№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Пераклады пераможцаў конкурсу 5-6 нумару часопіса “ПрайдзіСвет”

Эмілі Бронтэ

(Emily Brontë)


Лэдзі — сваёй гітары

(The Lady to Her Guitar)


Як думала, растаў і знак
Пачуццяў, што дражнілі мары,
Але чаму мне сумна так,
Калі ён грае на гітары?

Нібы апошняе святло
Цясніны дно пазалаціла,
Хоць навальнічнае крыло
Схавала ад вачэй свяціла.

Нібы смяюцца раўчуку
Ракіты і глядзяцца ў хвалі,
Хаця калісьці на пяску
Камлі іх мёртвыя ляжалі.

І пад чароўны твой напеў
Ізноў слязам па твары ліцца,
Хаця і дух перакіпеў,
Хаця і высахла крыніца.

пераклад з ангельскайЯніна Голуб



Парфірый Гаратак

(Порфирій Горотак)


Загадкавая міледзі

(Таємнича міледі)


Яна мяне сустрэла каля мора,
І вочы ззялі цёмныя, як зоры,
І ветразямі грудзі паўставалі.
Аб бераг цяжка, шумна білі хвалі.
І я спытаў: “Адкуль вы, дарагая?
Ці Эда не пра вас, міледзі, бае?”
І адказала мне пяшчотна дзева:
“З азёр, што Асіяна чулі спевы,
З самога Авалона — вось адкуль я!”
І гукі струнаў з губ яе памкнулі,
Калі яна, прыўзняўшы вэлюм тонкі,
Спытала спеўна: “А з якой старонкі,
скажыце, родам будзеце вы, сэру?”
І прыкра мовіў я: “З СССРу”.

пераклад з украінскайАлеся Башарымава




Таямнічая міледзі

(Таємнича міледі)


Мы колісь з ёй сустрэліся на моры,
ў яе вачах мігцелі цьмяна зоры,
як ветразь на вятрах, трымцелі грудзі,
гудзеў прыбой, і ў гэтым роўным гудзе
я запытаў: “Вы завіталі з Эды?
Пра Вас спявалі барды і аэды?”
І адказала панна мне натхнёна:
“Я прыляцела з земляў Авалона,
з азёр, апетых светлым Асіянам”.
Падняўшы вэлюм рухам нечаканым,
трымтліва запытала панна з мары
(і загучалі ў голасе фанфары):
“Адкуль прыйшлі Вы, мой шаноўны сэр?”
Я сумна адказаў: “З СССР”.

пераклад з украінскайЯніна Голуб



Карын Бое

(Karin Boye)


Будыйская фантазія

(En buddhistisk fantasi)


За меднай брамай — свету гмах.
Пад аркай стаўшы, я гляджу:
які ж бясконцы той прасцяг,
што затапіў сабой мяжу!

Няма на чым спыніць пагляд —
прасторай вочы заліло.
Тут знік Сусвету звыклы лад:
дабро і зло, жыццё і тло.

Пачну бясследных крокаў гуж…
Вяртанне першы ж крок адняў.
Ну што трымціш? Наперад руш,
Бо ззаду — брамы парахня!

пераклад са шведскайАлеся Башарымава



КУБАК МАЙСТРА


Готфрыд Бэн

(Gottfried Benn)


Вершы

(Gedichte)


Ў імя таго, хто хвілі мерыць грозна,
Ты позірк скіраваў, працяўшы час,
Прыняўшы лёс, ад іншых не адрозны,
На хвілю, у якую позірк згас.
А рэчы, сувязі былыя сцершы,
Халодна раняць твар, ірвуцца прэч,
І выбаўленне застаецца ў вершы —
Містычна ў слове праступае рэч.

Руіны свету блізу Элеона,
Дзе найвышэйшы дух цярпеў адзін,
І Пазіліп — Неапаля аслона,
Дзе паў ад рук Анжуйскіх Канрадзін, —
Чарговы эшафот і крыж не першы,
Няма пятлі й крыві — і ўсё адно
Заклён — у строфах і прысуд — у вершы.
Спеў паркі сціх. Прадзе верацяно.

Ў імя таго, хто хвілі мерыць грозна, —
Вось крушню свету прамінае ён,
І песню часу чуем мы запозна —
Заканчваецца год, трывае сон.
Міне ягоны цень, што год завершыў,
Нябёс і сілы зрынуты адлог —
І твой настане час: застыне ў вершы
Пакуты й ночы вечны маналог.

пераклад з нямецкайКацярына Маціеўская

Чытайце таксама

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Чак Паланюк

Чак Паланюк

Амерыканскі пісьменнік, аўтар "Байцоўскага клубу"

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

2288