№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Марыя Французская

Лэ пра салаўя

                 (Lai de Laüstic)

Калісьці лэ пачула я:
Брэтонскі сказ пра салаўя.
Такое мае ў нас ён званне,
Але мянуецца ў Брэтані
Няйнакш як Laüstic той птах,
І nihtegale — на астравах.

У горадзе ля Сэн-Мало
Калісьці гэта ўсё было,
Два зацных рыцары жылі,
Ва ўладзе мелі шмат зямлі;
Пра славу гэтых двух мужоў
Найгодны погалас ішоў.
Адзін — жанаты з дамай цнотнай,
Пачцівай надта і шляхотнай,
Навучанай найлепшым чынам,
Як мае быць такім жанчынам,
Другі — адважны ўсім на здзіў —
Любога ў бойцы асадзіў,
Ды найслаўнейшы той ваяр
Яшчэ быў добры гаспадар:
Удачы ў бітвах ён шукаў
І лёгка ўсё пасля спускаў.
Ён верны быў суседскай жонцы,
Яе кахаючы бясконца,
І сілай вернасці й благання
Ўзаемнае здабыў каханне,
Бо чула дама з году ў год,
Што ён усіх трымаўся цнот.
Было каханне іх таемным,
Цнатлівым — і таму прыемным,
Што іх не выдавала ціш,
Ніводны іх не бачыў віж.
Паблізу іх дамы стаялі,
Мясціліся паблізу залі;
Цвярдыні, сцены і данжоны
Ім не чынілі перапоны,
І раздзяляў іх мур адно,
І ў спачывальні праз акно
Глядзела дама да паўночы
На мілага, і вочы ў вочы
Яны стаялі й гаманілі
І бавілі спаткання хвілі.
Ён падарункі кідаў даме,
З ёй размаўляючы начамі,
Не турбавала іх нічога,
І ласкі не прасілі ў Бога,
Хаця і бачыліся рэдка:
Для дамы замак быў як клетка,
Бо слугам муж даваў урок:
Не адыходзіць ні на крок.
Калі ж па справах муж з’язджаў,
Ніхто ім не перашкаджаў
Прыходзіць да свайго акна
Й размовы весці давідна.
Любоўю дух іх быў сагрэты,
Пакуль не наступіла лета,
Пара квітнення і красы —
Зазелянелі зноў лясы,
І кожны птах у спеў уплёў
Іх сэрцаў ціхую любоў.
Улетку закаханы кожны
Заўжды надзвычай асцярожны.
Каханню быў адданы вой
І гэтай радасці жывой,
А дама пазірала міла
І ўсмешкі рыцару дарыла.
Як апускаўся змрок начны
І муж спакойна бачыў сны,
Захутвалася ў плашч яна
І падбягала да акна,
Каханы бачыў: дама тут
І шмат шчаслівых меў мінут.
Да ранішняе прахалоды
Так чуйнавалі без прыгоды,
І кожны радаваў пагляд.
Ды ўчынкаў дамы дзіўны лад
Злаваў яе гаспадара,
І ён пытаў і дакараў,
Навошта ходзіць за парог.
“Мой уладару, бачыць Бог, —
Казала дама, — мару я
Штоночы слухаць салаўя.
Без пошчаку начное птушкі
Здаюцца каменем падушкі,
І гэты мой нявінны грэх
Найлепшы ад любых уцех,
Як падарунак вечаровы”.
А муж, яе пачуўшы словы,
Ад злосці ледзьве не знямеў
І свой стрымаць не здолеў гнеў.
Замысліў ён такое зло:
Паставіць пастку ці сіло —
І служак выправіў у сад,
Каб выканалі той загад.
І на галлі вярбы ці дуба
Цяпер чакае птаха згуба,
Сіло альбо птушыны клей —
І ў пастку трапіў салавей.
Яго прынеслі са двара,
Парадаваць гаспадара.
Усцешаны здабычай той,
У жончын рушыў ён пакой
І ганарліва мовіў даме:
“Мадам, пацешцеся із намі!
Вось той, чый саладжавы тон
Забраў у вас спакойны сон,
Хай будзе мірным ночны час:
Ніхто больш не абудзіць вас”.
Ад словаў гэтых сум трымтлівы
Адчула дама і пачціва
Прасіла мужа спагадаць
І ёй палонніка аддаць.
Пачуўшы жончына зрадзенне,
Гняўлівы рыцар у імгненне
Шыю скруціў малому птаху
Й жонцы шпурнуў, нямой ад жаху.
Убор запляміўся крывёю,
А гаспадар пайшоў з пакоя.
І дама, птушку ўзяўшы ў рукі,
Найгоршай пажадала мукі
Тым, хто таіў у сэрцы зло,
Здрадліва ставячы сіло.
Стрымаць не ў змозе горкіх слёз,
Сказала: “Мой няшчасны лёс,
Жыцця акраса адабрана:
Мне больш не ўбачыць, як каханы
Чакае на мяне ўначы;
І, ад мілосці дрыжучы,
Не падысці мне да акна.
“Мяне адрынула яна”, —
Так скажа ён... О, мушу я
Яму адправіць салаўя,
Каб ведаў ён, што, на бяду,
Больш да акна я не прыйду”.
Яна на залатой парчы,
Пакутаў слёзы ліючы,
Усё апавяла прачула
І салаўя ёй абгарнула.
Тканіну, дзе ляжала птушка,
Панёс у замак верны служка.
Да рыцара прыйшоўшы, ён
Ад дамы перадаў паклон,
Сказаў, што адбылося ўранні
І з салаўём аддаў пасланне.
Як апавёў усё слуга,
Скавала рыцара туга,
Ды ў горы муж высакародны
Застаўся стрыманы і годны.
Зрабілі на яго загад
Куфэрак моцны — скарбу спрат,
Што быў суцэльна залатым,
І ззялі камяні на ім.
А рыцар, птушку ў схоў паклаўшы,
Пячаткай вечнай змацаваўшы,
Забраў сабе куфэрак той
І ўсё жыццё насіў з сабой.
Такі канец прыгодам гэтым,
Што стацца не маглі сакрэтам:
Лэ не забыла тых падзей.
А лэ завецца “Салавей”.

пераклад са старафранцузскай —

Кацярына Маціеўская

Ганна Янкута

Чытайце таксама

Павел Анціпаў

Павел Анціпаў

Беларускі рускамоўны празаік, аўтар кнігі "Дипломная работа". Жыве ў Мінску

Уладзімір Караткевіч

Уладзімір Караткевіч

Беларускі паэт, празаік, драматург, публіцыст, перакладчык, кінасцэнарыст

Мэцью Дзікман

Мэцью Дзікман

Амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review 2008 году

Антоніё Табукі

Антоніё Табукі

Аўтар раманаў, апавяданняў, нарысаў, тэатральных сцэнараў, куратар італьянскага выдання твораў Фэрнанду Пэсоа.

1309