№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Арцюр Рэмбо

Мацней за алкаголь, грамчэй ад вашых лір!..

Вершы

Пераклад з французскай Андрэй Хадановіч

 

Баль шыбенікаў

(Bal de pendus)

На шыбеніцы апантана
Ўсё танчаць, танчаць, вісячы,
Шкілеты з воінства Шатана,
Пякельныя паслугачы.

Вялебны Вельзэвул валадаром на балі,
Крыўлякаў, што ў пятлі блюзнераць задарма,
Б’е туфляю па лбах, каб весялей скакалі
Пад акампанемент каляднага псалма.

І кожны ачмурэў, страсае ў танцы косці,
Аб грудзі б’е грудзьмі, бы грукае ў тамтам,
Прыпадачна хрыпіць у вычварнай мілосці,
Хоць колісь прыпадаў да вытанчаных дам.

Агромністы памост дае танцорам шанец –
Гоп! – весела скакаць без мяса і вантроб!
І ўжо не зразумець, ці гэта бой, ці танец!
Рве струны Вельзэвул, вядомы філантроп!

Кашуляў скураных пазбыліся амаль што,
Абутак не псуе ім лёгкае ступы,
Не муляе даўно шляхетных шыяў гальштук,
А снег капелюшы напнуў на чарапы.

Крумкач, нібы султан, сядае на галовы.
Вісіць на барадзе шматок былой шчакі.
Здаецца, ваярам, расцятым да паловы,
Кардоннага мяча не выпусціць з рукі.

Ад гойсання ўваччу хістаюцца нябёсы,
Ліловыя лясы працяў ваўчыны сквіл,
Вісельня, як арган, скавыча шматгалоса
Й пякельнай чырванню палае небасхіл.

А ну хутчэй скакаць, здыхляціна старая,
Што лашчыць неўпрыкмет ружанец пазванкоў,
Нібыта пацеркі манах перабірае:
Тут вам не манастыр, а кодла мерцвякоў!

Ах! вунь сапселы ўшчэнт ад замагільных скокаў,
Вялізарны шкілет узняўся на дыбкі,
Узвіўся ў вышыню, шчасліва загалёкаў,
Ды раптам зноў адчуў пятлі прыгнёт цяжкі,

І з енкамі, што так падобныя да кпінаў,
Сціскаючы ў кулак нявыслаўлены жаль,
Як блазан, што на міг свой балаган пакінуў,
Пад музыку касцей вяртаецца на баль.

На шыбеніцы апантана
Ўсё танчаць, танчаць, вісячы,
Шкілеты з воінства Шатана,
Пякельныя паслугачы.

Вечаровая малітва

(Oraison du soir)

Нібы ў цырульніка – бязвусы херувім,
Сяджу над кухлем я, – дзесятым? дваццаць пятым? –
Глытаючы напой і з люлькі горкі дым,
І робіцца жывот, як ветразі, напятым.

Бы галубоў памёт – гарачы, кожны ўздым
Так мроямі пячэ, што радуюся стратам.
А сэрцу не баліць, бо жорсткая кара там,
І лісце падае крывава-залатым.

Калі ж перажаваў і праглынуў без хлеба
Ўсе мроі, то на двор паклікала патрэба:
Пасля піўной ракі не лопнула нутро б!

Як ласка Божая – на кедр і на ісоп,
Бурштынавы струмень паліўся проста ў неба,
І голаў перад ім схіліў геліятроп.

Скрадзенае сэрца

(Le coeur volé)

Плюецца сэрца, бо абрыдла
Ў казарме горш, чым у турме.
Пакуль рагоча гэта быдла,
Плюецца сэрца, бо абрыдла.
Глытаю гідкае павідла –
І толькі гідкае наўме.
Плюецца сэрца, бо абрыдла
Ў казарме горш, чым у турме.
 
Сваё малююць прычындалле
З юрлівым смехам на сцяне:
Іх мышцы (і мазгі!) са сталі –
Сваё малююць прычындалле.
Вышэй, абракадабры хвалі,
Хутчэй адмыйце сэрца мне!
Сваё малююць прычындалле
З юрлівым смехам на сцяне.
 
Што будзе, скрадзенае сэрца,
Як ім не хопіць тытуню?
У іх адрыжцы столькі перцу,
Што будзе, скрадзенае сэрца?
Ці званітуе людажэрца?
Ён звык. І мне – не ўпершыню.
Што будзе, скрадзенае сэрца,
Як ім не хопіць тытуню?

Галосныя

(Voyelles)

“А” – чорны, белы – “Е”, чырвоны – “І”, зялёны –
“У”, сіні – “О”, ваш сэнс адкрыю паслядоўна.
“А” – чорных мух карсэт: пякельная князёўна,
Сядаючы на труп, гудзе свае праклёны;

“Е” – велічных шатроў бялюткая бавоўна,
Вяршыні снежных гор, узнёслыя калоны;
“І” – пурпур каралёў і вуснаў смех шалёны –
Каханне? крыўда? гнеў? – прыўкрасных усё роўна;

“У” – хвалі боскія смарагдавай стыхіі,
Лагода на лугах – і ў зморшчынах, якія
Алхіміку ўначы спярэсцілі чало;

“О” – найвышэйшы горн, яшчэ нячутны долу,
Вымоўнасць цішыні, даступная Анёлу,
Амега – і гарыць Вачэй Яе святло!

Шукальніцы вошай

(Les Chercheuses de poux)

Калі чырвоны лоб расчуханы дазвання,
Да хлопчыка ідуць дзве добрыя сястры,
Схіляюцца над ім, як два выратаванні:
Іх пальцы тонкія, пазногці ў серабры.

Саджаюць да святла спалоханага мальца,
І кветкі за акном шалеюць ад расы,
Пакуль чароўныя і вусцішныя пальцы
Абходзяць вартаю густыя валасы.

Ён чуе, як пяе дзявочае дыханне,
Як расквітае ў ім мядовы летні пах,
Гук сліны ўцягнутай, нібы сваё каханне
І прагу цалаваць хаваюць на губах.

Ён чуе, як дрыжаць у цішыні іх вейкі,
Як робіцца рука імклівейшай за нож,
Як з ціхім трэсканнем знішчаюць чарадзейкі
Пазногцем велічным – маленечкую вош.

Ён ап’яняецца гаючаю лянотай,
У сэрцы – музыка, туман і любадаць:
То гіне, то жыве няпрошанай пяшчотай
Непераможнае жаданне зарыдаць.

П’яны карабель

(Le Bateau ivre)

Калі я вырваўся, бо не ўтрымалі лейцаў,
Загінуўшы ад ран, мае вартаўнікі:
Каналі на слупах пад стрэламі індзейцаў, –
Мяне панесла ўніз, за плыняю ракі.

Пшаніца з Фландрыі й брытанская бавоўна
Не хвалявалі больш, да д’ябла лішні груз!
Увесь мой экіпаж забіты – і цудоўна.
Я плыў у акіян і забываў прымус.

У дзікім плёскаце прыліваў мяне мчала...
Мой розум да вясны заснуў, як немаўля.
Я плыў!.. Паўастравы зрываліся з прычалу,
Не ў змозе вытрымаць свабоды карабля.

Шторм абудзіў мяне – і, лёгкі, нібы корак,
Я танчыў з хвалямі, вазніцамі ахвяр.
Я дзесяць плыў начэй навобмацак, без зорак,
Берагавым агням не паглядзеўшы ў твар.

Салодкая на смак, як дзецям кіслы яблык,
Сціраючы сляды ванітаў і віна,
Зялёная вада так вымыла караблік,
Што больш ні якара не меў я, ні стырна.

Мяне кармілі з рук гекзаметрамі хвалі,
Я піў зяленіва і зорны сырадой,
Я цытаваў прыбой, з якога выплывалі
Тапельцы сумныя, што мрояць пад вадой, –

Дзе сатанее сінь і згуба проста поруч,
Дзе новы дзень святлом сцішае прагны вір,
Дзе пенаю рудой кахання бродзіць горыч –
Мацней за алкаголь, грамчэй ад вашых лір!

Я ўбачыў небасхіл з маланкамі ў глыбінях,
Віхуры, плыні, смерч і рыфы ў бурунах,
Світанак, што ляцеў на крылах галубіных,
І тое, што жывым не мроілася ў снах!

Я ўбачыў, як трымціць спалоханае сонца,
Згушчаючы ваду ў цёмна-ліловы жах, –
І мора ўсё хутчэй круціла хвалі ў гонцы,
Як старажытны мім, стаяла на вушах!

Мне снілася, як я цалую мора ў вочы;
Я сніў, як чорны змрок бялюткім снегам спеў;
Я сніў магутны рух на дне зялёнай ночы,
Лятучых фосфараў блакітна-жоўты спеў!

Чакаў, пакуль валы гістэрыя накрые,
І біўся дзень пры дні ў іх дзікай чарадзе.
Хто ведаў, што пазней да ног святой Марыі
Пыхлівы акіян пакорна прыпадзе?

Я абадраў барты аб дзіўныя Фларыды:
Там у вачах пантэр палае ноч без сну;
Вясёлкі ззяюць так, што слепнуць краявіды,
І кожная – аброць марскому табуну!

Я паўз балоты плыў, дзе ў велізарнай вершы
Смярдзіць Левіяфан, па вушы ў трыснягу,
Дзе ў абсалютны штыль вада гніе, памершы.
Я вадаспад любы вам апісаць магу,

Спакой ледавікоў і мора ў лютым гневе,
Затокі цьмяныя і вусцішную мель,
Дзе змеі гідкія на пакручастым дрэве
Вісяць, пажэртыя клапамі наўсуцэль.

Я дзецям паказаць хацеў бы, як дарады
Зіхцелі золатам, на хвалях пеючы,
Як чулыя вятры давалі мне парады,
Як пена квецені свяцілася ўначы.

Пакутны акіян то трызніў ад гайданкі,
То ціха жаліўся, мяняючы настрой, –
І ліплі да бартоў саргасы, як каханкі,
Я ж кленчыў і драмаў кабетаю старой...

Амаль што востраў, я цягнуў базар птушыны,
Іх бойкі і памёт, іх сумятню і тлум;
І ракам да мяне праз лееры і ліны
Тапелец запаўзаў – і клаўся спаць у трум.

Праз лабірынты бухт знаходзіў я фарватэр,
Вышэй за птушак быў закінуты ў эфір...
Ганзейскі карабель і браняносны катэр
Мой корпус, п’яны ўшчэнт, не возьмуць на буксір!

Дыміўся ў туманоў ліловай апранасе,
Дзіравіў, як сцяну, ружовы небакрай
І пачастункі нёс паэтам на Парнасе –
Блакіту смаркачы і сонечны лішай.

Ганяў марскіх канькоў і электрычных скатаў,
Шалёнай дошкаю даваў нырца згары,
А ліпень малаціў дубінай, як сто катаў,
Ультрамарын нябёс збіваючы ў віры!

Я, што сінечу ткаў, мінаючы патопы,
Мальстрэма стрэмны юр і Бегемота гон, –
Я раптам затужыў па берагах Еўропы,
Па гаванях старых, дзе не прыму я скон!

Я ўбачыў зорныя архіпелагі. Выспаў –
Без ліку. Караблю – адкрыты небасхіл.
Ці ў гэтай вышыні ты выспаўся і выспеў,
Залатакрылы ўздым Непераможных Сіл?

Я выплакаўся ўшчэнт! Я трызню штосвітання.
Мне месяц шле праклён. Мне сонца не відно.
Мне высмактала кроў атрутнае каханне.
Няхай трашчыць мой кіль! Няхай пайду на дно!

Калі Еўропа ўсё ж – хай будзе вечаровы
Зацішак травеньскі і ўбачаны здалёк
Хлапчук над ручаём, і першы папяровы
Караблік затрымціць, як лёгкі матылёк...

Бо не магу глядзець, як ванітуюць хвалі,
Як грузяцца купцы ад носа да кармы!
То гордыя сцягі высакароднай швалі,
То вусцішны пагляд плывучае турмы!

 

пераклад з французскай –Андрэй Хадановіч



© Андрэй Хадановіч, пераклад, 2010


Пераклад з французскай – Андрэй Хадановіч © 2013

Чытайце таксама

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Чак Паланюк

Чак Паланюк

Амерыканскі пісьменнік, аўтар "Байцоўскага клубу"

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

3416