус: Я адчуваю, як жыццё віруе,
Нібы рака – і я ў ім быў усім:
І хваляю марскою, і ялінай
На ўзгорку, ясным блікам на мячы,
Рабом, які на млыне меле горыч,
Уладаром на залатым стальцы –
Усё гэта было такім чароўным!
Аднак, усё спазнаўшы, я – нішто.
Друід, друід! О, колькі вечнай скрухі
Ляжыць у кайстры попельнай тваёй!

 

пераклад з ангельскай – Ганна Янкута

Закаханы расказвае пра ружу ў сваім сэрцы

(The Lover Tells Of The Rose In His Heart)

Усё непрыгожа і брудна, зламана і ніякавата –
І воз, што рыпіць на дарозе, дзіця, што рыдае на ім,
І пырскі халоднага бруду, і стомлены працай араты
Скажаюць твой вобраз, што ружай у сэрцы квітнее маім.

Нязграбныя рэчы – загана, падман невымоўны пракляты,
Нанова іх прагну стварыць я і сесці на траваў кілім...
Нябёсы з зямлёй і вадою шкатулкаю стануць багатай
Для мараў пра вобраз, што ружай у сэрцы квітнее маім.

 

пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Закаханы апавядае пра Ружу у сваім сэрцы

(The Lover Tells Of The Rose In His Heart)

Праз непрыгожасць і смутак, паноўныя тут заўжды, –
Аратага крокі цяжкія, у глебе сухой камяні,
Дзіцячы плач, рып драбінаў і рыканне чарады –
Не бачыш тую, што ружай красуе ў сэрца твайго глыбіні.

Вялікага ліха – брыдоты – паўсюль назіраеш сляды.
Свет перарабі нанова, адно тады адпачні.
Шкатулку зрабі залатую з нябёсаў, зямлі й вады
Для мрояў пра тую, што ружай красуе ў сэрца твайго глыбіні.

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч

За вербамі, у садзе...

(Down by the Salley Gardens)

За вербамі, у садзе, я любую сустрэў,
Я cлухаў яе словы ў лістоце ніцых дрэў:
“Кахайце, як травіца расце каля вады”.
А я не даў ёй веры – быў надта малады.

Пасля стаялі поруч на беразе ракі
І aдчувaў я поціск бялюткае рукі.
“Жывіце, як гадуе лістоту вербалоз”.
А я быў неразумны і змарнаваў свой лёс.

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч

Сябру, чыя праца пайшла на глум

(To a Friend whose Work has come to Nothing)

Без ісціны ўначы
Паміж сляпых і хворых.
І не перамагчы,
Калі сумленне вораг
У подлай барацьбе
Маной не развярэдзіў,
Не паважаў сябе,
Ані сваіх суседзяў!
Штось большае пачні
За помсту і праклёны:
На морскім камяні
Спявай струной шалёнай
І ў гэты собскі схоў
Нясі натхненне ўпотай,
Бо цнота песняроў
Ёcць найцяжэйшай цнотай!

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч

Ірландскі лётнік прадчувае сваю загубу

(An Irish Airman Foresees His Death)

Канаю між зямлёй і сонцам
На прасціне з нябесных хмар.
Сябрам не стаў я абаронцам,
Не бачыў вopaгaў у твap.
Я ведаю, мой суайчыннік –
Адно жабрак з Кілтартан Крос,
І смерць мая й нат іншы вынік
Ягоны не палепшаць лёс!
Ані загад, ані сумленне
Мяне зрынаюць у нябыт:
Адно ў парыве захаплення
Я занураюся ў блакіт.
Усё, пра што салодка марыў,
Прынесла наймізэрны плён.
Я паміраю паміж хмараў:
Жыццё намарна й марны сконl

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч

Сімвалы

(Symbols)

Напаўразбітай вежы сны,
Сляпы пустэльнік б’е ў званы.

Клінок зазіхацеў выразна
Ў руках у валацугі-блазна.

Меч пад шаўковай паласой
І глупства напалам з красой.

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч

Кола

(The Wheel)

Сярод зімовай белізны
Спяваем веснавыя гімны;
Ледзь дачакаўшыся вясны,
Упарта клічам вецер зімны;
Чвэрць года прамінае – зноў
Пяём хвалу мінулай чвэрці
Й не ведаем, што нашу кроў
Хвалюе толькі прага смерці.

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч


Развагі падчас грамадзянскае вайны

(Meditations in Time of Civil War)



І

Радавыя сядзібы

(Ancestral Houses)


Калі жыццё красуецца ў садах
Прасадамі ў прасодыі лістоты,
Сабой запаланяе ўвесь прасцяг,
Б’е цераз край, не ведае журботы, –
Яно вядзе свой векавечны шлях
Праз заняпады й велічныя ўзлёты,
Прымаючы такі ці іншы кшталт –
Адно каб не механістычыы гвалт!

Ах, мары, эфемерныя, як здані!
Але калісьці мроіў і Гамэр,
І марныя ў мінулым збудаванні
Каштоўнасцю здаюцца нам цяпер,
Чарупінаю з вірнае атхлані,
Што набывае казачны надмер
І ўвасабляе ў перлах і гагаце
Атрыманае ў спадчыну багацце.

Так найслыннейшыя валадары
Склікалі першых дойлідаў да працы,
І з іхніх крохкіх візіяў майстры
Стваралі адмысловыя палацы.
Але сканае гаспадар стары –
Адно мышам там суджана застацца.
У скрынях продкаў золата і спіж,
А спадкаемцам будзе толькі мыш.

А што калі ўсім гэтым сувенірам:
Старым тэрасам, стодам у садах,
Дзе месца ёсць дрыядам і сатырам,
Паўлінам, бо паўлін – Юноны птах;
Дзе сцежкі ўсе пасыпаныя жвірам,
Філосафы ў альтанцы знойдуць дах,
А юнакі – памкненні, мроі, ўздыхі, –
Адзіны лёс – быць люстрам нашай пыхі?

Што калі герб, надбрамны вартавы,
Які калісь аздобіў замак нечы;
Партрэт у галерэі радавы,
А на партрэце – вой шыракаплечы;
Шляхетная пасадка галавы
І шпацыр па паркеце – тыя рэчы,
Што нам прыносяць славу ці спакой, –
Адно выява марнасці людской?




Шпакоўня пры маім акне

(The Stare’s Nest by My Window)

Дзе расхісталіся цагліны
Й мур разбурыўся спакваля,
Шпачыны гоман штохвіліны
Чуваць, – сюды, народ пчаліны,
Рыхтуй шпакоўню для вулля!

Нас мурам атачае стома
І доўга звесткі йдуць здаля.
Каго забілі альбо з дому
Пагналі – покуль невядома:
Рыхтуй шпакоўню для вулля!

Свет у вайну замілаваны;
Два тыдні – і ў крыві зямля.
Шукальнік славы і пашаны
Канае ад смяротнай раны:
Рыхтуй шпакоўню для вулля!

Мы затлумілі мрояй голаў,
Разлютаваліся пасля.
Нам полымя пякельных колаў
Бліжэй за міласць... Племя пчолаў,
Рыхтуй шпакоўню для вулля!


VIІ

Я бачу прывідаў нянавісці, духоўнае пярэсыці й прышлае паражнечы

(I See Phantoms of Hatred and of the Heart’s Foolness and of the Coming Emptiness)

Па звітых лесвіцах і крохкіх парапетах
На вежу ўсё вышэй, праз снегавую бель.
Лог, вязы і раку святлом фарбуе ветах,
Змяняючы свой від штоночны наўсуцэль:
Ён ззяе, быццам меч, што волю даў пагpозам.
Раптовыя вятры рвуць парасі парчу.
Вар’яткі-мроі зноў на шабаш клічуць розум,
І вycцiшнacць плыве відзежамі ўваччу.

“Смерць катам дэ Малэ!” – мне чуюцца праклёны.
Звяз вершнікаў ліхіх ляціць наўскапыта,
Раз’юшаны ад ран, ад голаду шалёны.
І брата брат сячэ рукой барацьбіта.
Старыя, юнакі, лахмоцце і карункі –
Усё ідзе ў нябыт. Мой розум ува мгле,
Ва ўлонні паражні шукае паратунку,
І я амаль крычу: “За Жака дэ Малэ!”

Аквамарын вачэй і cцёгны хуткіх ланяў:
Паненкі пекныя загналі пад сядло
Адзінарогаў шыхт, нібыта прадказанняў
І вавілонскіх кніг наогул не было!
А думкі іхнія – нязведныя атхлані,
Дзе патанае жарсць праз лішніцу агню:
У сэрцы ўсё – любоў, у целе ўсё – каханне,
А на паверхні слых страчае цішыню.

Аквамарын вачэй, павекаў трапятанне,
Адзінарогаў шыхт і войскі лахманоў –
Пасуньцеся хутчэй, пакіньце сцэну, здані!
Чакаем на прылёт халодных кapшyнoў:
Ляканню прышлых дзён і пройшлых дзён згpызотам,
І мроям колішнім не атруціць ім кроўl
Спіжовы бразгат крыл і насалода лётам,
Найдасканалы зрок і хватка кіпцюроў...

Я росчынкі дзвярэй замкнуў і йду па сходах;
Вяртаюся дамоў і думаю ў паўсне,
Што мог зрабіць усё, каб славы цёплы подых,
Каб жар багомлення крануўся і мянеl
Не! За пыхлівасць нам сумленне будзе помсціць.
Амбітным святарам пакінь іх алтары,
І ўгледзіш некалі няўгледнай веды постаць –
Ты, кемлівы юнак, ты, казаннік стары!

 

пераклад з ангельскай–  Андрэй Хадановіч

Выправа ў Візантыюм

(Sailing to Byzantium)



І

Тут месца не для старасці. Юнацтва
Ў абдоймах; на гaлінах і галлі
Пяе экстаз рэліктавае птаства.
Як тут жыццю не красаваць, калі
Звер, птах і рыба ведаюць мастацтва
Прыйсці, пражыць і адысці з зямлі?
У пастцы пачуцця, як пад гіпнозам,
Забыцца льга на ўсё, што здзейсніў розум.


ІI

Істота наймізэрная – стары,
Як пудзіла, загорнуты ў анучы, –
Таксама адгукнецца, yгаpы
Пачуўшы несмяротныя сугуччы.
Але ж не так дужэюць песняры,
Да велічы прыпаўшы неўміручай.
Дзеля таго і плыў праз мора ты,
Каб трапіць у Візантыюм святы.


IIІ

О знаўцы ў небным полымі, для спеву
Сыдзіце, як з мазаік на сцяне,
Вы з боскага агню! Святыя, дзе вы?
Каб вечным спевам навучыць мяне,
Спаліце маё сэрца, хай павевы
Нясуць яго ад цела; хай зірне
Душа мая на новую айчыну
І вечнасці кранецца рукачыннай.




Хай назаўжды, сыходзячы з зямлі,
Цялеснае я скончу існаванне.
Адно калі залатакавалі
Ў карункавай каштоўнай філіграні
Мяне ўвасобяць птушкай, адылі
Для базілеўсаў распачну спяванне,
Для валадарак і валадароў –
Пра тое, што прайшло і будзе зноў.

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч



Вежа

(The Tower)



І

Ці недарэчнасць гэтая кагосьці –
О сэрца стурбаванае! – міне?
Не, старасці сабачае ахвосце
Карыкатурай робіць і мяне!
Ніколі жарсць і прыхамаці духу
Так не кіпелі ў сэрцы, вока й вуха
Так не чакалі цуду – з той пары,
Калі вудзіў на чарвяка ці муху
Й прыходзіў да чароўнае гары,
Дзе летні дзень бясконцы, як жыццё...
Збірайся, Муза, верная сяброўка, –
Платон і Плотын клічуць у вандроўку.
Я голыя ўяўленне й пачуццё
Зноў прыбяру ў абстракцыі старыя:
Шчэ захаваў чужое шкумаццё
Ў куфэрку, што цягну на ўласнай шыі!




Падняўся на муры й гляджу наўкола:
Падмурак дома й побач дрэва з долу
Мкне галамнём абпаленым, бы кнот...
Я занураю позірк у заход,
А сэрца кліча – покуль не пагас! –
Відзежы і ўспаміны,
Пытае дрэвы й крохкія руіны,
Яшчэ спадзеючыся на адказ.

Там, за гарою, місіс Фрэнч сядзіба.
Раз паслугач, што ведаў яе хібы,
Спазнаўшы добра міласці і гнеў,
Без словаў гаспадыню разумеў,
Але ж да жартаў ставіўся ўсур’ёз,
Нахабу-селяніну
Адрэзаў вушы й гэтую даніну
На сподачку спадарыні прынёс.

Вось маладосці даўняй успаміны:
Жыла ў даліне гожая дзяўчына.
І песняю дзявочы ясны твар
Тутэйшы колісь выславіў пясняр.
Калі яна трапляла на кірмаш,
Збіраўся люд цікавы,
Каб дакрануцца да мясцовай славы
І зноў красуню выхваляць наўсцяж.

Тост за яе прамовіўшы шматкротна,
Ад рыфмаў звар’яцеўшы незваротна,
Мужчыны раз паўсталі з-за стала,
Каб спраўдзіць, ці прыгожаю была.
Па месяцовым поўразе святла
Йшлі крокам нецвярозым,
І музыка заблытала ім розум,
А аднаго да багны прывяла.

Не дзіва, што пясняр быў невідушчы:
Яму ўначы не трэба кнота й тлушчу.
Ад першай да апошняе стапы
Паэзію ствараў Гамер сляпы,
І вабіла Алена ваяроў...
Няхай жа месяц з сонцам
Зліюцца ў промні, зыркім і бясконцым,
І спеў мой шал нясе ў людскую кроў!

Калісьці я прыдумаў Ханраана,
Які, старым манюкам ашуканы,
За блізкі свет аднекуль з гэтых хат –
П’яны? цвярозы? – аж за далягляд
Бег, падаў, бег... Плён высілкаў усіх –
Разбітыя калені
Ды вусцішная веліч захаплення;
Праз дваццаць год я сам яе спасціг.

Аднойчы Ханраан гуляе ў карты,
І вось махляр распачынае жарты:
Падзьмуўшы на калоду з двух бакоў,
Ён робіць карты... зграяй ганчакоў;
Апошнюю адну, відаць, на смех
Стары ператварае...
У зайца; заяц прэчкі, следам зграя –
І Ханраан, раз’ятраны, пабег.

Куды? – Ужо не ўспомню. Ну і досыць,
Бо сёння памяць па другім галосіць:
Ні міласць яму шчасця не дала,
Ні спеў, ні вушы ў сподку да стала;
Ён колісь быў легендай, а цяпер
І сведкаў не пабачу
Таго, як дажываў свой век сабачы
Банкрут, што й пахаваны напавер.

Пакуль муры не параслі травою,
На лесвіцах узброеныя воі
Тут бразгалі бранёй. Мінулы час
З глыбінь Вялікай Памяці да нас,
У сны жывых, гасцей жахлівых шле:
Нам чутныя на сходах
І стогны немыя, і цяжкі подых,
І груканне касцяшак па стале.

Я вас хачу спытаць, прыходзьце, госці:
Сляпы вандроўны служка прыгажосці,
Падмануты старым гулец руды
Й ты, напаўрыцар, завітай сюды;
І ты, што вушы атрымала ў дар
На сподку з гербам Фрэнчаў;
І ты, што ў багне патанаў і енчыў,
Вясковай кралі згадваючы твар.

Усе, старыя, багачы й галота,
Хто выхадзіў тут скалы і балоты,
Ці ж вы паўсталі колісь на сваю
Старэчасць, як я сёння паўстаю?
І кожны мне адказвае пагляд,
Загубай апантаны.
Што ж, адыходзьце, толькі Ханраана
Пакіньце – гэта памяці паклад!

Ты, што грашыў на ўсякім скрыжаванні,
Выцягвай вонкі з памяці атхлані
Усё, што за магілаю спасціг,
Бо, пэўна, кожны небяспечны сіг
У цемру слыху, зроку і чуцця
Ты падлічыў наперад –
Усё, што незваротна цягне ў нерат,
У лабірынт чужога нам быцця.

Ці зноўку згадка-здрадніца падсуне
Імя здабытай, страчанай красуні?
Згадзіся, ты згубіў яе тады
Праз пыху, ад дурноты і жуды;
Так званае сумленне ажыло.
Калі ж прачнецца памяць,
Нябёсы зацьма поўная запляміць
І згіне ў ночы ўсякае святло.


IIІ

Складаць тэстамент пара.
Спагадлівых выбіраю.
Яны – на дрэве кара,
Яны – бруя ў вадаграі,
Яны штозолку ў вадзе,
Паміж камянёў з вудзільнам.
Няхай іх мой гонар вядзе
Наперад крокам няўхільным –
Ні манна салодкай маны,
Ні дзеі дзіўнай дзяржавы,
Ні бізнэс, ні бізуны,
А Грэтана й Бёрка слава,
Народу, якога зло
Прымусіць да зла не ў стане!
Ягоны гонар – святло,
Нястрымнае прыйсце світання,
Чароўнага рогу кліч,
Раптоўная злiва ў спёку,
Святоўнага сонца зніч –
Каштоўны дарунак воку,
Калі ва ўсім харастве
Ўгары праменне ўваскрэсне
І лебедзь у ззянні плыве
Й пяе апошнюю песню...
Сцвярджаю веру сваю,
У твар смяюся Платону,
На Плотына проста плюю:
Жыцця не было, ані скону,
Пакуль чалавечы парыў
З нябыту, мары і зморы
Аднойчы ўсяго не стварыў –
Так, сонца, месяц і зоры,
І смерць – падарожжа ў край,
Нябачны нашаму зроку, –
Сабе збудаваўшы рай
На месяцы з цёмнага боку.
Я ўдзячны вам за спакой,
Каменне Спарты і Троі,
Лацінскай веды напой,
Паэтаў пекныя мроі;
Вам, рэха мілосных слоў
І рысы былой каханай,
Руплівай памяці ўлоў,
З якога творым люстраны
Звышчалавечы сон!

Так галкі без адпачынку
У дзюбах свой прышлы плён
Нясуць – за галінкай галінку.
І будзе пастаўлены дом,
І сядзе ў сяродку саміца,
І станецца ўтульным гняздом
Куток цаглянай байніцы!

Спагадлівы й малады,
Што з вудай бесперастанку
На камені ля вады,
Што ў зыркім бляску світанку
На горны ўзбіраецца схіл, –
Табе мой гонар і вера!
Я быў такі ж, покі сіл
Не вычарпала папера.

Сапраўднай ведай душу
Пара гартаваць прыспела,
Служыць апошнюю мшу,
Аж гідкія рэшткі цела,
Ажно атрутная кроў,
Што забівае паціху,
Аж скон найлепшых сяброў –
Найгоршае ў свеце ліха! –
І нават змярканне тых
Вачэй, што бруілі ззянне,
Мне перапыняючы дых, –
Усё да канца растане
У ззянні хмар залатых,
Пакуль да канца не сціх
Птушыны спеў на змярканні.

 

пераклад з ангельскай – Андрэй Хадановіч


Пераклады А. Хадановіча ўпершыню – у часопісе "Крыніца". – 1998. – №12.


Чытайце таксама

Вітаўтас Дэкшніс

Вітаўтас Дэкшніс

Літоўскі паэт і перакладчык з розных славянскіх моў, у тым ліку з беларускай

Гіём Апалінэр

Гіём Апалінэр

Французскі паэт, празаік, крытык, наватар пачынальнік сюррэалізму

Джордж Оруэл

Джордж Оруэл

Ангельскі пісьменнік і публіцыст. Сапраўднае імя — Эрык Артур Блэр

Ульф Старк

Ульф Старк

Шведскі пісьменнік і сцэнарыст

5421