Ласкавыя будуць дажджы…
(There Will Come Soft Rains)
Ласкавыя будуць дажджы, запахнуць лугі,
І ластаўка ў небе са свістам накрэсліць кругі;
І жабы ўначы свой спеў завядуць у ставах,
І будуць дзікія слівы струменіць пах.
Будуць малінаўкі полымем ззяць у палёце,
Трэлі выводзіць у садзе, сеўшы на дроце,
Ніхто і ніколі вайну не заўважыць, калі
Мы пакінем аднойчы абшары гэтай зямлі.
І дрэвы, і птушкі працягнуць жыць, як заўжды,
Калі знікнуць раптоўна нашы сляды.
І нават вясна, што абудзіцца ў ранішні час,
Наўрад ці калісьці ўзгадае пра нас.
пераклад з ангельскай — Андрэй Стэфановіч
Будзе дожджык ласкавы...
(There Will Come Soft Rains)
Будзе дожджык ласкавы, запахне раллёй,
Будзе ластавак свіст і палёт над зямлёй,
Ноччу ў сажалцы — гучныя спевы рапух,
Кветкі слівы бязважкія, як белы пух,
Мітуслівых заранак агеньчык руды —
Даляцяць птушак пошчакі з плоту сюды.
І не скажа ніхто, што мінула вайна:
Успамінаў ужо не пакіне яна.
Не згадае ні дрэва, ні птушка павек,
Калі знікне раптоўна з Зямлі чалавек.
І Вясна, што прачнецца на золку сама,
Не адчуе, напэўна, што нас тут няма.
пераклад з ангельскай — Аляксей Арцёмаў
І будзе пяшчотны дождж...
(There Will Come Soft Rains)
І будзе пяшчотны дождж, і водар зямлі,
І ластаўкі будуць са свістам мераць палі.
Жабкі ўначы завядуць вечны куплет,
І будзе трымтлівы дзікае слівы квет.
Зноў малінаўкі свой апрануць убор,
Будзе гучаць у садах пералівісты хор.
Не заўважыць ніхто, што наўкола вайна,
Думаць не будзе, калі заціхне яна.
Не будзе клапот і птушкам, і дрэвам тады,
Калі людзі знікнуць з зямлі назаўжды.
І нават вясна, што ранкам выйдзе са сну,
Наўрад ці згадае пра нас і нашу вайну.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Ціха пройдуць дажджы…
(There Will Come Soft Rains)
Ціха пройдуць дажджы, будзе водар травы,
Будуць ластавак спевам звінець паплавы,
Будуць крумкаць у сажалках жабы ўначы,
Будуць слівы бялець, на вятрах дрыжучы,
Апрануцца малінаўкі ў яркі ўбор
І напоўняць вясёлаю песняю бор.
Не заўважыць ніхто, што наўкола вайна,
І не будзе чакаць, калі сціхне яна.
І ніхто не згадае — ні птушка, ні лес, —
Як жылі яны колісь: з намі ці без.
І калі зранку пройдзе вясна па зямлі,
То наўрад ці заўважыць, што мы адышлі.
пераклад з ангельскай — Алена Пятровіч
Вандроўка
(The Wanderer)
Заход пафарбаваў пяскі —
Вось Ніл праз іх цячэ барвовы,
Глядзіць удаль Рамсес суровы,
Амона храм стаіць цяжкі.
Вось стромы даўняе пары,
Буянне хваль, аскепкі друзу —
Тут перамог Персей Медузу,
Тут жах спазналі тры сястры.
Бязмежжа неба нада мной,
Вятры бяруць мяне на крылы,
І край паўночны сэрцу мілы,
І мілы ледзяны прыбой.
Але нічога не дае
Мне падарожжаў дух спакусны
З хвіліны той, калі ты вусны
Пацалаваў мае.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Пацалунак
(The Kiss)
Я марыла калісьці:
Хай вусны ён кране.
А сёння я — бы хворы птах,
Што тужыць аб вясне,
Бо ён мяне цалуе,
А ў сэрцы — толькі лёд:
За пацалункі лепш стакроць
Тых даўніх мрой палёт.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Лістапад
(November)
Стаміўся год і састарэў,
Ледзь не збівае вецер з ног,
Ляціць ахвотна лісце з дрэў
І вецер гне трыснёг.
Каханне чэзне, як быллё.
Амаль ахвотна сочым мы:
Пусцее сэрца, як галлё,
Пад подыхам зімы.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Кахай мяне
(Love me)
Мой дрозд спявае дзень пры дні
І песняй поўніць гай.
Хай мілы чуе ў цішыні:
“Кахай мяне, кахай!”
Ты растрывож яго душу,
Спакою не даруй.
Няхай гучыць яму ўвушшу:
“Цалуй мяне, цалуй!”
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Раса
(Dew)
Я мару — ён са мною,
Я мару — ён прыйшоў,
У ружах — сховы росаў,
А ў сэрцы — сховы слоў.
О ружа, што сасмягла,
О сэрца, — пільным будзь,
Каб долю сотні ружаў
Змагло ты абмінуць.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Юнак і пілігрым
(Youth and the Pilgrim)
Ты шмат пабачыў, пілігрым,
Мне адкажы, малю,
Ты без Кахання бачыў край,
Шчаслівую зямлю?
Мяне замучыў гэты бог,
І я збягу, калі
Адкрыю шлях за далягляд
На хуткім караблі.
“Ты не шукай шчаслівы край —
Цябе ён знойдзе сам:
У грудзі меч свой усадзі —
І апынешся там”.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
П’еро
(Pierrot)
П’еро гуляе ў садзе
Пад месяцам старым,
І лютні гук здаецца
Трымтлівым і жывым.
П’еро спявае ў садзе,
І, дорачы мне спеў,
Ён пра мяне не помніць
Сярод вішнёвых дрэў.
П’еро спявае ў садзе,
На нас — нібы таўро:
П’еро напевы любіць,
А я — П’еро.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Сутонне
(Twilight)
Летуценна на дах
Весні дожджык сыходзіць,
І самотны свой спеў
Птах заводзіць, заводзіць.
Спакваля на зямлю
Ноч на крылах сыходзіць,
Сэрца, быццам той птах,
Спеў заводзіць, заводзіць.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Да Эолавай арфы
(To an Aeolian Harp)
Вятры перамаўляюцца з табой
І аднаўляюць крык былога гора,
Той крык, які цябе кранаў учора:
Бяда жанчын, што з Троі выгнаў бой,
Стогн Андрамахі, змучанай журбой,
Узнесены й рассеяны ў прасторы,
У ім — уся пакута і пакора,
Бы ў ракавіне — мора і прыбой.
Вось так, жывы, гучыць часамі спеў,
І ў ім — для тых нязнаны, хто пяе, —
Забытых земляў безгалосы прах
Крычыць, што не здалеў і не паспеў,
І ў горкай скрусе струнам не дае
Спакою на раз’юшаных вятрах.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута
Сапфо
(Sappho)
Сыходзіць змрок, глыбокі, як вада,
На Лесбасе, аддаленым бясконца,
Між дрэваў храмы ў поўневым святле.
Схавалі прыцемкі маленькі твар,
Ды пакідае цемра літасціва
Цяжар салодкі цельца на грудзях.
І я — Сапфо? Я бегла праз імглу
Ўздоўж хваляў, што накотвалі на бераг,
Калі зямлі адхланне нёс прыліў,
І, бегучы, пакуль чарнела ноч,
Я падала ў знямозе на пясок
І трэслася ад ветрыку з-над мора?
Маўкліва галька марыць пра прыліў,
Які пякуча хвалямі цалуе.
Мая любоў — без міру, ноч — без сну.
Кранаю пену жарснаю рукой,
Каханне клічу, што лагодзіць мора,
Што робіць мора горкім, быццам смерць.
О Афрадыта, як спыню хвалу
Табе, па сіле роўнай толькі Богу,
То ад таго, што слодыч слоў маіх
Збыткоўная ў салодкім існаванні.
У сэрцы закаханым — цішыня,
Я боль спасцігла і здабыла мір,
І гэты мір, Клеіда, у душы.
Пяшчотней, чым кранаюць птушаняты,
Яна кранае вуснамі мой рот.
Ніколі больш у час, калі вясна
Запаліцца агнём у клейкім лісці,
Не буду я, самотная, збягаць
Ад радасці Алкеевых радкоў
І слёз, што заглушаюць спеў Эрыны.
Ніколі з песняй, што гучыць, як боль,
Пад небам бесклапотнае вясны
Трымценне й крык зняможанага сэрца
Не буду ад любові я хаваць.
І помню я, як спрабавала збегчы
Ад птушак, што спявалі пра любоў,
І, апусціўшы долу погляд свой,
Убачыла два цені закаханых,
І жарсць вясны ўзяла мяне ў палон.
Любоў, не ўратавацца ад цябе
І не стаіцца ў схованцы самотнай
Ці ў пустцы, дзе няма тваіх слядоў
І кветак, што з-пад ног тваіх растуць.
Ты розныя прымервала абліччы:
І танчыла імкліва між дзяўчат,
І чаравала ўсмешкаю Фаона,
Анактарыя зведала твой пал,
Керкілас быў табой апанаваны,
Але ніколі не давала ты
Любіць мне ўсёй душой маёй і целам —
І вось спакой, што ад мяне збягаў,
У сэрцы я надзейна замыкаю.
Любоў, маё жыццё — лірычны спеў,
Любоў, маё жыццё — твой лірны ўздых,
Я навучыла свет тваім пэанам —
Цяпер пяю адно для той, што спіць.
пераклад з ангельскай — Ганна Янкута