№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Роберт Саўці

Сталец Святога Міхаіла

Балады



Балада пра юнака, які чытаў забароненыя кнігі, і як ён быў за гэта пакараны

(Cornelius Agrippa; A Ballad,
of a Young Man that would Read Unlawful Books, and how he was Punished)

Карнэлій Агрыпа даў жонцы наказ
(Свой дом пакідаў на няпэўны ён час),
Нікога ў яго не пускаць кабінет,
Ключы берагчы да прыезду як след.

“Хай нехта пытае, ці можна зайсці, –
Ніколі, нікога туды не пусці!
Хай просіць, хай моліць – не слухай, маўчы
І не давярай анікому ключы!”

Да веды цікаўны, жыў побач юнак,
Што ў той кабінет не трапляў аніяк,
У жонкі дурной ён выпрошваў ключы –
І вось атрымаў іх з наказам: “Маўчы!”

На чорным стале там ляжаў фаліянт,
Дзе збляк на старонках старых атрамант –
Крывёю пісаў у ім сам чарадзей
На скуры пажоўклай забітых людзей.

У вусцішнай кнізе нібы ажылі
Пачвары і вылюдкі тленнай зямлі.
Брыду не апішаш вядзьмарскіх тамоў:
Няма такіх словаў, няма такіх моў.

Крывавыя хлопец чытае радкі:
Славесаў пляценне, вязьма завіткі,
Ды раптам у дзверы пастукаўся госць,
А хлопец чытае – праз вусціш і млосць.

А стук нарастае, гучыць у вушах,
У сэрцы юначым – трывога і жах.
Вось крышацца дзверы, вось стогне сцяна –
І горда ідзе напралом Сатана.

Пякельныя рогі гараць, нібы медзь,
Балюча на бляск іх пачварны глядзець!
І серай прапах чарадзейскі бярлог,
І гадам звіваецца хвост каля ног.

“Чаго табе трэба?” – пытаецца госць,
І цьмее ў вачах яго лютасць і злосць.
Стаіць у маўчанні збялелы юнак,
Але не кранаецца з месца аднак.

“Чаго табе трэба?” – нячысты крычыць,
Юнак у бязмежным адчаі маўчыць.
Ні слова не мовіць ён да Сатаны,
Нібыта скаваў яго холад начны.

“Чаго табе трэба? Аказвай хутчэй!”
І полымя рвецца з пякельных вачэй...
Пачварную лапу падняў Сатана –
І пляма крыві засталася адна.

І вочы блішчэлі, нібы вугалькі,
Калі разрываў ён хлапца на шматкі...
Пасля ён з усмешкай агледзеў пакой
І знік у маланках, махнуўшы рукой.

Мараль:
Запомніце добра навуку старых:
Не варта чытаць забароненых кніг.

Сталец святога Міхаіла

(St Michael's Chair)

Звон над Міхайлавым храмам гучыць
І вернікаў кліча ў сабор.
Вось Рычард Пэнлак з Рэбэкай сваёй
У царкоўны ўваходзіць двор.

Ён, Рычард Пэнлак, – спадар хоць куды,
Не горшы ад іншых людзей.
Адно гора – сям’я, бо жонка – змяя,
Парадаваў лёс-дабрадзей!

Мужна Пэнлак спрэчкі трываў,
Грудзьмі прымаў кожны ўдар,
Ды пугай парой вяртаў ён спакой,
Каб ведала, хто гаспадар.

На сталец Міхаіла святога даўно
Рэбэка хацела ўзысці,
Бо тады гаспадыняю стане яна,
Чаго яшчэ трэба ў жыцці?

Аднойчы няшчасны наш муж захварэў,
Даць дуба гатовы зусім,
І жонка ціхмяна ад рана да рана
Сядзіць, нам на дзіва, пры ім.

І моліць, нябога, штовечар святога:
“Ратуй, Міхаіле, ратуй!
А я ахвярую твайму алтару
Шэсць марак – адно не лютуй!

А з ёю і Пэнлак святога прасіў,
Хаця не ставала ўжо сіл:
“Шэсць марак аддам табе – ты не лютуй,
Ратуй, о святы Міхаіл!”

Паправіўся Пэнлак, і жонка штодня
Даймала яго: “Мужанёк,
Мой спадар дарагі, каб не ўведаць тугі,
Нам выканаць варта зарок!”

Звон над Міхайлавым храмам гучыць
І вернікаў кліча ў сабор.
Вось Рычард Пэнлак з Рэбэкай сваёй
У царкоўны ўваходзіць двор.

Вось маркі ляжаць на святым алтары,
Муж дзякуе за дабрадаць.
А жонка за двух бяжыць ва ўвесь дух
Да стальца – і яе не дагнаць.

Хутка на вежу ўзбягае яна
Па прыступках вышэй і вышэй,
І ўсё болей кружыцца галава,
І вецер свісціць ля вушэй.

“Эх, чорт падзяры званароў і званы,
Што вежу расхістваюць – жах!”
Крычала Рэбэка і бегла далей,
І вецер свісцеў у вушах.

“Вось блаславёны, пачэсны пасад!
Чакаў ён адну мяне”.
Звон над Міхайлавым храмам гучыць...
І тут яе хтось як штурхне!..

Хутка Пэнлак пачуў навіну,
Жахлівей няма навіны:
“За збавенне яе хай звон наш б’е,
Хай праводзіць яе да труны”.

“Званіць у званы? – Рычард перапытаў. –
Па той, што сёння ў труне?
Ды не турбуйце вы званароў,
А лепш павіншуйце мяне”.


 

пераклад з ангельскай – Ганна Янкута


Чытайце таксама

Уладзімеж Вольскі

Уладзімеж Вольскі

Польскі паэт, празаік, перакладчык, аўтар лібрэта да операў Манюшкі

Густаў Майрынк

Густаў Майрынк

Аўстрыйскі празаік, драматург перакладчык, прадстаўнік “Пражскай школы”

Яўген Ліпковіч

Яўген Ліпковіч

Ар'ен Дэйнкер

Ар'ен Дэйнкер

Нідэрландскі паэт і празаік, аўтар раману "Багна" і трынаццаці кніг паэзіі

1295