№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вітаўтас Дэкшніс

Выбраныя SMSкі з майго тэлефону

Вершы

Пераклад з літоўскай Андрэй Хадановіч

Шкло

(Stiklas)

З цыклу «З біяграфіі каханай»

Каханая не спіць — пляце на прутках
Плыве праз сем гарадоў за лясы
Гаворыць на розных мовах калі
Купляе ежу й віно чытае
Прыбіраецца спіць кахаецца з каханым
Кахаецца з некаханым перадае ключ
Ідзе дадому хлусіць купаецца
Кажа як ёсць жартуе. Я ведаю пару
Моваў астатняе для мяне таямніца.
Плыве праз лес ваўняных вочак
А маё вуха каля вымкнутай чарупінкі
І мора гэта не той провад
Праз які я магу гаварыць гэта не той
Провад што дадае слова да слова гэта
Не той провад які памчыць да мэты як хваля
Як бліскавіца. У шкляным пакоі
Каханая пляце на прутках шкляная
Ноч наўкола шклянымі палачкамі
Нас ядуць шклянымі палачкамі
Апішу яе плеціва

Далёка, далёка, далёка, далёка

(Toli, toli, toli, toli)

Не ведаю у чым я завяз
У твары у голасе у паху
Сяджу цяпер сагнуўшыся
Мычу дурную песеньку
Бліснула ўзяла слухаўку
Прывітанне кажа і ўся засвяцілася
А я так і застаўся за кадрам здранцвелы
Іншым разам бліснула ў ваннай
Стаяла стаяла глядзела ў люстэрка
Бразь — усім целам на падлогу страшна
І прыгожа трэба несці прыводзіць у прытомнасць
Далёка засталася толькі жывот
Адкрыўся белы прыгожы як сонца
Сядзіць цяпер тут на кухні
Стаю дзіўлюся
Далёка далёка бязрукаму рукой падаць
Я не змяшчаюся ў гэтай мазаіцы
Пайду прагуляюся

Выбраныя СМСкі з майго тэлефона

(Rinktinės sms žinutės)

1. Гематома

Вылілася
Цяпер сіняе пад шалікам
Адкрый вочы — і з’явіцца
Закрый — і знікне
Нейкі лапічак тканкі
Нейкі прамень
Таксама пакідае адбітак на снезе

2.

Узяў малаток і ўбіў у дошку слова «кахаю». А яно вылезла й тырчыць з іншага боку.

3.

Раўную цябе
да твайго тэлефона
ачмурыць цябе газам
уцячэш з бегунамі
адплывеш з маракамі
а вольныя муляры
замуруюць клетку
і я задыхнуся ўсярэдзіне
прыціснуўшыся да SIM-карты
маленькая шруба
што ўкруцілася ў твае размовы
а ты нават не заўважыш

4.

стук галавою аб стол
так пяшчотна без болю

як звар’яцець так шчыльна
каб змясцілася ў адну СМСку
і ў дадатак прамаўляла?

стук

Варшаўская закладка

(Varšuvos užsklandėlė)

непрыгожы горад больш сапсаваць хіба нельга
але ўсё адно псуюць апранаюць у шкло
дзе быў бетон там чырвона-зялёныя
квадраты слон дамінік сырэнка
звісае з даху гатэль метраполь засада
бяспечная язда аўтамабілем дзе было жоўта
брудная беліня і да ўсяго яшчэ
тэатар atheneum добра заўважны з цягніка
усё астатняе пазліпалася потым калі мяне
закінула сюды леў у кабінеце спытаўся to pana
first choice? ну і пайшло паехала кожнага ранку
паўз віслу бягом езуіты іх вежа як шахматная і вярблюды
з іншага боку я крэсліў зацята
чарнілам паперу а мова стала як мыла
а мова пагнулася і не змяшчалася ў роце забіўся
слых у падворку пад маім домам цвітуць каштаны
уночы нервова рагочуць гіены б’юць пляшкі
удзень ставяць лаўку заместа брамы й гуляюць
у футбол а бляшаныя пудзілы збоку
ляжаць істотна памятыя звалка ці то луна-парк
так праседзеў я год і наступны суботнім ранкам
над газетаю покуль леў зямля яму пухам
не сказаў табе засталося паўгоду і ўвогуле будзьма
мужчынамі я спяшаўся — напраўду — спяшаўся бо гэты
горад нібы павук ты можаш блукаць у яго павуціне
да месцаў пра якія магчыма будзе ў іншай кніжцы
і з’язджаць назад і можаш станцыямі метро
на другі канец а пятай ранку гэта горад
перажоўвае і выплёўвае колькі трэба часу каб
сабраць словы каб словы паскладаліся
калі рэчы нарэшце паўкладаюцца так
як яны ёсць напраўду бо калі ты ўвесь час так імкнешся
спяшаеш сядзіш то ўсё наўкола старэе дык будзьма
мужчынамі кажа леў мы й самі з вусамі
зберамо рэчы як горача паліць я ўцёк далёка
нічога не відаць наўкола мінула два гады
з часу калі пахавалі льва а я і далей намагаюся ўсё пазбіраць
а ўсё выслізгвае і выслізгвае і нічога няма як раней

пераклад з літоўскай — Андрэй Хадановіч

 

© Vytautas Deknšys, 2009.

 

Пераклад з літоўскай – Андрэй Хадановіч © 2009

Чытайце таксама

Вільгельм Гаўф

Вільгельм Гаўф

Нямецкі пісьменнік-рамантык, знакаміты сваімі казкамі

Гай Валерый Катул

Гай Валерый Катул

Старажытнарымскі паэт перыяду позняй рэспублікі, найбольш значны з кола неатэрыкаў, “новых паэтаў”

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Васіль Быкаў

Васіль Быкаў

Культавы беларускі пісьменнік і грамадскі дзеяч, удзельнік Вялікай айчыннай вайны

1441