№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марыя Шцястна

Усё будзе як і раней...

Вершы

Пераклад з чэшскай Сяргей Сматрычэнка

* * *

(Ve chvíli kdy balancuju...)

 

У момант майго балансавання
з мокрай бялізнай на краі ванны
мяне страсянуў плач
ён доўжыўся пару секундаў

У момант бацькавага мацюгання
на адрас маці
У момант мыцця сходаў
нада мной нахіляецца бабуля
“Ты ўжо даўно не была ў касцёле”
Без магчымасці ўцёкаў
прылепленая да мокрай анучы
я баязліва ківаю
Як адрозніць у трэскаце вокнаў
скразняк
і раз’юшанасць

 

* * *

(Viním matku ze závislosti...)

 

Вінавачу маці ў залежнасці
ад часу
вады
і ўздымаю бровы

Яна бянтэжыцца
і асцярожна пытае
“Ты сапраўды так думаеш?”

У доўгай цішы
мой страх не пераможа ейны

 

* * *

(Při příchodu ukládám boty na místo...)

 

Прыходзячы стаўлю абутак на месца
Уваходжу ва ўсе дзверы
з усімі вітаюся
але размаўляю быццам на чужой мове

Яна стаіць на розных месцах адначасова
чакаю на гарлавы выгук
які азначае загад
просьбу
і знепакоенасць

Хачу яе абняць
але не ведаю як
не ведаю
якая з іх у гэты момант даступная
маёй цішыні

 

* * *

(Během hovoru...)

 

Цягам размовы
стары сабака колькі разоў абыходзіць кухню
зранку ён не ўтрымае мачу
Трэба выцерці перш чым сюды пусціць дзяцей
пазбіраць арэхі перш чым з’ехаць на машыне
выцягнуць мяса з лядоўні перш чым пайсці спаць
Сабака выдыхне
Прыбіраеш са стала паводзішся вельмі ціха

 

* * *

(Dívala jsem se na ni...)

 

Я глядзела
як яна падпірае падбароддзе і пазірае ў пустэчу
Цяпер я ведаю што яна не думала ні пра што
што перасягнула б вечар
або наступную гадзіну

Прачнуўшыся яна казала
“У цябе агрубеюць рукі
Уначы ты павінная бываць дома
інакш муж табе здрадзіць
А калі пабярэшся з неграм
у цябе будуць дзеці ў палоскі”

 

* * *

(Předkládám na talíři...)

 

Выстаўляю на талерцы
што ад мяне засталося
калі ўжо гэта ўсяго толькі я
без эпітэтаў
Насуперак небяспецы што цягам тыдня
зноў усё будзе як і раней

 

* * *

(Plná popela...)

 

Поўная попелу
мяшаю рукамі цеста
Рухі як пры любошчах

Гэтымі рукамі
затрымаць цябе ўнутры сябе
а з попелу гліна
а з гліны дрэва
як бярозы на Жалаве

 

* * *

(Už to nevadí říkám...)

 

Ужо не страшна кажу я
Я ўжо не здымаю пярсцёнак перад купаннем
і цвёрда лічуся з тваёй прысутнасцю
Ужо не страшна
А потым ува мне зрушваецца камень
рэзка б’е і доўга апускаецца
на месца дзе бывае дзіця

Ёсць дні калі я адчуваю вялікую любоў
Ёсць дні калі я не магу прыгадаць анічога

 

* * *

(Má kolena jsou plná vody...)

 

Мае калені поўныя вады
сілай купеляў цягне
да таго зямнога
што відавочна

Глыбокі голас крыніцаў
Я пазнаю кожнае слова
У гэтай мове я нарадзілася

 

Войны

(Války)

 

Я кіну каменем
і Галіяф адступіць
а потым мы будзем з ім спаць

Адвечная варажнеча
выбухне ў руху сцёгнаў
без рэха

Зранку я пакладу камень
да іншых на падваконне
і звару каву
чорную
моцную
задаволеную да самага краю

 

Казкі

(Pohádky)

 

Ты шукаеш
адну з чатырох рэчаў:
казкі
цела
мяне
або сябе

А вось падумай
можна і інакш:
цела і мяне
сябе і казкі
казкі і цела

Цяпер будзь уважлівы:
мяне і казкі
сябе і цела
мяне і сябе
ты не шукаеш

Урэшце
казкі сябе і цела
ты маеш
казкі мяне і цела
атрымаеш
цела мяне і сябе
абвіваеш
Гэта так

 

Галубінае

(Holubí)

 

У нас на плошчы няма галубоў
Толькі зрэдку
мабыць на галубінае свята
бывае прыляціць адзін
паходзіць
напышліва
ацэніць сітуацыю
і паляціць назад
каб паведаміць іншым
што рабіць тут няма чаго

 

Маэстра

(Mistr)

 

Маэстра адыходзіць ад палатна
каб прымружыць вочы
Маэстра пазірае адным вокам
і моршчыць нос
Маэстра праводзіць
мушкецёрскія выпады пэндзлем
мармыча шлягеры
або грозна маўчыць

Жанчына зычліва адхіляецца ў позе
(на жываце лунапарк)
пачакай сучын сын увечары
я табе пакажу маэстра
не заснеш



Пераклад з чэшскай – Сяргей Сматрычэнка

 

© Marie Šťastná, 2010

Пераклад з чэшскай – Сяргей Сматрычэнка © 2010

Чытайце таксама

Антоні Эдвард Адынец

Антоні Эдвард Адынец

Беларускі польскамоўны паэт, перакладчык і драматург, сябра Таварыства філарэтаў

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Сэсіл Фрэнсіс Александэр

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Мікола Зэраў

Мікола Зэраў

Украінскі літаратуразнаўца, паэт, майстра санэтаў, перакладчык на ўкраінскую і рускую

2647