№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сапфо

Гімн Афрадыце

Вершы



Гімн Афрадыце

(Ύμνος προς την Αφροδίτη)


Прад табой чало хілю, Афрадыта,
Зеўсава дачка – што ў цянёты вабіш;
Неўміручая, я малю: ты смуткам
Сэрца не рві мне,

А сыдзі з вышыняў зноў, як калісьці:
Голас мой тады з далячынь ты чула
І бацькоўскае пакідала неба,
Як я прасіла.

Птушкі хіжыя калясніцу неслі
Залатую па-над зямлёю чорнай,
І раз-пораз лопат магутных крылаў
Чуўся ў паветры.

Прамяністую, я цябе пазнала –
Наўміруча-ўсмешліва і лагодна
Ты спытала, што ад цябе хачу я,
Што мяне цвеліць,

Хто агонь журботы ўва мне раздзьмухаў,
І каго багіня замоў любоўных
Мне прывесці мае, і хто зрабіў мне
Гэтак балюча?..

Ты казала: не заўважае?.. – Ўбачыць!
Не бярэ дароў?.. – Сам з дарамі прыйдзе!
Не кахае?.. – Дык закахаецца моцна,
Хоць і міжволі...

Дык сыдзі ж і сёння з прыступак трона:
Не дазволь змарнець мне ў журбоце дзікай –
У нялёгкай гэтай страшэнна хвілі
Дапамажы мне!



Роўным богу мне падаецца ў шчасці...

(Φάινεταί μοι κῆνος ἴσος θέοισιν)


Роўным богу мне падаецца ў шчасці
Чалавек, які, гэтак блізка-блізка
Седзячы з табой, твой пяшчотны голас
Слухае ўважна.

І цудоўны смех. У мяне пры гэтым
Перастала сэрца б адразу біцца.
Як цябе я ўбачу – больш не магу ўжо
Вымавіць слова.

Мой язык імгненна дранцвее, хваляй
Лёгкі жар пад скураю прабягае;
Вочы ўжо не бачаць. А вушы чуюць
Звон несціханы.

Пот з мяне гарачы цячэ, дрыжу я,
Ззелянела ўся – ужо нават болей
За траву. І маё жыццё нібыта
Скончыцца мусіць.

Ды цярпі, цярпі: ўжо далёка надта
Ўсё зайшло...



Поўню пекную атачаюць зоркі...

(Ἄστερες μὲν ἀμφὶ κάλαν σελάνναν)


Поўню пекную атачаюць зоркі –
Твар, што ззяе, бы ў покрыва ўкруцілі,
Каб яна адна ўсяму свету поўнай
Славай свяціла.



Як цячэ з гары ўніз ручай халодны...

(αμφὶ δ᾽ ὔδωρ)


Як цячэ з гары ўніз ручай халодны,
Дык яго чуваць праз галінкі яблынь.
І з лісткоў дрыготкіх там сон глыбокі
Ціха сыходзіць.



Пячора німфаў


Да пячоры гэтай хутчэй, крыцяне!
І да яблынь, і да свяшчэнных німфаў,
Дзе над алтарамі надзвычай слаўна
Смоламі пахне.

Дзе цурчыць між срэбных галін крыніца
Ў халадку, дзе ружаў шацёр цяністы,
І дрымота мляўка з лісткоў дрыготкіх
Льецца-струменіць.

Там на поўным красак поплаве – статак.
Павявае водарам траваў вясновых,
Слодыч ад анісу йдзе; шчамяліца
Ціха ўздыхае.

Там Кіпрыда ладзіла ўсё бяседы:
Напаўняла зграбнай рукой залатыя
Кубкі боскім трункам сваім – нектарам
Водарным, пахкім.



Да Анактарыі

(Οἰ μὲν ἰππήων στρότον οἰ δὲ πέσδων)


Конніца – камусьці, камусьці – пяхота,
Трэцім – зграбныя караваны суднаў...
А як мне, дык на зямлі наймілейшы –
Толькі каханы.

Згодзіцца са мной той, хто вочы мае.
Колькі ўжо Алена мужчын прыгожых
Некалі пабачыла – хто ж ёй сэрца
Зачараваў так?

Жорсткі згубца колісь магутнай Троі...
І на ўсё яна забылася ў свеце:
Паланіла страсць і дзіця, і маці –
Ў вір зацягнула...

Розум хісткі мае жанчына – лёгка
Нешта можа змусіць яе паддацца,
А далёкім ёй стане нават блізкі,
Анактарыя.

Пра цябе, далёкую, я ўсё ж помню –
Пра хаду прыгожую і аблічча,
Што мілей мне ад калясніц лідыйскіх
З тым іхнім бляскам.

Ведаю, што здзейсніцца ўсё не можа
На зямлі, як хочаш. Дый доля дружбы
Ад мінулай любові – не дасць забыцца,
Сэрца натоліць.



Люблю – і быццам не люблю...


Люблю – і быццам не люблю –
І розум страчваю, і не.



Раскошу люблю я: прыгажосць...


Раскошу люблю я: прыгажосць,
Бляск – нібы сонца зіхценне –
Чаруюць мяне.



Яблык спелы высока чырванее...


Яблык спелы высока чырванее –
Так высока, за ўсё вышэй; ці ўверсе
Вы яго там не ўбачылі? А, можа,
Ўсё ж убачылі, ды не дасталі!



Пахкі, свежы кроп, о Дыке, пяшчотна спляці ў вяночак...

(σὺ δὲ στεφάνοις, ὦ Δίκα, πέρθεσθ᾿ ἐράτοις φόβαισιν)


Пахкі, свежы кроп, о Дыке*, пяшчотна спляці ў вяночак
І надзень яго – хай кудзер тваіх ён аздобай стане.
Бо цябе ва ўборы з кветак убачыць міла Харытам* –
Абміне іх позірк тую, што без вяночка ходзіць.



Лепш было б, каб памерла я...

(τεθνάκην δ᾽ ἀδόλως θέλω)


.....................................................
“Лепш было б, каб памерла я...” –
Плакала на развітанне яна.

Шмат казала, і вось яшчэ:
“Лёс, Сапфо, выпаў нам цяжкі,
Вось жа, змушана я пакінуць цябе”.

Я на гэта ёй у адказ:
Што ж, бывай – згадвай пра мяне:
Ведаеш, як цябе ўсе любілі мы...

Ці забыла? Пойдзеш – згадай!
... Можа, пекнае з памяці
Выпала – усё тое, што ў нас было?..

Як з фіялак ды з руж вянком
Аздабляла сабе чало,
Побач будучы тут вось, каля мяне?..

Як сплятала кветкі, і тым
Сплётам шыю дзявочую
Абвівала сваю – як найпрыгажэй –

І намашчвала водарным
Мiравым алеем ды
Царскім пахкім бальсанам цела сваё.

І на мяккім пухавіку
Лежачы, ты сваю тугу
Разганяла пяшчотна, прыгожа так...

Карагод ці з ахвярай фэст –
Анічога быць не магло,
Каб не бачылі разам там нас з табой.

Не было гаёчку вясной,
Дзе б не чуўся пад флейты гук
Гоман пекнай бяседы й дзявочы спеў...



З вышыняў Сарда...


.....................................з вышыняў Сарда*
..............няспынна думкі свае нам шле.

І жывучы між нас, быццам багіню, цябе
Славіла Арыгнота* –
Надта цешыў яе твой цудоўны спеў.

Ззяе яна цяпер і між лідыйскіх жанчын:
Нібы на познім сонцы
Бачны пальцаў ружовых поўні ды зор

Водбліск; і поўня лье ў бездань салёных хваль
Промні святла й на поплаў,
На якім красак шмат – не відаць канца.

Росы ляжаць наўкол, ружы чароўна цвітуць,
Водар мядова-духмяны
Ад канюшыны йдзе; свежы пах травы.

З думкаю пра цябе тут вось Атыда* ўсю ноч
Поўная смутку, блукае.
Сэрца рвецца ў яе ад тугі такой.

Кліча яна: “Да мяне! Дзе вы? Хадзіце сюды!” –
Толькі той покліч не чутны:
Голас глухне ўначы ў шуме хваль марскіх.



Вас малю, Кіпрыда і Нерэіды...

(Κύπρι καὶ Νηρήιδες, ἀβλάβην μοι)


Вас малю, Кіпрыда* і Нерэіды*,
Хай вярнуўся б мой брат дадому
І жывы і здаровы. І хай яго мары
Сталіся б явай.

Хай пакаецца за свае правіны –
Ворагам на злосць, а сябрам на радасць,
Каб ніколі ўжо болей сваю радзіну
Не засмучаў ён.

Хай павініцца прад сваёй сястрыцай
І загладзіць былыя ўсе тыя крыўды,
Што неабдумана і беспадстаўна
Ён прычыніў ёй...



Хай, Кіпрыда, ён стане табе гарчэйшы...


Хай, Кіпрыда, ён стане табе гарчэйшы,
Хай не будзе больш хваліцца Дарыха*,
Што спазнаць зноў любошчы каханка
Ёй удалося.


пераклад з старагрэцкайЛявон Баршчэўскі




Каментар:

Дыке – дачка Зеўса і Феміды, якая ўвасабляла справядлівасць.
Харыты – Зеўсавы дочкі, багіні прыгажосці, радасці і жаночай прывабнасці.
Сард – горад, сталіца Лідыі.
Арыгнота – імя дзяўчыны, якая належала да кола Сапфо.
Атыда – маецца на ўвазе Андрамеда, якую Сапфо, відавочна, успрымала як сваю суперніцу, бо тая мела сваё кола дзяўчат.
Кіпрыда – адно з імён-эпітэтаў Афрадыты.
Нерэіды – марскія німфы, дочкі Нерэя і Дарыды; іх звычайна паказвалі як дзяўчат, што забаўляюцца ў марскіх хвалях з дэльфінамі і трытонамі.
Дарыха – імя гетэры, звязанай з Хараксам, братам Сапфо.


Пераклады вершаў і фрагментаў “Гімн Афрадыце”, “Роўным богу мне падаецца ў шчасці...”, “Поўню пекную атачаюць зоркі...”, “Як цячэ з гары ўніз ручай халодны...”, “Пячора німфаў”, “Да Анактарыі”, “Люблю – і быццам не люблю...”, “Раскошу люблю я: прыгажосць...”, “Яблык спелы высока чырванее...” упершыню – у “Хрэстаматыі па літаратуры народаў свету ў 2-х частках. Ч. 1. Укл. Л. Баршчэўскага”. – 1995.


Перакладзена паводле: Poetae melici Graeci. Edited by D.L.Page. Oxford University Press, 1962; Lyrica Graeca selecta. Edited by D.L.Page. Oxford University Press, 1968).



Пераклад – Лявон Баршчэўскі © 1995

Чытайце таксама

Баляслаў Лесьмян

Баляслаў Лесьмян

Польскі культавы паэт, сябра Польскай акадэміі літаратуры

Тэадор Нарбут

Тэадор Нарбут

Гісторык, археолаг, інжынер, бібліяфіл, апантаны даследчык гісторыі роднага краю

Гедрэ Казлаўскайтэ

Гедрэ Казлаўскайтэ

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

4815