Апошні вечар красавіка
(Huhtikuun viimeinen ilta)
Ціхі вечар.
Замоўклі, не плачуць стрэхі
і хаваецца сонца за небакраем.
У сінім, нямотным сутонні
плавае наваколле.
Са смалістай духмені
цёмнага лесу
маладзік усплывае,
як вялізная, здзіўленая кветка,
залатая і свежая,
зіхцее на сінім небе.
Усё серабрыцца змярцвелае.
Дзе ж вы затрымаліся, песні,
у якіх звініць п’янючая радасць вясенніх
ручаін і звонкая туга птушынага выраю?
Дзе ж вы затрымаліся, тыя часіны,
калі пунсавее зялёнай крывёю
маладая трава?
На грудзях зямлі
(Maan povella)
Якая ж асалода – прыпасці да тваіх грудзей, зямля,
маладым, аголеным целам
і вуснамі піць тваё зялёнае хараство!
Выглядае аднекуль пяшчотны і востры парастак пралескі,
нібы сіняе здзіўленае вока.
Люблю цябе, зямля!
Счарнелую, папялістую і зялёную,
у квецені і спусцелую,
люблю цябе, зямля!
Я прыпадаю да тваіх грудзей, як да зялёнага алтара,
і чароўны водар з яго
працінае і поўніць празрыстае лёгкае цела –
маю ахвяру жыццю.
Зрабі мяне сваёю падобай, зямля,
заўжды маладой,
заўжды паўнароднай
у бясконцым дзівосным экстазе!
Калі надыйдзе час
і вочы мае прыгаснуць,
а халоднае сэрца знямее,
хай загучыць твой чароўны голас,
твой дзікі неўтаймавальны покліч
працячэ праз мяне
залатым іскрыстым патокам
і абудзіць ува мне радасны свет,
малады, квітнеючы і прамяністы.
Зямля ў квецені
(Kukkiva maa)
Зямля ўспенілася сіне-чырвонымі гронкамі бэзу,
белым інеем кветак рабіны,
сузор'ямі чырвоных смалянак.
Сінія, жоўтыя, белыя кветкі
на лугах, нібы хвалі шалёнага мора.
А водар!
Духмяней святога цім'яну!
Жыць, жыць, жыць!
Пражыць агніста й палка святую хвіліну жыцця,
калі палаюць разгорнутыя пялёсткі,
жыць, нібыта чароўная кветка,
марыць аб сонечнай духмені
і п'яніцца пахамі жыцця!
Што з таго, што падступіцца смерць!
Што з таго, што стракатае дзіва завяне
й сатлее на доле!
Затое было квіценне!
Сонца свяціла,
вялізнае неба й гарачая любоў
зазіралі ў сэрца кветак,
у трапяткое ўлонне жыцця!
Казка
(Satu)
Жыла на свеце князёўна,
пяшчотная, як пралеска.
Жыццё не пачула яе,
бо ціхім быў яе голас.
Тады князёўна дастала з грудзей сваё сэрца
і загаварыла з ім.
А сэрца палала, нібыта келіх,
поўны чырвоных рубінаў.
Князёўна памерла,
не пражыўшы і дня.
А сэрца яе лятала, нібы паходня
над цёмнай пустэльняй,
напаткала жыццё
і ў ягоных жорсткіх руках
рассыпалася на чырвоныя кроплі.
Таіцянская серэнада
(Tahitilainen serenaadi)
На белым пяску праляглі сляды тваіх ног,
прыгожых, як маленькія ракавіны,
а з вянка за табою асыпаліся кветкі.
Здаля на цябе ўвесь дзень я глядзела.
Твой смех іскрыстым дажджом
ліўся на галаву мне,
а рукі твае, нібы спрытныя чорныя птахі,
пяшчотна спляталі вянкі.
Любы, ты прытаміўся
ад сваіх песень і смеху,
ад ціхай паўдзённай спякоты,
але дазволь мне глядзець
на цені тваіх веяў.
Мора да берага туліцца,
а месяц яго пакрыў пацалункамі.
Каб і ты, мой каханы, стаў морам,
а я – той шчаслівай поўняй.
Чырвоны месяц
(Punainen kuu)
О, месяц, які ты барвовы!
Дзе ты быў, што рабіў?
Ты павольна ўсплываеш над лесам
і на твары тваім чароўнае ахмяленне.
Ты, напэўна, плывеш з далёкай краіны,
дзе весяляцца дзівосныя людзі,
дзе паветра напоена п'янючым водарам
пладоў і смехам.
У святле тваім цёмнаскурыя водбліскі
і трымценне вялізных пялёсткаў!
І ты весяліўся з усімі,
паспытаў цудоўных пальмавых вінаў,
а маладыя дзяўчаты смяяліся
і акраплялі твой твар чырвоным сокам пладоў
і кветак!
Табе ўсё мярэсцяцца ласкавыя цёмныя пальцы
і гарачыя кроплі між імі!
Раней такі халодны і ціхі,
ты зараз свецішся барваю,
духмянішся дзіўнай трывогай
і на твары тваім чароўнае ахмяленне.
Пераклад з фінскай – Якуб Лапатка
Пераклад зроблены з выдання:
Katri Vala. Kootut runot. – Porvoo–Helsinki–Juva. – WSOY 1977, 598 s.
Вершы “Накцюрн”, “Жоўты накцюрн”, “Вечар у далёкім садзе”, “Сэрца”, “Асенні вечар”, “Белае сэрца”, “Апошні маладзік”, “Зорны палёт”, “Птушыная казка”, “Шчаслівае імгненне”, “Жыццё” ўпершыню – у штогодніку “Год беларускі – 2002”.
Вершы “Паток”, “Чара”, “Летнім днём”, “Начное неба”, “Коннік”, Мая хаціна” ўпершыню – у альманаху “Далягляды”, 1988.
Тэкст цалкам можна спампаваць па спасылках ніжэй