№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вячаслаў Купрыянаў

Прыцемкі пыхлівасці

Вершы

***

(любимая...)

каханая
не пужайся
я не павесіўся
проста мой плашч
зачапіўся за сук
на якім мы сядзелі

каханая
не хвалюйся
мне не адсеклі голаў
проста восеньскі вецер
гоніць за сабою
мой капялюш

каханая
не спыняйся
я не патану
проста што мне было рабіць
без плашча і капелюша
толькі з моста
ды ў ваду

***

(Как-то бывает...)

Неяк бывае
не па сабе
з кімсьці ўдваіх

З кімсьці
пачуваюся
быццам я дыямент
які праглынула
курыца

Нехта бачу
глядзіць на мяне
быццам я курыца
што праглынула
дыямент

Вядома ж
найпрыемней з тымі
з кім я магу пасумоўнічаць
як дыямент
з дыяментам

Але часам
так не хапае тых
з кім можна размаўляць проста
як курыца
з курыцай

Урок спеваў

(Урок пения)

Чалавек
вынайшаў клетку
раней
за крылы

У клетках
пяюць крылатыя
пра свабоду
палёту

Перад клеткамі
пяюць бяскрылыя
пра справядлівасць
клетак

Урок анатоміі

(Урок анатомии)

Прабачце
вучні
але з майго шкілету
не выйдзе добрага
нагляднага дапаможніка

Яшчэ пры жыцці
я так любіў жыццё і свабоду
што ўзламаў сваю грудную клетку
каб даць волю сэрцу
а з кожнага рабра
спрабаваў
стварыць жанчыну

Галаву яшчэ пры жыцці
я ламаў
над пытаннямі жыцця

Які ўжо тут
чэрап

Часовыя радасці

(Временные радости)

настае
вясна чалавецтва
усе хочуць
сноўдаць па зялёнай траўцы
ніхто не хоча
араць і сеяць

настае
світанак чалавецтва
усе хочуць
атрымоўваць любоўныя лісты
ніхто не хоча
разносіць пошту

настае вечнасць
усе крычаць
спыніся
імгненне

ніхто
не хоча
траціць
свайго часу

Час кахаць

(Время любить)

Хто кахае, той ведае,
Што кахання не хапае
Тым, хто кахае.

Але тым, хто не кахае,
Кахання хапае,
Бо ад тых, хто кахае,
Кахання застаецца на ўсіх,
Хто не кахае.

Лепей кахаць
І памнажаць каханне,
Чым не кахаць,
Але памнажацца –
Інакш за часам кахаць,
Хоць бы тых, каго няма,
Прыходзіць час,
Калі няма
Каму кахаць.

А за часам, калі
Няма каму кахаць,
Прыходзіць час,
Калі кахаць няма каго.

Тады час
Ужо не прыходзіць.

Калекцыя гадзіннікаў

(Собрание часов)

Вось гадзіннік, які вечна паказвае поўнач
Вось гадзіннік, які ўпаў у мора і там растаў
Вось гадзіннік, які будзіць вас, як толькі вы задрамалі
Вось гадзіннік, вялікі, як поўня, але маленькі,
бо ляжыць на краі свету
Гадзіннік, як кавун, з якога выелі час
Гадзіннік, на які наступіў слон – адзін з тых трох,
што трымаюць на сабе зямлю
Гадзіннік, які выбухае, як толькі яго заводзіш
Гадзіннік, які так доўга цікаў, што ператварыўся
ў дзятла і сеў на дрэва
Гадзіннік, які паўтарае пагрозу: прабіў твой час!
Гадзіннік у выглядзе ката ў мяшку для тых, хто любіць
свабоду: з яго наўздагад можна вынуць любую гадзіну
Гадзіннік, які мне даражэйшы за ўсе: пад ім
я чакаў цябе, і ты дагэтуль не прыйшла, часам
я ўстрэсваю яго і трымаю над сабой

Пункт погляду

(Точки зрения)

Чалавек не пляце павуціны
таму што баіцца
мух
думаў павук

Чалавек не пляце павуціны
таму што баіцца
павукоў
думала муха

Чалавек не пляце павуціны
думала павуціна
таму што наплёў ужо
столькі ўсяго
што сам сябе баіцца

Куды я трапіў
думае
чалавек

Прыцемкі пыхлівасці

(Сумерки тщеславия)

Штоночы
мярцвяк
прыпадымае
магільную пліту
і правярае навобмацак

ці не сцерлася
Імя
на камені

***

(От ее единственного поцелуя...)

Ад ейнага адзінага пацалунку,
перш чым памерці,
ён доўга намагаўся выжыць,
прыкладаў да вуснаў снег, палын, дакранаўся
да белай кары бярозы, блукаў начамі,
шукаючы азёраў, настаяных
на карэньчыках зор, што ўпалі на зямлю,
захутваўся ў туман,
ратаваўся далёкай дарогай,
сном, у якім яна была падобная да астатніх, –
яго доўга лекавалі іншыя рукі,
яго загаворвалі іншыя вусны,
яму прапісвалі шум прыбою, звон посуду,
і ён доўга-доўга намагаўся выжыць,
і ўсё-ткі гадоў праз сорак памёр,
так і не паспеўшы адчуць перад смерцю,
ці то цяпер яны нарэшце будуць разам,
ці то адно цяпер
яны развіталіся назаўсёды.

Касмічныя падзеі

(Космические события)

Скрозь нябесныя целы
жанчын

вандруючы
з сусвету ў сусвет
пралятаюць
касмічна малыя
дзеці

Некаторыя
застаюцца
каб
расці

 

пераклад з рускай – Андрэй Хадановіч

© Вячеслав Куприянов, 2009

Пераклад – Андрэй Хадановіч © 2009

Чытайце таксама

Алег Шынкарэнка

Алег Шынкарэнка

Нарадзіўся ў Запарожжы

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч нарадзіўся 13 лютага 1973 году ў Мінску

Караль Жэра

Караль Жэра

Беларуска-польскі пісьменнік і педагог

Дайва Чапаўскайтэ

Дайва Чапаўскайтэ

Літоўская паэтка, аўтарка драматычных твораў.

2728