№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Генрыкас Радаўскас

Зімовая казка

Вершы



Зімовая казка

(Žiemos pasaka)

Скажы, што пахне? Думай, думай.
Лілея? Ліпа? Вецер? Не.
Так пахнуць прынц, гандляр парфумай,
Так пахне вечарам у сне.

Глядзі, зіхоткае якое
Святло – узорамі на шкле,
Цурчыць малочнаю ракою
Ў пяшчотнай ледзяной імгле.

Глядзі, завея... вее... вее...
Глядзі, як сад заплюшчыў веі
І замяло зямлю да стрэх.
Скажы, хто крочыць? Думай, думай.
Прыходзяць прынц, гандляр парфумай,
Цырульнік, пекар... Белай шумай
На дрэвы ападае снег.

Вяртанне

(Sugrįžimas)

Я сёння гутарыў з багамі,
Ды пацягнула ўніз душу:
З пятлёй завулкаў пад нагамі
Хаджу ды вершыкі пішу.

Ад захаду ўгары чырвона,
А мне вярнуцца да зямлі б,
Дзе спеў старога патэфона
І каля пошты водар ліп.

Вечаровы цуд

(Vakaro stebuklas)

Як гэты дзень мяне асенні засмуціў!
Маркотны краявід з працоўным шэрым людам
І чорных цягнікоў завучаны матыў.
Ды вечар блізіцца – і звыкласць робіць цудам.

Адзеўся ў ціхую мелодыю ручай,
Халоднае святло прачнулася уверсе
Й загорнутыя ў шоўк, уздыхі і адчай
Дзяўчаткі песцілі анёлавыя персі.

Анёл і сястра Ангеліка

(Angelas ir sesuo Angelika)

Анёл-немаўля, ён не ўмее шчэ лётаць у высі.
Слабенькія пальцы ўчапіліся ў дрэва галінку.
Ён плача ціхутка, абрынуцца ўніз баючыся,
Да воблака ўзняўшы заплаканы твар на хвілінку.

Танюткія й лёгкія, як дзьмухаўцы і вясёлкі,
Сіроты па парах нячутна праходзяць па скверы.
“Сястрычка Ангеліка, чуеш, на дрэвах анёлкі”.
“Хадзем, фантазёрка, бо не атрымаеш вячэры”.

Цуд

(Stebuklas)

Няўсцерп яго плоці за плотам,
І ён уцячэ, пералезе
І, голы, чаруе палётам –
І неба ў лятаючым бэзе.

Вядзе, як багіня, да раю
Зямлю, што не мела прытулку, –
І сведка ў слязах замірае,
І мову займае завулку.

І бачыць служанка дзівосы,
І скача яна ў паднябессе,
І кветкі ўплятаюцца ў косы,
І рукі дрыготкія ў бэзе.

Каштан пачынае цвісці

(Kaštanas pradeda žydėt)

Да д’ябла вашае мастацтва,
Больш не патрэбнае ў жыцці,
Калі пачне на радасць птаству
Каштан за вокнамі цвісці!

Каштан цвіце гарачай злівай,
Лагодным ветрыкам з лугоў,
Цвіце – і рэчкаю шчаслівай
Выходзіць сэрца з берагоў.

Каб кнігі са сталоў ляцелі,
Каб вар’яцелі вечары,
Каб расцвілі хваробы ў целе,
Якіх не знаюць дактары;

І птахі песняю без стомы
Зрывалі горла задарма,
І маці плакалі, што дома
Дачок да раніцы няма.

Бо кветкі з кропкамі рудымі
Згараюць свечкамі суздром,
І ты ўсю ноч у гэтым дыме
На аркуш пырскаеш пяром.

пераклад з літоўскай – Андрэй Хадановіч

© Henrikas Radauskas, спадкаемцы, 2009


Пераклад – Андрэй Хадановіч © 2009

Чытайце таксама

Вальтэр Скот

Вальтэр Скот

Вядомы празаік, паэт і гісторык, шатландзец з паходжання, знакаміты перадусім сваімі гістарычнымі раманамі

Хорхе Луіс Борхес

Хорхе Луіс Борхес

Аргентынскі празаік, паэт і публіцыст. У 1920-я гады зрабіўся адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі.

Марцін Святліцкі

Марцін Святліцкі

Польскі паэт, празаік, журналіст, вакаліст гурта Świetliki

Янка Запруднік

Янка Запруднік

Беларуска-амерыканскі гісторык і публіцыст, актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.

3305