№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Данііл Хармс

Пра з'явы ды існаванні

Апавяданні для дарослых

Пераклад з рускай Анка Упала

Пра з’явы ды існаванні

(О явлениях и существованиях)

№ 2

Вось бутэлька з гарэлкай, так званы спіртуёз. А побач вы бачыце Мікалая Іванавіча Акудохава.

Вось з бутэлькі ўзнімаюцца спіртуёзныя выпарэнні. Паглядзіце, як дыхае носам Мікалай Іванавіч Акудохаў. Паглядзіце, як ён аблізваецца і як ён жмурэцца. Відаць, яму гэта вельмі прыемна, і галоўным чынам таму, што спіртуёз.

Але звярніце ўвагу на тое, што за спінай Мікалая Іванавіча няма нічога. Не тое каб там не стаяла шафа, ці камода, альбо ўвогуле што не будзь такое, а зусім ні чога няма, нават паветра няма. Хочаце верце, хочаце не верце, але за спінай Мікалай <Іванавіча> няма нават беспаветранай прасторы, альбо, як кажаць, сусветнага эфіру. Шчыра кажучы, нічога няма.

Тое, вядома, і ўявіць сабе немагчыма.

Але на гэта нам пляваць, нас цікавіць толькі спіртуёз і Мікалай Іванавіч Акудохаў.

Вось Мікалай Іванавіч бярэ рукой бутэльку са спіртуёзам і падносіць яе да свайго носа. Мікалай Іванавіч нюхае і варушыць ротам, як трус.

Цяпер надышоў час сказаць, што не толькі за спінай Мікалая Іванавіча, але і наперадзе, так бы мовіць, перад грудзьмі і ўвогуле навокал няма нічога. Поўная адсутнасць усялякага існавання, альбо, як дасціпна заўважалі калісь: адсутнасць усялякай прысутнасці.

Аднак давайце цікавіцца толькі спіртуёзам і Мікалаем Іванавічам.

Уявіце сабе, Мікалай Іванавіч зазірае ў нутар бутэлькі са спіртуёзам, потым падносіць яе да вуснаў, перакульвае бутэльку донцам да гары і выпівае, уявіцце сабе, увесь спіртуёз.

Ну і спрыт! Мікалай Іванавіч выпіў увесь спіртуёз і палыпаў вачыма. Ну і спрыт! Як гэта ён!

А мы цяпер павінны сказаць вось што: уласна кажучы, не толькі за спінай Мікалая Іванавіча альбо спераду і вакол толькі, але гэтакжасама і ўнутры Мікалая Іванавіча нічога не было, нічога не існавала.

Яно, зразумела, магло быць так, як мы толькі што сказалі, а сам Мікалай Іванавіч мог пры гэтым прыўдала існаваць. Гэта, вядома, так. Але, шчыра кажучы, уся рэч у тым, што Мікалай Іванавіч не існаваў і не існуе. Вось ў чым рэч-та.

Вы запытаецеся: А як жа бутэлька са спіртуёзам? Асабліва, вось куды падзеўся спіртуёз, калі яго выпіў Мікалай Іванавіч, якога не існуе? Бутэлька, скажам, засталася. А дзе ж спіртуёз? Толькі што быў, а вось раптам яго і няма. Мікалай Іванавіч жа не існуе, кажаце вы. Вось як жа гэта так?

Тут мы і самі губляемся ў здагадках.

А зрэшты, што ж мы гэта кажам? Бо мы ж заўважылі, што як у нутры, так і па-за Мікалаем Іванавічам нічога не існуе. А паколькі ні ўнутры, ні знадворку нічога не існуе то значыцца, і бутэлькі не існуе. Ці не так?

Але, з іншага боку, звярніце ўвагу на наступнае: калі мы кажам, што нічога не існуе ні з нутры, ні з вонку, то з’яўляецца пытанне: з нутры і з вонку чаго? Няйначай усё-ткі штосьці існуе? А можа, і не існуе. Тады для чаго ж мы казалі з нутры і з вонку?

Не, тут відавочна тупік. І мы самі не ведаем, што сказаць.

Дапабачэнне.

УСЁ

 

Данііл Дандан
18 верасня 1934 году.

Чатыры ілюстрацыі таго, як новая ідэя агаломшвае чалавека, які да яе не падрыхтаваны

(Четыре иллюстрации того, как новая идея огорашивает человека, к ней не подготовленного)

Пісьменнік: Я пісьменнік!

Чытач: А па-мойму, ты г...о!

(Пісьменнік стаіць некалькі хвілін узрушаны гэтай новай ідэяй і падае нежывы. Яго выносяць).

 

II

Мастак: Я мастак!

Рабочы: А па-мойму, ты г...о!

(Мастак зараз жа збялеў, як палатно,

Яго як ветрык захістаў,

І нечакана ён сканаў,

Мастака выносяць).

 

III

Кампазітар: Я кампазітар!

Ваня Рублёў: А па-мойму, ты .....!

(Кампазітар, цяжка дыхаючы, так і сеў. Яго нечакана выносяць).

 

IV

Хімік: Я хімік!

Фізік: А па-мойму, ты .....!

(Хімік ані слова больш не сказаў і цяжка паваліўся на падлогу).

 

 

13 красавіка 1933 году.

 

***

Але мастак пасадзіў натуршчыцу на стол і рассунуў ёй ногі. Дзявуля амаль не супраціўлялася і толькі закрыла твар рукамі. Амонава і Пачварская сказалі, што перш трэба было-б дзявулю адвесці ў ванну і вымыць ёй паміж ног, а то нюхаць падобныя водары проста брыдка. Дзявуля хацела ўскочыць, але мастак утрымаў яе і прасіў, не звяртаючы ўвагі, сядзець так, як ён яе пасадзіў. Дзявуля, не ведаючы, што ёй рабіць, зноў села. Мастак і мастачкі паселі на свае месцы і пачалі змалёўваць натуршчыцу. Пятровіч сказала, што натуршчыца вельмі спакушальная жанчына, але Пачварская і Амонава заявілі, што яна занадта поўная і непрыстойная. Златагрымаў сказаў, што гэта і робіць яе спакушальнай, але Пачварская сказала, што гэта проста брыдка, а зусім не спакушальна. “Зірніце, – сказала Пачварская. – Фі! З яе так і ліецца на абрус. Чаго ўжо тут спакушальнага, калі я ад сюль адчуваю, як ад яе пахне”. Пятровіч сказала, што гэта паказвае толькі яе жаночую моц. Абельфар пачырванела і пагадзілася. Амонава сказала, што яна нічога падобнага не бачыла, што трэба дайсці да найвышэйшай кропкі ўзбуджэння і то так не паліецца, як у гэтай дзявулі. Пятровіч сказала, што гледзячы на гэта, можна і самой узбудзіцца і што Златагрымаў, напэўна, ужо ўзбуджаны. Златагрымаў прызнаўся, што дзявуля моцна на яго дзейнічае. Абельфар сядзела чырвоная і цяжка дыхала. “Аднак паветра ў пакоі робіцца невыносным!” – сказала Пачварская. Абельфар круцілася на крэсле, потым ускочыла і выйшла з пакоя. “Вось, – сказала Пятровіч, – вы бачыце вынік жаночай спакушальнасці. Гэта дзейнічае нават на кабет. Абельфар пайшла паправіца. Адчуваю, што і я хутка буду вымушана зрабіць тое самае”. Вось, – сказала Амонава, – нашая перавага худзенькіх жанчын. У нас заўжды ўсё ў парадку. А вы і Абельфар мажныя кабеткі і вам даводзіцца пільнаваць сябе зашмат”. “Аднак, – сказаў Златагрымаў, – мажнасць і некаторая неахайнасць менавіта і шануецца ў жанчыне!”

 

 

<Сярэдзіна 1930-х>

Абяззброены альбо Няўдалая любоў

(Обезоруженный или Неудавшаяся любовь)

Трагічны вадэвіль у адным дзеянні

Леў Маркавіч (падскоквае да дамы) – Дазвольце!

Дама (адштурхоўвае далонямі) – Адстаньце!

Л.М. (з наскокам) – Дазвольце!

Дама (адпіхвае нагамі) – Сыдзіце!

Л.М. (мацае рукамі) – Дайце разок!

Дама (адпіхвае нагамі) – Прэч! Прэч!

Л.М. – Адзін толькі пістон!

Дама (мыкае, маўляў, “не”).

Л.М. – Пістон! Адзін пістон!

Дама (закатвае вочы).

Л.М. (Мітусіцца, лезе рукой за сваім струмантам і раптам апынаецца не можа яго знайсці).

Л.М. – Пачакайце! (Мацае ў сябе рукамі). Што за чччорт!

Дама (здзіўлена глядзіць на Льва Маркавіча).

Л.М. – Вось жа гісторыя!

Дама – Што здарылася?

Л.М. – Хм... (глядзіць разгублена ва ўсе бакі).

Заслона

 

1934

***

– Ва-ва-ва! Дзе тая баба, якая сядзела вось тут, на гэтым фатэлі?

– Адкуль вы ведаеце, што тут сядзела баба?

Ведаю, таму што ад фатэля пахне бабай (нюхае фатэль).

– Тут сядзела маладая дама, а цяпер яна пайшла ў свой пакой перабіраць гардэроб.

 

<Жнівень 1936>

Прызнанне ў каханні

(Объяснение в любви)

Вадэвіль

Ён : Тут нікога няма. Пасяжу я тут.

Яна : А, здаецца, я адна. Ні хто мяне не бачыць і не чуе.

Ён : Вось жа добра, што я адзін. Я закаханы і хачу пра гэта падумаць.

Яна : Ці кахае ён мяне? Мне так хочацца, каб ён сказаў мне гэта. А ён маўчыць, усё маўчыць.

Ён : Як бы мне прызнацца ёй у каханні. Я баюся, што яна спалохаецца і я не змагу больш яе бачыць. Вось бы даведацца, кахае яна мяне ці не.

Яна : Як я яго кахаю! Няўжо ён гэта не бачыць. А раптам заўважыць і не захоча больш са мной сустракацца.

 

<1933>

Старыя, што вывальваюцца з акна

(Вываливающиеся старухи)

 

Адна старая ад празмернай цікаўнасці вывалілася з акна, упала і разбілася.

З акна высунулася іншая старая і пачала глядзець уніз на тую, што ляснулася, але, ад празмернай цікаўнасці, таксама вывалілася з акна, упала і разбілася.

Потым з акна вывалілася трэцяя старая, потым чацвертая, потым пятая.

Калі вывалілася шостая старая, мне надакучыла глядзець на іх, і я пайшоў на Мальцаўскі рынак, дзе, кажуць, аднаму сляпому падарылі плеценую шаль.

 

<1936–1937>

***

Ніна – Вы ведаеце? А? Вы ведаеце? Не, ці чулі вы? А?

Вар. Міх. – Што такое? А? Што такое?

Ніна – Не, вы толькі падумайце! Варвара Міхайлаўна! Вы толькі падумайце!

Вар. Міх. – Што такое? А? Што такое?

Ніна – Ды вы ўявіце сабе, Варвара Міхайлаўна! Вы ўявіце сабе!

Вар. Міх. – Ды што такое, урэшце! Што такое?

Ніна – Не, вы паслухайце, Варвара Міхайлаўна! Ха-ха-ха.

Вар. Міх. – Ды я слухаю, слухаю! Што такое?

Ніна – Ха-ха-ха! Ну і каралева!

Вар. Міх. – Абышто нейкае кажаш!

Ніна – На сам рэч каралева!

Вар. Міх. – Абышто нейкае кажаш!

Ніна – Наш та! Блакітная кроў! Стары корч! Таксама туды!

Вар. Міх. – Куды туды?

Ніна – Ды, усё туды ж! За Лізаветай улягае!

Вар. Міх. – Як улягае?

Ніна – Ды ўлюбіўся!

Вар. Міх. – Ды хто ўлюбіўся?

Ніна – Ды наш сталбавы дваранін! Стары корч Абернібесаў!

Вар. Міх. – Абарнібесаў?!

Ніна – У тым та і жарт, што Абернібесаў!

Вар. Міх. – Апалон Валяр’янавіч!

Ніна – Але! Вы ж падумайце!

Вар. Міх. – Даўмецца не магу, што ў ёй добрага? Чаму усе мужчыны з глузду з’ехалі?

Ніна – Вы глядзіце: Валодзя Кнуцікаў з глузду з’ехаў! Сяргей Іванавіч з глузду з’ехаў!..

Вар. Міх. – Нічога ў ёй няма цікавага!

Ніна – Ялдыгін з глузду з’ехаў!..

Вар. Міх. – Нічога ў ёй няма цікавага!

Ніна – У тым та і жарт! Нічога ў ёй няма цікавага!

Вар. Міх. – Даўмецца не магу, чаму ўсе мужчыны з глузду з’ехалі!

Ніна – Не такая ўжо яна прыгажуня!

Вар. Міх. – Па мойму, проста непрыгожая!

Ніна – Нічога ў ёй няма цікавага!

Вар. Міх. – Зусім не цікавая!

 

<1934–1936>

Фама Баброў і яго жонка

(Фома Бобров и его супруга)

Камедыя ў трох частках

Бабуля Баброва (раскладае пасьянс): Ну і карта ж ідзе. Усё шыварат на выварат! Кароль. Ну, куды мне яго сунуць? Калі трэба, ані пяцёркі няма. Вось бы цяпер пяцёрку! Зараз будзе пяцёрка. Цьпху ты, зноў кароль!

(Шпурляе карты на стол з такой моцай, што са стала падае парцалянавая вазачка і разбіваецца)

Бабуля : Ах! Ах! Бацюхны! Вось чортавы карты!(Лезе пад стол і збірае аскепкі)З гэтага ўжо не склееш. А добрая вазачка была. Такой болей не дастаць. Вось жа куды заляцеў!(цягнецца за аскепкам)

(У пакой уваходзіць Баброў)

Баброў : Бабуля! Што гэта вы пад стол залезлі?

Бабуля : Ну, годзе, годзе. Табе чаго трэба?

Баброў : Ды вось, прыйшоў запытацца: ці не знойдзецца ў вас дробкі гарбаты?

Бабуля : Ану, дапамажы мне з пад стала вылезці.

Баброў : Што, у вас упала не шта? Вох, вазачку разбілі!

Бабуля (перадражнівае): Ва-азачку разбілі?

(Баброў дапамагае бабулі ўзняцца. Але як толькі ён яе адпусціў, бабуля зноў села на падлогу)

Баброў : Ах, зноў селі!

Бабуля : Села, дык і што ж?

Баброў : Дазвольце дапамагчы.(Падымае бабулю)

Бабуля : Вось карта кепска ішла. Я і так і гэтак... Ды ты мяне за рукі не цягні, а вазьмі пад пахі. Усё, ведаеш, кароль за каралём. Мне пяцёрка патрэбная, а тут усё каралі ідуць.

(Баброў адпускае бабулю, і бабуля зноў садзіцца на падлогу)

Ах!

Баброў : Божа! Вы зноў селі.

Бабуля : Ды што ты прыстаў: селі ды селі! Чаго табе ад мяне трэба?

Баброў : Я прыйшоў папрасіць вас дробку гарбаты.

Бабуля : Ведаю ўжо. Казаў ужо. Не люблю двадцаць разоў тое самае выслухваць. Толькі і ведаеш: Ах, зноў селі! і дробку гарбаты. Ну, чаго глядзіш! Падымі, кажуць табе.

Баброў (падымаючы бабулю): Я ўжо вас, дазвольце, і ў фатэль пасаджу.

Бабуля : А ты паменей размаўляй, а лепш падымай, як след. Я хацела табе сказаць, ды ледзь не забыла: дзверы та ў мяне ў спальнай зноў кепска зачыняюцца. Пэўна, ты ўсё абыяк зрабіў.

Баброў : Не, я клямку на шрупчыках паставіў.

Бабуля : А ты думаеш, я разумею, што гэта за клямка ды шрупчыкі. Мяне гэта не тычыцца. Мне трэба, каб дзверы зачыняліся.

Баброў : Яна таму і не зачыняецца, што шрупчыкі ў драваўніне не сядзяць.

Бабуля : Ну, годзе, годзе, гэта ўжо там твой клопат. Мне трэба толькі... Ах!(зноў садзіцца на падлогу)

Баброў : Божа мой!

Бабуля : Ды ты што, вырашыў мяне аб падлогу кідаць з намерам? Здзеквацца вырашыў? Ах, ты, нягоднік. Ну, проста ты нягоднік, і лепш ідзі адсюль!

Баброў : Ды я, бабуля, праўда, хацеў вас у фатэль пасадзіць.

Бабуля : Я табе што сказала? Каб ты ішоў вон. А ты чаго не ідзеш! Ну, чаго ж ты не ідзеш? Ты чуіш? Ідзі вон! Ну? Прыбірайся вон!

(Баброў сыходзіць)

Бабуля : Вон! Вон! Вон! Прыбірайся вон! Скажыце, які мярзотнік!(Падымаецца з падлогі і садзіцца ў фатэль)А жонка яго проста непрыстойная дама. Дома ходзіць зусім голая і нават мяне, старую, не сароміцца. Прыкрые непрыстойнае месца далонню, так і ходзіць. А потым гэтай рукой за абедам хлеб чапае. Проста глядзець брыдка. Думае, што ўжо калі яна маладая ды прыгожая, дык ужо ёй усё можна. А сама, неахайніца, у сябе, дзе належа, ніколі, як след, не вымые. Я, кажа, люблю, каб ад жанчыны жанчынай пахла! Я, як яна прыйдзе, дык адразу слоічак з адэкалонам да носа. Можа быць, мужчынам гэта прыемна, а мяне, ужо прабачце, пазбаўце ад гэтага. Такая бессаромніца! Ходзіць голая без усякага сораму. А калі сядзіць, дык нават ногі, як след, не сцісне разам, так што ўсё на паказ. А там у яе, ну, проста заўжды мокра. Так, іншым разам, і цячэ. Скажаш ёй: ты б хоць пайшла ды вымылася, а яна кажа: ну, там не трэба часта мыць, і возьме, насовачкай проста выцера. Гэта яшчэ добра, калі насовачкай, а то і проста рукой. Толькі яшчэ горш размажа. Я ніколі ёй рукі не падаю, у яе вечна ад рук непрыстойна пахне. І грудзі ў яе непрыстойныя. Праўда, вельмі прыгожыя і пругкія, але такія вялікія, што, па мойму, проста непрыстойна. Вось ўжо Фама жонку знайшоў сабе! Чым яна яго завабіла, не разумею!

 

<1933>

пераклад з рускай –  Анка Упала

Пераклад з рускай – Анка Упала © 2009

Чытайце таксама

Эма Лазарус

Эма Лазарус

Амерыканская пісьменніца.

Аксана Драгаманава

Аксана Драгаманава

Украінская эмігранцкая пісьменіца, карыталася псеўданімам Аксана Гард

Роберт Бэрнс

Роберт Бэрнс

Шатландскі паэт, фалькларыст, пісаў па-ангельску і на скотсе. Знакавая для Шатландыі постаць

Томас Стэрнз Эліят

Томас Стэрнз Эліят

Амерыканска-ангельскі паэт, драматург і літаратурны крытык, прадстаўнік мадэрнізму ў паэзіі. Лічыцца адным з найвялікшых паэтаў XX ст.

1564